Новыя правілы дарожнага руху

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Першы Мінскі форум вулічных тэатраў

Што першае прыходзіць на розум пры словах «вулічны тэатр»? Гістарычныя факты пра камедыю дэль артэ, вандроўную трупу Мальера, лялечнага Пятрушку? Хадулісты, клоўны, акрабаты? Ці зняважлівае: «Самадзейнасць»? Факт застаецца фактам: у нашай краіне гледачы не маюць магчымасці часта бачыць вулічныя калектывы. І вось 14 і 15 верасня адбылася першая паўнавартасная спроба пазнаёміць з вулічным тэатрам шырокае кола гараджан. У Мінску прайшоў форум, які сабраў 20 калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны.

Дарэчы, у 1920 годзе ў Петраградзе Мікалай Яўрэінаў паставіў спектакль «Узяцце Зімняга палаца». Акрамя маштабаў відовішча, якія былі неверагодныя, вартая ўвагі цікавая акалічнасць. Сюжэт разгортваўся на Палацавай плошчы і быў нібыта падрабязнай ілюстрацыяй падзей 1917 года. Атрымалася ідэалагічна правільна, але гістарычна — не. Аднак сутнасць у іншым. Тысячы людзей на плошчы адчувалі сябе часткай адзінага цэлага. Яны шчыра атаясамлівалі сябе з героямі штурму і верылі ў прапанаваную версію падзей. Ці магчыма дамагчыся такога масавага эфекту ў традыцыйнай тэатральнай зале? Адказаць цяжка. Але для нас гэта гісторыя — нагода паразважаць пра магчымасці вулічнага тэатра.

Увогуле пра такі тэатр вельмі цяжка весці гаворку праз адсутнасць тэорыі, перакладаў замежных навуковых прац, якія датычацца не мінулага, а сучаснасці. Мы выкарыстоўваем тэрміны «вулічны тэатр» ці «вулічны спектакль», але агульных крытэрыяў не ведаем. Нават у энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь» няма адпаведнага артыкула. Відавочна, што спецыфіка вулічных паказаў не абмяжоўваецца месцам дзеяння, і спектаклі Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы ці Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, паказаныя пад адкрытым небам, застануцца толькі спектаклямі, сыгранымі на іншай пляцоўцы.

Адбор на Мінскі форум вулічных тэатраў не быў надта жорсткім. З-за фінансавых праблем і іншых жыццёвых акалічнасцей не змаглі прыехаць некалькі знакамітых вулічных калектываў. Такім чынам, у фестывалі ўдзельнічалі актыўныя тэатры-арганізатары, беларускія калектывы, якія прайшлі адкрыты конкурс, а таксама калектывы, спецыяльна запрошаныя з Расіі і Украіны.

Падчас правядзення першага падобнага форуму важна сфармуляваць крытэрыі паказу. У гэтым годзе, апрача неабходнай мастацкай і лагічнай завершанасці, патрабавалася «быць упісаным у гарадскую прастору». На жаль, беларускія калектывы пакуль не разумеюць тэрмін site-specific, які абазначае здатнасць акцёраў выкарыстоўваць асяроддзе як мастацкі прыём.

Цяжка сказаць, хто менавіта — калектывы ці арганізатары — вінаваты ў тым, што гарадская прастора не была запатрабавана цалкам. Галоўная пляцоўка і пляцоўка дворыка Нацыянальнага гістарычнага музея, дзе пабудавалі эстрадныя сцэны з яркімі заднікамі і эмблемамі фестывалю, выглядалі дзіўна. Недарэчна на такой пляцоўцы ўспрымаўся Адэкватны тэатр «уКубе» са спектаклем «Усмешкі Хёль». Цяжкі, філасофскі паказ складаўся з гульняў з цёмнай матэрыяй (у прамым і пераносным сэнсах), і фон старых разбураных сцен яму пасаваў куды больш, чым ярка-блакітны лагатып. Дзіўна было бачыць, як акцёры студыі «Шостае пачуццё» ў спектаклі «Жыццё цудоўнае», што праходзіў на шырокім скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Валадарскага, хаваліся за мікрааўтобус, каб пераапрануцца. Адбылася спроба ненатуральным чынам зрабіць тэатральную сцэну ў месцы, дзе зусім іншая спецыфіка.

Сярод найбольш вядомых удзельнікаў форуму можна назваць пластычны тэатр Вячаслава Іназемцава «ІнЖэст», які выступіў са спектаклем-пантамімай у стылі барока «Залаты век». Гэты спектакль яскравы, выразны: усе атрыбуты і персанажы залатога колеру, выкарыстаны хадулі і піратэхніка. Немагчыма было зрабіць дакладныя падлікі, але, здаецца, каля тысячы чалавек назіралі ў Міхайлаўскім скверы за блазнамі і прыдворнымі асобамі. Кроны дрэў, ахінутыя цёплым святлом, таямнічая музыка… Залатая дама, што, як нейкі іншапланецянін, вельмі натуральна пераступала з адной доўгай нагі-хадулі на другую… Усё выглядала вельмі ўражальна. Нейкая бабуля-глядачка ніяк не магла ўцяміць, што такая падзея зроблена беларускімі сіламі, яна казала: «Японцы нейкія».

Удзельнічаў у форуме вядомы сярод спецыялістаў сцэнічны калектыў «ДыГрыза», які даследуе сярэднявечную тэатральную культуру. Выкарыстоўвае аўтэнтычныя інструменты, тэксты, касцюмы і дэкарацыі, візуальнае ў ім вызначае змест. Побач з ім адметна ўспрымаўся праект Генадзя Фаміна «Igvitta, ці Як гэта рабілі ў Францыі» паводле французскіх фарсаў. Візуальная частка тут была вельмі простая, але акцёры за кошт сваіх прафесійных навыкаў ажыўлялі і рэканструявалі традыцыйныя сюжэты.

Цікавую праграму падрыхтавалі маладыя эксперыментальныя калектывы: «Крылы Халопа», «Т(е)=Art», пластычны тэатр «Еуе», Адэкватны тэатр «уКубе», інтэрактыўныя «Мусташ» і «42». Усе яны маюць розныя прафесійныя ўзроўні і вялікія амбіцыі. Вуліца часам задае свой тон і свае правілы. Крытэрыі, якія былі для нас відавочнымі ў традыцыйнай зале, тут адыходзяць на другі план. Галоўнае — смеласць і здольнасць выкарыстоўваць нечаканыя мастацкія прыёмы і прыстасаванні — будынкі, павароты дарогі, дрэвы, паветра… І менавіта гэта было цікава шукаць на форуме.

Вулічныя спектаклі мусяць натуральна існаваць на адлегласці выцягнутай рукі сярод простых пешаходаў і падрыхтаваных гледачоў. Адсюль інтэрактыўныя элементы і абавязковая імправізацыя. У паказе тэатра ўзаемадзеяння «Мусташ» акцёры пакінулі на сцэне групу гледачоў. І тыя спрабавалі самаарганізавацца, зрабіць нешта не паводле намёку акцёраў-лялькаводаў, а самастойна. Малады інтэрактыўны тэатр «42» меўся ажывіць на вуліцы камп’ютарную гульню «Марыё». Гледачы маглі дапамагчы ці, наадварот, зрабіць перашкоды на шляху героя. Творчае аб’яднанне «Карнавальчык» з Санкт-Пецярбурга прапанавала шмат варыянтаў узаемадзеяння: можна было пазіраваць для малюнка або размінацца на гімнастычным дыване. Уразіў тэатр імправізацыі «Improv» з Украіны. Тут гледачы самі прапаноўвалі акцёрам умовы існавання, падказвалі фразы.

Візуальныя і забаўляльныя характарыстыкі вулічнага тэатра маюць сваё годнае абгрунтаванне. Прастора і размах, атмасфера свята спрыяюць творчаму вынаходніцтву. Але ж здзіўленне або весялосць, як у цырку — не адзінае, што могуць даць вулічныя паказы. Узнікае цэлы спектр пачуццяў — нечаканых, глыбокіх, моцных. Дарэчы, у перспектыве будзе прыемна бачыць у Мінску інтэрактыўныя тэатры, накшталт іспанскага «Kamchatka» ці славенскага «KUD Ljud». Акцёры першага з іх у спектаклях выступаюць у ролі людзей без імя і дома, у старых паліто з шурпатымі чамаданамі: яны ходзяць па вуліцах і робяць цуды. Цуд у тым, што амаль без слоў, без карнавальных прылад і хуткасці, простымі рэчамі і дзеяннямі яны дапамагаюць адчуць эмпатыю, спачуванне, любоў. «KUD Ljud» апроч ружовых іншапланецян, якія былі ўжо на «Белай Вежы» ў Брэсце, на «М.аrt.кантакце» ў Магілёве, на «Тым самым фестывалі» ў Мінску, паставілі ў мінулым годзе вулічны спектакль «Матухна Кураж» Бертальда Брэхта. На ім у гледачоў з’яўляецца магчымасць зразумець, як часам страшна быць часткай натоўпу і падпарадкоўвацца яго рухальнай сіле.

Што да першага Мінскага форуму вулічных тэатраў, дык ён адкрываў публіцы пачуццё прасторы і свабоды ў рэальным часе. Так, асяроддзе не ў кожным спектаклі было выкарыстана належным чынам. Але ж гэта надзвычай вострыя ўражанні, калі падчас спектакля разумееш, што вакол цябе адсутнічаюць сцены. Мабыць, менавіта гэтым, а таксама эфектам навізны, і былі ўражаны на вуліцы Карла Маркса шматлікія гледачы і назіральнікі. Наплыў быў такі, што на некаторыя вячэрнія спектаклі немагчыма было патрапіць.

Інтарэс да відовішчаў і імкненне публікі да ўзаемадзеяння былі вялікія. Стала відавочна, што гэты від мастацтва запатрабаваны. Вакол вулічных тэатраў шмат шчырага энтузіязму, і менавіта таму рух мае перспектывы.

 

Алена ІВАНЮШАНКА