«Was born in Lubcza»

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Фестываль музыкі Мікалая Набокава
Гадоў дзесяць таму, гартаючы ў адной замежнай бібліятэцы грунтоўную замежную музычную энцыклапедыю, са здзіўленнем убачыў на літару N прозвішча «Nabokov Nicolas». Яшчэ больш акругліліся мае вочы, калі за словамі «was born» убачыў «Lubcza».

Тады не мог нават уявіць, што праз нейкі час стану непасрэдным удзельнікам Фестывалю памяці Мікалая Набокава ў той самай Любчы, якая раней была для мяне выключна старажытным мястэчкам з цудоўным рэнесансным замкам магнатаў Кішкаў, адным з цэнтраў Рэфармацыі, дзе стаяў фахверкавы кальвінскі збор XVI стагоддзя, выдаваліся кнігі, трактаты. Любчанскі Канцыянал — помнік айчыннай рэфармісцкай музычнай культуры эпохі Рэнесансу...

Набокаў і гістарычная беларуская Любча! Здавалася, неверагоднае, недарэчнае спалучэнне слоў... Мікалай — музыкант, кампазітар, педагог, грамадскі і культурны дзеяч міжнароднага значэння (дзейнасць у ЮНЕСКА — літаральны доказ) і, нарэшце, кузен аўтара «Лаліты» — быў не менш, а мо і больш вядомы ў культурных колах Захаду, чым стрыечны брат Уладзімір. Аўтар балетаў, опер, камерна-інструментальных твораў, які супрацоўнічаў з Дзягілевым і Баланчынам, сябраваў з Берлінам і Гершвінам, выкладчык амерыканскіх універсітэтаў, генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЕСКА, мастацкі кіраўнік «Берлінскіх музычных фестывальных дзён», арганізатар «Парыжскіх фестываляў ХХ стагоддзя», музычных фестываляў у Рыме, Токіа і іншых...

Імклівы сучасны глабалізаваны свет праліў святло на былыя таямніцы гісторыі і культуры, таму не варта падаваць падрабязную біяграфію нашага героя: усе дэталі жадаючыя лёгка знойдуць у Сеціве.

Важна іншае. Другі раз за апошнія гады беларуская Любча сцвярджае: Набокаў наш ураджэнец, ён сам напісаў: «Я — касмапаліт, але я — беларус!» Сцвярджае музыкай, раскрывае мемуарамі, падкрэслівае прысутнасцю сваякоў па лініі Набокавых і Святаполк-Мірскіх. Вядома, яго творчасць у значнай ступені наднацыянальная. Выразныя амерыканскія акцэнты спалучаюцца з французскай вытанчанасцю элементаў, нямецкай скрупулёзнасцю некаторых дэталей, сувяззю з беларускім меласам, рускай музыкай позняга рамантызму і разгалінаваннямі авангарда. Нягледзячы на тое, што дзе-нідзе ўзнікаюць алюзіі на тэмы Стравінскага, Анэгера, Марціну, Хіндэміта, музыка пранізана індывідуальнасцю стылю. У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся, працуючы над праграмай і выносячы яе на публіку ў межах Другога фестывалю памяці Мікалая Набокава, які ладзіўся сёлета ў верасні ў важнейшых кропках цудоўнага, славутага на ўвесь свет выдатнымі з’явамі і асобамі гістарычнага трохкутніка: Мір—Любча—Наваградак.

Ужо традыцыйна фундаментам праграмы стала камерна-інструментальная творчасць кампазітара (санаты для фартэпіяна, для фагота, «Тры танцы», «Шэсць вершаў Ганны Ахматавай»), а асноўнымі ўдзельнікамі — лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў (фартэпіяна) і аўтар гэтых радкоў (фагот); сёлета да іх далучылася Таццяна Гаўрылава (сапрана) — таксама міжнародная лаўрэатка.

Новым акордам фэсту стаўся ўдзел Камернага аркестра Гродзенскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Борматава, які выканаў Сюіту з балета «Дон Кіхот» (пералажэнне Юрыя Блінова) і складаны ахматаўскі цыкл з цудоўнымі сола Таццяны Гаўрылавай.

Пярлінай фэсту стаўся паказ міні-спектакля Уладзіміра Драздова. У ім на аснове мемуараў Набокава ў форме дыялога кампазітара (яго ролю выканаў Сяргей Курыленка) з піяністам (Юрый Бліноў), які зайшоў да яго па ноты, раскрываюцца старонкі жыцця ўраджэнца Любчы і яго светапогляд.

Многія творы анансаваліся як першае выкананне ў Еўропе. Гэта стала магчымым дзякуючы знаходкам, зробленым Бліновым у амерыканскіх архівах кампазітара. Да яго перайшла і эстафета мастацкага кіраўніцтва працэсам падрыхтоўкі фэсту. Ініцыятарам жа першага фестывалю і ўвогуле вяртання Мікалая Набокава на радзіму стаў вядомы дыпламат і культурны дзеяч, кіраўнік пастаяннай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Беларусі Уладзімір Шчасны.

Сярод гасцей сёлетняй імпрэзы прысутнічаў унук Мікалая Набокава Канстанцін. Ад дзеда ён атрымаў у спадчыну прагу да мастацкай творчасці: займаецца дызайнам і разьбой па дрэве. Жыве ў Францыі. Музай Другога фестывалю (як і першага) была княгіня Ірэна Святаполк-Мірская, што прыехала з дачкой Алівіяй і ўнукам Базылём. Яна здзіўляла і радавала палётам думкі, лёгкім, вытанчаным гумарам, энтузіязмам і арыстакратызмам.

Праз вяртанне гісторыі і легенд, асобаў, мемуараў і музыкі Набокаў вяртаецца на Радзіму.

Аляксей ФРАЛОЎ