Нерыюс Юшка

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Адрэналінавы прынц
Героі гэтага танцоўшчыка — Рамэа, Базіль, Зігфрыд — заўсёды рамантычныя, узнёслыя і апантаныя каханнем. Але бліскучы прэм’ер Літоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета Нерыюс Юшка сціпла лічыць, што з-за траўм сваю танцавальную кар’еру пабудаваў толькі на семдзесят працэнтаў. І гэта пры тым, што ён мае галоўную нацыянальную тэатральную ўзнагароду краіны «Залаты Крыж сцэны» за ролю Жар-птушкі ў аднайменным балеце Ігара Стравінскага і з’яўляецца пераможцам і лаўрэатам шматлікіх міжнародных балетных конкурсаў. Мары Нерыюса заўсёды былі звязаны з мастацтвам танца, і адна з іх — адкрыццё першай у Літве прыватнай балетнай школы з філіяламі ў Вільнюсе і Каўнасе — ажыццявілася чатыры гады таму.

І гэта пры тым, што ён мае галоўную нацыянальную тэатральную ўзнагароду краіны «Залаты Крыж сцэны» за ролю Жар-птушкі ў аднайменным балеце Ігара Стравінскага і з’яўляецца пераможцам і лаўрэатам шматлікіх міжнародных балетных конкурсаў. Мары Нерыюса заўсёды былі звязаны з мастацтвам танца, і адна з іх — адкрыццё першай у Літве прыватнай

Ваша кар’ера складвалася вельмі паспяхова, чаму вы вырашылі пайсці з тэатра і адкрыць уласную школу?

— Пакуль танцаваў — думаў, што застануся на гэтай вяршыні на ўсё жыццё, але прыйшоў час, калі танцаваць не мог наогул. Пасля аперацыі ляжаў у ложку, не мог спусціцца з другога паверха на першы, не мог ездзіць на машыне і думаў, што ў мяне дах паедзе. Што рабіць далей?! Але я нарадзіўся быць у балеце. І няважна, ці буду танцаваць я сам. Буду педагогам. Усе свае веды аддам моладзі. І мая школа — гэта маё дзіця. Мне ніхто не дапамагаў яго гадаваць, я ўсё зрабіў сам, з нуля.

«Балетная школа Нерыюса Юшкі» ў Вільнюсе знаходзіцца
ў будынку кляштара XIV стагоддзя. Атмасфера месца адчу-
вальная?

— Тут цудоўная аўра. Насамрэч я доўга шукаў памяшканне, а калі прыйшоў сюды ўпершыню — адразу сказаў: «Гэта маё». Увогуле харэаграфічных гурткоў у нас шмат, але школа такога ўзроўню — адзіная. І лепшая. На жаль, увесь свет сыходзіць ад класікі да contemporary dance. А мы робім акцэнт на класічным танцы, бо гэта фундамент, грунтуючыся на якім можна выконваць усё — і вулічныя танцы, і бальныя. Цяпер у нас каля сотні вучняў — ад чатырохгадовых да цалкам сталых. І хоць сам я часцей за ўсё займаюся з дарослымі, заўсёды прыходжу паглядзець, як ідуць справы ў малодшых групах.

Вы прымаеце ўсіх жадаючых?

— Так. Хачу даць магчымасць паспрабаваць усім. Можа, артыстаў балета з іх і не атрымаецца, але яны блізка пазнаёмяцца з высокім мастацтвам.

А як самі трапілі ў балетную школу?

— У тыя, яшчэ савецкія, часы па тэлевізары не надта часта паказвалі балет. І не было такога, што вось я наглядзеўся, а потым сам стаў танцаваць. Не ведаю, як гэта здарылася. Вяртаюся з дзіцячага садка дадому — іду на дыбачках. Дома — таксама. Гэта заўважылі: «Трэба аддаваць у балет». А наша Нацыянальная школа мастацтваў ганаравана іменем Чурлёніса. І я пачаў торгаць бацькоў: «А што такое балет, а што там трэба рабіць? А калі мы пойдзем да Чурлёніса?» У 9 год мяне прывезлі ў сталіцу з Цяльшая, які знаходзіцца за 200 кіламетраў ад яе. І я застаўся ў Вільнюсе.

Вучыцца было лёгка?

— Педагогі заўважылі мяне з першага разу, калі я толькі прыехаў у школу на прагляд: «Ай-ай-ай, які хлопчык, якія даныя!..» І мяне адразу зрабілі «прынцам». Пачаў працаваць, мне гэта спадабалася, хутка ўсіх «дагнаў і перагнаў». А потым спыніўся, бо ведаў: я самы лепшы, самы прыгожы. Старацца далей было нецікава. Навошта? Так было да таго часу, пакуль я не пачаў хадзіць у тэатр і не ўбачыў, як працуюць артысты там. І спужаўся. Што я буду рабіць у тэатры, калі там танцуюць ТАК? Я ж нічога не ўмею! І ўпершыню ў гісторыі балетнай школы Літвы сам папрасіў, каб мяне пакінулі на другі год у выпускным, дванаццатым, класе, бо пайсці ў тэатр пакуль быў не гатовы. Займаўся з настаўнікам Даніэлюсам Кіршысам, экзамены здаў на ўсе «дзясяткі». За адзін год зрабіў моцны рывок уверх.

Але ў тэатры вы ўсё роўна адразу трапілі ў кардэбалет...

— Там я навучыўся быць масай, а не адзінкай. Быццам вочы на патыліцы расплюшчыліся. Калі танцуеш, важна не толькі ўсведамляць сябе самога, але і ведаць, што на сцэне ёсць іншыя людзі, з якімі трэба камунікаваць. Я вельмі задаволены, што прайшоў па ўсіх прыступках. Да вяршыні дабіраўся гады чатыры-пяць. Але не таму, што не спяшаўся. Толькі атрымаю якую-небудзь галоўную ролю — узнікаюць праблемы з нагамі... Першай была партыя Прынца ў балеце «Беласнежка і сем гномаў», пачаў рэпеціраваць — забалелі калені (маё самае слабае месца). Далі партыю ў «Шчаўкунку» — таксама не магу падрыхтавацца з-за хваробы.

Як вы спраўляліся, гэта ж, мабыць, неверагодна цяжка псіхалагічна?

— Так, цяжка. Але я вельмі ўпарты. Дзеля кар’еры магу зрабіць усё. І танцую з такімі нагамі да гэтага часу. Дактары ўвогуле не могуць знайсці тлумачэння, бо ўжо пасля першай аперацыі, зробленай 17 гадоў таму, мне сказалі, што з балетам — усё. Трэба заканчваць.

І ніколі не думалі паслухаць дактароў?

— Ніколі. Калі адкрываецца заслона, трапляю ў іншую прастору і жыву спектаклем, роляй. Рэальнага свету не існуе. Нерыюса Юшкі не існуе. Ёсць Рамэа.

Наколькі важная для вас пачуццёвая афарбоўка ролі?

— І дзяцей, і маладых артыстаў, якія ўжо працуюць у тэатры, я вучу: самае галоўнае, што ў цябе ёсць, — гэта твае пачуцці і твой партнёр. Няважна, будуць у цябе 10 піруэтаў ці тры. Лічаць: «Вось я скруціў піруэты, я малайчынка, добра станцаваў». Ды ніфіга не добра ты станцаваў. Дзе твае эмоцыі? Тэхніка патрэбна, але нельга ператвараць балет у цырк. Калі танцуеш Рамэа, твае скокі вышэй галавы нікому не цікавыя — трэба распавесці гісторыю так, каб яе «злавілі» гледачы. На жаль, у наш час на гэты аспект звяртаюць усё менш і менш увагі. Увогуле мае любімыя спектаклі тыя, дзе трэба паказаць пачуцці. Няхай пасля гавораць, што я ўжо надта выходжу за рамкі класічнага вобраза і эмоцый у мяне больш чым трэба. Але я заўсёды адказваю: хай лепш будзе перабор, чым не будзе нічога.

І вашы любімыя партыі — гэта?..

— Павел у «Рускім Гамлеце» Барыса Эйфмана. Гэтая партыя, а таксама Ліфар з «Чырвонай Жызэлі» нібыта «клаліся» на мяне. А першая мара яшчэ з балетнай школы — станцаваць у «Шчаўкунку». Другая роля-мара — Базіль у «Дон Кіхоце». Але я баяўся яе, шмат гадоў адмаўляўся ад спектакля, бо лічыў, што для гэтай партыі трэба мець конскую сілу, здаровыя ногі... Прайшоў час, і я ўсё ж такі станцаваў Базіля. Самае галоўнае — жаданне. І праца-праца-праца.

На сцэне вы герой рамантычны, а якія фарбы вам больш блізкія псіхалагічна — гумар, трагедыя, драма? На што вам лягчэй настройвацца?

— (Пасміхаецца.) У мяне ва ўсіх спектаклях — прынцы, прынцы, прынцы... А ў жыцці наадварот — я хуліган. Была ў мяне прэм’ера «Лебядзінага возера» ў Італіі якраз у дзень маіх народзінаў. А ў балеце ў Прынца спачатку таксама дзень народзінаў. Калі ў першай дзеі Зігфрыд выходзіць да гасцей, усе яны трымаюць у руках бакалы. Хацеў я ўставіць у іх аднаразовыя шклянкі і наліць туды шампанскае — на сцэне яго ўжо нікуды не выльеш і трэба будзе піць!.. Наогул мне падабаюцца ролі, дзе можна пагарэзіць. Той жа самы Базіль у «Дон Кіхоце». Хацелася і Тыбальда ў «Рамэа і Джульеце» станцаваць — ён такі... «р-р-р-р»! Але не атрымалася...

Вы вельмі хутка засвойваеце партыі — літаральна за 2-3 дні…

— У мяне так часта здаралася. Першы раз — партыя Рамэа. Тры дзеі — за тры дні. Я хадзіў зялёны. Сем-восем гадзін рэпетыцый у тэатры, потым вяртаюся дамоў і гляджу запіс. А заснуць немагчыма, бо пракручваеш у галаве спектакль, успамінаеш: «Які рух я тут раблю?» Тое самае з «Кармэн». Рэжысёр мне кажа: «Будзеш танцаваць Тарэадора». Адразу пагадзіўся, а потым зразумеў: гэта некласічны спектакль — і спалохаўся, што столькі новых элементаў проста не вывучу. У выніку я быў адзіным салістам тэатра, які танцаваў партыю Тарэадора, пакуль спектакль не знялі з рэпертуару. «Грэка Зорбу» вывучыў за тыдзень, класічную «Жызэль» — таксама.

У вас ёсць рытуал падрыхтоўкі да выступлення?

— У дзень спектакля заўсёды прыходжу ў тэатр раней. У глядзельнай зале яшчэ нікога няма, кулісы адкрытыя, і я проста гуляю па сцэне, каб зжыцца з ёю, адчуць яе дух, адчуць людзей, якія будуць на мяне глядзець. Праводжу так недзе паўгадзіны. Паступова разаграюся, раблю нейкія рухі. Настройваюся на пераход з паўсядзённасці ў прастору пастаноўкі. Самае страшнае — калі ты спазняешся, стаіш у пробках, прыязджаеш — і няма магчымасці патрапіць на сцэну, бо там шмат артыстаў. Псіхалагічна цяжка. Выходзіш неразагрэты, і мінае шмат часу, пакуль пачынаеш жыць спектаклем.

Мяркую, падчас спектакляў вы эмацыйна і энергетычна вычэрпваеце сябе. Трэба ж неяк аднаўляцца! Што натхняе вас, акрамя балета?

— У мяне ёсць мае дрэвы, мая трава. Мая зямля. Вяртаюся дадому — і магу займацца садам цэлымі днямі. Саджаю кусты, кветкі. А ўвогуле я фанатык адрэналіну. Калі не мог танцаваць пасля траўм (гэты перыяд доўжыўся два гады), мне абавязкова быў патрэбны замяняльнік сцэны. Таму набыў спартыўны матацыкл і ганяў на ім. Хуткасць і вышыня — мае слабасці.

Сярод вашых ажыццёўленых мар — серыя канцэртаў зорак літоўскага балета...

— Так, два гады таму я сабраў артыстаў, і мы зрабілі канцэртны тур па Літве. Людзям з іншых гарадоў і вёсак складана спецыяльна выбрацца ў Вільнюс на спектакль Нацыянальнага тэатра — і дарога, і білеты каштуюць шмат. А я хачу, каб і ў правінцыі публіка бачыла балет. Цяпер мару пачаць выпускаць уласную лінію балетнага адзення. І адкрыць свой тэатр.

Зачапіла ваша выказванне, што балет мае смак салодкі з перцам, а колеры яго — чорны і яркія...

— Чорны — яміна глядзельнай залы, бо цябе асляпляюць пражэктары, твараў не бачна, толькі чарната. А сам балет — гэта бляск і пералівы, золата і срэбра... Нават па гэтай прычыне не вельмі люблю сучасныя танцы, бо там шмат чорнага, шэрага і толькі які-небудзь самотны белы пражэктар на сцэне. Людзі прыходзяць паглядзець на прыгажосць, ім трэба паказаць штосьці незямное, гламур, шык, казку, каб — «ах!..» А шэрае мы і так бачым кожны дзень у звычайным жыцці...

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар