Мінск на Мінскай

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

WawaDesign 2013. Soho Factory. Варшава

Месца правядзення фестывалю — былая фабрыка ў раёне варшаўскай Прагі. Пасля яе закрыцця мастакам удалося ператварыць вытворчыя плошчы ў выставачны комплекс, дзе размясціліся не толькі экспазіцыйныя пляцоўкі, але і майстэрні, кавярня, кіназала. Для Мінска вопыт такой loft-прасторы неацэнны — ужо шмат гадоў прыклады гэткага кшталту абмяркоўваюцца ў прафесійнай супольнасці, але досвед варшаўскай Soho Factory (як і «Вінзавода» ды «Гаража» ў Маскве) застаецца незасвоеным.

Беларускія ўдзельнікі былі спецыяльнымі гасцямі фестывалю, і для праграмы ім выдзелілі асобны двухпавярховы павільён. Прамое супадзенне «Minsk na Minskiej» (адрас фабрыкі) прасілася на афішу, а вось куратарская назва праекта — «Беларусь. Вулiца, якой няма» — па сутнасці была пастаўлена пад сумнеў. «Пастулат» і «Этнапраект» Беларускага саюза дызайнераў, выстава фатаграфій «Малітва» Сяргея Кажамякіна, невялікая экспазіцыя галерэі «Ў» разам з прэзентацыямі Міхала Анемпадыстава і Артура Клінава, кінапраглядамі ад Bulbamouvie і вячэрнімі абмеркаваннямі выглядалі досыць пераканальна. Куратар Ксенія Канеўская тлумачыць свой пункт гледжання ўражаннямі ад ранішняга пустыннага Мінска і прапануе гледачам дыялог з мастакамі. Ёсць цi няма — як «быць ці не быць», і я б усё ж такі паспрачалася...

Але вернемся да мастацтва. Творчасць беларусаў менавіта так выглядала на фоне чыста дызайнерскіх, прыкладных рэчаў польскіх школ, бюро і шматлікіх студый. Па глыбіні, па асэнсаванні матэрыялу і праблематыкі гэта былі абсалютна аўтарскія выказванні. Дакладней, разгорнутыя эскізы, таму што і «Пастулат», і «Малітва» на WawaDesign адно давалі ўяўленне аб маштабных першакрыніцах. Першы праект ужо выстаўляўся ў Мінску, а «Малітва» яшчэ чакае паўнавартаснай рэалізацыі.

Гэта толькі невялікая частка «Вобразаў і падабенстваў», якая спецыяльна была падрыхтавана для Варшавы Сяргеем Кажамякіным. Матэрыял перапрацаваны велізарны — гэта архіў фоталабараторыі вялікага савецкага завода, які збіраўся гадамі і выконваў задачы нагляднай прапаганды: выкарыстоўваўся для дошкі гонару, пры выданні шматтыражкі, магчыма, насценгазет... Некаторыя негатывы нават захоўваюць адзнакі невядомых рэдактараў. Архіў выкінулі ў 1990-я гады, але сутнасць не ў гэтым: паколькі доступ супрацоўнікаў да плёнкі, рэактываў і г.д. быў неабмежаваны, яны і карысталіся магчымасцямі фоталабараторыі ад душы. Атрымаўся свайго роду космас савецкага чалавека, дзе на процілеглых восях размясціліся абразы і аголеныя хлопчыкі Мэплторпа, афіцыйна зацверджаныя партрэты членаў Палітбюро і сямейныя фатаграфіі. У архіў патрапілі краявіды, помнікі, сцэны святаў, парад на Краснай плошчы — такімі разнастайнымі былі інтарэсы савецкіх людзей, іх прыватнае і калектыўнае жыццё, дакументы, патрэбы, успаміны. Калі раней у зборы была сістэма, цяпер яна страчана — гэта адлюстраванне нядаўняга мінулага, але глядач мае права вырашаць, ці ёсць у ім каштоўнасць, ці ўсё сышло назаўжды, ці засталося нешта.

Сяргей Кажамякін фатаграфуе негатывы, прыклаўшы іх да шыбы, нібы «на прасвет» сённяшняга дня і ўспрымання сучасніка, ён працягвае даследаванне межаў асабістага/грамадскага, вербальнага/непрамоўленага.

Сярод польскіх дызайнерскіх школ варта вылучыць інсталяцыю «Вроцлаў. Цішыня» і экспазіцыю драўлянай мэблі з Познані. Глыбокія традыцыі шкла і керамікі, вывучэнне рамёстваў у Вроцлаўскай акадэміі мастацтваў і высокі ўзровень бытавой культуры, дзе дызайнерскія распрацоўкі знаходзяць сваё месца, падштурхнулі куратараў да стварэння эфектных экспазіцый. «Цішыня», у якой трэба было пачуць звон празрыстага бясколернага ручнога шкла, аказалася вельмі стыльнай па форме і папулярнай у наведвальнікаў. Што ж тычыцца драўлянай мэблі, то на абмеркаванні мяне чакала адкрыццё: аказваецца, у Польшчы, як і ў Беларусі, дызайнер павінен валодаць выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, каб дамагчыся рэалізацыі свайго праекта. Уменне стварыць свайго роду інфраструктуру, навыкі праекціроўшчыка, рамесніка, веданне матэрыялу і тэхналогіі, графікі, фатаграфіі робяць дызайнера суперуніверсальным прафесіяналам.

P.S. Нечаканым чынам атрымалі лагічны працяг мае параўнанні WawaDesign 2013 (і яшчэ некалькіх выдатных выстаў сучаснага мастацтва і фатаграфіі) з беларускімі праектамі. Куратарскі праект «Мінск. (Рэ) канструкцыя» ў рамках «Тыдня сучаснага мастацтва» адкрыўся ў новай галерэі «Цэх». Гэта, вядома, яшчэ не ўся фабрыка, і наогул — толькі пачатак. Але ў цэнтры Мінска, у заводскім памяшканні, максімальна набліжаным да актуальнай прасторы, якая сама па сабе ўжо «арт», у «Цэха» ёсць усе шанцы адбыцца.

Любоў ГАЎРЫЛЮК