Суворы стыль вялікага маэстра

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Арлен Кашкурэвіч — мысляр і графік
Сышоў з жыцця геній, творчы даробак якога мы яшчэ доўга будзем узважваць. Не стала народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара Арлена Кашкурэвіча.

/i/content/pi/mast/72/1214/mem_04_opt.jpeg 

Пацалунак Іуды. Ілюстрацыя да Евангелля паводле Лукі.
Туш, пяро, аловак. 1990.

Сёння яго творы зберагаюцца ў музеях Аўстрыі, Германіі, Літвы, Македоніі, Польшчы, Расіі, Украіны. Людзі ў розных краінах дазнаваліся пра Беларусь праз графічныя аркушы і ілюстрацыі Кашкурэвіча. А мы будзем адкрываць у іх цэлы свет.

Ён меў рэдкую біяграфію: карэнны жыхар Мінска, які ўсё жыццё, апроч вайны, пражыў у родным горадзе, творца старэйшага пакалення, што атрымаў цалкам беларускую адукацыю. Арлен Кашкурэвіч быў вялікім мысляром. Ніколі не спыняўся на дасягнутым і ўвесь час пераасэнсоўваў тое, што зроблена. Нават у той самы дзень, калі яго не стала, ён працаваў над графічным аркушам — чарговай мастакоўскай прыпавесцю. У 1953 годзе Кашкурэвіч адным з першых скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1959 годзе — аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, у якім пасля выкладаў — з 1959 да 1969. Яго дыпломная работа ў інстытуце — ілюстрацыі да рамана ісландскага пісьменніка Халдоўра Лакснеса «Атамная станцыя». Выбітную характарыстыку даў Кашкурэвічу сябра Уладзімір Караткевіч: «Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Лакснеса, — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І адначасова беларускі, мяккі, — калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народу, — добры, наш».

У класіку беларускага мастацтва Арлен Кашкурэвіч увайшоў у Хрыстовым веку таксама з класікай — афармленнем кнігі Янкі Купалы «Тры паэмы» ў 1962 годзе. Так сталася, што і сам друк гэтае кнігі быў унікальным — ілюстрацыі для сямі тысяч асобнікаў былі аддрукаваны з арыгінальных аўтарскіх пласцін... З таго часу повязь Кашкурэвіча з кніжнай графікай — непарыўная.

Мы ведаем сотні кніг беларускіх і еўрапейскіх пісьменнікаў, аформленых менавіта Кашкурэвічам. У ягонай аздобе пабачылі свет творы Гусоўскага, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава, Адамовіча, Айтматава... Гэтыя ілюстрацыі вядомыя ці не кожнаму беларусу. Таксама ён ствараў працы ў тэхніках афорта, лінагравюры ды эстампа на тэмы Верлена і Гюго, Шылера і Гётэ і нават на «Песню песняў, альбо Найвышэйшую песню Саламонаву» і Новы Запавет...

Знаёмства Арлена Кашкурэвіча з еўрапейскай, перадусім — нямецкай літаратурай не павярхоўнае: ён сам чытаў па-нямецку, а калі працаваў над вобразамі гётэўскага «Фаўста», то прасіў сваю жонку, выкладчыцу нямецкай, дэкламаваць паэму ўслых...

Першую нізку паводле «Фаўста» Кашкурэвіч зрабіў яшчэ ў 1975 годзе. Гэта было паўнавартаснае выданне беларускага перакладу нямецкага класіка. Беларускі Гётэ выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1976-м. Алегарычныя вобразы і нечаканая трактоўка галоўных персанажаў уразілі гледачоў. І айчынных, і нямецкіх. Вольная манера выканання надае эпічнасці, да якой яшчэ не ўздымалася наша графіка. Мефістофель з аперэтачнага ліхадзея ў старасвецкіх іспанскіх строях пераўтварыўся ў жывёлападобнага монстра. А Фаўст, збіральны вобраз усіх навуковых геніяў, стаўся халодным і недатыкальным, абсалютна абыякавым да свету. Пазней Кашкурэвіч казаў, што трапным прататыпам быў бы савецкі акадэмік Сахараў.

Станковыя творы Кашкурэвіча вядомыя публіцы менш. Без «літаратурных» тэм не абышлося і тут — прысвячэнні Верлену і Гюго, сюжэты з Караткевіча і Гётэ, але перадусім — з Бібліі. Менавіта за нізкі станковых работ «Партызаны» і «Купаліяна» яшчэ ў 1972 годзе ён быў ганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Усё сваё творчае жыццё ён працаваў над нізкай «Concerto grosso» («Вялікі канцэрт»), падставай для якой стаў вобраз музыканта-віяланчэліста ў стане творчага натхнення, задумення ці катарсісу. У бессюжэтных кампазіцыях, дзе пачуццё самоты даведзена да паталагічнага, крайне балючага адчування, вобразы творцы і творчасці, віяланчэліста і ягонага інструмента ўражваюць глыбокім сімвалізмам. Вяршыня гармоніі і разам з тым — дэструкцыі. Спробы аб’яднацца, што так і застаюцца безвыніковымі. Але музыкант і ягоная чароўная віяланчэль знітаваныя навечна. Як і Ікар са сваімі крыламі.

У нізцы «Чалавек у сучасным горадзе» (альбо «Гэтае мілае гарадское жыццё») адчужанасць персанажа ад горада, ад людзей, ад самога сябе заводзіць нас у тупікі лабірынта. Чалавек праз уласную нялюбасць да вонкавага свету і боязь болі пачуваецца ў сучасным горадзе больш самотным, чым у ледзяным аксаміце касмічнай прасторы. А свет і не прапаноўваў яму нічога іншага. Выйсця тут няма. Трагічная нота мастакоўскага светаўспрымання Кашкурэвіча не новая, але відавочная, не замаскіраваная пад літаратурныя ці гістарычныя сюжэты. Мінорныя інтанацыі, яскрава ўвасобленыя ў гэтых дзвюх нізках, былі блізкія да творчасці Васіля Быкава.

Нізка аркушаў «Гульцы» (альбо «Більярд») — алюзія на бёлеўскі «Більярд а палове на дзясятую...». Ігравы стол, што яднае дваіх людзей. Адносіны паміж імі развіваюцца ў азартнай гульні, адлюстроўваючы ўсю гаму людскіх пачуццяў. Дынамізм більярда дазваляе мастаку абіраць разнастайныя ракурсы, ствараць бясконцы калейдаскоп кампазіцый. Лірычныя і трагічныя, ілюстратыўныя і бессюжэтныя, яны злучаныя той адметнай Кашкурэвічавай экспрэсіяй, што немагчыма зблытаць з чыёйсьці іншай.

Арлен Кашкурэвіч быў рэальным прыкладам таго, што класіка можа стварацца і на нашых вачах. Нястомна думаючы і працуючы, ён дакладна ведаў, што хацеў паказаць сучаснікам. З вышыні сваіх гадоў і дзякуючы свайму таленту. Хоць тое, што ён, мастак-экзістэнцыяліст, бязлітасна паказваў нам, не забаўляла гледачоў, не суцяшала, не давала канчатковых адказаў. Як гукі музыкі. Майстар змушаў нас думаць. І шукаць сваіх адказаў на тыя выклікі, што само жыццё несупынна закідае нам. Як і было спрадвеку.

Сяргей ХАРЭЎСКІ