Або пан, або прапаў

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Фота
Фатаграфічны год пачаўся Мінскім фэстам фатаграфіі, арганізатар — грамадскае аб’яднанне «Фотамастацтва».

 На афіцыйным узроўні фестываль стаў часткай праекта Усходняга партнёрства, але лакальна прыняў схаластычны характар, прадэманстраваўшы адсутнасць запыту на аналітычную (куратарскую, даследчую) дзейнасць: усе выставы і мерапрыемствы тут былі змешчаны ў пазаканцэптуальныя ўмовы.

Затое падзея вызначыла асноўныя тэндэнцыі года: напрыклад, праца з гісторыяй — гэта рэтраспектыва работ Жылінскага, прэзентацыя архіваў фотаклуба «Мінск», пасля эстафету прыняў альбом «Новая хваля. Беларуская фатаграфія 1990-х». Адзначу таксама актыўнасць нашых фатографаў на міжнародным узроўні: у прыватнасці, знакавая выстава Ігара Саўчанкі ў галерэі «Lumière» ў Маскве. У гэтым жа годзе спыніла сваё фактычнае існаванне на тэрыторыі Цэнтра фатаграфіі галерэя «Nova». Аднак адначасова на месцы культурнага кластара «Me100» адкрылася галерэя «Цэх», якая за некалькі месяцаў правяла шэраг цікавых фотавыстаў.

На мой погляд, станоўчай тэндэнцыяй адыходзячага года становіцца пераход ад суцэльнай крытыкі пад лозунгам «нічога няма» (асабліва папулярным у 2009—2011 гадах) да выбудоўвання ўзаемасувязей на розных узроўнях унутры і звонку поля. Яскравы прыклад — праект «BУ NOW»: кніга і выстава маладой беларускай фатаграфіі. Праект быў ініцыяваны фатографам Андрэем Лянкевiчам і падтрыманы Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Аб надзённых рэаліях ішла гаворка і на адной з апошніх дыскусій, прысвечанай аналізу сучаснага стану беларускай фатаграфіі: практыкі казалі аб магчымасцях і цяжкасцях працэсу інстытуалізацыі. І адным з галоўных вынікаў дыскусіі стала канстатацыя неабходнасці прафесійных і рэгулярных праектаў, якія вядуць да абнаўлення асяроддзя.

Арт-крытык Святлана Паляшчук яшчэ ў пачатку года напісала, што пройдзена кропка невяртання, калі пад словазлучэннем «беларуская фатаграфія» мы маглі разумець нешта адзінае і цэласнае. Сёння ў наяўнасці шэраг адасобленых ініцыятыў і інстытуцый, якія рухаюцца па ўласных траекторыях развіцця і маюць свой пункт гледжання наконт таго, што ёсць беларуская фатаграфія. Да месца адзначыць, што за кожнай з ініцыятыў стаiць практыкуючы фатограф — асоба, якая здолела натхніць і аб’яднаць групу аднадумцаў. У агульных рысах гэта сімптаматычная сітуацыя для ўсяго поля мастацтваў Беларусі, калі з-за адсутнасці крытычнай масы менеджараў, арт-дылераў, куратараў, арт-крытыкаў менавіта фігура творцы становіцца лакаматывам, рухальнай сілай усяго артыстычнага працэсу. 

Ганна САМАРСКАЯ