Пошукі «беларускага следу»

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Кіно
Кінагод-2013 пачаўся з нечаканай навіны. У лютым у паўцёмнай зале студыі «Беларусьфільм» паказалі стужку «Роля», створаную піцерскім рэжысёрам Канстанцінам Лапушанскім. Карціна прадстаўлялася як беларуская. Год таму, на «Лістападзе», як беларускі прэзентаваўся фільм Сяргея Лазніцы «У тумане». Дый сам рэжысёр, які нарадзіўся ў Баранавічах, правёў дзіцячыя і юнацкія гады на Украіне, а цяпер жыве ў Германіі, называўся беларускім. Гэта сведчыць: у нас сапраўды ёсць сіндром тугі па «сваім» кінамастацтве.

Але што цяпер лічыць сваім? У стварэнні стужкі паводле быкаўскай аповесці ўдзельнічалі пяць краін (Германія, Расія, Нідэрланды, Беларусь, Латвія), кожная з якіх таксама называе фільм сваім. Хтосьці з крытыкаў выказаўся больш дыпламатычна: «Тут ёсць беларускі след». З таго часу амаль у кожнай ігравой карціне з удзелам нацыянальнай кінастудыі мы шукаем «беларускі след».

Фільм «Роля» таксама створаны пры ўдзеле некалькіх краін: Расіі, Фінляндыі, Беларусі, Германіі. Натурныя здымкі з цягнікамі, вакзаламі адбываліся ў Брэсце, павільённыя — у Мінску, пейзажныя — у Віцебскай вобласці. Але «беларускія» знакі прыкметным «следам» не сталі. Хутчэй яны перадалі сцюдзёную, няўтульную прастору рускай альбо фінскай зямлі. Праз сюррэалістычна-дакументальныя вобразы гэтага кінааповеду паўстае гісторыя таленавітага рускага акцёра часоў Грамадзянскай вайны, ён — пра творчае шчасце і чалавечую трагедыю пераўвасаблення. «Прымераны», прыняты на сябе вобраз другога чалавека, як маска Дарыяна Грэя, дае асалоду, моц ідылічнай свабоды і адначасова разбурае асобу амаль да фізічнага знішчэння.

Фільм можна разглядаць у стылістыцы сімвалізму, дзе галоўнай была ідэя сінтэзу дзвюх прастор — рэальнай і пазарэальнай, да таго ж другая паўставала больш значнай за першую. У фільме ёсць шмат чаго сапраўды мастацкага: па-першае, досыць арганічнае сутыкненне розных стыляў, жанраў — псіхалагічнай драмы, дакументальнай містэрыі, напружанага трылера; па-другое, сама атмасфера, бела-шэрая фактура якой становіцца то празрыста-жамчужнай, то брудна-цьмянай — ад яе ідзе халадэча разрухі, чагосьці няўстойлівага, непрыемнага, неспакойнага; па-трэцяе, да дробязей адмыслова, таленавіта створанае дэкаратыўна-вобразнае асяроддзе; і, вядома ж, — акцёрскі ансамбль, дзе важныя ўсе, але ж драматургічным, зместавым, ідэйным цэнтрам з’яўляецца вобраз Яўлахава ў выкананні Максіма Суханава.

Інтрыга трымалася ад студзеня да пачатку Маскоўскага кінафестывалю. Якія меліся спадзяванні на прыз! Што-што, а прыз за галоўную мужчынскую ролю павінен быць прысуджаны! Не выйшла. Сапраўды шкада, і думаецца, што такі фестывальны вынік не самы справядлівы (дарэчы, на XX-м «Лістападзе» карціна атрымала два спецыяльныя прызы). Фільм, у якім уласна беларускага нічога і не было, прымусіў напружана чакаць, хвалявацца і верыць — як сапраўдны нацыянальны твор.

Напэўна, гэта і ёсць новыя адчуванні ў новай медыяпрасторы, дзе нацыянальнае паступова расплываецца пад націскам глабалізацыйнага, дзе паняцці «чужое» і «свае» страцілі размежаванасць. «У тумане», «Роля» — знакі далучэння кінастудыі «Беларусьфільм» да сучасных тэхналогій стварэння стужак у фармаце капрадукцыі. На пытанне «якой краіны фільм?» цяпер ужо цяжка даць адказ. У цітрах амаль кожнай сучаснай карціны пералічваецца шмат краін і прадзюсарскіх фірм.

Але вось што здзіўляе. Нягледзячы на правілы сучаснай глабалісцкай гульні, у лепшых фільмах усё роўна застаецца тая самая нацыянальная дамінаната, якая і робіць іх цікавымі для ўсяго свету. Узяць, напрыклад, карціну філіпінца Брыянтэ Мендосы «Чэрава тваё», дзе падрабязна, у этнаграфічных дэталях узнаўляецца жыццё на востраве Таві-Таві. Здавалася б, ну што нам да вясельных абрадаў ці будняў астравіцян? Але за гэтай нацыянальнай вытанчанасцю аўтар бачыць і паказвае нам драмы чалавечых сутыкненняў, за спакоем звыклага жыцця па-над морам — напружаныя страсці быцця зямнога. І паказанае падаецца не толькі цікавым, але і вельмі зразумелым, блізкім.

Напэўна, гэта і ёсць адно з самых вялікіх уражанняў мінулага года: яшчэ раз пераканацца ў тым, што вялікі свет заўсёды бачыцца ў малым, што агульначалавечыя сэнсы падчас адкрываюцца праз камерна нацыянальныя.