Вандроўнік па лабірынтах сэнсу

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

У кастрычніку ў выставачнай зале Віцебскага аддзялення Саюза мастакоў адкрылася персанальная выстава Генадзя Фалея, падрыхтаваная ім да свайго 50-гадовага юбілею. Генадзь Фалей -- майстра габеленаў і адзін з лепшых каларыстаў беларускага дэкаратыўнага мастацтва. На зборных выставах яго творы вылучаюцца іншай эстэтыкай: ён мастак з акрэсленай нацыянальнай пазіцыяй.

Габелен (па-старому -- шпалера) -- той від дэкаратыўнага мастацтва, у якім нашы папярэднікі набылі шырокую вядомасць, але гэтымі старадаўнімі творамі сёння ганарацца музеі іншых краін. Таму пачаткам свайго шляху мастак Г.Фалей абавязаны не зачараванасці мінулым, а апошняму ўсплёску агульнасавецкай цікавасці да гэтага віду мастацтва на мяжы 1970 -- 1980-х гг. Габелен квітнеў тады літаральна на ўсіх савецкіх абшарах, найбольш -- у Прыбалтыцы, дзе габеленавыя выставы па выразнасці і вольнасці выказвання часам былі мацнейшыя і цікавейшыя за жывапісныя. Г.Фалей прайшоў свой шлях адкрыццяў і памылак, без якіх узнікненне сапраўднай творчай адметнасці немагчыма. Ён то вырашаў не наведваць чужыя выставы, каб пазбягаць уплываў, то абвяшчаў лён асноўным нацыянальным матэрыялам і паслядоўна адмаўляўся ад колеру. Потым далучыўся да віцебскіх «фармалістаў» і, верагодна, адзіны ў беларускім мастацтве прайшоў той складаны шлях, які чакае аўтара, калі яго габелен «адрываецца» ад сцяны. Яго заўважылі. Так, пабачыўшы толькі адну ягоную «шырму» з лазы, нямецкая мастацтвазнаўца Карла Біланг адразу прапанавала яму персанальную выставу ў Берліне, якая, на жаль, не адбылася: спрацаваў адвечны беларускі характар (прымусу не было). Верагодна, каб яго болей цікавіла не праца над сабой, а вонкавыя абставіны, выставачная мапа была б больш выразная, але ці так гэта важна...

 /i/content/pi/mast/5/126/Vandrounik1.jpg
 Лазня. Інсталяцыя. 2007.

Да свайго юбілею Г.Фалей падрыхтаваў выставу інсталяцый. Не, праца ў габелене не скончылася, тут іншае: свядомае стварэнне «мастацтва дзеля мастацтва». Не справаздача з дэманстрацыяй лепшага з прыхаванага, а ўздыманне планкі як мага вышэй. Інсталяцыя -- як самы ёмісты і самы універсальны жанр сучаснай пластычнай культуры. Англійскае слова installation тлумачыцца як устаноўка, правядзенне, прызначэнне на пасаду. Ёсць жартаўлівая, але вельмі тонкая і дасціпная дэфініцыя А.Сідара-Гібелінды (Расія): «Інсталяцыя як жыццё -- ці як піца: для яе падыходзіць усё ці амаль усё (з той розніцай, што ў інсталяцыі адсутнічаюць абавязковыя піцаўскія інгрэдыенты накшталт сыру і таматаў), гэта значыць у інсталяцыі, несумненна, яшчэ больш свабоды». Заходнія даследчыкі выводзяць інсталяцыю з еўрапейскага мадэрна 1960 -- 70-х гадоў, а творы-прадбачанні адшукваюць у дадаіста Дзюшана і сюррэалістаў. Аднак першай інсталяцыяй у сусветнай гісторыі мастацтва была выстава «0,10», зробленая Малевічам у 1915 годзе. Па-першае, гэта вынікае з суправаджальнага тэксту пра «новы жывапісны рэалізм». Па-другое, фотаздымкі сведчаць, што яна мела выразную, падкрэслена прасторавую ідэю. Па-трэцяе, размяшчэнне «Чорнага квадрата» было ў інсталяцыі тым неабходным правакацыйным момантам, які, між іншым, быў заўважаны і ацэнены, нездарма ж твор адразу перахрысцілі ў «абраз новага мастацтва». Менавіта так узнікаў эстэтычны пачатак інсталяцыі: гульня сэнсавых значэнняў. Інсталяцыя сёння -- гэта прасторавы, звычайна шматсастаўны аб’ект. Час росквіту гэтай арт-тэхналогіі прыйшоўся на мяжу 1970 -- 80-х, калі сышліся ў адно і вытанчанасць вобразнай выразнасці ў скульптуры, і ўзмацненне навацый у жывапісе. У інсталяцыі выкарыстоўваюцца любыя матэрыялы. Нездарма яе называюць люстэркам творчых пошукаў мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя.
Юбілейную выставу Г.Фалея яшчэ на лесвічнай прасторы адкрывала вялізная (больш за 5 метраў вышынёй) інсталяцыя «Бывай, мінуўшчына!» у выглядзе агромністай касы з бела-вохрыста-чорных нітак і «па-японску» прасунутымі праз яе перапляценні галінкамі-шпількамі. Гэта дасціпны вобраз і тэмы самога пляцення, і тэмы падсумоўвання былога і скіраванасці ў будучыню. Выстава атрымала назву «Вандроўнік па жыцці», прыдуманую сябрамі, і назвы твораў цалкам адпавядаюць гэтай тэме -- станаўленню творцы, улюбёнага ў свой народ. «Вандроўка па Беларусі», «Шпацыр па Віцебску», «Лесвічка», «Парк», «Каралі для каханай», «Птушка», «Лазня», «Тры сямёркі», «Кампазіцыя Дз-1» і «Кампазіцыя Дз-2» -- усё гэта выразна яднае (ці падсумоўвае) цэнтральная інсталяцыя «Божа, барані Беларусь!». Інтрыга гэтай экспазіцыі ў яе бясспрэчным аўтабіяграфізме -- якасці з часоў Бойса вельмі рэдкай. Тут ёсць інтымнасць і агульнасць, высокая ўзнёсласць і вынаходлівы гумар, простасць і знакавасць. Даследуючы прыроду штодзённага, мастак вылучае тэму з яе прывычнага кантэксту (папярэднікам гэткага падыходу быў Марсэль Дзюшан, але ён вылучаў не тэму, а прадмет). Пазбаўляючы «герояў» свайго апавядання права на утылітарнасць, мастак тым самым уздымае пытанне пра іх ролю і надае ім іншае -- сімвалічнае ці псіхалагічнае -- вымярэнне. Таму, хоць, паводле назваў, інсталяцыі Г.Фалея звернуты да падзей і з’яў рэальнага жыцця, яны безумоўна абстрактныя і балансуюць недзе на мяжы энергічнага прасторавага жэсту і строгай дысцыпліны мінімалізму. Асацыятыўна насычаныя, а часам і жартаўлівыя назвы (бо тут і знакамітая марка таннага віннага напою, і ўшанаванне беларускіх моўных асаблівасцей) падкрэсліваюць тэму духоўнасці, якой пранізана ўся яго творчасць. Мастак хоча паведаміць нам нешта важнае, што непасрэдна датычыцца нашай экзістэнцыі, як суб’ектыўнай, так і універсальнай.

 /i/content/pi/mast/5/126/Vandrounik2.jpg
 Божа, барані Беларусь! Інсталяцыя. 2007.

Спрабаваць па назвах уявіць творы віцебскага мастака -- бесперспектыўны занятак. Бо па-барочнаму выразныя «Каралі для каханай» займаюць метры чатыры ў даўжыню, але гэта не аздоба для жанчыны-багатыркі, а сведчанне моцы аўтарскага пачуцця. Яго «Лазня» -- сублімацыя штодзённага, зямнога ў высокае. Гэта геаметрычная пабудова (з «чорным квадратам» апаленага дрэва на падлозе) з падвязаных да столі льняных вяровак, з трапяткімі рытмамі прычэпленых драўляных «мятлікаў». Бачны свет, прапушчаны праз успрыманне і разуменне мастака, паўстае перад намі глыбока трансфармаваным і сінтэзаваным.
Фізічнае існаванне інсталяцый Г.Фалея вызначаецца не толькі жорсткай канструкцыяй геаметрычнай формы, адназначна яны ўспрымаюцца толькі спачатку. На самай справе на іх уплывае цэлы шэраг вонкавых фактараў. Простасць канструкцый прымушае гледача звярнуць увагу на самыя лёгкія змены перспектывы і дынамічную гульню ценяў, якая нарастае па меры таго, як ён пачынае рухацца каля твора. Гэткая асаблівасць збліжае пошукі віцебскага творцы з пазіцыяй Гюнтера Юкерса, знакамітыя цвіковыя інсталяцыі і аб'екты якога вылучае тая ж «зменлівасць» уражанняў.
Выстава стварае метафару бесперапыннага перацякання і ўзаемапрыцягнення геаметрычных форм і шырокай поліфаніі колеравых акцэнтаў -- ад трапяткога ззяння вохрыстых тонаў да аксамітнага багацця чорнага. Гэты асляпляльны дэкаратыўны эфект дасягнуты спалучэннем простых, нічым асаблівым не прыкметных матэрыялаў -- ільняной ніткі і чорнага апаленага дрэва. Г.Фалей ужывае матэрыялы, якія вылучае як «беларускія» -- праз іх засвоенасць традыцыйным мастацтвам. Тут яго пазіцыя пераклікаецца з пошукамі актуальнай украінскай мастачкі Т.Бабах, якая «пляце» свае агромністыя творы з кары дрэў. У пазіцыі абодвух творцаў ёсць нешта агульнае, што надзяляе жэст мастака арганічнасцю і амаль хатняй натуральнасцю. А ў цэлым гэткае парадаксальнае камбінаванне нечаканых і паўсядзённых матэрыялаў мае аналагі ў творчасці груп «Arte Povera» ці «Art informel», якія пераўвасаблялі ў творы мастацтва самыя простыя і нечаканыя рэчы. Пластычная ідэя выстаўкі даведзена аўтарам да крыштальнага гучання, інсталяцыі ўспрымаюцца графічнымі і прасторавымі адначасова. Вялізныя творы не падаўляюць гледача: далікатныя і стрыманыя, яны ўдала і зграбна размешчаны ў прасторы. Але самога аўтара хвалююць не столькі абстрактныя суадносіны матэрыялу і формы, колькі выяўленне асноўных чалавечых пачуццяў. Цэнтральная інсталяцыя -- «Божа, барані Беларусь!» -- гэта тры структуры з апрацаванай лазы з «прасечанай» крыжовай формай. Яны глядзяцца як вокны -- у бясконцасць ці новую мару...

                                                                                                            Ларыса МІХНЕВІЧ