Як правільна біеналіць

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Каўнаскае біенале «UNITEXT 2013»
Да Беларусі нарэшце дайшла сусветная мода на біеналенне. Але чамусьці калі мясцовыя творцы згадваюць нейкія міжнародныя фэсты, дык абавязкова — Венецыянскі ці хаця б Маскоўскі. Так, гэта буйныя падзеі, але кепскія прататыпы для нашага ўласнага праекта. Маштабы непараўнальныя. Хацелася б скіраваць увагу тутэйшых зацікаўленых асоб на поўнач, дзе з 1997 года існуе Каўнаскае біенале сучаснага мастацтва — выдатная падзея без мільённых бюджэтаў, тузінаў выстаў і зорнага замежнага куратарства.

Сваім нараджэннем Каўнаскае біенале абавязана ініцыятыве суполкі літоўскіх мастакоў тэкстылю, якая групуецца вакол галерэі «Балта». У біенале 2011 года выстава сучаснага літоўскага тэкстылю «Эксперыменты са святлом» была ўжо не асноўным, а сатэлітным праектам. Дарэчы, мы з Аленай Атрашкевіч прымалі ў ім удзел са... светлавой інсталяцыяй! Такім чынам, у адрозненне ад вузка спецыялізаваных тэкстыльных біенале Каўнаскае ўзяло курс на сучаснае мастацтва. Сёлетняя канцэпцыя тканіны як тэксту — UNITEXTу — аказалася плённай для многіх творцаў.

Ужо некалькі гадоў біенале стварае каманда на чале з куратарам Віргініяй Віткіене, у журы традыцыйна запрашаюцца вядучыя айчынныя і замежныя дзеячы. Ореn call даў арганізатарам магчымасць з 447 заявак ад мастакоў 65 краін выбраць 22 сапраўды годныя творы, якія былі прадстаўлены на асноўнай выставе — конкурснай. Дарэчы, пераможцы ўжо абвешчаны і ўганараваны правам зрабіць свае персанальныя выставы падчас юбілейнага, 10-га Каўнаскага біенале ў 2015 годзе. Гэта заўсёдніца апошніх біенальных праектаў у Каўнасе Сільвія Джыямброне з Італіі і літоўскі скульптар Аўдрус Янусоніс. «Анатамічны тэатр» Сільвіі — выразны прыклад сучаснага феміністычнага мастацтва. Старажытныя традыцыйна жаночыя практыкі вышыўкі жорстка дэканструяваны ў перформансе мастачкі — ажно да прышывання карункаў да ўласнай скуры. Керамічны «парад дзівосаў» Аўдруса стаўся пластычна-сэнсавым акцэнтам выставы і, у пэўным сэнсе, метафарай сучаснасці. Паводле скульптара, «Калі мы аб’ядноўваем некалькі мелодый разам, то атрымліваем нейкі шум, какафонію. У той жа час, верагодна, паўстае новая мелодыя».

Важны складнік Каўнаскага біенале — выставы запрошаных гасцей, гэтым разам сярод іх была сусветная «зорка» першай велічыні — аўстралійка Патрыцыя Пічыні, аўтарка ўражальных гіперрэалістычных скульптур дзяцей і мутантаў.

І апошняя, трэцяя, структурная частка афіцыйнай праграмы біенале — выстава праектаў маладых літоўскіх мастакоў. Не менш цікавая, чым усе вышэйпералічаныя.

Калі дадаць да гэтага шэраг экспазіцый паралельнай праграмы і праграму адукацыйную (якая лагічна структуравана паводле сямейных, мастакоўскіх і куратарскіх інтарэсаў), то мы атрымаем усёабдымную культурніцкую падзею, здольную далучыць пэўны рэгіён да сучаснага мастацтва. І стымуляваць лакальнае мастацтва на бліжэйшыя два гады.

Што каўнаскі досвед можа даць айчынным біенальшчыкам і трыенальшчыкам? Па-першае, падаецца прадуктыўнай спецыялізацыя — засяроджанне на нечым адным, характэрным для лакальнай арт-сцэны: на матэрыяле, тэме альбо стратэгіі, якія ўжо абраны для рэфлексій вялікай групай тутэйшых мастакоў. Згадаю, што ў Беларусі існуе цалкам адэкватнае ўвасабленне добрай сфакусаванасці — Міжнароднае біенале акварэлі «Вада+Фарба», якое чацвёрты раз праводзіцца ў Полацку.

Па-другое, варта запрашаць да ўдзелу замежных мастакоў, якія працуюць у названай тэматыцы/стратэгіі/матэрыяле, як мінімум у прапорцыі 50 на 50 з мясцовымі. Бо біенале — гэта камунікатыўная падзея, дзе айчыннае сучаснае мастацтва павінна сустрэцца з інтэрнацыянальным, а не проста чарговая вялікая і бессэнсоўная выстава лакальных творцаў.

І нарэшце: адштурхнуўшыся ад нечага ўжо вядомага, адметнага ў беларускім мастацтве, магчыма, мы будзем здольныя раскрыць абсалютна новыя ўласна нашыя кантэксты.

Арганізатарам айчынных біенале і трыенале варта павучыцца ў бліжэйшых суседзяў найперш інстытуцыянальнаму супрацоўніцтву, бо для стварэння сапраўднага «вялікага праекта» высілкаў асобных інстытуцый відавочна недастаткова.

Павел ВАЙНІЦКІ