Раз-пораз выйграем. А бывае — наадварот...

№ 12 (369) 01.12.2013 - 31.12.2013 г

Музыка
Падводзіць вынікі музычнага года і прыемна, і карысна. Прыемна, бо, азіраючыся назад, з радасцю згадваеш імклівую і вірлівую чараду імпрэз. Калейдаскоп, у якім мільгаюць, змяняючы адно аднаго, фестывалі, прэм’еры, праекты, дэбюты, прэзентацыі, гастрольныя паказы.

Опера, балет, інструментальная музыка. Харэаграфічныя і джазавыя фестывалі. Карысна, бо імкнешся аддзяліць самае значнае ад «прахаднога». Паяднаць з’явы аднаго ўзроўню, вызначыць лідараў і аўтсайдараў. Паказаў безліч. Сапраўдных дасягненняў значна менш. А тэндэнцыі? Яны нагадваюць падводныя плыні, магчыма, нябачныя воку, якія тым не менш вызначаюць мастацкую палітыку тэатральна-канцэртнага сезона. І моцна ўплываюць на яе.

Тэндэнцыя першая. Бясспрэчнае пашырэнне музычнай прасторы для кожнага слухача-гледача. Найперш праз актыўнасць гастралёраў. Самымі адметнымі падзеямі ў гэтым плане выглядаюць эфектны праект «Зоркі сусветнага балета», прыезд у Мінск Тэатра оперы і балета «Эстонія», Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, гастролі Акадэмічнага тэатра балета пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана, канцэрт самай тытулаванай амерыканскай джаз-групы «Тake 6».

Тэндэнцыя другая. Калі супастаўляеш нашы свежыя прэм’еры з яркімі і маштабнымі праектамі еўрапейскай (або расійскай) музычнай культуры, пабачанымі падчас гастроляў, прыходзіш да высновы: не заўсёды, але дастаткова часта «не даганяем». Да прыкладу, як выглядае «Вітаўт» на фоне «Братоў Карамазавых»? Магчыма, прычыны тут глыбока ментальныя, а не мастацка-творчыя. Беларус па сваім псіхалагічным адчуванні — асоба інтравертная, сціпла-сарамлівая, засяроджана-задуменная. Наш чалавек, нават творчы, звычайна не ўсведамляе сваю вартасць, яго самаацэнка заніжаная, а не завышаная. Ён прызвычаіўся (праславутая «памяркоўнасць»!) прыладжвацца, а не дамінаваць. Назіраць, а не актыўна змяняць навакольную сітуацыю.

Замежнікі ўмеюць з кожнага праекта, больш ці менш значнага, зрабіць «цукерачку». Калі разгорнеш, уражанне можа быць розным. Але ж калі «не загорнута» як належыць, дык і чакання маштабнай падзеі няма! Эмацыйнае ўспрыманне пэўнай музычнай імпрэзы досыць часта звязана з удала арганізаваным ажыятажам. З немагчымасцю набыць квіткі або з іх «касмічным» коштам. Так, прадстаўнікі іншых краін і культур уласны «прадукт» умеюць падаваць больш эфектна. Але калі адсунуць у бок менеджарска-прадзюсарскія здабыткі, а разважаць пра сутнасць, даводзіцца канстатаваць, што ёсць праекты, якія насамрэч сведчаць пра далучанасць да еўрапейскіх і сусветных тэндэнцый (пастаноўка «Турандот»), аднак ёсць і такія, што створаны з няхітрым разлікам: публіка заўжды галодная, яна «з’есць» што заўгодна.

Тэндэнцыя трэцяя. Яна суцяшае пасля роздуму над папярэдняй. Справа ў тым, што лепшыя прадстаўнікі айчынных выканальніцкіх школ якраз адпавядаюць самым высокім стандартам і сусветным параметрам! Не больш і не менш... У Вашынгтонскім балеце ўвесь бягучы сезон (аж да мая) будзе выступаць Кацярына Алейнік, адна з вядучых беларускіх балерын. Танцоўшчык Дзяніс Клімук запрошаны ў трупу Тэатра балета Барыса Эйфмана, хоць ён і не развітаўся з нашым тэатрам. Цікава: большая частка мужчын-салістаў таго калектыву — нашы былыя прэм’еры (Аляксей Турко, Мікалай Радзюш, Юрый Кавалёў). Значыць, вучаць у нас як трэба! Скрыпач Арцём Шышкоў і віяланчэліст Іван Карызна ўдзельнічаюць у праграмах фестывалю Юрыя Башмета на роўных з самымі славутымі зоркамі. Адна з галоўных падзей башметаўскага фэсту — сусветная прэм’ера твора «Архітэктон» (на тэкст Веліміра Хлебнікава) айчыннага кампазітара Валерыя Воранава. Ён вучыўся ў нашай Акадэміі музыкі, потым у Вышэйшай школе музыкі ў Кёльне, выйграў некалькі буйных кампазітарскіх конкурсаў. Цяпер часцей жыве за межамі Беларусі, але ад таго не перастаў быць «нашым».

Тэндэнцыя чацвёртая. Не такая глабальная, як папярэднія, але істотная. Гэта — павышаная цікавасць да малых жанраў і форм. Яе пацвярджаюць прэм’еры ажно чатырох (!) аднаактовых опер, паказаных на працягу месяца ў зале імя Александроўскай Тэатра оперы і балета. Але і «Шэсць танцаў» з харэаграфіяй Іржы Кіліяна — таксама аднаактовы балет. Мноства спектакляў падобнага жанру сведчаць пра... адсутнасць (або востры недахоп) эксперыментальных пляцовак. Бо пошук акрэслівае тое, што будзе актуальным у мастацтве заўтра.

І нарэшце, тэндэнцыя пятая. Апошнія гады харэаграфічныя праекты ўсё часцей аказваюцца часткай праграмы маштабных фестываляў драматычнага тэатра, хоць па вялікім рахунку павінны трапляць у форумы музычныя або ўласна танцавальныя. Верагодна, менавіта такім шляхам драма шукае новыя сродкі выразнасці. Імкнецца выкарыстаць відовішчнасць жанру, яго шматзначнасць, даступнасць шырокай аўдыторыі і здольнасць абысціся без перакладу. А мо, гэта адлюстраванне таго сінтэзу мастацтваў, які заўжды быў марай і мэтай пошукаў лепшых прадстаўнікоў тэатра? Бо сама выканальніцкая творчасць нарадзілася спачатку як з’ява сінкрэтычная, з якой паступова вылучыліся розныя накірункі... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі