Прыгожае ў недасканалым

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Лялечная магія Дуды Пайвы
Спектакль «Bastard!» Дуды Пайвы стаў адной з яркіх старонак «Вясёлкі». Пайву называюць уладаром лялькі, яго выступленні аб’ядноўваюць адразу некалькі жанраў — метафарычны тэатр, танец і цырк. Інтэрв’ю з сусветна знакамітым харэографам-лялечнікам было запісана карэспандэнтам «Новых Известий» падчас фестывалю.

 /i/content/pi/mast/72/1213/par_01_5_opt.jpeg

«Зламай легенду» Жака Іванса. Кампанія Дуды Пайвы.

Адкуль у танцора цікавасць да лялек?

— Лялькі мяне ўвогуле не цікавілі! Ажно да 1998 года, пакуль Іцык Галілі, кіраўнік трупы, у якой я танцаваў, не запрасіў для сумеснага праекта Тэатр Гертруды з Ізраіля. Якраз у гэтым тэатры людзі працавалі з лялькамі. Я ж быў проста танцоўшчыкам і мусіў выконваць тое, што мне загадвалі. Але як толькі з пластыкавага пакета дасталі ляльку, прызначаную для мяне, яна адразу заваявала маё сэрца. Мой свет змяніўся, з’явілася магчымасць удыхнуць у кагосьці жыццё. Ляльку звалі Порша Лабель. Яна стала маім блізкім сябрам. І да гэтага часу ў рэпертуары нашай трупы Лабель — экстраардынарная актрыса. Гэта першая з маіх лялек, што выступала на вуліцы на вялікім фестывалі. А нядаўна я зрабіў новую пастаноўку — вадэвіль «Зламай легенду». З яго пачнецца музычная кар’ера Лабель, якая будзе выступаць у трыа лёсаў, якія кіруюць чалавекам, — а спяваюць яны пра забойствы, пра канец часоў...

Вы лічыце гэта падыходзячым сюжэтам для вадэвіля?

— Даволі падбадзёрлівым! У тым прырода маёй творчасці — я заўсёды кажу пра сур’ёзныя рэчы з гумарам. Бо сіла лялек у тым, што яны — карыкатуры! І прыўносяць элемент крытыкі ва ўсё, што адбываецца.

Лялечнік, які прыйшоў са свету танца, — распаўсюджаны шлях у еўрапейскім тэатры?

— Не, такое бывае нячаста, і ў тэатральных школах гэткай акадэмічнай дысцыпліны няма. Ведаю нямала людзей, якія працуюць з лялькамі, але яны не былі ні танцоўшчыкамі, ні харэографамі. Давялося вучыцца самому. І цяпер мяне запрашаюць у многія ўніверсітэты свету даваць майстар-класы, але гэта заўсёды вельмі кароткі курс. Такія майстар-класы прайшлі ў Санкт-Пецярбургу, куды восенню мінулага года я прывозіў спектакль «Анёл», і ў Маскве, калі я прывозіў туды «Бастарда!» на Міжнародны фестываль тэатраў лялек. А жанр на самай справе вымагае доўгага навучання, таму што ён надзвычай складаны. Па-першае, трэба быць танцоўшчыкам, а для гэтага — займацца 6 гадзін у дзень. Па-другое, рамяство лялечніка таксама патрабуе 7-8 гадзін штодзённай працы. Так што людзі маёй прафесіі — трошкі шалёныя і трошкі шызафрэнікі.

Як выбіраеце драматургію?

— Мяне можа натхніць што заўгодна — кіно, карціна ці кніга. Ёсць два пастаянныя аўтары, з якімі працую доўгія гады. Адзін са Славеніі, другі — англічанін.

Што ўяўляе сабой ваша каманда?

— Тэхнічны дырэктар, прадзюсар, тры тэхнікі і я. Гэта — база. Вакол нас збіраюцца самыя розныя артысты — кампазітары, кастынг-дызайнеры, людзі, якія дапамагаюць рабіць лялек...

Каму дапамагаюць?

— Мне! Сам навучыўся. Хоць маляваць не ўмею. Спачатку раблю маленькія мадэлі, потым — у поўны рост. На выраб адной буйной лялькі, такой, як Бастард, ідзе два месяцы. Бяруцца вялізны блок паралону і маленькія нажніцы, якімі з гэтага блока выразаецца скульптура. Як з мармуру, толькі гнуткага. Таму мне патрэбны памочнікі.

Адзін памылковы рух — і лялька сапсавана. Часта даводзіцца перарабляць?

— Ніколі. Мне падабаюцца памылкі, яны таксама ідуць у справу. Я — не перфекцыяніст. Знаходжу прыгожае ў недасканалым. Мае лялькі заўсёды асіметрычныя. Розны ўзровень экспрэсіі на розных паловах твару дае яго шматстайныя выразы. Гэта ўзбагачае прыроду лялек. Сіметрыя менш экспрэсіўная.

Вашы лялькі часам чалавечнее за чалавека...

— Бо лялька выстаўляе мяне напаказ! Паколькі яна не хлусіць, я павінен ёй адпавядаць. Публіка заўсёды дае мне сігнал — ажывае лялька ці не. Гэта прамы дыялог. Бывае, што чым больш ты б’ешся над ажыўленнем лялькі, тым менш магіі. Канешне, тое яшчэ і пытанне вопыту. Першыя чатыры гады працы я шукаў гэтую магію, але з ростам тэхнічнага майстэрства яна з’яўляецца часцей. Калі зразумеў, што дасягнуў пэўнага ўзроўню, захацелася перадаць сваё ўменне іншым.

Вы дазваляеце публіцы пасля спектакля блізка пазнаёміцца з лялькамі. У іх ёсць дублёры?

— Не! І калі лялька па нейкіх прычынах спыняе сваё існаванне, спектакля таксама больш не існуе, бо новую мы не робім. Дарэчы, у Расіі я ўпершыню сутыкнуўся з такім гарачым жаданнем фізічнага кантакту з маімі лялькамі. Запрашаю людзей пакратаць іх, таму што мне падабаецца адчуваць вакол сябе гэтую энергетыку. Бастарду каля трох гадоў, і ён пакуль жывы. На самай справе мы з тэхнікамі ўважліва сочым, каб гледачы абыходзіліся з лялькамі беражліва.

А якім дзіцем вы былі?

— У мяне было складанае дзяцінства — у паўтара года з’явіліся праблемы з вачыма, з двух — пачаліся аперацыі, усяго іх было васямнаццаць. Зрок мне вярнулі, і калі-нікалі я бачу нават больш, чым мне таго хацелася б. Вочы — адна з прычын, па якой я з’ехаў з Бразіліі, дзе нарадзіўся: з-за моцнага алергічнага кан’юнктывіту давялося шукаць «цёмную» краіну, кшталту Аляскі. Выбраў Галандыю, каб быць у цесным кантакце з сучасным танцам — у 1990-х у Еўропе ён быў вельмі цікавым, эксперыментальным. Шмат гадоў я правёў з заплюшчанымі вачыма. Прывык да цемры. І калі працую, у мяне адчуванне, што я ўпоцемку, але магу бачыць вачыма лялькі. Таму ў маіх лялек такія яркія, зіхатлівыя вочы, якія збіраю, дарэчы, па ўсім свеце. Іх бляск вы ўбачыце, нават калі сядзіце ў апошнім радзе. Гэта вельмі важна для мяне.

Вы шмат гастралюеце. У якіх краінах ваш тэатр любяць найбольш?

— Любяць усюды. Можа быць, больш за ўсё ў Францыі, дзе сёння вялікім поспехам карыстаюцца візуальныя паказы. Там шмат сваіх выдатных лялечнікаў, скажам, Філіп Жанці робіць цудоўныя вялікія шоу. А тое, што раблю я, можна назваць андэграўндам. І драматургія маіх спектакляў зусім іншая.

На фестывалі лялек «КУКАRT» у Санкт-Пецярбургу ваш вучань Пётр Харчанка выступаў са спектаклем «Ніка»...

— Гэта 13-хвілінная пастаноўка пра адносіны чалавека і Бога. Кожны з іх хоча чагосьці ад іншага. Рабіў спектакль пад уражаннем ад першага наведвання Эрмітажа: калі ўбачыў там антычныя скульптуры, захацелася папрацаваць са старажытнагрэчаскімі міфамі. Цікава даследаваць іх маралістычнасць — гэта дапамагае вызначыць рамкі маралі сучаснай.

Якая асноўная ідэя вашай творчасці?

— Калі ствараю сваіх лялек і працую з імі, гэта дае адчуванне нараджэння новага жыцця, нараджэння наноў. Чуў меркаванне: для жывога акцёра іграць смерць на сцэне — сур’ёзны выклік, ён змагаецца супраць гэтага ўнутрана. А для лялькі — наадварот: пераадоленнем з’яўляецца ажыванне. Спецыфіка паралону, з якога створаны мае лялькі, у тым, што ён дазваляе літаральна ўдыхнуць паветра ў сябе: калі вы яго сціснеце — паветра выйдзе, калі адпусціце — ён напоўніцца паветрам. Такое простае практыкаванне — прыклад таго, як удыхаецца і нараджаецца само жыццё. Паралон дае масу магчымасцей, і мне здаецца, я знаходжуся ўсяго толькі на пачатковым этапе іх засваення.

Святлана ПАЛЯКОВА