Фэст ды бізнес

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

«Арт-Базель-2013»
Час адкрыцця арт-кірмашу выбраны невыпадкова — якраз праз тыдзень пасля Венецыянскага біенале. Гэта дазваляе сусветнай артыстычнай грамадзе бесклапотна перамясціцца ў Швейцарыю і, забыўшыся на святочную італьянскую атмасферу, нарэшце заняцца справай — арт-бізнесам. Таму на пачатку чэрвеня кошты на гатэльныя нумары ў Базелі ды ваколіцах узрастаюць у разы. Дарэчы, геаграфічна «Арт-Базель» размяшчаецца яшчэ ў некалькіх кропках свету — у Маямі-Біч (ЗША) і ў Ганконгу.

/i/content/pi/mast/72/1212/par_03_4_opt.jpeg

Ай Вэйвэй. Казка ў агульнай жаночай спальні. 2007. Галерэя «Меіль».

Уразілі маштабы мерапрыемства: з’явіўся новы павільён актуальных форм мастацтва — Unlimited, плошча якога складае 40 000 квадратных метраў (для параўнання: плошча нашага Палаца мастацтва — 1800), мноства паралельных імпрэз і выстаў былі раскіданы па ўсім горадзе.

Традыцыйная галерэйная частка экспазіцыі прадстаўлена лідарамі арт-сцэны: Гагасянам, Саатчы, Яблонкам і іншымі. Як і аўтарамі, праверанымі часам, што забяспечваюць камерцыйны поспех для ўдзельнікаў — Эндзі Уорхалам, Маркам Роткам, Пабла Пікаса, Рэнэ Магрытам, Генры Мурам. Нягледзячы на касмічныя цэны, чырвоных кружочкаў (значыць, прададзена!) было вельмі шмат, найбольш на фатаграфіях, што сведчыць не толькі пра магчымасці тыражу, але і пра неверагодную папулярнасць гэтага віду мастацтва.

З’явілася шмат новых галерэй, якія, варта адзначыць, таксама трымалі ўзровень — як па коштах, так і ў экспазіцыі. Не было звычайнай для усходнееўрапейскіх кірмашоў перагрузкі. Дарэчы, такі спосаб экспанавання — рама да рамы, ды яшчэ ў тры паверхі — на Захадзе так і называецца: «Пецярбургская развеска».

Новы павільён Unlimited яшчэ раз пераканаў, што вялікія праекты немагчымыя без адпаведных матэрыяльных сродкаў — яго экспазіцыі фінансаваліся за кошт спонсарскіх грантаў. Тут былі прадстаўлены як вядомыя, паказаныя раней у Венецыі праекты, так і маладыя творцы. Паводле памераў і амбіцыйнасці выстава актуальных форм мастацтва не саступала асноўнаму праекту, размешчанаму ў венецыянскім Арсенале.

Чаму мы так хранічна не ўдзельнічаем у галоўных сусветных арт-фэстах?

Прычына першая ляжыць на паверхні — фінансы. Найменшы выставачны бокс каштуе каля 30 тысяч еўра, большасць галерэй выкарыстоўвалі дубль- ці трайпл-боксы. Сярэдні кошт удзелу складаў каля 150 тысяч еўра. Такая лічба стрымала нават амбіцыйныя расійскія галерэі. Хоць многія з былых расійскіх удзельнікаў «Арт-Базеля» прыпынілі сваю дзейнасць у гэтым годзе, і заяўку падавала адна толькі «Рыджына», ды і тая не прайшла селекцыю. Трэба адзначыць, што ў фэсце ўдзельнічала болей за 300 галерэй, а заявак было пададзена каля тысячы. Таму пры ўсёй камерцыйнасці дадзенага мерапрыемства папярэдні прафесійны адбор на яго даволі суровы.

Адсюль вынікае другая прычына — узровень беларускага мастацтва. Тэма — вельмі дыскусійная, і распачынаць яе тут не мае сэнсу. Ясна адно: ступень нашай інтэграванасці ў сусветны арт-рынак блізкая да нуля. У першую чаргу гэта датычыць не толькі галерэй, якіх да крыўднага мала, але і саміх мастакоў, абсалютна невядомых у свеце. А як жа іншыя суседзі? Дарэчы, сярод удзельнікаў былі расійскія мастакі — Валерый Кашлякоў, Ілья Кабакоў, але прадстаўлены яны былі парыжскімі галерэямі. Літвы і Украіны не было з вышэйзгаданых фінансавых прычын, але Польшча (брава!) удзельнічала адразу трыма галерэямі. Апроч іншых, на ўсіх польскіх стэндах прысутнічаў Роман Апалка — вось як істотна для краіны мець хаця б аднаго інтэграванага ў сусветны арт-працэс мастака, які б даваў гарантыю мастацкага ўзроўню і камерцыйнага поспеху.

Трэцяя прычына: наша татальная невядомасць у свеце. Большасць стэндаў належала мегаполісам — Нью-Ёрк, Лондан, Парыж, Берлін, Токіа. Цяжка сапернічаць з галерэямі, на стэндах якіх адначасова знаходзяцца Ротка, Магрыт і Міро. Продаж нават адной працы забяспечвае ўдзел галерэі ў «Арт-Базелі» на доўгія гады. Адразу згадваеш беднасць нашых музеяў, не кажучы ўжо пра галерэйныя зборы і амаль поўную адсутнасць калекцыянераў. Таму нават пры наяўнасці фінансаў у нас наўрад ці знайшлося б што паказаць на сусветным арт-рынку. Малым суцяшэннем служыць і тое, што я натрапіў на карціну Марка Шагала на адным са стэндаў.

Запомнілася амаль поўная адсутнасць кітайскіх галерэй. Прычына тут, напэўна, у тым, што літаральна напярэдадні прайшоў «Арт-Базель-Ганконг», дзе яны, безумоўна, дамінавалі. Запомніліся японскія галерэі — узроўнем твораў, культурай экспанавання і недасягальнай тэхналагічнасцю большасці прац, што межавала са штукарствам. Было незразумела, як гэта зроблена, а часам — і навошта. Творцы ўсё далей адыходзяць ад традыцыйных тэхналогій, ужываюць новыя матэрыялы, і тут важным становіцца фінансавы складнік.

Заўважыць на фестывалі новыя глабальныя стылістычныя накірункі ці пэўныя эстэтычныя тэндэнцыі было цяжка. Не ведаю, ці варта ўвогуле гэтага чакаць ад сусветнага кірмашу. Цалкам камерцыйныя творы, што часам нагадваюць сувеніры, мяжуюць тут з вельмі сур’ёзнымі і амбіцыйнымі працамі. Карацей — кірмаш, ён і ёсць кірмаш.

Агледзець яго за няпоўныя чатыры дні працы практычна немагчыма, нават пры наяўнасці мноства экскурсійных дапаможнікаў, планаў і схем. Я быў там некалькі дзён, і кожны з іх пачынаўся як першы. Гледачоў вельмі шмат, чарга на ўваходзе практычна не змяншалася, што сведчыць аб вялікай цікавасці да сучаснага мастацтва. Але ж адсюль набалелае пытанне: ці адпавядае «Арт-Базель» растучым патрабаванням сучаснага гледача? Ці да гэтай пары мастацтва застаецца лакаматывам — або, можа, ужо стала звычайным вагонам?

Як кажуць старыя заўзятары «Арт-Базеля», наведвальнікі тут з’яўляюцца асобнай тэмай і часткай экспазіцыі. Магу гэта пацвердзіць: цяжка недзе знайсці больш стракаты і маляўнічы натоўп. Акрамя шырокай сусветнай геаграфіі і звязанай з гэтым разнастайнасці, у арт-гледачоў па ўсім свеце назіраецца і нешта незаўважна агульнае.

«Арт-Базель» не мае той ідэалагічнай і эстэтычнай рафінаванасці, як, напрыклад, касэльская «Дакумента», не мае і прэтэнзій на глабальны ахоп, як біенале ў Венецыі. «Арт-Базель» —мерапрыемства ўніверсальнае, пры гэтым — непрыхавана камерцыйнае. Тым не менш, пры ўсіх не заўсёды станоўчых уражаннях зазначу, што сюды прыязджаць варта, нават каб у нечым расчаравацца.

Вялізны сусветны арт-рынак жывы, арганізатары выдатна яго зладзілі.

Наступным разам усе ўдзельнікі зноў збяруцца тут, а нас — не будзе...

 

Сяргей ГРЫНЕВІЧ