«Малы фармат» жыве!

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Кіно
Анімацыя і дакументальныя фільмы застаюцца нашай надзеяй на лепшую кінабудучыню.

З’яўляецца новае пакаленне маладых творцаў. Радасная падзея — выпуск рэжысёраў-аніматараў у Акадэміі мастацтваў, другі ў гісторыі айчыннага кіно пасля 1997 года. Паказ васьмі дыпломных фільмаў у кінатэатры «Перамога» пацвердзіў: айчынная мультыплікацыя будзе жыць.

Кіраўнікамі выпуску былі Міхаіл Тумеля і Алена Пяткевіч. Некаторыя маладыя рэжысёры ўжо працуюць на кінастудыі, як, напрыклад, Руслан Сінкевіч, які робіць стужку пра Бабруйск у рэдкай тэхніцы пластыліну.

У дакументальным кіно таксама ідзе станаўленне маладых рэжысёраў. Наталля Жамойдзік і Ігар Чышчэня, навучэнцы Акадэміі мастацтваў, ужо знялі некалькі стужак, прывабных нечаканым поглядам на сучаснае мастацтва. Фільм Ігара Чышчэні «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне» прысвечаны вядомаму беларускаму паэту, заснавальніку музычнай групы «Рэха». А студэнт Акадэміі Іван Куракевіч (майстэрня Міхаіла Жданоўскага) на апошнім «Лістападзе» атрымаў спецпрыз конкурсу маладога кіно за фільм «Мая дыстанцыя».

У якасці здабыткаў адзначу першы беларускі поўнаметражны анімацыйны фільм «Прыгоды Несцеркі» Ігара Волчака. Прыкметай часу зрабіліся працяглыя шматсерыйныя праекты, сярод якіх «Музычная скарбонка» Міхаіла Тумелі, «Пра дзяўчынку Жэню» Таццяны Жыткоўскай, «Рыбка з імем Нельга» Аляксандра Ленкіна. Гаворачы пра айчынную анімацыю, немагчыма не згадаць шматлікія ўзнагароды на міжнародных кінафэстах. Самым «ураджайным» аказаўся фільм Таццяны Кубліцкай «Піліпка». Аўтарская праграма Алены Пяткевіч была паказана ў межах 35-га Міжнароднага кінафоруму «Жанчыны ў кіно» ў Фларэнцыі (Італія), а стужка Зоі Катовіч «Белы танец» прайшла ў асноўны конкурс Расійскага фестывалю аўтарскіх дакументальных фільмаў «Артдакфэст-2013». Падобныя факты сведчаць аб міжнародным прызнанні айчыннага кіно. У тэледакументалістыцы адметную нішу традыцыйна займае праект «Зваротны адлік» (мастацкі кіраўнік Уладзімір Бокун), які ўжо шосты год працягвае запаўняць прагалы ў нашай гісторыі. Так званы «малы фармат» жыве! 

Антаніна КАРПІЛАВА