Змена ракурсу?

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа»
Не сакрэт, кожная інстытуцыя, што існуе працяглы перыяд дзякуючы надзвычайным намаганням яе стваральнікаў рана або позна губляе колішні імпэт. Пры гэтым усялякага роду абнаўленне часцей за ўсё становіцца немагчымым. Але ж сёлета на «Белай Вежы» ўсё атрымалася наадварот. Арганізатары нечакана ўсхамянуліся, быццам і не было папярэдніх сямнаццаці гадоў. Фестываль набыў новыя ўласцівасці, амаладзіўся, напоўніўся іншымі рэаліямі. Далей паглядзім, ці было гэта толькі разавай акцыяй.

Былі закцэнтаваныя дзве галоўныя асаблівасці: лепшыя беларускія спектаклі (у прыватнасці, адзначаныя на апошняй Нацыянальнай прэміі) і спектаклі польскіх тэатраў, якія сваімі паказамі стварылі ўражальны эфект. Асноўная фестывальная праграма была ўдала дапоўненая майстар-класамі для маладых акцёраў, рэжысёраў, крытыкаў і вельмі папулярнай апошнім часам «чыткай п’ес».

Перад гледачамі таксама разгарнулася шырокая панарама спектакляў з розных краін свету, якія падтрымалі замацаваны на «Белай Вежы» фестывальны маштаб. Зарыентаваныя на самыя розныя тэатральныя традыцыі, яны вылучаліся нестандартнымі падыходамі да тэатральнай стылістыкі і асэнсавання сучасных праблем. Не ўсе асабліва адметныя нацыянальныя ўласцівасці былі да канца зразумелымі беларускай публіцы. Прынамсі, праз сваю інертнасць мы іх не заўсёды вітаем. Ды толькі шырокая тэатральная панарама, у якой прысутнічае выразны ўсходні акцэнт, цікавая сама па сабе. Нацыянальная аўтэнтычнасць заўжды ўспрымаецца на «Белай Вежы» з захапленнем.

Спектаклі рускіх тэатраў не займалі ў афішы шмат месца. Праўда, трэба адзначыць, што два з трох прапанаваных — «Мцыры» («Школа драматычнага мастацтва», Масква) і «Антыцелы» (Тэатр-фестываль «Балтыйскі дом», Санкт-Пецярбург) — былі высокага ўзроўню. І, безумоўна, прэзентавалі мастацтва, а не ўсюдыісную расійскую тэатральную папсу.

Цікавыя змены адбыліся ў самой сістэме размеркавання ўзнагарод. На гэтым, бадай што, варта спыніцца больш падрабязна. Наяўнасць конкурснай праграмы на міжнародных тэатральных фестывалях надае ім асаблівы статус і значна памяншае фестывальныя выдаткі. Бо кошт пракату сусветных тэатральных хітоў на форумах з камерцыйным адценнем папросту зашкальвае. Тады як конкурсная праграма гэты момант дазваляе пэўным чынам абысці. Тут самае галоўнае прэстыж, тэатральныя тэндэнцыі і трэнды, імкненне стаць лепшым сярод многіх.

Праца ў міжнародным журы — асаблівая старонка кожнага падобнага форуму. Не ўсё і не заўсёды праходзіць гладка. Таму многія крытыкі перакананыя: ідэальнага рашэння журы, якое б задаволіла ўсіх удзельнікаў фестывалю і было адэкватна ўспрынята публікай, у прынцыпе не існуе.

Апошнім часам дырэктар «Белай Вежы» Аляксандр Козак упарта спрабуе вырашаць праблему журы. Захаваць конкурс і зрабіць яго гранічна справядлівым — задача не з лёгкіх. Тым не менш, на «Белай Вежы» некалькі гадоў запар прадпрымаюцца адпаведныя захады. Прызнаюся, за іх выніковасцю вельмі цікава назіраць. Напрыклад, два сезоны таму ў склад журы ўваходзілі выключна жанчыны (!), летась — выключна мужчыны. У абодвух выпадках даводзілася канстатаваць: пытанне «правільнага» прысуду зусім не рытарычнае.

Сёлета ў журы адбыліся самыя радыкальныя змены. Уласнае вынаходства дырэктара нельга недаацаніць. Прызы «За лепшую мужчынскую» і «За лепшую жаночую ролю» размяркоўвалі крытыкі; «Лепшы тэатральны эксперымент» — прадстаўнікі СМІ. Дыплом «Выбар гледачоў» быў уручаны паводле вынікаў галасавання публікі. Гран-пры «Лепшы спектакль фестывалю» і прыз «Лепшы спектакль малой формы» прысуджаў спецыяльны Экспертны савет. Усё адбывалася ў свабодным і нязмушаным рэжыме, без усялякага ціску звонку. Ці была створана ідэальная сістэма? Сказаць цяжка. Прынамсі, чаканні тэатральнай моладзі не былі спраўджаныя. Пра тое, што ўсё вырашалася сумленна, — сведчу.

Зрэшты, умовы гульні могуць быць яшчэ больш жорсткімі. Думаю, гэта дапаможа пазбегнуць любой, нават самай бяскрыўднай інтрыгі пры вызначэнні лепшага з лепшых. У сітуацыі, калі рэпутацыя фестывалю цалкам перадавераная крытыкам (а гэта вельмі небяспечная акалічнасць), неабходна ўвесці яшчэ і наступныя абмежаванні: крытыкі, што рэкамендуюць спектаклі для ўдзелу ў фестывалі, не павінны ўдзельнічаць у іх абмеркаванні і мець голас пры размеркаванні прызоў.

Спадзявацца на поўную салідарнасць прадстаўнікоў гэтай адмысловай прафесіі па меншай меры наіўна. Ва ўсялякім выпадку, сёлета ідэйны збой адбыўся на ранішніх дыскусіях, дзе, паводле заўвагі вольных назіральнікаў, колькасць кампліментаў у бок творчых калектываў пераўзыходзіла ўсе санітарныя нормы. Такім чынам, словы губернатара Канстанціна Сумара, што прагучалі падчас адкрыцця «Белай Вежы»: «Крытыка ў сілу сваёй спецыфікі надзвычай рэдка гаворыць кампліменты», — гэтым разам не спраўдзіліся.

беларускі кантэкст

Скласці праграму Міжнароднага фестывалю — цяжкая і марудная праца. Жаданне браць удзел у тэатральных форумах актыўна дэкларуецца нашымі акцёрамі і рэжысёрамі. Але ж на справе самыя высакародныя намеры арганізатараў часам сутыкаюцца з непрадбачанымі абставінамі, якія цяжка зразумець і растлумачыць. Пулявую ідэю Аляксандра Козака — сабраць на форуме пераможцаў другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі — у поўнай меры ажыццявіць не ўдалося. Шкада, бо гэта б дазволіла ўвесці сцэнічныя калектывы ў існуючы сёння тэатральны кантэкст. Праблема ў тым, што не ўсе сцэнічныя калектывы гатовыя ў гэтым кантэксце існаваць. Раз’яднаная прафесійная супольнасць не спяшаецца аб’ядноўвацца. Ініцыятары фестываляў у пэўным сэнсе працягваюць займацца падзвіжніцтвам. Бо нашым тэатрам зручна існаваць у адасобленай прасторы, у, так бы мовіць, гарантаваным рэжыме самазахавання. Мабыць таму, нават беручы ўдзел у фестывалях, яны вельмі рэдка прысутнічаюць на публічных абмеркаваннях.

Тэатр-студыя кінаакцёра тут не выключэнне. Хутчэй наадварот, ягонае штодзённае існаванне ў пэўным сэнсе можна лічыць пустэльніцкім. Стварыўся своеасаблівы тэатральны аазіс з амаль што нерухомым рэпертуарам, дзе амаль усе спектаклі — з падобным сцэнаграфічным вырашэннем, агульнай сцэнічнай культурай і, як ні дзіўна, якасна замарожаным спосабам акцёрскага існавання. Акцёры цудоўныя. Прынамсі, Уладзімір Мішчанчук — ён заўсёды Уладзімір Мішчанчук. Анатоль Цярпіцкі — заўсёды Анатоль Цярпіцкі. Ну і гэтак далей...

Малады і некалі амбіцыёзны рэжысёр Алег Кірэеў паставіў «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы, і спектакль паказалі на «Белай Вежы». Так і хочацца сказаць: адчыніце вокны, няхай у іх дзьме вецер сучаснасці. Пры відавочнай наяўнасці творчых рэсурсаў на спектаклі ўзнікае адчуванне неадпаведнасці, недадуманасці, сцэнічнай архаікі, нібыта тэатр заблукаў у чужой эпосе. Хоць агульная рэжысёрская ідэя: у нашай рэчаіснасці так шмат лжэвучоных ды ілжэадкрыццяў — крытыкам падалася актуальнай. Адзначаліся таксама дыхтоўныя акцёрскія работы.

Арганізатарам «Белай Вежы» цікава было зразумець, ці ўпішуцца лаўрэаты Нацыянальнай прэміі ў міжнародны тэатральны кантэкст. Тым больш што праграма вылучалася высокім узроўнем. Зазначу, адназначна ўпісалася «Пікавая дама» Гродзенскага абласнога тэатра лялек (прыз «Лепшы спектакль малой формы»), якая ўпэўнена накрыла публіку вэлюмам абаяльнасці. Уразіла бачнай прастатой і выразнасцю стылю, дакладнасцю задумы і рэжысёрскага выказвання, захапіла тонкай іроніяй і цудоўнымі акцёрскімі работамі. Унікальнасць спектакля ў тым, што ён з лёгкасцю і элегантна адпавядае любым уяўленням пра сучасную тэатральную мову.

«Аднакласнікі» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра трапілі ў больш складаную сітуацыю. Менавіта ў фестывальнай плыні вызначыліся іх спрэчныя мастацкія ўласцівасці. Рэжысёр Кацярына Аверкава падкрэслівае: у аснове спектакля рэальная гісторыя. Хоць драматург Юлія Чарняўская ўвасабляе яе ў меладраматычнай плоскасці, перагружае п’есу сумніўнымі абставінамі і літаратуршчынай. Паміж рэжысурай і драматургіяй узнікаюць пэўныя супярэчнасці, сучасныя пастановачныя вышукі на фоне сентыментальнага драматызму падаюцца занадта фармальнымі. Між тым спектакль з захапленнем прымаецца гледачамі, магчымасць соладка без дай прычыны паплакаць гіпнатычна ўздзейнічае на публіку, большасць з якой — сталыя жанчыны. Пры гэтым варта адзначыць здатнасць Кацярыны Аверкавай да псіхалагічнай працы з акцёрамі, што цудоўна пацвярджаецца вобразамі Наталлі Калакуставай (Маша), Руслана Кушнера (Ілья), Алены Крыванос (Марта).

Паміж сучаснай п’есай і «новай драмай» існуе прыхаваны канфлікт. Гэта зразумела, бо ўсялякая новая форма з цяжкасцю прабівае сабе дарогу на беларускую сцэну. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы паставіў «Ураджай» Паўла Пражко. І гэтым разам мяч, безумоўна, апынуўся на «новадрамным» баку. Прэтэнзіі ёсць да рэжысёра Дзяніса Фёдарава — пры тым, што п’есу «Ураджай» немагчыма сапсаваць. Уласна кажучы, яна, як многія таленавітыя творы, шматсістэмная, утрымлівае ў сабе элементы абсурдызму і сімвалізму, моцна сплеценыя з сучаснай тынэйджарскай мовай і надзённымі рэаліямі. Выхад на абагульненне ў ёй — абавязковая ўмова паўнавартаснага і аб’ёмнага аўтарскага выказвання, якое з п’есы немагчыма выдаліць. Таму паставіцца да твора як да самаігральнага — значыць зрабіць прынцыповую памылку.

У спектаклі брэсцкага тэатра больш кіруешся тэкстам, які сам стварае нібыта выдалены з дзеяння паўнавартасны спектакль. Хочаш зразумець яшчэ больш — заплюшчы вочы. У загламуранай сцэнічнай прасторы Іра (Кацярына Яцкавец), Люба (Таццяна Васількова), Ягор (Вячаслаў Цыцкоўскі) і Валерый (Анатоль Бараннік) збіраюць яблыкі і вельмі баяцца сапсаваць ураджай. Кожны з іх нібыта выконвае ўласную сімфонію... толькі на звыродлівай, скалечанай вулічнай мове. Яблыкі кладуць у скрыню без дна, якую немагчыма адрамантаваць, бо цвікі гнуцца, малаток трапляе па пальцах, пачынае падаць снег. Урэшце ўсё губляе сэнс. Умоўна дзіўная рознакалярова расквечаная сцэнаграфія (мастак Павел Варошка) і яшчэ больш дзіўныя касцюмы, дзяўчынкі на высокіх абцасах, якія нібыта толькі што выйшлі ад цырульніка, — ствараюць самую вялікую недарэчнасць гэтага спектакля. Падобны антураж, канешне, можа існаваць, толькі пры гэтым рэжысёру яго абавязкова трэба апраўдаць, падтрымаць дакладна вызначанай думкай, ідэяй. Нарэшце, інтымна, самому сабе адказаць на пытанне: навошта мне ўсё гэта трэба? Інакш атрымліваецца, што дураць гледачоў.

польскі кантэкст

Блок польскіх спектакляў на «Белай Вежы» быў вылучаны невыпадкова. Лепшыя польскія рэжысёры — сярод лідараў сусветнага тэатральнага руху. Тэатр актыўна развіваецца, на самым высокім узроўні акцёрскае мастацтва. Кола пастановачных ідэй — невычарпальнае. Беларускай публіцы быў прад’яўлены нешараговы спосаб творчага развіцця. Галоўнае ў ім — элементы мастацкасці як абавязковая ўласцівасць кожнага спектакля. Адсутнасць тэатральнай правінцыі застаецца прынцыповай умовай прафесійнай жыццядзейнасці.

Чатыры фестывальныя спектаклі адлюстроўвалі ўражальную і размаітую карціну польскай тэатральнай рэчаіснасці і толькі чатыры з мноства сцэнічных накірункаў. Дзе рэжысёры не ўнікаюць актуальных праблем, паглыбляюцца ў гісторыю, а патрэба адрэфлексоўваць нацыянальныя праблемы, фармуляваць нацыянальную ментальнасць успрымаецца як галоўная ўмова паўнавартаснага сцэнічнага развіцця.

«А3 Тэатр — Калекцыянеры эмоцый» у спектаклі «План урока» пераканаўча даводзіў, што сучасны тэатр можна ствараць літаральна з паветра. З кожнага выпадковага прадмета, кожнага акцёрскага руху і жэсту здабывалася чыстае тэатральнае рэчыва, якое імгненна і дасціпна ўваходзіла ў плынь акцёрскай імправізацыі. Сюжэт не меў аніякага значэння. Знакаміты выраз «увесь свет тэатр, а людзі ў ім акцёры» быў наўпрост рэалізаваны на сцэне.

Монаспектакль «Маці Мэйра і яе дзеці» паводле твораў Войцеха Точмана і Рычарда Більскага ў выкананні Кэрал Свіфт, прысвечаны вайне ў Босніі 1992—1995 гадоў, упэўнена пашырыў межы гэтага складанага жанру. Споведзь маці, жанчыны — як балючая спроба аднавіць (усталяваць) справядлівасць на зямлі. Як папярэджанне ад мёртвых — жывым. Выдатнае акцёрскае ўвасабленне на мяжы чалавечых эмоцый.

«Сальта-мартале» пазнанскага Тэатра «Стрэфа цішы» — гэта не толькі маштабнае вулічнае відовішча... Спектакль уразіў нечаканым паваротам відавочна нявычарпанай для польскага тэатра тэмы Другой сусветнай вайны. Нагодай для яго стварэння «стаў факт знішчэння ў катастрафічным маштабе культурных каштоўнасцей» падчас страшнага, сусветнага маштабу катаклізму. Праблема не вырашаецца, не размываецца, не знікае нават праз шмат дзесяцігоддзяў. Таму што мастацтва вечнае, таму што аб’екты мастацтва бясцэнныя. Яны — для ўсіх людзей на зямлі.

Знявечаныя і знішчаныя падчас Другой сусветнай вайны культурныя каштоўнасці складаюць асаблівы спіс страт. Цывілізацыя развіваецца на шляху духоўных здзяйсненняў, у стварэннях розуму і рук чалавечых. Гэтую думку спектакль «Сальта-мартале» даносіць да гледачоў ярка і пераканальна. Чаму, безумоўна, садзейнічае асаблівы жанр — вулічны паказ. Тэатр выходзіць на абагульненне пазачасавага і наднацыянальнага характару. У спісе страт — культурныя каштоўнасці, знішчаныя варварамі. Пра гэта людзі не павінны забывацца.

Мультымедыйны спектакль Старога тэатра імя Хелены Маджэеўскай з Кракава «Партрэты польскіх каралёў» Агнешкі Якімяк, Марціна Цэцко, Сігізмунда Мрэкса, Шчэпана Арлоўскага — адно з самых яркіх фестывальных уражанняў (прыз СМІ «Лепшы тэатральны эксперымент»). «Партрэты польскіх каралёў» створаны ў працэсе імправізацыі падчас рэпетыцый. Гэта погляд праз прызму гісторыі, дзе даследуюцца вытокі нацызму. Гэта ўвасобленыя думкі пра тое, што было б, калі б польскія каралі маглі сустрэцца... Пастаноўшчык Кшыштаф Гарбачэўскі, які ў свае трыццаць гадоў з’яўляецца адной са знакавых фігур польскай рэжысуры, зазначыў: «Асэнсаваць факты гісторыі і дакапацца да ісціны, падумаць пра ментальнасць — задача нашага тэатра. Мы спрабуем шчыра распавядаць пра нацыянальныя праблемы, думаць пра тое, чым з’яўляецца Польшча для іншых краін. Гэта тэма становіцца адчувальнай для мяне. Усё, што адбывалася ў Польшчы, датычыцца і нашых суседзяў». Спектакль мае незвычайную форму. Асноўнае дзеянне разгортваецца на велізарным — амаль на ўсё люстэрка сцэны — экране. Па-за ім бачныя толькі частка дэкарацый і ногі акцёраў. Але ж у пастаноўцы выкарыстоўваюцца ўсе дадатковыя памяшканні тэатра, грымёркі, падвал, закуліссе, дзе разыгрываюцца галоўныя эпізоды. Усё здымаецца шаснаццаццю камерамі і транслюецца на экран. Праекцыя — гэта не ілюстрацыя, а сэнс. Мультымедыйная тэатральная інсталяцыя ламае магчымыя глядацкія стэрэатыпы, акрэслівае новыя кропкі судакранання паміж кіно і тэатрам, то ўзводзіць, то разбурае традыцыйную «чацвёртую сцяну». Пры гэтым зафіксаваны на экране акцёрскі досвед проста ўражвае.

У агульным коле

Такім чынам, беларускія і польскія пастаноўкі, вылучаныя асобна, цэлы шэраг актуальных драматычных спектакляў з розных краін свету, спектаклі для дзяцей, тэатр лялек, вулічныя паказы, тэатр танца, мона... Зрэшты, усё, што стварае яркі тэатральны феерверк кожную восень у Брэсце цягам апошніх васямнаццаці гадоў.

Тэатр змяняецца, і «Белая Вежа» фіксуе новыя рысы. У той жа час не спяшаецца адхіляць усталяванае і лепшае. Важна быць назіральнікам і летапісцам сусветнага тэатральнага працэсу ў ягоным штодзённым праяўленні, але не менш важна знаходзіцца ў агульнай тэатральнай плыні. Па вялікім рахунку, мэйнстрым няўстойлівы і непастаянны. Сапраўднае мастацтва заўсёды важыць шмат.

Умоўна можна сказаць, што пасля падвядзення вынікаў маральнае супрацьстаянне на фестывалі ўзнікла паміж «Лэдзі Макбет» Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Літвы і спектаклем «Антыцелы» Тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом». Што само па сабе дзіўна, настолькі розныя ў іх вагавыя катэгорыі.

Дакументальны спектакль «Антыцелы» прадстаўляў расійскі палітычны тэатр малой формы, з усімі адпавядаючымі гэтаму жанру ўласцівасцямі. Палкія споведзі герояў змянялі адна адну зноў і зноў, зноў і зноў. У эмацыйным руху па коле быў свой сэнс: гледачам неабходна завучыць урок, зрабіць высновы і памятаць.

Як ні дзіўна, супастаўныя з гэтым мэты мае на ўвазе і спектакль «Лэдзі Макбет» (Гран-пры «Лепшы спектакль фестывалю», падрабязная рэцэнзія — у наступным нумары часопіса), розніца толькі ў маштабе з’явы і тэрыторыі ахопу. А таксама ў сродках, з дапамогай якіх спектакль далучаецца да катэгорыі мастацкасці. Уласна кажучы, вуліца або ўвесь сусвет? Публіцыстычная споведзь або філасофскае метафарычнае выказванне? Рэжысёр Альгірдас Латэнас ведае толк у мастацтве. І беларуская публіка пра гэта таксама ведае.

Кожны фестываль, як правіла, мае ўласны кантэкст, і спектаклі ў ім аб’ядноўваюцца агульным, часам нечаканым сэнсам. Гэтым разам шмат распавядалі пра чалавека, пра ягоныя надзённыя і невырашальныя праблемы, пра тое, як лёгка можна сапсаваць іншаму жыццё і застацца беспакараным, а потым і пра тое, што ўвасобленае зло ніколі не мінае... Дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць. Шматмерны тэатральны свет зіхацеў перад намі цягам тыдня. І гэта была «Белая Вежа».