Кірыл Кедук і яго «TyzenHouse»

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Фестываль класічнай музыкі ў Гродне

Свята класічнай музыкі «TyzenHouse» упершыню прайшло ў Гродне. Яно складалася ўсяго з чатырох канцэртаў — без майстар-класаў, творчых сустрэч майстроў культуры з моладдзю ды ўсялякіх дадаткаў-спадарожнікаў у выглядзе прыцягнення іншых відаў мастацтва. Але па зорным складзе запрошаных удзельнікаў, узроўні канцэртных праграм, па рэзанансе, што быў атрыманы сярод гродзенскай (і не толькі!) публікі, «TyzenHouse» ужо ў цяперашнім выглядзе можа прэтэндаваць на «ганаровае званне» фестывалю.

Унікальнасць падзеі — адразу ў некалькіх важных дэталях. Дакладней, у іх сінтэзе. Сярод арганізатараў не было абыякавых, таму свята гарманічна злучыла іх намаганні. Гэтак жа натуральна супалі эстэтычныя і асветніцкія мэты фэсту, яго скіраванасць на тое, каб далучыць Беларусь да сусветных музычных здабыткаў і даць магчымасць еўрапейскай музычнай эліце дакрануцца да нашай гісторыі і культуры. Нарэшце, свята з’яднала творчую інтэлігенцыю ўсяго рэгіёна, акрэсліла магчымыя вектары далейшага развіцця культурнага турызму на Гродзеншчыне. Таму не варта здзіўляцца, што прапанова зрабіць свята традыцыйным была агучана ўжо ва ўрачыста зачытаным прывітальным адрасе міністра культуры Беларусі Барыса Святлова. Праз два дні арганізатары ўнеслі ўдакладненне: свята будзе ладзіцца штогод.

Прыдумаў фестываль, здавалася б, асобна ўзяты чалавек — Кірыл Кедук. Лаўрэат паўтара дзясятка міжнародных конкурсаў, актыўна канцэртуючы піяніст з сусветным імем, які ўжо з падлеткавага ўзросту жыве, вучыцца і працуе куды больш у замежжы, чым на радзіме, ён загарэўся ідэяй зрабіць падарунак роднаму гораду. І адначасова — пазнаёміць з гісторыяй і культурай свайго краю тых знакамітых замежных музыкантаў, з якімі не проста супрацоўнічае, а яшчэ і сябруе.

Новы праект знайшоў падтрымку на ўсіх узроўнях: у Міністэрстве культуры Беларусі, у Гродзенскім аблвыканкаме, дзе асноўным звяном стала Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, у Гродзенскім музычным каледжы — яго кіраўнік Аляксей Саладухін выступіў тэхнічным дырэктарам фестывалю, нарэшце, у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе праходзілі ўсе канцэрты.

Яшчэ больш істотным для далейшага лёсу свята стала тое, што яго падтрымала публіка — не адно апладысментамі (а тыя доўжыліся да бясконцасці пасля кожнага нумара), але і рублём. Квіткі каштавалі ад 60 да 90 тысяч, што непараўнальна са сталічнымі цэнамі, дзе нярэдка скараюцца і паўтарамільённыя «вяршыні». Але ж у залу патрапілі не выпадковыя слухачы, прыцягнутыя прэстыжнасцю імпрэзы, гучнасцю раскручаных імёнаў. На канцэрты прыходзілі сапраўдныя знаўцы і прыхільнікі музычнай класікі, сярод якіх было шмат педагогаў, студэнтаў, дзеячаў культуры — усіх тых, для каго фестывальныя праграмы сталіся не адно асалодай для душы, а яшчэ і прыступкай да ўласнага прафесійнага росту. На аўтастаянцы ля тэатра не хапала месца шматлікім аўтобусам, што з усіх куткоў Гродзеншчыны везлі ды везлі на канцэрты меламанаў. Нярэдка ў зале можна было сустрэць і мінчукоў, зацікаўленых выбітнымі філарманічнымі праграмамі ў тым абласным цэнтры, дзе нават сам будынак філармоніі — даўно на рамонце. На кожным з канцэртаў былі і прадстаўнікі аблвыканкама, прычым не толькі «па абавязку», але і, што называецца, па сваіх духоўных схільнасцях. Намеснік начальніка вышэйзгаданага Галоўнага ўпраўлення Аляксандр Вярсоцкі ўвогуле не прапусціў ніводнага выступлення.

Фестываль не толькі папулярызуе музычную класіку. Другая лінія яго асветніцкага складніка вядзе непасрэдна да нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Ужо адно сваёй назвай — незвычайнай, заснаванай на дасціпнай гульні слоў, дзе галоўную ролю адыгрывае вядомае не толькі беларусам прозвішча — свята вымушае згадаць менавіта мясцовыя, гродзенскія рэаліі мінулых стагоддзяў. І найперш самога Антонія Тызенгаўза — магната, мецэната, аднаго з буйнейшых палітычных і гаспадарчых дзеячаў Рэчы Паспалітай другой паловы ХVIII стагоддзя. Калі пра паспяховасць тызенгаўзаўскіх эканамічных рэформ спрэчкі вяліся і вядуцца, дык яго ўнёсак у культуру (і перадусім у саму інфраструктуру культуры) даўно прызнаны ў нас і ў замежжы. Шматлікія архітэктурныя пабудовы, музычная капэла, оперны і балетны тэатр ды школа пры ім — усё гэтае і многае іншае ўзнікала пры самым непасрэдным удзеле гарадзенскага старосты. Таму «Дом Тызенгаўза» — так можна перакласці назву фестывалю — працуе на імідж Беларусі як еўрапейскай краіны з багатымі традыцыямі прафесійнага мастацтва, што з павагай ставіцца да сваёй не толькі блізкай, але і далёкай гісторыі. Разнастайная прома-прадукцыя свята (эмблема, афіша, рэкламныя ролікі, буклет, праграмкі на кожны канцэрт) падкрэслівае адпаведнасць эстэтычнага мыслення арганізатараў самым прагрэсіўным сусветным тэндэнцыям сучаснасці.

Чым жа асабліва ўразілі канцэрты фестывалю? Высокі тон задала вечарына адкрыцця, што ўяўляла сабой сольнік заслужанага артыста Расіі Барыса Петрушанскага, які апошнім часам жыве і працуе ў Італіі. Знакаміты майстар скарыў найперш самакаштоўнасцю, прыгажосцю, высокай культурай фартэпіяннага гуку, што нараджаўся, здавалася, ужо тады, калі рукі толькі «дыхалі» над клавіятурай, не дакрануўшыся да клавішаў. Моцарт у яго выкананні паўстаў нязвыкла мудрым, з гранічнай выразнасцю не толькі кожнай фразы, але і амаль «гаваркіх» дробных інтанацый, нават на шкоду агульнай форме. Знакамітая «Месяцовая саната» Бетховена нечакана ператварылася ў падабенства злёгку рамантызаванага марынісцкага трыпціха, бо нават у гэтым неўраўнаважаным творцу, які для многіх асацыюецца адно з Французскай рэвалюцыяй, знайшліся моцартаўскія павевы. У першай частцы Санаты прыцягвала касмічная неабсяжнасць закалыхваючага марскога далягляду, цудоўныя «абертоны», выкліканыя майстэрскім валоданнем педаллю. У другой — праменьчык, што слізгае па празрыстай воднай прасторы, там-сям мільгаючы бліскаўкамі. У трэцяй жа мы літаральна ўбачылі хвалі, што раптам набягаюць са звілістай гладзі.

Мазуркі Шапэна аказаліся падобнымі на крохкае восеньскае лісце, а тэма ўзвышанай красы, заяўленая яшчэ на пачатку канцэрта, была даведзена ажно да Скрабіна. Па-еўрапейску стыльная, пазбаўленая залішняй пярэстасці праграма была з’яднана адной тэмай — мацарціянства, яе паступовае разгортванне ўспрымалася ўсё больш вытанчаным паглыбленнем у прыгажосць.

«На біс» Петрушанскі літаральна стварыў сваю «музычную легенду», зазначыўшы перад выкананнем эцюда Ліста «Мяцеліца»: «Існуе паданне, што вялікі Тызенгаўз загінуў у час завірухі». Выкананне гэтага сачынення стала своеасаблівай данінай памяці гарадзенскаму старосту і прадэманстравала той узровень найвышэйшага прафесіяналізму, калі віртуозная тэхніка страчвае ўласныя прыярытэты, бо цалкам падпарадкоўваецца вобразнасці і Боскай прыгажосці.

Так склалася ледзь не традыцыя — заканчваць кожны канцэрт нейкай «бісоўкай»-разыначкай, звернутай непасрэдна да гродзенскіх слухачоў і ўсёй Беларусі. Сольнік супертэхнічнага скрыпача Міхаіла Сіманяна, чуйным партнёрам якога выступіў Кірыл Кедук, завяршыўся дзвюма вядомымі мелодыямі. Як дадаў госць — у знак павагі да таго, што ён знаходзіцца на нашай зямлі. Удзячнымі апладысментамі была сустрэта «Белавежская пушча» Аляксандры Пахмутавай. А скарочаны варыянт трапяткога Адажыа з балета Яўгена Глебава «Маленькі прынц» асабіста я прызнала б лепшай інтэрпрэтацыяй з усіх, што калісьці даводзілася чуць.

На час фестывалю ў тэатр з музычнага каледжа быў перавезены канцэртны раяль «Yamaha», лепшы ў горадзе. Але ж як па-рознаму ён гучаў ва ўсіх піяністаў! Магло нават падацца, быццам інструменты штораз змяняліся. У трэці вечар, калі саліраваў польскі піяніст Пётр Палечны, увогуле падумалася: ці не з яго Аляксандр Латышаў маляваў Тызенгаўза на эмблеме фестывалю?

А колькі ўласна музычных адкрыццяў здарылася на заключным канцэрце! Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі даказаў, што можа лічыцца адным з лепшых падобных калектываў у Еўропе і свеце. І не толькі паводле інтанацыйнай дакладнасці і зладжанасці гучання. Дастаткова было паслухаць, як другія скрыпкі на роўных спаборнічалі з першымі, ці як той жа Віктар Альшэўскі рабіў «першую скрыпку» са свайго кантрабаса. Месца за пультам у той вечар заняў малады польскі дырыжор Якуб Храновіч — надзвычай музыкальны, з мяккай пластыкай, імкненнем да працяглых фраз, лёгкага, палётнага гуку з яго найтонкай філіроўкай, да мноства дынамічных градацый паміж «ціха» і «вельмі-вельмі ціха». У Віяланчэльным канцэрце Гайдна саліраваў фенаменальны Іван Карызна, першы беларускі віяланчэліст, які стаў лаўрэатам конкурсу імя Чайкоўскага. У фінале ўласным шалёным тэмпам менавіта ён павёў за сабой аркестр. А тое, з якой ракетнай хуткасцю праляцела Саната Скарлаці, сыграная Кірылам Кедуком «на біс», пасля Канцэрта Мендэльсона, прымусіла падумаць яшчэ і пра філасофскі складнік фестывалю. Пра імгненне — і вечнасць, якую і сімвалізуе класіка.