Варункі зменлівага свету

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Літоўская фатаграфія сёння
У паняцці «сучасная літоўская фатаграфія» складнік «сучасная» змяшчае ў сабе некалькі аспектаў: гэта не толькі зробленае сёння, але і творы дзесяцігадовай даўніны, якія не страцілі сваёй актуальнасці. Для характарыстыкі сённяшняга этапу развіцця вылучу перыяд з 2009 года, бо менавіта тады адбылося некалькі важных падзей. Па-першае, змянілася кіраўніцтва Саюза фотамастакоў: пасады загадчыкаў аддзелаў пакінулі Антанас Суткус у Вільнюсе і Аляксандрас Маціяскас у Каўнасе, якія займалі іх даволі працяглы час. Па-другое, у Вільнюсе адкрылася Нацыянальная мастацкая галерэя — важная пляцоўка для прэзентацыі сучаснага арта. У наступным 2010-м адчыніла дзверы Каўнаская фатаграфічная галерэя, на маю думку, адна з лепшых у краінах Балтыі.

Змена ў кіраўніцтве творчага саюза не выклікала кардынальных рэформ: працягвалася выставачная і выдавецкая дзейнасць, па-ранейшаму праводзіўся фатаграфічны семінар у Нідзе, развіваліся сувязі з замежжам. Аднак з’явіліся і адмоўныя тэндэнцыі: выданне «Літоўская фатаграфія: учора і сёння», што заўсёды прапаноўвала ясную канцэпцыю і не шкадавала месца для важных крытычных артыкулаў, стала нагадваць звычайны альбом здымкаў на розныя тэмы. Другая праблема, што выявілася ў той час, — недахоп куратарскіх выстаў: з’яўляецца вялікая колькасць экспазіцый без выразна акрэсленай канцэпцыі. Зменшылася і колькасць паказаў міжнароднага ўзроўню: часта іх немагчыма правесці праз няпростую фінансавую сітуацыю. Нягледзячы на гэта, у 2010 годзе ў Каўнаскай галерэі фатаграфіі адбылася выстава Марціна Пара «Сапраўдны свет», а ў 2011 годзе ў Вільнюсе экспанаваліся два значныя праекты: «Рэтраспектыва ў медыях, 1960—1971» Дыяны Арбус і «Партрэты. Фатаграфіі Джыма Дайна».

Хоць сёння Саюз фотамастакоў застаецца ўплывовай інстытуцыяй, маладымі творцамі арганізацыя папаўняецца марудна. Адна з асноўных функцый Саюза — прадстаўляць сваіх членаў — становіцца ўсё менш запатрабаванай, бо аўтары камунікуюць з замежнымі куратарамі і галерыстамі без пасрэднікаў, самастойна выдаюць уласныя альбомы. Інтэрнэт цудоўна выконвае функцыі рэпрэзентавання. Парадаксальна, але зусім незнаёмыя прозвішчы мясцовых фатографаў можна знайсці на міжнародных сайтах: сеціва стала адной вялікай галерэяй, яно прапануе агентаў і куратараў мастацтва. Важнай платформай у Літве, што паказвае цікавых мастакоў, размяшчае інтэрв’ю з творцамі і рэпартажы з выстаў, з’яўляецца інтэрнэт-сайт «Іншая фатаграфія».

Што вызначае развіццё літоўскай фатаграфіі сёння? Захаваць аб’ектыўнасць у адказе на гэта пытанне цяжка. Творчасць класікаў цікава яшчэ многім гледачам, але не меншы інтарэс выклікаюць і новыя аўтары, а часам — раней забытыя. Адзін з апошніх прыкладаў — Альгірдас Шэшкус, чые працы не паказваліся ў самым інтэнсіўным перыядзе яго творчага развіцця — у 1980—1990-х гадах. Сёння яго называюць бацькам авангарднай фатаграфіі Літвы. За чатыры гады было выпушчана пяць кніг работ гэтага аўтара, ён зрабіў некалькі персанальных выстаў у краіне і за мяжой, быў прадстаўлены на мастацкім кірмашы «Арт-Вільнюс» у 2013-м.

За апошнія некалькі гадоў амаль не з’явілася новых імёнаў. Знаныя аўтары канцэптуальнай фатаграфіі распачалі сваю творчую дзейнасць яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі, сярод іх Угнюс Гелгуда, Аквілэ Англіцкайтэ, Робертас Наркус, Тадас Шарунас, Гіціс Скуджынскас... Гэтыя мастакі рэагуюць на зменлівы культурны і сацыяльны кантэкст, маніпулююць паняццем фатаграфіі як сродка, здольнага да адлюстравання рэальнасці. Зразумелая эстэтыка саступае месца канцэпцыі, якая ахоплівае больш шырокую культурную праблематыку.

Ад фатаграфіі сёння чакаюць не толькі эстэтычных перажыванняў, пашырылася само паняцце паведамлення, з’явіліся новыя тэхналогіі і магчымасці. Разнастайнасць інтэрпрэтацый стварае ўмовы для адкрытасці гэтага віду мастацтва. Рокас Пралгаўскас, Паўл Пэпер, Паўл Хэрбст канструююць паведамленне, якое нагадвае працэс вядзення дзённіка. Вільма Самулёнітэ і Міндаўгас Ажушыліс развіваюць адметную выяўленчую мову. Пытанні ідэнтычнасці распрацоўвае Артурас Валяўга, падобныя праблемы ўздымаюць аўтары, што жывуць і працуюць за мяжой — Індрэ Шэрпіцітэ, Эўгеніюс Барзджус. З дапамогай фатаграфіі асэнсоўваецца, інтэрпрэтуецца і рэінтэрпрэтуецца гісторыя Літвы. Творчасць Андрэ Мікшыса характарызуецца крытычным поглядам. Тэму цялеснасці ў сваёй творчасці развіваюць Гэйстэ Кінчынайцітэ, Арнольдас Кубілюс.

У апошнія гады адбыліся вельмі ўдалыя прэзентацыі айчыннай фатаграфіі за мяжой. У 2009-м на адным з самых значных фестываляў еўрапейскай фатаграфіі «Rencontres d’Arles» Рымальдас Вікшырайціс быў названы «Адкрыццём года». Гэта, напэўна, самая важная ўзнагарода, якую калі-небудзь атрымлівалі нашы фатографы. Яна адчыніла яму дзверы ў большасць замежных галерэй: яго працы экспанаваліся ў Англіі, у Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Кітаі і іншых краінах. Сёлета на фестывалі фатаграфіі «PhotoEspaña» была вылучана серыя аўтапартрэтаў Віялеты Бубеліты. Пашырэнню кантактаў спрыяе і тое, што Каўнаская галерэя фатаграфіі стварыла рэзідэнцыю мастацтва і куратары з іншых краін атрымалі магчымасць знаёміцца з работамі мясцовых аўтараў.

Адзін з важных спосабаў распаўсюджвання фатаграфіі — выдавецкая праца. За некалькі апошніх гадоў убачылі свет трохтомнік літоўскай фатаграфіі ХХ стагоддзя, зборнік сучасных маладых фатографаў «Lights on». Класікі фатаграфіі Антанас Суткус і Рамуальдас Ракаўскас выпусцілі ўласныя манаграфіі, выйшла кніга пра Вітаса Луцкуса. З’явіліся альбомы Рамуальдаса Пажэрскаса, Рамуальдаса Ракаўскаса, Аляксандраса Маціяўскаса і больш маладых творцаў...

Надрукаваны тэарэтычныя працы: кнігі Маргарыты Матулітэ, Томаса Пабедзінскаса і Вітаўтаса Міхелкевічуса, заснаваныя на доктарскіх дысертацыях. Агнэ Нарушытэ падрыхтавала даследаванне «Літоўская фатаграфія 1990-х — 2010-х гадоў». Выдавецтва «Kitos knygos» распачало выпуск выданняў канцэптуальнай фатаграфіі. Цэнтр выстаў і рэзідэнцыя міждысцыплінарнай адукацыі «Руперт» плануе кнігу пра маладых фатографаў.

На жаль, даводзіцца канстатаваць, што мастацкі рынак у краіне яшчэ не склаўся. Хоць праведзены ў 2012 годзе першы аўкцыён літоўскай фатаграфіі лічыцца ўдалым, усё ж гэта быў адзінкавы выпадак, а кошты нават немагчыма параўнаць з тымі, што прапануюцца за мяжой за такія ж і падобныя працы. З фінансамі звязаны і ўвасабленні творчых задум мастакоў, якім застаецца толькі марыць пра адбіткі вялікага фармату, светлавыя білборды і таму падобнае. Вялікую калекцыю фатаграфіі сабраў Цэнтр мастацтва мадэрна, але пакуль яна даступна толькі віртуальна.

За рамкамі Саюза фотамастакоў, які застаецца даволі кансерватыўнай арганізацыяй, расце лік альтэрнатыўных праектаў сучаснага мастацтва, у аснове якіх ляжыць праца з фотавыявай. Падводзячы вынікі, можна зрабіць выснову, што нягледзячы на ўсе цяжкасці, сучасная літоўская фатаграфія — і тэмамі, і выражэннем — сугучная тэндэнцыям сусветнага мастацтва.

Ева Мэйлутэ-Свінкунене