Стратэгіі прэзентацыі

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Паміж інфармацыяй і эстэтычным успрыманнем
У літоўскім культурным жыцці яшчэ на мяжыХІХ і ХХ стагоддзяў сфарміраваліся дзве асноўныя формы прэзентацыі твораў: адна — паказ дасягненняў літоўскай культуры за мяжой, іншая — для мясцовай аўдыторыі. Мэта першай — інфармаванне, у другім выпадку экспазіцыя стваралася дзеля дасягнення максімальнага эстэтычнага ўздзеяння.

У якасці прыкладаў разгледзім два паказы ХХ стагоддзя. У 1900 годзе ў літоўскай экспазіцыі на Сусветнай парыжскай выставе былі прадстаўлены выданні і артэфакты этнічнай культуры. Для збору экспанатаў арганізатары прасілі дасылаць «фотаздымкі з розных куточкаў Літвы, знятыя так, каб з’яўлялася як мага больш яснае разуменне сённяшняга дня, паўставала ўяўленне пра святы і адзенне гэтага краю, саборы, касцёлы, іншыя будынкі, што маюць гістарычную каштоўнасць, курганы і г.д.». Да фатаграфій павінны былі прыкладацца апісанні. Выстава мела не толькі культурную, але і палітычную матывацыю: ад мастацтва патрабавалася функцыя найперш інфармацыйная: дэманстрацыя дасягненняў літоўскай нацыі і праяў яе суверэнітэту.

Другі прыклад — 1-я Нацыянальная выстава літоўскага мастацтва, адкрытая ў Вільні ў 1907 годзе. Яе задачы былі ясна выкладзены ў праграме Таварыства літоўскіх мастакоў: развіваць мастацтва і густ народа...

І хоць у гэтых падобных па сваім змесце экспазіцыях акцэнтавалася важнасць этнічнай спадчыны і традыцыйнага мастацтва, выставы розніліся паводле свайго напаўнення: у першай дамінавала фатаграфія, у другой — жывапіс.

Такая ж розніца мэт і задач захоўваецца і ў сучасных праектах: амаль ва ўсіх замежных выставах акцэнтуецца інфармацыйны бок. Важна акрэсліць і спробы прадстаўляць за мяжой асобныя феномены літоўскай культуры па-іншаму — праз актуалізацыю мастацкай праблематыкі. У гэты блок рэпрэзентацыі трапляюць экспазіцыі Літоўскага павільёна на Венецыянскім біенале. Звярну ўвагу на два праекты — «За белай заслонай» Дарыюса Мікшыса на 54-м біенале і яго своеасаблівы працяг — «оО» Раймундаса Малашаўскаса на 55-м. Найперш яны звязаны інстытуцыянальна. Адзін з куратараў прадстаўляў Цэнтр сучаснага мастацтва, а другі — выхадзец з ЦСМ, што паспяхова творыць на іншых франтах. Па-другое, у абодвух выпадках можна заўважыць прыхаваны інфармацыйна-апісальны складнік, калі акцэнт ставіцца на тым, «што выяўлена». У канцэпцыі першага паказу абвешчана: «Перш за ўсё паспрабуем візуалізаваць дзесяцігадовую літоўскую калекцыю мастацтва». Мікшыс таксама расказвае пра сённяшнюю нацыянальную мастацкую фатаграфію, акцэнтуе ўвагу на нацыянальным аспекце мастацтва.

Канцэпцыя Малашаўскаса больш тонкая — хоць бы на вербальным узроўні. «оО» — гэта адкрытая кампазіцыя, складзеная не толькі з мастацкіх твораў, але і з іх фрагментаў, аналогій, аўтараў, архітэктуры, гуку і рэха часу, выступаў акцёраў і аматараў. Там можна было перамяшчацца ў прасторы-часе, у кампазіцыі з’ядналіся рысы і спектакля, і кінафільма. Але нават і ў ёй, калі звярнуць увагу на канкрэтных аўтараў ці іх прадстаўнікоў, праяўляецца ясна чытанае інфармацыйнае паведамленне пра тое, што ёсць у літоўскім мастацтве. Кожная з гэтых прэзентацый не лепшая і не горшая за другую, калі ўлічваць іх замоўцаў і выканаўцаў, якія імкнуцца не толькі дзейнічаць эстэтычна, але і інфармаваць адрасата — міжнародную аўдыторыю.

На своеасаблівай камбінацыі эстэтычных і інфармацыйных тэхналогій пабудаваны арт-тэрмінал, прадстаўлены на Другім трыенале мастацтва Паўночных краін у 2013 годзе. Гэта — інфармацыйны стэнд накшталт камп’ютара з сенсарным экранам, запраграмаваны як інфармацыйная віктарына-гульня. Паводле куратараў (Ігнас Казакевічус і аўтар гэтых радкоў), гэта робат — эстэтычны тэрмінатар, які стымулюе інтэрактыўнае ўспрыманне гісторыі мастацтваў. Тандэм куратараў атрымліваў інспірацыі ў тэме трыенале, якая гучала як «Вясёлая меланхолія», — сум, адчуванне хуткаплыннасці асабліва характэрны для паўночнага менталітэту. Куратары вырашылі адысці ад традыцыйнай манеры экспанавання твораў да формулы, што візуальна ўвасабляе літоўскую версію феномену меланхоліі ва ўяўленні 16 творцаў. Тут важней за ўсё прэзентацыя сама па сабе: спажывец мог стаць каля экрана, адкрыць першае акно і пазнаёміцца з канцэпцыяй тэрмінала, а таксама заглыбіцца ў складанае паняцце «фармулізму» і яго суадносін з відам меланхоліі. Сцвярджаючы, што любы твор мастацтва можна фармалізаваць і выявіць сімваламі, якія падначальваюцца пэўным правілам, куратары заяўляюць, што можна фармалізаваць стварэнне самога твора, яго ўсведамленне і ў рэшце рэшт — прэзентаванне.

У выпадку з тэрміналам самае важнае вымярэнне —прэзентаванне. Магчыма, гэта і ёсць галоўная выснова: навошта везці вялікую выставу за мяжу, калі можна выкарыстаць інтэрактыўны апарат? Глядач не толькі бачыць і чытае, ён становіцца сапраўдным спажыўцом: уключаецца ў гульню, адказвае на пытанні, што задае яму тэрмінал.

Можа, такім парадаксальным чынам і вырашаюцца праблемы прэзентацыі мастацтва за мяжой...

Відас ПОШКУС