Вавілонская вежа: новае прачытанне

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

La Biennale di Venezia
Венецыянскае біенале сёлета адкрылася 55-ы раз. Збіраючыся ў дарогу, я меркаваў прааналізаваць яго параўнальна з папярэднімі фэстамі, прасачыць тэндэнцыі і вектар руху сучаснага мастацтва.

 /i/content/pi/mast/72/1211/par_02_1_opt.jpeg

Сара Зе. Трайная кропка. Павільён ЗША.

Відавочна, што два дні (час, які я планаваў адвесці на паход па экспазіцыях) — гэта надзвычай мала для таго, каб паспець прасякнуцца казачнай атмасферай біенале. Даводзілася літаральна бегма перасоўвацца ад аднаго праекта да іншага ў імкненні паглядзець хоць бы асноўную частку праграмы: нацыянальныя павільёны ў садах Джардзіні і экспазіцыю ў Арсенале, дзе па традыцыі збіраюць маладых мастакоў; там жа размешчаны і італьянскі павільён.

На ўсё лета і пачатак восені Венецыя ператвараецца ў суцэльную галерэю, дзе ў самых нечаканых месцах можна знайсці выдатныя выставы, што праходзяць у рамках сусветнага форуму мастацтваў. Але, на жаль, на гэту не менш важную частку біенале (больш як 50 выстаў паралельнай праграмы) фізічна не хапіла часу і сіл. Засталіся не агледжанымі экспазіцыя Анатоля Асмалоўскага, лаўрэата прэміі Кандзінскага 2007 года, праект Ай Вэйвэя, працы Марка Куіна, Рудольфа Сцінгела. Праплыў міма партугальскі павільён — пераробленая баржа мастачкі Жоан Васконселуш. Убачыўшы яе, мы звярнулі ўвагу толькі на прыемную нацыянальную музыку — хто ж ведаў, што баржа хавае ў сабе выдатную (мяркуючы па фатаграфіях) інсталяцыю вядомага аўтара? Яшчэ адно месца, пра ігнараванне якога давялося потым пашкадаваць, — праект пад назвай «Prima Materia», размешчаны ў выставачнай прасторы, што належыць Франсуа Піно, аднаму з найбуйнейшых калекцыянераў і ўладальніку аўкцыённага дома Christie’s.

Пару слоў пра само біенале. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі 88 краін, сярод якіх я чамусьці не знайшоў нашай любімай Радзімы і быў крыху расчараваны ў пошуках чыннікаў такой акалічнасці. Зрэшты, ненадоўга. Мастацтва здольнае закружыць галаву нават самым скептычна настроеным персонам. Асноўным праектам, арганізатарам якога з’яўляецца самы малады ў гісторыі фэсту куратар — 39-гадовы Масіміліяна Джоні, стаў «Энцыклапедычны палац», названы так паводле аднайменнага глабальнага праекта амерыканскага мастака-самавука Марына Аўрыці, які хацеў узвесці аналаг Вавілонскай вежы — 136-павярховы будынак, дзе, паводле задумкі аўтара, былі б сабраны ўсе адкрыцці і веды чалавецтва. Тэма пошукаў і сістэматызацыі ведаў праходзіла лейтматывам праз увесь форум і залучала гледача ў цікавы працэс унікальных мастацкіх эксперыментаў і пошукаў. Можна было заўважыць працы мастакоў ХХ стагоддзя і сучаснасці; аб’яднаныя адной тэмай, яны выклікалі адчуванне хаосу, бязладнасці: велізарная колькасць суб’ектыўных сусветаў, выяўленых у розных табліцах, эскізах, фатаграфіях і іншымі метадамі творчай сістэматызацыі. Там жа, у «Энцыклапедычным палацы» ў Джардзіні, знаходзілася праца вядомага англа-нямецкага мастака Ціна Сегала, які атрымаў «Залатога льва». Яна ўяўляла сабою не што іншае, як перформанс — асноўны від мастацкай дзейнасці аўтара. Адным з яго хітоў стаў, напрыклад, перформанс на апошняй «Дакумента», дзе абсалютна цёмны пакой быў запоўнены спевакамі, сярод якіх глядач мусіў перасоўвацца.

З нацыянальных павільёнаў адклаліся ў памяці ўсяго некалькі. Іспанскі, нягледзячы на лаканічнасць і спрэчнасць, зрабіў прыемнае ўражанне — верагодна, якраз сваёй мінімалістычнай формай экспазіцыі. Нагрувашчаныя кучы будаўнічага смецця (цэмент, плітка, цэгла, шкло...), з якога можна пабудаваць хату, запоўнілі ўсю выставачную прастору, аддадзеную іспанскай мастачцы Лары Альмарсенге.

Запомнілася інсталяцыя фінскіх мастакоў, у якой чалавек мог паразумецца з дрэвамі. З дапамогай адмысловага прыбора, у які трэба было дыхаць ці прамаўляць, да дрэў паступаў вуглякіслы газ, а іншы, прымацаваны да лісця, прыбор трансфармаваў рэакцыю дрэў у спецыфічны гук.

Цікавай эстэтыкай хаосу прыемна здзівіла амерыканская мастачка Сара Зе. У павільён пускалі па некалькі чалавек, і ўнутры вы сутыкаліся з яе асабістым сусветам — інсталяцыямі, якія складаліся з мноства паўсядзённых прадметаў, спалучаных паводле нейкай фантастычнай сістэмы, зразумелай, напэўна, толькі самой мастачцы. Выглядала эфектна, але нешта падобнае, шчыра кажучы, можна было сустрэць і ў мінулыя разы. Эстэтыка квазі-хаосу не раз эксплуатавалася мастакамі... І, на мой погляд, два гады таму амерыканцы падышлі з большым размахам да прэзентацыі нацыянальнага мастацтва.

Нельга абысці ўвагай праект канцэптуальнага расійскага мастака Вадзіма Захарава і немца-куратара Вуда Кіцэльмана. Праект меў назву «Даная» і ўяўляў сабой пацешную (так, менавіта гэтае слова тут да месца), лёгкую і эфектную інсталяцыю-перформанс на тэму грэчаскага міфа пра Данаю, дачку цара Акрысія. Апошні з-за прадказання, што ўнук яго заб’е, замкнуў дачку ў вязніцы, але Зеўс сышоў на Данаю ў выглядзе залатога дажджу — і на свет з’явіўся Персей.

У рускім павільёне прыгожы малады чалавек са спакойным выглядам сядзеў у сядле пад столлю і шчоўкаў арэшкі, пакідаючы на падлозе пад сабой гару шкарлупіння. Другі гэтак жа тэатральна працаваў з іншай інсталяцыяй, якая заняла два паверхі: на першы пускалі толькі прадстаўніц чароўнага полу, дзе яны, узброіўшыся празрыстым парасонам, маглі ў поўнай меры адчуць сябе Данаяй, бо зверху на іх перыядычна сыпаліся манеты, адмыслова вырабленыя для дадзенага праекта. Адну манетку можна было ўзяць на памяць. Спалучэнне якаснага перформансу і эфектнай падачы выклікала прыкметны ажыятаж побач з рускім павільёнам.

У венецыянскім павільёне таксама прысутнічала праца папулярнага цяпер рускага арт-праекта «AES+F».

А дзесьці ў горадзе, у вар’яцкіх вулачках-лабірынтах, схаваўся не менш выдатны праект куратара Антоніа Джэўза «Цяжкасці перакладу» з такімі яркімі мастакамі, як Віталій Камар і Аляксандр Медамід, Уладзіслаў Мамышаў-Манро, Віктар Півавараў і іншыя.

Цікавым быў карэйскі павільён, мінімалістычны і манахромны. Перад уваходам у яго трэба было здымаць абутак і падпісваць паперу пра тое, што ў цябе няма клаўстрафобіі ці падобных хвароб, хоць усярэдзіне па сутнасці нічога і не было. Людзі чакалі сваёй чаргі, каб апынуцца ў цалкам цёмным і гуканепранікальным пакоі, пастаяць там з хвіліну і выйсці.

Дзіўна было ўбачыць у нямецкім павільёне знакамітую інсталяцыю Ай Вэйвэя з мноствам злучаных паміж сабой драўляных крэслаў. Наогул, штосьці незразумелае адбывалася з нямецкім і французскім павільёнамі. На месцы, дзе згодна з шыльдай павінна прысутнічаць Францыя, выстаўлялася Германія — і наадварот. Як потым высветлілася, гэтыя краіны вырашылі памяняцца пляцоўкамі ў гонар юбілею падпісання дамовы пра сяброўства (1963). Прысутнасць Ай Вэйвэя (аднаго з самых значных прадстаўнікоў кітайскай арт-сцэны) тлумачылася тым, што Германія вырашыла паставіць пад сумнеў значэнне слова «нацыя» і дэманстравала чатырох не-нямецкіх мастакоў.

Вядома, можна доўга яшчэ пісаць пра тое, як выдатна было акунуцца ў непаўторную атмасферу Венецыі, пра тое, колькі зорных асоб сусветнай арт-сцэны можна было пабачыць сваімі вачамі, увабраць магутны энергетычны струмень, што зыходзіў ад іх прац. У любым выпадку, параўнальнага аналізу не атрымалася. Хоць я быў і скептычна настроены па пачатку імпрэзы (чакаў убачыць рэзкае адрозненне паміж цяперашнім і мінулымі біенале), але ў выніку, праглядаючы фатаграфіі і працуючы над гэтым тэкстам, раптам зразумеў, што гэта ўсё было дзівосна добра. Цяпер, як 2 ці 4 гады таму, выстаўляліся і моцныя працы, і больш слабыя, але сам узровень мерапрыемства застаецца на вышыні і ў дачыненні да яго проста недарэчныя ацэнкава-параўнальныя катэгорыі, бо кожнае біенале ўнікальнае і адназначна вартае таго, каб убачыць яго сваімі вачамі.

Аляксей ГУБАРАЎ