Рэкі і гавані гарадской культуры

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Аб некаторых мадэлях вытворчасці публічнай прасторы ў Вільнюсе
Вялікаму гораду патрэбны зручныя для правядзення разнастайных мастацкіх акцый месцы, якія будуць асацыявацца з нефармальнай культурнай дзейнасцю. Літоўская мастачка і даследчыца Ула Тарнау аналізуе вопыт засваення публічнай прасторы ў Вільнюсе.

Дом-канструктар «Культфлюкс» на беразе Нерыса — своеасаблівая інтэрпрэтацыя класічнага будынка, які мае зразумелую ідэнтычнасць і прызначаны для культурных акцый. Праект «Флюксус міністэрыя» — прыклад паспяховай часовай акупацыі, пры якой мёртвая прастора закінутага будынка стала жывым месцам-трансформерам, месцам-працэсам.

У 1990-я гады Вільнюс перажываў часы інтэнсіўнай будоўлі, дэканструкцыі і змены гарадскога пейзажу. У той час дзяржава была зацікаўлена ў прыватызацыі 90—95% сталічнай нерухомасці — у выніку публічная прастора была прысвоена бізнесам і карпарацыямі. Старая сістэма кантролю за будоўляй і эстэтыкай горада была разбурана, а новая яшчэ не з’явілася. З-за прыватызацыі многія грамадскія месцы былі забудаваны, амаль не засталося прасторы для публічных дзеянняў, мастацкіх акцый. Пры гэтым вялікія будынкі, выкупленыя прыватнымі ўласнікамі, стаялі зачыненыя і пустыя. Затое стала багата так званых транзітных месцаў — urban voids, гарадскіх пустэч. Мастакі — літоўскія і замежныя — спрабавалі змяніць сітуацыю, збіралі ў закінутых месцах арт-тусоўкі, ладзілі кропкавыя акцыі. Напрыклад, артыстак балета запрасілі зрабіць перформанс — паказаць сапраўдны спектакль у двары спальнага раёна. Балконы тыпавога дома сталі ложамі, а людзі, якія тэатр звычайна не наведваюць, — гледачамі.

— Неяк паступова з’явілася ідэя, што самім творцам трэба адкрываць цікавыя культурныя месцы для тусовак, а то ўсю прастору канчаткова захопіць капітал, — распавядае Ула. — Сталіцы многіх посткамуністычных краін стаяць на рэках, але гэта ніяк не абыгрываецца. Нерыс цячэ праз цэнтр Вільнюса, берагі забетанаваны, рака абрамленая інтэнсіўнымі транспартнымі магістралямі і падыход да яе нязручны, але мы падумалі: здорава было б зрабіць штосьці на рацэ, бо ўсё ж яна прыгожая.

Культурная платформа «Культфлюкс» на Нерысе — своеасаблівы даследчы эксперымент, лабараторыя. Гэты праект, які праіснаваў з 2008 па 2012 гады, — ініцыятыва пяці архітэктараў і мастакоў, інспіраваных вандроўкамі па Галандыі і дамамі на вадзе ў Амстэрдаме. Назва «Культфлюкс» азначае рух, паток, цячэнне культуры. Слоган — «Павярніся да ракі». Аўтары былі захоплены ідэяй маленькага архітэктурнага цэнтра, дзе праводзяцца невялічкія выставы, ёсць свая бібліятэка, чытаюцца лекцыі.

У 2008 годзе ініцыятыву мастакоў падтрымаў офіс «Vilnus — European Capital of Culture’09» і прафінансаваў абазначаную ў заяўцы культурную праграму, але сродкаў на будаўніцтва самога цэнтра не было. Сабраць домік ім дапамаглі прыватныя кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю будматэрыялаў. Гэта была сімвалічная інвестыцыя бізнесу ў публічную прастору.

Крэатыўнасць і працавітыя энтузіясты дапамаглі абсталяваць крутое тусовачнае месца пры маленькім бюджэце. Арганізатары вырашылі зрабіць некалькі дызайн-варкшопаў пад назвай «Ажыві рачныя берагі ў Вільнюсе». Праводзіць іх былі запрошаны мастакі, архітэктары ды іншыя крэатыўныя прафесіяналы з вопытам працы ў гарадской прасторы. Удзел у варкшопах бралі невялічкія групы студэнтаў з Літвы, Фінляндыі, Нідэрландаў, яны працавалі па 10 дзён.

— Мы прасілі іх папрацаваць над аб’ектамі, якімі можна будзе рэальна карыстацца, — кажа Ула.

Так з’явілася платформа з кантэйнераў для вады, якая свяцілася ноччу, сядзенні з бетону, укапаныя ў зямлю, зробленыя рукамі студэнтаў і мастакоў, сядзенні з электрычных катушак, гармонікі з кардону, якія выкарыстоўваліся на кінапаказах…

Было важна «раскруціць» «Культфлюкс», каб дом ля ракі набыў папулярнасць і людзі прыходзілі сюды бавіць час на рознага кшталту мерапрыемствах. Арганізоўваліся так званыя «fish days» — вечары электроннай музыкі, жывыя канцэрты па ўік-эндах, флі-маркеты (блышыныя рынкі) па нядзелях. Кінацэнтр «Скальвія» зладзіў некалькі варкшопаў і кінапаказаў, Вольны ўніверсітэт — некалькі лекцый. Але каб месца працавала і жыло, трэба, каб яно было адчынена кожны дзень ці хоць бы кожны другі дзень.

Камандзе «Культфлюкса» трэба было клапаціцца не толькі пра розныя мерапрыемствы, але і пралічваць даволі прыземленыя рэчы:

— Вялікім некамерцыйным арганізацыям выжываць прасцей: яны напішуць вялікі праект і здольны атрымаць пад яго вялікае фінансаванне, — кажа Ула. — Але для невялікіх арганізацый усё больш складана: можна атрымаць маленькія грошы для пэўнай культурнай ініцыятывы і амаль немагчыма выкарыстаць гэтыя сродкі для таго, каб заплаціць самім сабе за працу ці вырашыць праблемы з інфраструктурай, якія непазбежна ўзнікаюць падчас работы.

Самыя сур'ёзныя пабытовыя праблемы былі звязаны са смеццем і прыбіральнямі. Аднойчы нехта выкінуў у раку арандаваныя біятуалеты, якія потым выцягвалі пажарныя. Пасля вялікіх тусовак заставаліся горы дробных адкідаў, і журналісты пісалі пра такую некультурную з’яву каля культурнага доміка.

Будынак «Культфлюкса» аказаўся вельмі «сезонным»: калі першую зіму ён перажыў добра, то падчас другой пацярпеў ад лёду, снегу, вады. Да таго ж там было проста халодна. Сродкаў на рамонт амаль не засталося, таму ў 2010 годзе арганізатары яшчэ раз паклікалі мастакоў, архітэктараў і студэнтаў, каб яны прыдумалі, як усё рэанімаваць. Але пік папулярнасці «Культфлюкса» прайшоў. Энтузіязм арганізатараў паступова раставаў, энергія вычэрпвалася. Яны прапаноўвалі невялікім арганізацыям працягваць займацца домікам і ладзіць там культурныя праекты, але беспаспяхова. Будынак дэмантавалі ў лютым 2013 года.

Наколькі спраўдзілася галоўная мэта — прыцягнуць людзей да ракі і зрабіць яе цэнтрам гарадскога жыцця?

— Сапраўды вялікую ўвагу атрымаў сам будынак: яго ўключылі ў некалькі архітэктурных каталогаў, актыўна абмяркоўвалі як цікавы аб’ект публічнай прасторы. Але цяжка сказаць, ці паўплываў «Культфлюкс» на развіццё Вільнюса ў больш шырокім сэнсе, — мяркуе Ула. — Гэта месца было часткай гарадской культуры, абслугоўвала даволі спецыфічную групу — прадстаўнікоў арт-сцэны, архітэктараў, музыкантаў, але зараз яны знайшлі сабе іншыя пляцоўкі, каб бавіць час. І ўсё ж прыемна, што часткі прасторы каля ракі Нерыс зажылі сваім жыццём — напрыклад, вялікі луг ля адміністрацыйнага цэнтра, куды людзі прыходзяць у абедзенны час, каб пасядзець на траве і з’есці свой ланч.

Яшчэ адзін цікавы прыклад засваення публічнай прасторы — праект «Флюксус міністэрыя», ініцыяваны журналістам, палітыкам і бізнесменам Артурасам Зуокасам (дарэчы, ён тройчы абіраўся мэрам Вільнюса). Закінуты будынак міністэрства аховы здароўя на вуліцы Гедымінаса ператварыўся ў месца, дзе праводзіліся выставы і перформансы, своеасаблівы вулей, які змяшчаў студыі каля 200 мастакоў. Назва праекта адсылае да легендарнага арт-руху 1960—1970-х гадоў «Флюксус», адным з заснавальнікаў якога быў літоўска-амерыканскі мастак Юргіс Мачунас; удзельнікі «Флюксуса» выкарыстоўвалі старыя закінутыя прамысловыя будынкі пад студыі і ператварылі заняпалую гарадскую прастору ў артыстычную — так нью-ёркскі Соха атрымаў другое — багемнае — жыццё.

У 2010 годзе Зуокас здолеў пераканаць Ёнаса Мекаса (амерыканскага паэта і кінарэжысёра, хроснага бацьку нью-ёркскага кінаавангарда) падтрымаць яго ў гэтай ініцыятыве, рэкламаваць яе як новы культурны твар літоўскай сталіцы, своеасаблівае вільнюскае Соха. Таксама ён здолеў пераканаць многіх міжнародна вядомых мастакоў Літвы завесці там студыі, якія, дарэчы, былі амаль бясплатныя — аплачваліся толькі камунальныя паслугі. Безумоўна, дзейнасць Зуокаса спрыяла яго палітычнай рэпутацыі і накапленню сацыяльнага капіталу. Спецыяліст па перадвыбарчай камунікацыі ў сацыяльных сетках Андрус Шумінас аналізуе, як паспяхова ён прыцягваў сваю мэтавую групу выбарцаў — моладзь — у інтэрнэце: на фэйсбуку была створана старонка «Флюксус міністэрыі», на якой трансляваліся навіны з жыцця праекта, яна хутка набыла вялікую папулярнасць і хоць і не мела прамога палітычнага зместу, але інфармацыя, змешчаная на ёй, стварала станоўчы вобраз палітыка. У дзейнасць «Флюксус міністэрыі» было ўцягнута шмат арт-актывістаў і творчых маладых людзей, якія дзяліліся паведамленнямі са сваімі сябрамі і міжвольна пашыралі сетку паклоннікаў Зуокаса. Так сучаснае мастацтва становіцца цікавым для палітычных і бізнес-структур і выкарыстоўваецца ў палітычных кампаніях. Як расцэньваюць гэта самі творцы? Ула Тарнау заўважае: нават тыя, хто ў сваёй творчасці выступае супраць любых інстытуцый і робіць вельмі антыінстытуцыянальнае мастацтва, былі рады добрым пабытовым умовам студый і ахвотна карысталіся бясплатнымі студыямі сквота.

Абавязковай умовай для атрымання студыі была актыўная прэзентацыя сваёй творчасці — артыстычныя акцыі трэба было ладзіць амаль штомесяц, каб паказаць, што дом актыўна жыве. Кожная студыя зрабіла хвілінную кінапрэзентацыю — у выніку атрымаўся вялікі фільм пра «Флюксус міністэрыю». У доме склалася сапраўдная эстэтыка сквота: сюды прыязджалі нью-ёркскія джазмены літоўскага паходжання і ігралі бясплатна, былі класы танга, праходзілі выставы студыйных мастакоў, працаваў кінацэнтр «е-Мекас», а канцэрты праходзілі нават проста на даху будынка…

Але праз два гады кантракт арэнды скончыўся, і «Флюксус міністэрыя» пераехала ў Каўнас, дзе ў памяшканні былой фабрыкі абутку ўзнік кластар для мясцовых творцаў. На жаль, далейшы лёс «Міністэрыі» застаецца нявызначаным. Утрыманне будынка каштуе шмат, такі вялікі і дарагі праект не можа існаваць без фінансавай падтрымкі, а большасць мерапрыемстваў, якія там адбываюцца, — некамерцыйныя.

Вопыт суседзяў прымушае думаць і пралічваць, а не толькі ўздыхаць па заходніх грантах на культурныя праекты і па добрых замежных грамадскіх дзеячах, гатовых ахвяраваць свае фінансавыя сродкі на contemporary art. Энтузіястам трэба памятаць: за барабанным пошчакам і бадзёрымі справаздачнымі рапартамі заўсёды будзе хавацца адваротны — «смеццевы» — бок. А ад уплыву бізнесу і палітыкі сучаснаму некамерцыйнаму мастацтву нікуды не схавацца — бясплатнае і незалежнае ва ўмовах панавання прыватнага капіталу таксама можа быць толькі ўмоўным. 

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар