Чорны лес. Алей. 2007. |
В.Шкарубу нельга аднесці да тых майстроў, што імправізуюць, спадзяюцца толькі на інтуіцыю. Ён мастак аналітычнага складу, які заўсёды бачыць канчатковую мэту, паслядоўна і настойліва яе рэалізуе. Аўтарская воля і логіка -- тыя структурныя сілы, што дазваляюць не патануць у бясконцай разнастайнасці прыродных матываў. На першы погляд яго выбар здаецца нам выпадковым. Ну што, здавалася б, «высокамастацкага» ў прымеценым першым снегам полі, кусце на пагорку, стужцы вясковай дарогі? Але мастак валодае шчаслівым уменнем прыадчыняць завесу, што хавае ад старонніх вачэй прыгажосць будзённага, звыклага. Пад яго пэндзлем нязначныя, пазбаўленыя голасу і душы фрагменты прыроды пераўтвараюцца, інтымная танальнасць, якая валадарыць у карцінах, дазваляе весці спакойную, пранікнёную размову з гледачом. Ён заўсёды імкнецца адлюстраваць не канкрэтны пейзаж, што бачыць у рэальнасці, а той, які стварае ў сваім уяўленні. Гэта яго ўласная версія сусвету. Карціны мастака стрыманыя і глыбокія, у іх выяўлена аўтарская ідэя парадку і пэўнай адасобленасці ад наваколля. Мастак валодае карцінным мысленнем, піша не «віды», а стварае пейзажныя партрэты.
У карцінах В.Шкарубы амаль заўсёды адлюстраваны пераходны стан у прыродзе -- змярканне, вечар, туман, апошні прамень сонца... Мастак перадае мяккае восеньскае святло, глухія фарбы пажоўклай, калючай травы, халодны змрок пачатку зімы. Кожны твор пранізаны адчуваннем лёгкага смутку, задуменнасцю, унутранай напружанасцю і трывогай. Аўтар вельмі часта звяртаецца да зімовых відарысаў. Як зазначалі ўсходнія філосафы, снежныя краявіды малююць не для прыгажосці, а для самаўдасканалення -- каб выхаваць у сабе «высакароднае пачуццё адзіноты» і вызваліцца ад вульгарнасці.
Старыя дрэвы. Алей. 2007. |
Важнае значэнне надае В.Шкаруба лінейнай арганізацыі кампазіцыі. Лініі сваёй адмысловай вяззю трымаюць візуальны прасторавы каркас палатна. Яны не толькі абмяжоўваюць ці падкрэсліваюць формы, сілуэт, плоскасць, але ствараюць гульню яркіх і прыглушаных плям. Жывапісныя прыёмы аўтар удала дапаўняе графічнымі, што надае яго работам асаблівую вастрыню. У карцінах В.Шкарубы не заўсёды можна вызначыць месцазнаходжанне крыніцы святла. Гэта святло не знешняе, а ўнутранае, духоўнае, што яшчэ больш падкрэслівае адчуванне ірэальнасці. Няяркая колеравая гама з тонкай нюансіроўкай змяняе рэальнасць, надае карціне рысы ілюзорнасці, таямнічасці. Мастак падкрэслівае фактуру паверхні палатна, выяўляе яе жывапісную функцыю. Святло адыгрывае ролю нават большую, чым проста колеравы ці фактурны эфект, гэта сродак містычнай трансфармацыі ў работах «Да святла», «Апошняе святло», «Водбліскі», «Раніца», «Тамленне», «Чорны лес».
Невыпадкова з’яўляецца ў яго творах туман, які робіць бесцялеснымі прывідамі рэальныя прадметы, прымушае нас звяртацца да ўнутранага зроку. Няясныя, пазбаўленыя плоці абрысы дрэў быццам вырастаюць з туману, які змяняе іх рэальнае аблічча і аддаляе ад першага плана ў бязмежнасць. Самае звычайнае выяўляецца ў іншай якасці ў карцінах «Адліга», «Дарога», «Смуга», «Цёплы снег».Істотным элементам карцiн В.Шкарубы з’яўляецца мастацкая прастора, якая мадэлюе суб’ектыўны аўтарскі вобраз сусвету. Выбар таго ці іншага пейзажнага матыву толькі на першы погляд выпадковы, пры ўважлівым разглядзе бачыш заканамернасць і прадуманасць рашэння. Кампазiцыя будуецца на нюансах. Мастак жывапіснымі і кампазіцыйнымі сродкамі стварае новае асяроддзе бытавання, надае яму філасофскі сэнс. У трактоўцы прасторы падкрэслiванне яе рэальнай глыбiнi, нявызначанасць i бязмежная працягласць часта змяняюцца замкнёнасцю, калі перад намі толькі трава, вада каля берага альбо калючы хмызняк. Аўтар адыходзіць ад апавядальнасцi, уласцівай мiнуламу перыяду творчасці, iмкнецца ўвасобiць у жывапiснай кампазiцыi новы погляд на прыроду, надаць адчуванне значнасці непрыкметнаму і не «жывапіснаму» куточку. У творах В.Шкарубы дзіўным чынам спалучаюцца аскетычнасць колеравага вырашэння і графічная дакладнасць ліній, што абумоўлівае хісткасць і няўлоўнасць выяўленага стану. Тонкія градацыі амаль манахромнага каларыту набываюць пераканаўчую праўдзівасць, даюць адчуванне каляровасці, узнаўляюць прастору, вільготнае восеньскае паветра, туманную смугу сырой халоднай раніцы. Мікракосмас і макракосмас нібы выраўноўваюцца ў правах, становяцца аднолькава каштоўнымі для нашага ўспрымання і важнымі ў іерархіі прыродных матываў.
Халоднае лета. Алей. 2004. |
Важнае месца ў творах мастака займае матыў дарогі. Яна можа выклікаць пачуццё хвалявання і адчуванне чагосьці няўлоўнага і нявызначанага («Дарога»), страху і таямнічасці («У цемру»), цяжкасці выбару сярод няўтульнасці быцця («На раздарожжы», «Непазбежнасць»). Яна можа ледзь прыкметна весці вас да нечага патаемнага, поўнага нечаканасці і трывогі («Да невядомага», «На павароце»).
Сёння грамадства надзвычай моцна адчувае неабходнасць у прыгажосці і гармоніі -- у процівагу дысанансам і дысгармоніі, якія суправаджалі мастацтва ХХ стагоддзя і адлюстроўвалі катастрафічныя перамены, войны і разбурэнні. І творчасць Валерыя Шкарубы -- пасільны ўнёсак у экалогію культуры, у тое, каб зрабіць нас больш чулымі і неабыякавымі да прыроды. Няхай дарога, якую ён так часта выяўляе на сваіх палотнах, вядзе яго па жыцці да новых творчых здзяйсненняў.
Валерый ЖУК
Валерый Шкаруба: «Імкнуся перадаваць нябачнае...».
..Пішу работы доўга, магу над адной карцінай шчыраваць цэлы месяц. Бывае, калегі пасмейваюцца -- тыя, што «пякуць» свае палотны за два-тры дні. Я так не ўмею. Шмат часу займаюць падрыхтоўчыя этапы. Да адной работы магу напісаць, напрыклад, пяць эскізаў і толькі тады адчуць сябе гатовым выйсці на вялікі памер. Імправізацыя без папярэдняй дбайнай падрыхтоўкі не дае вынікаў, якія б мяне задавальнялі. Зрэшты, існуе пэўная заканамернасць: чым больш накідаў, тым мацней гучыць тэма ў канчатковым варыянце работы. А вось памер будучай карціны выяўляецца інтуітыўна, незалежна ад таго, які інтэр’ер яна будзе ўпрыгожваць. Вялікі грэх, я лічу, для мастака, калі ён загадзя размяркоўвае будучыню свайго твора, піша яго для музея або прыватнага пакупніка, для Беларусі або Амерыкі... Камерцыйны разлік шкодзіць творчаму палёту.
Халодны шлях. Алей. 2007. |
Выстава адбывалася ў Сіндаі. Гэта буйны горад з двума мільёнамі жыхароў. Мастацкая галерэя -- у цэнтры. Палову памяшкання займала мая экспазіцыя, палову -- японскага жывапісца. Калі перад адкрыццём я зайшоў пазнаёміцца з работамі майго японскага калегі, убачыў на яго палотнах... шэрае неба, чарот, рабізну на халоднай восеньскай вадзе. Тое ж самае, што было намалявана і на маіх карцінах! Я адчуў, шчыра прызнаюся, здзіўленне, нават шок. Ён -- таксама. Мастак жыве ў Токіо, скончыў Акадэмію мастацтваў, крыху старэйшы за мяне, нічога раней не ведаў пра Беларусь. Але нашы пейзажныя вобразы аказаліся надзіва падобнымі... У мяне ажно мурашкі пабеглі па скуры. Я прыехаў на край свету і ўбачыў тыя ж тэмы, настрой, каларыт, пластыку... Гэты выпадак засведчыў, што ў мастацтва ёсць карані, якія моцна знітоўваюць творцаў з розных канцоў свету.
...Для мяне важна, як мае работы ўспрымаюцца ў беларускім асяродку, бо шмат паездзіў па свеце і асабліва востра адчуў, што наш глядач -- самы аб’ектыўны. (Эмацыянальная публіка ёсць і ў іншых краінах.) Я займаюся пейзажам, гэты жанр звязаны з рэгіёнам, з нашым менталітэтам, успрыманнем быцця і наваколля. Ніхто за мяжой настолькі пранікнёна і моцна не адчувае ціхамірную настраёвасць мясцовых краявідаў. Магчыма, грошай там за карціну заплацяць больш. Але гэта не галоўнае, нашмат важней, каб твае думкі зразумелі суайчыннікі. Менавіта таму апошнім часам мяне не цягне ў далёкія вандроўкі. Я добра адчуваю сябе на радзіме.
...Калісьці марыў, каб у майстэрні захоўваліся лепшыя працы, так званы «залаты запас», які б ніхто да пары, да часу не бачыў. Сёння стаўлюся да гэтага іначай: карціна пішацца для таго, каб жыць сярод людзей, каб радаваць гледачоў. Але ўплываць на лёс твораў я не магу. Карціны -- што дзеці, якім заўжды імкнешся знайсці сцяжынку раўнейшую, але ж і дзеці нас часам не слухаюцца. У мяне застаецца толькі фотавыява або рэпрадукцыя, надрукаваная ў нейкім часопісе. Дзе б работа ні захоўвалася, хто б ні быў яе ўладальнікам, яна застаецца маёй, аўтарскай працай.
...У юбілейнай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўляю працы розных перыядаў, каб засведчыць такім чынам мой шлях творчага станаўлення. Лічу, што адны новыя карціны не даюць цэласнага ўяўлення аб майстэрстве. Змены, якія адбыліся, можна ацаніць толькі па рэтраспекцыі. Калі бачыш, ад чаго адштурхоўваўся мастак, можна прадвызначыць, што будзе далей.
... Мяне часта пытаюцца, чаму пішу толькі пейзажы, Былі ў маёй творчай біяграфіі і партрэты, і нацюрморты. Але «сціплы» беларускі краявід бліжэй майму душэўнаму стану, светаадчуванню. Каб зразумець гэта, трэба зазірнуць у дзяцінства. Мне пашчасціла: маленства прайшло на ўскрайку Барысава, у прыватным доме. Я жыў у амаль вясковым асяродку. Побач -- Бярэзіна, лес, палі. Шмат і з асалодай пісаў навакольныя краявіды. А вось мая дачка, якая займаецца ў Мінскім мастацкім вучылішчы, лічыць гэты жанр нецікавым. Яна вырасла ў горадзе, ёй блізкія урбаністычныя матывы, партрэты, а прырода не выклікае такіх шчымлівых эмоцый, як у мяне.
Белы снег. Алей. 2004. |
Вельмі дапамагло мне тое, што ў Барысаве была адкрыта студыя выяўленчага мастацтва. Я меў магчымасць атрымаць першапачатковую мастацкую адукацыю. У мяне былі добрыя настаўнікі, энтузіясты сваёй справы.
...Паступіў на дызайнерскае аддзяленне тэатральна-мастацкага інстытута. Па шчырасці, у хлопчыка з перыферыі, без сувязей, прайсці на жывапіс не было шанцаў. Вучыўся добра, меў поспехі ў жывапісных штудыях, наведваў вячэрнія заняткі па малюнку. У інтэрнаце жыў і сябраваў толькі з жывапісцамі.
Сёння не шкадую, што атрымаў дызайнерскую адукацыю. У мяне былі выдатныя педагогі. Напрыклад, Людміла Міронава. Яна «адкрыла» вочы на свет колеру. Згадваю, якія цікавыя заданні яна прапаноўвала. Напрыклад, складвала ў шапку 15-20 паперак з назвамі мастацкіх стыляў, а мы выцягвалі іх па адной. Камусьці трапляў імпрэсіянізм, камусьці кубізм або сюррэалізм. А пасля звычайны нацюрморт мы мусілі напісаць у прапанаваным варыянце. Гэта было няпроста. Мы гадзінамі чыталі кнігі ў бібліятэцы, вывучалі тэорыю. Напісаўшы твор, павінны былі тлумачыць сваю пазіцыю перад усёй групай. Гэта навучыла адстойваць свае перакананні, дапамагло, калі цалкам перайшоў у станковы жывапіс.
...У якасці дызайнера у НДІ ЭВМ працаваў дзесяць гадоў. Распрацоўваў выгляд першых камп’ютэраў, якія тады называліся ПВМ -- персанальныя вылічальныя машыны. Маю пачак прамысловых вынаходніцтваў. Але адпачатку разумеў, што гэтая праца -- часовая. Кожны вечар вёў дзіцячую студыю, займаўся жывапісам. Сумяшчаць творчасць і працу насамрэч было складана. Праз пяць гадоў паступіў у маладзёжнае аб’яднанне, праз восем -- у Саюз мастакоў. З таго моманту цалкам заняўся жывапісам і, спадзяюся, буду займацца ім да апошніх дзён. .
..Абавязкова выязджаю на эцюды. Натурныя ўражанні даюць неабходную фактуру. Але шматлюдныя афіцыйныя пленэрныя мерапрыемствы не люблю. Выходжу на сустрэчу з прыродай адзін: толькі ты і наваколле. Магу пайсці ў лес і правесці там цэлы дзень, паглыбіцца ў нетры і забыць, на якім свеце знаходжуся. Калі раптоўна зазвініць мабільны тэлефон -- здаецца, вяртаешся на зямлю з іншай планеты, неверагодна прыгожай і ўтульнай.
...Мае работы не столькі эмацыянальныя, колькі рацыянальныя. Свой адбітак наклала былая прафесія. Але яна навучыла мяне і беражліва адносіцца да ўсяго, што раблю. Калі я выкарыстоўваю колер, бяру фарбы роўна столькі, каб хапіла на адзін мазок. Калі праводжу лінію, дык у тым месцы, дзе папярэдне задумаў. Так і людзі, якія атрымалі акцёрскую адукацыю, вельмі дакладна нават у будзённым жыцці прагаворваюць кожнае слова. У мяне адбываецца тое самае, але ў жывапіснай пластыцы.
Нават на пленэр іду толькі тады, калі ўжо ведаю, які матыў хачу занатаваць, пішу толькі ў пэўны час, выяўляю дакладны стан, сюжэт. Загадзя ўсё прадумваю. Напісаць эцюд -- для мяне не галоўнае. Галоўнае -- каб у рабоце была разынка, якую не абавязкова тлумачыць, але важна адчуць, занатаваць, перадаць гледачам. І тады ты адчуеш задавальненне. Вось гэта і ёсць вышэйшае шчасце.
Падрыхтавала Н.Ш.