Лэдзі Макбет і яе мужчыны

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Вакол Шэкспіра
Фенаменолагі запэўніваюць, што любы мастацкі твор, асабліва спектакль, не заканчваецца ніколі. Ён нібыта перасяляецца ў свядомасць чытача, слухача, запаўняе яе і ажывае там раз-пораз.

Літоўскі рэжысёр Альгірдас Латэнас паставіў у нас у Тэатры імя Янкі Купалы «Макбет». Потым у сябе ў Вільнюсе ў Маладзёжным — «Лэдзі Макбет». Міналі гады, а рэжысёр не мог вызваліцца ад прысутнасці п’есы Шэкспіра ў сваёй свядомасці. Паводле вонкавых адзнак, другі зварот да твора Шэкспіра можна было лічыць пераносам, паўторам. Тады чаму — «Лэдзі»? Значыць, штосьці было звязана не толькі з незадаволенасцю працай беларускіх акцёраў (хоць у гэтым Латэнас катэгарычна і дыпламатычна не прызнаецца). Спектакль жыў у ім, а разам з ім доўжыўся і змяняўся роздум пра лёс жанчыны, што рвецца да ўлады. Хутчэй за ўсё, Латэнасу па-чалавечы вельмі не падабаюцца такія жанчыны, але як мастак ён быў абавязаны разабрацца ў матывах, непазбежных стратах на шляху да славы, а таксама ў загадках Шэкспіра.

Усё вельмі не проста ў гэтай містычнай трагедыі з ведзьмамі, рэкамі крыві і непрыхаванай агрэсіўнасцю. Колькі вымаўлена слоў, колькі выказана меркаванняў і ацэнак! Як лёгка ўсё спісвалася на гульню славалюбства, стан эйфарыі, на тое, што туманіла галаву Макбета, на звычайнасць успрымання смерці ў свядомасці, якая па сутнасці з’яўляецца язычніцкай! Ужо грымеў па еўрапейскіх фестывалях «Макбет» Эймунтаса Някрошуса, а Латэнас абдумваў свой спектакль і працягваў яго будаваць, нікога і нічога не паўтараючы.

Можна зрабіць супастаўленне. У Някрошуса вядзьмарак тры. У Латэнаса — шэсць, і яны не жывыя постаці жанчын або мужчын, а зграя варання. У Някрошуса геніяльны хутарскі спектакль з адвечнай любоўю рэжысёра да язычніцкіх сімвалаў: агню, вады, дрэва, каменя. У Латэнаса — вытанчаны, вельмі прыгожы, нават інтэлігентна-гламурны спектакль без намёку на залежнасць чалавека ад прыродных цыклаў. У Някрошуса ў сцэнаграфіі простыя фактуры. У Латэнаса — сучасныя тэхналогіі. Зрэшты, тут і там час рухаецца ў гістарычнай паслядоўнасці, хоць пачынаецца здалёк — ніадкуль і рухаецца да нас, проста ў глядзельную залу, магчыма, дзеля таго, каб сысці ў нікуды.

Някрошус і Латэнас любяць Шэкспіра і здатны разрадзіць сур’ёзнасць тэксту яркай метафарай і пластычнай партытурай. Увогуле ж пластыка можа крышачку адсунуць прамоўлены тэкст і нават замяняць яго, зрабіўшы непатрэбным. Хоць нічога падобнага ў літоўцаў не адбываецца. Яны заўсёды з павагай ставяцца да сусветнай класікі. Добра натрэніраваныя літоўскія акцёры арганічна спалучаюць пластычнае выказванне з агучаным тэкстам.

І ўсё ж такі — чаму лэдзі?

Са здзіўленнем адзначыла, што пасля двухразовага прагляду спектакля «Макбет» Някрошуса не запомніла лэдзі Макбет. Затое перад вачыма сам Макбет — апрануты па-сялянску, просты, добры, не гатовы да сутычкі з д’яблам. У спектаклі Купалаўскага тэатра Макбета іграў Алег Гарбуз, акцёр яркага камедыйнага даравання (нягледзячы на тое, што яму трапляліся і сур’ёзныя драматычныя ролі). Невысокі, мажны, ён па сутнасці ішоў шляхам героя, задуманага Някрошусам, і таксама быў па-свойму безабаронным перад умяшальніцтвам незямных сіл. Затое на першы план у купалаўцаў выйшла лэдзі Макбет у выкананні Святланы Зелянкоўскай. У ёй спалучаліся сіла і мяккасць. Яна была прывабнай і ахвярнай, адкрытай і агрэсіўнай. У выніку чамусьці ва ўсіх выклікала спачуванне, суперажыванне і боль. Крывавыя ўчынкі спісвалі на Макбета, а лэдзі падкупляла несправядлівасцю сваёй жаночай долі. Дакладней, яе няправільнасцю. Купалаўскі «Макбет» быў відовішчам даволі пярэстым, і яго не надта зразумелі выканаўцы. Мабыць, адпаведна бытавым і псіхалагічным, больш прыземленым і пачуццёвым традыцыям свайго тэатра. Да таго ж, акцёры сярэдняга пакалення даўно ўжо не ігралі трагедыі, былі моцнымі ў лірыцы і камедыі. Магчыма, адбылося не зусім правільнае размеркаванне роляў. Латэнасу не была знаёмая купалаўская трупа. Ён узяў тое, што яму далі.

У гэтай сітуацыі бліскуча паказала сябе Святлана Зелянкоўская, пачуццёвая, прыгожая, сексуальная. Як высветлілася, яна яшчэ займаецца тайскім боксам. Гэта дазволіла ёй наблізіцца да дасканалых у фізічнай форме літоўскіх актрыс, якія вельмі пасуюць да асаблівай літоўскай рэжысуры. Пры гэтым нельга сказаць: «акцёры Някрошуса», «акцёры Латэнаса», больш правільна — акцёры Літвы, якія выдатна валодаюць псіхатэхнікай. Пластычныя, рытмічныя, з багаццем інтанацый і мімікі. А як інакш можна адпавядаць бліскучай сцэнаграфіі, музычна-гукавой распрацоўцы дзеяння, метафарычнай вобразнасці рэжысуры. Усе разам у ансамблі яны ствараюць асаблівы мастацкі свет.

Мне думаецца, што адметнасць сённяшняга літоўскага тэатра заключаецца ў тым, што ён растварае рэжысуру ў калектыўнай акцёрскай творчасці. Акцёры ўзнаўляюць тыпы і не адчуваюць сябе марыянеткамі, хоць існуюць у межах жорсткага малюнка.

Наша актрыса Святлана Зелянкоўская не давала рэжысёру магчымасці супакоіцца і прымусіла пераключыцца з прадказальнай мужчынскай на незразумелую жаночую істоту. Мабыць, згадаўся і знакаміты твор рускага пісьменніка Мікалая Ляскова «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета». Купалаўскія акцёры, мажліва, памяталі «Макбета» Рускага тэатра імя М.Горкага, дзе ў бліскучым дуэце Расціслава Янкоўскага і Аляксандры Клімавай лэдзі Макбет была на другім плане, яе паглынала каханне да мужа.

Цяпер становіцца зразумела, чаму ў рэжысёра яна выходзіць на першы план, хоць і застаецца неадназначнай фігурай у залежнасці ад таго, які побач з ёю існуе Макбет.

Хутарскі Макбет Някрошуса па-мужчынску, па-сялянску ўсё ж прыгнятаў яе. Прыгажун Макбет Расціслава Янкоўскага ў Барыса Луцэнкі вабіў і гіпнатызаваў, накіроўваў волю. Макбет Алега Гарбуза стаўся мужам, за якога трэба было думаць і вырашаць. І вось, нарэшце, у Латэнаса лэдзі знайшла сабе роўнага саперніка. Дуэт Вікторыі Куадзітэ і Сяргеюса Івановаса выявіў ў лэдзі Макбет здатнасць пераступаць цераз усе боскія і чалавечыя законы дзеля славы, сексу і захопу шатландскага трона.

Непазбежнасць пакарання прагаворана і праілюстравана мастацтвам мільёны разоў, але нішто не можа навучыць чалавека не здзяйсняць зло. Ён працягвае наступаць на ўсё тыя ж граблі і жорстка расплачваецца за гэта. Лэдзі Макбет ахвяруе жаноцкасцю і мацярынствам.

Ёсць у спектаклі Латэнаса такая мізансцэна. Лэдзі прымервае на сябе магчымую цяжарнасць. Танюткая талія і акруглены жывоцік, які лёгка знікае пад шырокімі складкамі спадніцы. Макбет пяшчотна прыціскаецца да жывоціка галавой, а потым расчаравана адхіляецца. Там нічога няма і быць не можа. Паталагічная бясплоднасць. Яна няздатная да мацярынства. Сапраўдны плод у яе арганізме — згустак зла. Гэта першы зямны прысуд — адплата і кара.

Змяняючы акцэнты, Латэнас не стаў перарабляць літаратурны тэкст. Ён толькі крыху з ім пагуляў, захаваў сюжэт і паслядоўнасць падзей. У Шэкспіра прысутнічаюць словы, якімі мы ў жыцці не карыстаемся. Іх трэба перавесці ў дзеянне, у пластычныя метафары, якія вырастаюць з прасторы п’есы. Латэнас многае знаходзіць у пластыцы тканіны, з якой створана спадніца лэдзі Макбет і адзенне д’ябальскіх істот. Майстэрства мастака па касцюмах Сандры Страўкайтэ захапляе. Чорна-чырвона-шэрая гама сцэнаграфіі, пералівы серабрыста-шэрых касцюмаў ствараюць эфект зласлівасці і адначасова стыльнасці. Вялізныя спадніцы лэдзі жывуць самастойным жыццём, ператвараюцца ў шлюбную пасцель — і зразумела, што сілкуе яе крывавыя мары. Яны суправаджаюць лэдзі ў яе бегу-лунанні, рассоўваюць прастору спектакля ад неба да пекла. Бліжэй да фіналу д’яблы застываюць — скульптурныя самотныя постаці жалобнай залы.

Гуляючы з тэкстам, Латэнас уводзіць у вусны Макбета маналог з «Гамлета» — «Быць або не быць?», а таксама перадае яму адзін з самых вядомых санетаў Шэкспіра. Навошта?

Многія крытыкі спектакля такую адвольнасць палічылі прыхамаццю рэжысёра. Мне хочацца растлумачыць сваё разуменне. Не па ўласнай волі Макбет чыніць зло. Магчыма, ён гэтага нават не ўсведамляе. Аднак чаму б яму ў нейкае цяжкае імгненне не спыніцца ў роздуме: быць або не быць?

Рэжысёр Латэнас любіць аптымістычныя ілюзіі. Ён лёгка ссоўвае перспектыву і выбудоўвае глыбіню прасторы. Выкарыстоўвае люстраныя плоскасці, запрашаючы ў залюстроўе.

Быт схаваны, як быццам яго і няма зусім. Ёсць віхура часу і прасторы. Адтуль дзіўнымі істотамі да людзей цягнуцца канаты, нібы ніткі лёсу. Пераплятаюцца. Зацягваюцца.

У цэнтры нічым не абмежаванай прасторы сцэны — шкляна-люстраная скрыня. Яна — камера і карная машына. Яе чорная шчыліна раздушыць Макбета. Яна — тронная зала, дзе сцены набрынялыя крывёю, што пастаянна струменіцца.

Спектакль Латэнаса можна было б лічыць цалкам традыцыйным, таму што ён выразны, зразумелы, класічны ў суадносінах усіх элементаў: рэжысуры, акцёрскай ігры, сцэнаграфіі, музыкі, пластыкі, касцюмаў, святла. Але штосьці няправільнае ў ім знаходзяць. Пры ўсёй сваёй магутнасці ён некага раздражняе. Думаю, што гэта добра. Значыць, ёсць над чым думаць.

Вельмі сучасны фінал спектакля. Сярод моцных мужных мужчын галоўны спадчыннік каралеўскай улады — Малькольм — праявіць сябе нечакана. На авансцэне — крэсла, на якое будзе накінута насоўка, прамочаная крывёю забітага Макбетам Дункана. Думка простая: трон — улада — кроў. Сын Дункана ў акцёра Сіманаса Старпіршціса ўсяго толькі сучасны падлетак, які ўваходзіць у юнацкі ўзрост з ломкім голасам і безразважнасцю. Для такіх месца ў жыцці і прафесія не маюць значэння. У іх няма ідэалаў і аўтарытэтаў. Яны жывуць выпадковасцямі і больш за ўсё цэняць свабоду. Малькольму не патрэбна ўлада. Не патрэбны трон. Ён трымае рукі ў кішэнях штаноў і прыкрывае твар капюшонам курткі. Такія ныраюць у натоўп і выходзяць з натоўпу нікім не заўважаныя. Латэнасаўскі Малькольм сыходзіць у глядзельную залу, саскокваючы са сцэны. І гэта папярэджанне.

Мужчыны побач з лэдзі Макбет былі розныя. Што, калі б побач апынуўся такі вось Малькольм?

Таццяна АРЛОВА