Досвед адрозненняў

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Летнія вандроўкі мастакоў
Час ад вясны да пачатку восені — у многіх частках свету перыяд цёплы і спрыяльны для працы на адкрытым паветры — плённы і для беларускіх мастакоў, якія звычайна папаўняюць свой творчы капітал на шматлікіх міжнародных мерапрыемствах. Куды і навошта ездзяць творцы, а галоўнае — які неацэнны творчы досвед яны набываюць, выбіраючыся з майстэрняў ды іншых месцаў працы ў стыхію прыроды, новых матэрыялаў і падыходаў? Бо творы ці фатаграфіі твораў, якія яны адтуль прывозяць, часам розняцца, месцамі — кардынальна, ад таго, што зроблена тут.

Мы распыталі летніх вандроўнікаў пра іх уражанні. Дзе яны былі, які творчы досвед займелі і ці магчыма штосьці падобнае
ў Беларусі?

Алена Атрашкевіч, шкляр:

— Я была на міжнародным фестывалі шкла ў Люксембургу, арганізаваным двума энтузіястамі, Робертам Эмерынгам і Зайгай Байза, у невялікім гарадку Асельборн на поўначы краіны. У гэтым мястэчку, фактычна — вёсцы, яны жывуць і займаюцца рэстаўрацыяй вітражоў. А ў вольны час збіраюць творцаў і ладзяць літаральна ў сваім агародзе мастакоўскі open air. Мястэчка на гэты час ажыўляецца, яго жыхары, у большасці — звычайныя фермеры, з нецярплівасцю чакаюць гасцей і падзей.

Арганізавана ўсё проста: выдаецца каталог твораў удзельнікаў, жывуць усе ў намётах. Але матэрыяльная база даволі грунтоўная: новае абсталяванне прывозілі нават падчас працы, таму магу меркаваць, што гаспадары мелі на ўсё гэта грант. Паколькі яны займаюцца вітражамі, то зацікаўлены ў далейшым даследаванні шкла, пастаянна ставяць эксперыменты, прапануюць навучальныя праграмы. Акрамя гаспадарскіх пяці печак была ляпная (літраў на пяць), якую пабудаваў Эд ван Дэйк з Нідэрландаў разам з эстонскімі мастакамі. І была цудоўная бельгійская печка, каля якой мастакі давалі элементарныя ўрокі шкларобства.

На пленэры я ўбачыла, як можна існаваць у нармальным рэжыме творчай штодзённасці. Калі тут, у Беларусі, думаеш, ці тым ты ўвогуле займаешся, то там становіцца відавочным, што гэта некаму патрэбна. Замежным мастакам не проста падабаецца працаваць, яны атрымліваюць і фінансавы прыбытак. Еўрапейцы больш актыўныя. Ці тыя ж прыбалты — у іх пастаянна адбываюцца нейкія праекты, у якіх задзейнічана некалькі пакаленняў: гэта сувязь не губляецца.

Асабліва каштоўнае тое, што можна спытаць, як зроблена тая ці іншая рэч, пазнаёміцца з новымі тэхналогіямі. Цікава было параўнаць, знайсці адрозненні, зразумець своеасаблівасць беларускага шкла...

У Беларусі магчыма рабіць нешта падобнае... У свой час адзін забяспечаны чалавек збіраўся наладзіць у горадзе Тэатр шкла, дзе можна было б непасрэдна назіраць за мастацтвам шкларобаў, а таксама замаўляць твор. Я тады працавала на заводзе, разумела, які гэта складаны працэс, і адгаварыла яго. Не варта было. Думаю, што праз няведанне нешта і адбываецца ў нашай краіне. Навічкам шанцуе.

Сяргей Грыневіч, жывапісец:

— Гэтым летам быў на пленэры ў Польшчы — у вёсцы Белавусы на Беласточчыне. Не магу сказаць, што атрымаў на ім нейкі адмысловы, унікальны досвед, бо ўдзельнічаю ў пленэрах ужо шмат гадоў запар і свежасць уражанняў з часам прытупілася. Рэгулярны ўдзел у рэзідэнцыях хутчэй звычка, нейкі сурагат адпачынку. Сёлетні пленэр — гэта камернае, разлічанае ўсяго на 5-6 мастакоў мерапрыемства. Яно было арганізавана прыватнай асобай, без усялякага фінансавага ўдзелу дзяржавы ці спонсарскіх грантаў. Пленэр — цудоўная нагода аддаліцца ад паўсядзённага побыту, упарадкаваць думкі, пакамунікаваць з калегамі ну і, канешне, калі атрымаецца — нешта стварыць.

Не думаю, што нашы гарады ў стане здзівіць іншаземных гасцей, а без іх трошкі страчваецца сэнс рэзідэнцыі як такой. Бо, па-першае, гэта павінна быць пляцоўка для камунікацыі мастакоў. Замінае тут адсутнасць цікавасці з боку ўладаў, у тым ліку і мясцовых, бо не такія ўжо вялікія сродкі патрэбны на правядзенне жывапіснага пленэру. Трохі больш фінансаў і часу патрабуе арганізацыя пленэру скульптурнага. Ёсць яшчэ акалічнасці, што звязаны з малой вядомасцю нашага мастацтва, а таксама з вельмі забюракратызаванай працэдурай выдачы беларускіх віз і слабой разгалінаванасцю консульскіх устаноў. Паверце, апошняе з’яўляецца ледзь не асноўным тормазам і прычынай таго, што да нас не хочуць ехаць.

Кацярына Злоціна, скульптар:

— Разам з мужам, скульптарам Ігарам Засімовічам, мы сталыя ўдзельнікі разнастайных пленэраў, сярод якіх вылучаем праекты, арганізаваныя «Стопкай» (Польшча).

«Стопка» — гэта журналісцкая асацыяцыя з вельмі шырокім спектрам дзейнасці. Усяго і не пералічыць, таму спынюся на пленэрах. Ужо дзесяць год іх мастацкім куратарам з’яўляецца прафесар Анджэй Струміла, які нязменна запрашае да ўдзелу мастакоў з Беларусі. Калі першая каманда ў складзе Ігара Засімовіча, Уладзіміра Піпіна, Андрэя Вараб’ёва і мяне прыехала ў 2004 годзе ў вёску Рудка, што пад Браньскам, для арганізатараў было нечаканасцю, што мы збіраемся рабіць скульптуры ў камені. Усе астатнія ўдзельнікі з’яўляліся жывапісцамі, таму не было прадугледжана ні пляцоўкі для працы, ні навесаў, ні матэрыялаў. Але на другі дзень у нас ужо ўсё мелася, акрамя навесаў. Так і працавалі ў спякоце на голым асфальце, але не скардзіліся. На другі год нас ужо чакалі як скульптараў.

Адметна тое, што пленэры «Стопкі» адбываюцца кожны раз у новым месцы ва ўсходняй частцы Польшчы, але ўдзел у іх бяруць пераважна тыя самыя людзі з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі, якім цікава штогод сустрэцца, правесці разам час, зрабіць творчыя працы, натхнёныя новымі краявідамі, падзяліцца вопытам, проста павесяліцца.

Сёлета пленэр праходзіў у маляўнічай мясцовасці над Бугам, у вёсцы Мельнік, вядомай сваім крэйдавым кар’ерам. Якраз на беразе гэтага кар’ера скульптарам пашчасціла працаваць. Нам выдзелілі бытоўку з навесам, дзе мы маглі пакідаць інструменты і працы і хавацца ад дажджу ці сонца. У нас былі нават душ ды некалькі канап, каб адпачыць. І, канешне, да нас увесь час прыходзілі нашы сябры жывапісцы, глядзелі, што мы робім. Жывапісцаў, дарэчы, можна было сустрэць з эцюднікамі па ўсёй вёсцы, і для мясцовых жыхароў гэта было сапраўднай падзеяй.

Як заўсёды, не абышлося і без культурнай праграмы, у якую ўвайшлі лекцыя прафесара Анджэя Струмілы аб гістарычных фактах і славутых асобах Падляшскага краю, спатканне з прафесарам Станіславам Баем, які бадай усю сваю творчасць прысвяціў рацэ Буг, а таксама экскурсія па навакольных вёсках і мястэчках, у тым ліку наведванне славутай Гары крыжоў у Грабарцы. У апошні дзень пленэру паводле даўняй завядзёнкі арганізатары выбіралі працы, якія застануцца ў іх калекцыі. Дарэчы, «Стопка» мае сваю галерэю ў Ломжы, і колькасць яе экспанатаў увесь час павялічваецца.

Перад прыняццем рашэння прэзідэнт «Стопкі» Станіслаў Загурскі з віцэ-прэзідэнтам Вяславай Чартарыскай аглядалі экспазіцыю, прыслухоўваючыся да думкі прафесара Струмілы. У рэшце рэшт выбар быў зроблены. Згодна з дамоўленасцю, арганізатарам застаецца адна праца, але яны часам наважваюцца на набыццё яшчэ чагосьці. Госці вернісажу таксама часта падтрымліваюць мастакоў і купляюць творы. Так здарылася і гэтым разам.

Урачыстае закрыццё пленэру суправаджалася канцэртам мясцовага жаночага хору, які спяваў па-беларуску, па-ўкраінску і па-польску.

У кастрычніку ў мастацкай галерэі ў Ломжы адбудзецца выстава і прэзентацыя каталога прац, створаных на пленэры «Паміж Усходам і Захадам» у Мельніку.

Віктар Копач, скульптар:

— Такі натуральны для мастака пошук рэалізацыі прыводзіць мяне ў розныя кропкі свету, часам чаканыя, часам — не. Гэта бясконцая чарада конкурсаў, гэта поспехі і няўдачы. Але калі на нейкім конкурсе перамагаеш, то маеш магчымасць зрабіць сваю скульптуру ў камені ў манументальным памеры. Адну з маіх перамог я атрымаў гэтым ліпенем на міжнародным сімпозіуме ў камені ў Стамбуле.

Для нашага прыезду ўсё было падрыхтавана. Выпілаваны блокі мармуру неабходных памераў, усталяваны пад тэнтамі, каб абараніць ад сонца і дажджу. Да кожнага каменя падведзены электрычнасць, вада, кампрэсар, у наяўнасці ўсе неабходныя матэрыялы і інструменты. Арганізаваны харчаванне, гатэль, транспарт, праграма знаёмства ўдзельнікаў з культурай і традыцыямі дзяржавы. Усё, каб скульптары змаглі рабіць сваю справу, ні ў чым не маючы недахопу.

Такога кшталту падзеі даюць мне велізарны досвед працы ў камені. Я раблю свае скульптуры і бачу рэакцыю гледача. Магу эксперыментаваць, увасабляць свае творчыя задумы, знаходкі і мроі. Менавіта свае, а гэта для скульптара, што працуе ў вялікім фармаце, надзвычай важна.

Каб нешта падобнае з’явілася ў Мінску, трэба планаваць развіццё паркавых зон адпачынку і ўвогуле — гарадскога асяроддзя, архітэктарам варта супрацоўнічаць са скульптарамі ўжо на пачатковай стадыі распрацоўкі праектаў. І ў каштарыс праекта абавязкова закладваць нейкі працэнт на стварэнне скульптуры ці мастацкіх аб’ектаў. Але самае важнае — трэба, каб нарэшце з’явілася ўсведамленне, што сучасная архітэктура не можа існаваць без сучаснай скульптуры.

Кацярына Сумарава, жывапісец:

— Лета прайшло даволі спакойна — усяго два пленэры ў Польшчы. Гэта былі мерапрыемствы, арганізаваныя рэгіянальнымі дамамі культуры і фінансава падтрыманыя мэрыямі гарадоў і спонсарамі.

Працягласць пленэраў і колькасць удзельнікаў залежаць ад магчымасцей арганізатараў. Звычайна гэта — 7-14 дзён, 10-15 мастакоў. Часта на такіх лакальных мерапрыемствах заяўляецца тэма, якая можа ўвасабляцца на палотнах. Напрыклад, першы пленэр адбываўся ў горадзе Венграў, з якім звязана асоба знакамітага пана Твардоўскага — героя польскіх народных легенд і заснаваных на іх літаратурных твораў. У гэтым горадзе нават захоўваецца незвычайны артэфакт — люстэрка, праз якое пан Твардоўскі па просьбе караля Сігізмунда ІІ Аўгуста выклікаў дух Барбары Радзівіл. Другі пленэр пейзажнай тэматыкі адбываўся ў жывапісным мястэчку над ракой Буг. Адпаведна, Буг і стаў галоўным героем.

На такіх пленэрах атмасфера спрыяе размовам і творчасці. Такія стасункі і праца побач з калегамі самі па сабе з’яўляюцца неацэнным досведам. А на вернісажы, што адбываюцца паводле вынікаў, запрашаюць шмат творчых людзей, аматараў мастацтва і калекцыянераў. Мастацкія сімпозіумы сапраўды карысныя: пашыраецца кола знаёмстваў, наладжваюцца сувязі. Так, напрыклад, я нядаўна ездзіла на перамовы, вынікам якіх стане выстава маладых беларускіх жывапісцаў у Польшчы.

У нашай краіне падобнае магчыма толькі ў выпадку фінансавай падтрымкі ўлад ці прыватных спонсараў, напрыклад, калекцыянераў. Ім гэта мерапрыемства можа прыйсціся даспадобы, бо пасля пленэру спонсары выбіраюць сабе адну-дзве працы ад кожнага мастака.

Раман Сустаў, графік:

— Сёлета я наведаў кангрэс экслібрыса і малых форм графікі, які штогод праходзіць у Германіі. Падзея знакавая: калекцыянеры і мастакі збіраюцца з усяго свету. Адбываецца цікавая дзея: у вялікім памяшканні сядзяць людзі і абменьваюцца работамі, паралельна ідзе нейкая даследчая праграма. Мастакі яшчэ атрымліваюць замовы. Гэта мабільны свет графікі: творы лёгка перавозяцца, і людзі маюць магчымасць камунікаваць. Цудоўны стымул для развіцця, таму што конкурсаў — вялізная колькасць: праз кожныя 2-3 месяцы можна дасылаць работы ці проста атрымаць каталог.

На такіх мерапрыемствах ты маеш магчымасць зірнуць на свае працы збоку. Адна справа, калі працуеш у майстэрні, паказваеш творы сябрам, у якіх склалася пра цябе пэўнае меркаванне, другая — бачыць сябе ў параўнанні з рознымі мастакамі, якія робяць тое ж самае, але цалкам па-іншаму. Праверка плюсоў і мінусаў сваіх напрацовак... Цікава паразмаўляць з калекцыянерамі і спецыялістамі.

Сёння свет мастацтва ператварыўся ў шматпавярховы дом — і на кожным узроўні існуе сваё самастойнае жыццё: салонны жывапіс, сучаснае мастацтва... І пэўны паверх — за графікай малых форм, за кнігай, створанай невялікім накладам.

Мы доўга збіраліся заснаваць конкурс экслібрыса ў Беларусі. Завадатарам быў Юрый Якавенка, ён хацеў зрабіць яго на базе Гродна, але не знайшоў падтрымкі. Патрэбна фінансаванне дзяржавы. Потым у Брэсце адзін мастак наладзіў конкурс экслібрыса. Прызы абяцаў вялікія, але пацярпеў фіяска... Правялі другі конкурс, але амаль усе беларускія мастакі паставіліся з недаверам і ўдзелу не прынялі.

 

 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва