Эстэтыка і этыка дырыжорскіх жэстаў

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Музыка
Акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, якім кіруе маэстра Аляксандр Анісімаў, адзначыў восенню ўласнае 85-годдзе.

 Справай гонару для дырыжораў, якія прыязджалі ў колішнюю БССР і мелі магчымасць працаваць з нашымі вядучымі калектывамі, былі стасункі з беларускімі кампазітарамі, выкананне іх опусаў — у спалучэнні з класікай і найноўшай сусветнай музыкай. Адмахнуцца ад «тутэйшых» аўтараў было б лягчэй, чым зрабіць працаёмкі дырыжорскі жэст і «замахнуцца» на незнаёмую партытуру. Але для Віктара Дуброўскага, Барыса Райскага, Юрыя Яфімава дырыжорскі пульт у Мінску не быў месцам задавольвання ўласных амбіцый, няспраўджаных ва ўмовах жорсткай расійскай канкурэнцыі. Сёння іначай.

Юбілейная афіша нібы адводзіць наш позірк ад багатай гісторыі аркестра, сфарміраванай у кантэксце айчыннай культуры. Нават канцэрт, якім адкрываўся знамянальны сезон, прайшоў без нацыянальных опусаў. Выкананне сучасных беларускіх партытур адклалі «на потым». Ні нотай не прыгадалі спадчыну Анатоля Багатырова, легендарнага патрыярха айчыннай кампазітарскай школы, з дня нараджэння якога сёлета споўнілася 100 гадоў. Беларускія прэм’еры ў Міжнародны дзень музыкі — ужо страчаная традыцыя.

Чарговы сезон Дзяржаўнага камернага аркестра адкрыўся канцэртам-прысвячэннем «Памяці Зоры Шыхмурзаевай» пры ўдзеле яе дзяцей і ўнукаў — музыкаў з Бельгіі, ЗША, Расіі, у тым ліку Яўгена Бушкова — сына, цяперашняга мастацкага кіраўніка аркестра. Гэта была знаная скрыпачка савецкага часу, лаўрэат міжнародных конкурсаў, педагог Маскоўскай кансерваторыі... Ці варта чакаць імпрэзу ў памяць Асобы, неацэннай для нашай краіны, нядаўна спачылага выдатнага скрыпача-педагога, прафесара Эдуарда Кучынскага, чые майстар-класы праходзілі ў Еўропе, а шматлікія вучні сталі пераможцамі прэстыжных конкурсаў?

Маляўнічая афіша запрашала ў «Музычную гасцёўню» на вечарыну, прысвечаную 90-годдзю з дня нараджэння Ісака Шварца, вядомага найперш як аўтар музыкі да папулярных расійскіх фільмаў. А як жа вялікі юбілей Багатырова? Творчасць айчынных класікаў ХХ стагоддзя адраджае і прапагандуе падчас асветніцкіх фэстаў у малых гарадах краіны Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з Міхаілам Фінбергам, дзе ствараюцца новыя транскрыпцыі ды свежыя аранжыроўкі забытых партытур. Музычнай спадчынай апякуюцца і Уладзімір Байдаў з «Класік—Авангардам», і падзвіжнікі «Беларускай капэлы» пад кіраўніцтвам Віктара Скорабагатава. Нацыянальны рэпертуар вяртаецца ў актыў Вялікага тэатра і Музычнага. У Маладзечне культывуе класіку і сучасную беларускую творчасць Рыгор Сарока. Да нашай культуры шчыра прычыніўся маэстра з Эстоніі Эркі Пехк, запрошаны дырыжор сімфанічнага аркестра Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.

Музыканты адчуваюць падтрымку ад 1-га Нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала «Культура» і нядаўна створанага тэлеканала «Беларусь-3». Ёсць нагода парадавацца?

Cвятлана БЕРАСЦЕНЬ