Тады не мог нават уявіць, што праз нейкі час стану непасрэдным удзельнікам Фестывалю памяці Мікалая Набокава ў той самай Любчы, якая раней была для мяне выключна старажытным мястэчкам з цудоўным рэнесансным замкам магнатаў Кішкаў, адным з цэнтраў Рэфармацыі, дзе стаяў фахверкавы кальвінскі збор XVI стагоддзя, выдаваліся кнігі, трактаты. Любчанскі Канцыянал — помнік айчыннай рэфармісцкай музычнай культуры эпохі Рэнесансу...
Набокаў і гістарычная беларуская Любча! Здавалася, неверагоднае, недарэчнае спалучэнне слоў... Мікалай — музыкант, кампазітар, педагог, грамадскі і культурны дзеяч міжнароднага значэння (дзейнасць у ЮНЕСКА — літаральны доказ) і, нарэшце, кузен аўтара «Лаліты» — быў не менш, а мо і больш вядомы ў культурных колах Захаду, чым стрыечны брат Уладзімір. Аўтар балетаў, опер, камерна-інструментальных твораў, які супрацоўнічаў з Дзягілевым і Баланчынам, сябраваў з Берлінам і Гершвінам, выкладчык амерыканскіх універсітэтаў, генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЕСКА, мастацкі кіраўнік «Берлінскіх музычных фестывальных дзён», арганізатар «Парыжскіх фестываляў ХХ стагоддзя», музычных фестываляў у Рыме, Токіа і іншых...
Імклівы сучасны глабалізаваны свет праліў святло на былыя таямніцы гісторыі і культуры, таму не варта падаваць падрабязную біяграфію нашага героя: усе дэталі жадаючыя лёгка знойдуць у Сеціве.
Важна іншае. Другі раз за апошнія гады беларуская Любча сцвярджае: Набокаў наш ураджэнец, ён сам напісаў: «Я — касмапаліт, але я — беларус!» Сцвярджае музыкай, раскрывае мемуарамі, падкрэслівае прысутнасцю сваякоў па лініі Набокавых і Святаполк-Мірскіх. Вядома, яго творчасць у значнай ступені наднацыянальная. Выразныя амерыканскія акцэнты спалучаюцца з французскай вытанчанасцю элементаў, нямецкай скрупулёзнасцю некаторых дэталей, сувяззю з беларускім меласам, рускай музыкай позняга рамантызму і разгалінаваннямі авангарда. Нягледзячы на тое, што дзе-нідзе ўзнікаюць алюзіі на тэмы Стравінскага, Анэгера, Марціну, Хіндэміта, музыка пранізана індывідуальнасцю стылю. У гэтым мы яшчэ раз пераканаліся, працуючы над праграмай і выносячы яе на публіку ў межах Другога фестывалю памяці Мікалая Набокава, які ладзіўся сёлета ў верасні ў важнейшых кропках цудоўнага, славутага на ўвесь свет выдатнымі з’явамі і асобамі гістарычнага трохкутніка: Мір—Любча—Наваградак.
Ужо традыцыйна фундаментам праграмы стала камерна-інструментальная творчасць кампазітара (санаты для фартэпіяна, для фагота, «Тры танцы», «Шэсць вершаў Ганны Ахматавай»), а асноўнымі ўдзельнікамі — лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў (фартэпіяна) і аўтар гэтых радкоў (фагот); сёлета да іх далучылася Таццяна Гаўрылава (сапрана) — таксама міжнародная лаўрэатка.
Новым акордам фэсту стаўся ўдзел Камернага аркестра Гродзенскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Борматава, які выканаў Сюіту з балета «Дон Кіхот» (пералажэнне Юрыя Блінова) і складаны ахматаўскі цыкл з цудоўнымі сола Таццяны Гаўрылавай.
Пярлінай фэсту стаўся паказ міні-спектакля Уладзіміра Драздова. У ім на аснове мемуараў Набокава ў форме дыялога кампазітара (яго ролю выканаў Сяргей Курыленка) з піяністам (Юрый Бліноў), які зайшоў да яго па ноты, раскрываюцца старонкі жыцця ўраджэнца Любчы і яго светапогляд.
Многія творы анансаваліся як першае выкананне ў Еўропе. Гэта стала магчымым дзякуючы знаходкам, зробленым Бліновым у амерыканскіх архівах кампазітара. Да яго перайшла і эстафета мастацкага кіраўніцтва працэсам падрыхтоўкі фэсту. Ініцыятарам жа першага фестывалю і ўвогуле вяртання Мікалая Набокава на радзіму стаў вядомы дыпламат і культурны дзеяч, кіраўнік пастаяннай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Беларусі Уладзімір Шчасны.
Сярод гасцей сёлетняй імпрэзы прысутнічаў унук Мікалая Набокава Канстанцін. Ад дзеда ён атрымаў у спадчыну прагу да мастацкай творчасці: займаецца дызайнам і разьбой па дрэве. Жыве ў Францыі. Музай Другога фестывалю (як і першага) была княгіня Ірэна Святаполк-Мірская, што прыехала з дачкой Алівіяй і ўнукам Базылём. Яна здзіўляла і радавала палётам думкі, лёгкім, вытанчаным гумарам, энтузіязмам і арыстакратызмам.
Праз вяртанне гісторыі і легенд, асобаў, мемуараў і музыкі Набокаў вяртаецца на Радзіму.
Аляксей ФРАЛОЎ