Кафкіянскія Каны

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Еўрапейскія кіналідары і сусветныя тэндэнцыі
Зусім мала часу застаецца да правядзення Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад. Пра вандроўкі і пра тэндэнцыі, відавочныя на прыкладзе сёлетніх фэстаў, мы распытваем Ігара Сукманава, вядомага кіназнаўцу і крытыка, праграмнага дырэктара кінафестывалю.

/i/content/pi/mast/72/1207/diskurs_02_04_opt.jpeg

«Выява адсутнічае». Рэжысёр Рыці Панх. 2013.

Пра вандроўкі і пра тэндэнцыі, відавочныя на прыкладзе сёлетніх фэстаў, мы распытваем Ігара Сукманава, вядомага кіназнаўцу і крытыка, праграмнага дырэктара кінафестывалю «Лістапад».

Некалькі гадоў таму і арганізатары і крытыка дружна заявілі пра новы фармат мінскага кінафэсту. Меркаванні спецыялістаў адназначныя: фестываль зрабіўся больш грунтоўным і прафесійным. Цяперашні «Лістапад» дае надзвычай шырокую панараму таго, што адбываецца ў сучасным кінамастацтве. Якімі прынцыпамі вы кіруецеся, калі фарміруеце чарговую праграму? З якіх крыніц чэрпаеце ўражанні і веды, каб удакладніць карціну кінематаграфічнага свету і змен, што адбываюцца ў ім кожны год?

— Карціны Берлінале, Канаў, «Кінатаўра» складаюць аснову праграмы «Лістапада». На кожным фестывалі падтрымліваем традыцыю, заяўленую з самага пачатку, — прадставіць гледачу знакавыя стужкі апошняга часу, базавыя для кінапрацэсу бягучага года карціны. Фільмы, якія паказваюцца ў рамках асноўнага конкурсу, тэрытарыяльна абмежаваны краінамі СНД, дзяржавамі Усходняй Еўропы. Акрамя таго — Кітай, Куба, В’етнам. Тое, што раней стваралася ў краінах сацыялістычнага лагера. Справа вельмі актуальная. Бо гэта вяртанне не да старых каштоўнасцей, а да культурных традыцый. Раней мы ведалі, што здымаецца ў Арменіі і Грузіі. Мелі ўяўленне пра прыбалтыйскае кіно. Любілі польскія, венгерскія, чэшскія стужкі. Цяпер гэтыя кінематаграфіі нам практычна невядомы. Таму «Лістапад» — адзіная магчымасць аднаўляць страчаныя культурныя сувязі і коды.

Канскі міжнародны кінафестываль успрымаецца як адна з самых яркіх падзей у свеце кіно. Сёлета журы асноўнага конкурсу ўзначальваў Стывен Спілберг. У афіцыйную конкурсную праграму ўвайшлі новыя работы прызнаных майстроў сучаснага кінематографа: братоў Коэн, Рамана Паланскі, Джыма Джармуша, Стывена Содэрберга, Франсуа Азона.

— У апошнія гады лепшыя канскія прэм’еры хутка траплялі ў Мінск. На «Лістапад-2012» з Лазурнага берага прыехалі самыя значныя і знакавыя карціны. «У тумане» Сяргея Лазніцы, адзначаны прызам ФІПРЭСІ ў Канах, быў у нас фільмам адкрыцця, атрымаў «Золата “Лістапада”» і выклікаў ажыўленую дыскусію. Карціна «Каханне» Міхаэля Ханэке, якая заваявала «Залатую пальмавую галіну», паказвалася на закрыцці нашага форуму. Пабачылі нашы гледачы і стужку «Пасля Лусіі» Мічэль Франка, што атрымала Гран-пры праграмы «Асаблівы погляд». Дадам фільм «За ўзгоркамі» Крысціяна Мунджу...

Дарэчы, румынскі рэжысёр быў сябрам журы асноўнага конкурсу апошняга фестывалю ў Канах...

— Акрамя таго, на «Лістападзе» паказваліся такія карціны, як «Блудніца» Хагар Бэн Ашэр, «Дзікуны» Алехандра Фадэля, «Фога» Юленэ Алайсола. Яны адкрываюць новыя імёны і новыя тэрыторыі.

Ведаю, на Канскі фестываль вы трапілі ўжо адзінаццаты раз...

— Кожны раз выпраўляюся туды з вялікім захапленнем і запалам. Гэта Мекка для ўсіх, хто любіць кіно і прафесійна ім займаецца. На дванаццаць дзён Каны ператвараюцца ў кінематаграфічную пляцоўку, дзе збіраюцца лепшыя сілы. Падчас паказаў акцэнт робіцца на эксклюзіўных карцінах, непаўторных аўтарскіх фільмах. На тым, што пазней зробіцца тэндэнцыяй, галоўным і найбольш цікавым.

Канскі фестываль мае досыць складаную арганізацыю. Апрача афіцыйных мерапрыемстваў з чырвонымі дарожкамі ладзіцца і кінарынак, дзе адбываюцца самыя значныя кінематаграфічныя «здзелкі стагоддзя». Усё, што прадаецца і набываецца, што мы бачым цягам года на кінаэкранах, у пракаце, — таксама вынік Канскага кінафэсту. Дыстрыб’ютары з усяго свету з’язджаюцца менавіта сюды, каб глядзець і дамаўляцца. І больш за тое — заключаць дамовы пра вытворчасць і паказ будучых фільмаў, якія пакуль маюць толькі сцэнарый, або мяркуецца, што рэжысёрамі карцін будуць знакавыя асобы — кшталту Ларса фон Трыера альбо Педра Альмадовара.

Чым апошні Канскі фестываль прынцыпова адрозніваўся ад папярэдніх? Ці адлюстраваў ён пэўныя тэндэнцыі ў кінематографе?

— Так, адрозненні ёсць. Адбываецца змена дырэктарата: сышоў знакаміты Жыль Жакоб, які на працягу многіх дзесяцігоддзяў кіраваў фестывалем, збіраў праграмы, знаходзіў новыя імёны, культываваў іх. Па сутнасці, слава, якую сёння маюць Каны, — вынік вельмі дбайнай і сур’ёзнай працы адборшчыкаў. Новы дырэктар, Цьеры Фрэмо, таксама ўваходзіў ў кіраўніцтва фэсту, але цяпер яго меркаванні ў большай ступені ўплываюць на мастацкую палітыку фестывалю і сведчаць пра пэўныя перамены.

Гаворка пра змены ў жанрах, стылях, у імёнах, якім аддаецца перавага?

— Нельга сцвярджаць, што ўсё мяняецца рэзка. Ці адбываецца змена кінематаграфічных пакаленняў? Не, удзельнічаюць тыя ж аўтары. Але з’яўляюцца новыя фаварыты, новыя ўлюбёнцы. Гэта выяўляецца ў тым, як адборшчык (а гэты чалавек, па сутнасці, ажыццяўляе кінематаграфічную палітыку) адчувае новыя тэндэнцыі і павевы. Апошні год сведчыць: Канскі фестываль, раней дастаткова непрымірымы і незалежны ад амерыканскага лобі, усё больш схіляецца ў бок узаемадзеяння з галівудскай жанравай структурай. Таму многія карціны сёлета актыўна існавалі ў полі артхаўзнага, але жанравага кіно. Не магу сказаць, што гэта ўсцешвае. У нечым губляецца адметнасць аўтарскай інтанацыі. Бягучы год не выявіў новых імёнаў, не прадставіў у іншым святле масцітых рэжысёраў, якія прапанавалі б штосьці зусім новае, арыгінальнае, нечаканае. Ёсць тэндэнцыя да камерцыялізацыі. Раней у гэтым не было неабходнасці. Сюды заўжды запрашалі моцных рэжысёраў і моцныя карціны.

Міжнародны фэст — гэта заўсёды вялікая колькасць уражанняў. Колькі стужак за дзень вы звычайна глядзелі?

— Па-рознаму. Максімальна — 5-6 карцін. Сапраўды, інтэнсіўнасць праглядаў высокая. Здавалася б, побач мора, пляжы... Так, прыгожая карцінка, якая радуе вока. Але гэтага нібыта не існуе… Не менш важная справа ў Канах — сустрэчы з дыстрыб’ютарамі. Бо нічога няма лепшага за персанальныя кантакты. Але дамоўленасць павінна быць дасягнута загадзя. Для таго, каб у межах фестывалю адбылася 20-хвілінная сустрэча, трэба пра яе паклапаціцца яшчэ ў Мінску, за месяц ці два. У выніку на сон застаецца тры-чатыры гадзіны. Невыпадкова многія журналісты і крытыкі пасля камандзіроўкі ў Каны бяруць адпачынак. Гэты фэст — кірмаш, які доўжыцца фактычна кругласутачна. Такі графік — выпрабаванне на трываласць.

Моцныя ўражанні патрабуюць асэнсавання. Думаю, вы навучыліся не ўспрымаць убачанае на экране надта эмацыйна?

— Так, вопыт дапамагае. Але ўсё-такі важна захаваць два складнікі ўспрымання — аналітычны і эмацыйны. Бо карціна прымяраецца не толькі пад уласную псіхалогію, думаеш і пра аўдыторыю, якая потым будзе глядзець стужку ў Мінску. Мая задача — не толькі адборшчыка, я ж яшчэ і кіназнаўца. Мушу напісаць рэцэнзіі на тыя ці іншыя карціны. Шмат залежыць і ад таго, якія мэты для сябе ставіш. Кожны дзень — два конкурсныя паказы. Для некага іх дастаткова, мне ж хочацца ахапіць як мага болей з’яў. Іншым разам гэта проста нерэальна. Бо паказ праграм адбываецца паралельна...

Пэўна, мастацкія і дакументальныя, «поўны метр» і «кароткі»?

— «Кароткі метр» не гляджу наогул. «Лістапад» ім не займаецца, хоць кожны год мы пра тое марым. Але пакуль гэта невырашальнае пытанне. Трэба мець асобнага адборшчыка ў заяўленым жанры. У дадатак структура нашага фестывалю ў такім разе зробіцца больш складанай і разгалінаванай.

У Канах працэнт неігравога кіно невялікі. Але падобныя фільмы прыраўноўваюцца па сваім узроўні да мастацкіх карцін. Прыклад — «Выява адсутнічае», франка-камбаджыйскі праект, які атрымаў галоўны прыз конкурсу «Асаблівы погляд». Фільм распавядае пра наступствы крывавай кхмерскай рэвалюцыі. Рэжысёр згадвае пра сваё дзяцінства, многае аднаўляе па памяці — праз драўляныя разныя фігуркі. Яны рэканструююць дапалпотаўскае жыццё, потым жыццё пры Пол Поту, выпраўленчыя лагеры... Назва стужкі красамоўная, бо дакументы, сведчанні людзей, у якіх адлюстроўвалася гісторыя краіны, аказаліся знішчанымі рэжымам. Усе архівы ліквідаваныя. Гэта трагічна, калі ад пэўнага перыяду развіцця дзяржавы не засталося візуальных дакументаў.

Каны сведчаць: цяпер існуе тэндэнцыя сцірання межаў «ігравое — неігравое», «мастацкае — дакументальнае». Успрыманне такое — гэта фільм. У розных карцінах адметныя падыходы і метадалогія. Але вызначальныя крытэрыі ацэнкі — мова кіно і змястоўнасць. І, натуральна, майстэрства.

Як вядома, фестываль ладзіцца ў Канскім палацы. Цікава было б з вашай дапамогай адчуць атмасферу кінафэсту...

— Палац мае шмат залаў. Колькі іх, нават цяжка палічыць. Для афіцыйнай конкурснай праграмы існуе асноўная зала Люм’ер на дзве з паловай тысячы месцаў, дзе ідуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця. У назве — непасрэдная аналогія з братамі Люм’ер. Другі па значнасці конкурс, «Асаблівы погляд», праходзіць у зале Дэбюсі. Яна крыху меншая. Ёсць зала Бунюэля, дзе, напрыклад, адбываюцца прагляды для прэсы. У нетрах фестывалю ажыццяўляецца і кінарынак. Таму існуе велізарная колькасць больш камерных пляцовак, невялікіх залаў, у тым ліку па 50-60 месцаў.

Аншлагі ёсць заўсёды. Каны якраз вядомыя сваім ажыятажам і неверагоднымі чэргамі. У апошнія гады гэта ўсё больш нагадвае паломніцтва. Віды акрэдытацыі асобныя для прадстаўнікоў кожнай прафесіі — рэжысёраў, прадзюсараў, фатографаў, крытыкаў. Цікава, што для СМІ таксама прадугледжаны розныя акрэдытацыі: для прэсы штодзённай і штомесячнай, асобна — для фатографаў і тэхнічных служб. Каралеўская, так званая «белая» акрэдытацыя дазваляе трапіць усюды і без чэргаў. Паколькі акрамя прэсы існуе і кінарынак, а значыць, дыстрыб’ютары, прадаўцы, велізарная колькасць фестывальшчыкаў, такіх, як я, — яны маюць свае акрэдытацыі. Але ўсё роўна вам неабходна стаць у пэўную чаргу і чакаць, калі яна будзе прасоўвацца. Гэта стамляе. У залежнасці ад таго, як запаўняецца глядзельная зала, зразумела, якая частка чаргі трапіць на паказ, а якая — не.

Інакш кажучы, акрэдытацыя — не гарантыя?

— Гарантыя толькі адна — займай чаргу раней, і ў цябе будзе шанец. Гэта наогул кафкіянскі свет. Ён не заўсёды зразумелы і празрысты. Бо, здараецца, на адны паказы можна прыйсці за 15 хвілін — і трапіць. А часам займаеш чаргу за дзве гадзіны — і дарэмна.

Асаблівы свет з уласнымі законамі...

— Так. Са сваёй складанай іерархіяй, якая стварае напружаную атмасферу. Ты можаш знаходзіцца на мяжы сіл, нават у стане адчаю — але ўрэшце ўсё мае хэпі-энд. І кожны, хто сюды прыязджае, у фінале вымаўляе: «Ну, гэта ж Каны!»

Калі трапляеш на фестываль не ўпершыню, многія рэчы больш відавочныя і зразумелыя. Але няважна, ветэран ты ці навічок, правілы для ўсіх аднолькавыя. Момант збояў магчымы заўсёды. Але збой у Канах — рэч смяротная, харакіры... Бо графікі, звязаныя з сустрэчамі, прэс-канферэнцыямі, паказамі, графікі, якія будуюць журналісты, пракатчыкі, надзвычай напружаныя. План ствараецца загадзя, і калі адбываецца збой, тады праграму сустрэч трэба будаваць наноў.

Увогуле 12 дзён фестывалю на Лазурным беразе аддадзены ва ўладу прэсы. Журналісты, крытыкі з’яўляюцца галоўнымі гледачамі. Яны і пастаяльцы, і ўладары фестывальнага палаца. А гледачы існуюць па рэшткавым прынцыпе. Тое невыпадкова. Каны заўжды ганарацца, што па колькасці журналістаў яны саступаюць толькі Алімпійскім гульням. Так адбываецца «прасоўванне» кіно. Каны — не глядацкі, а прафесійны фестываль. Дзякуючы гэтаму карціны, якія трапляюць у поле зроку (а іх няшмат), становяцца паказальнымі і яркімі. Пра іх гавораць і спрачаюцца.

Як адбываюцца вашы перамовы з дыстрыб’ютарамі?

— Мы вядзем перамовы не з аўтарамі, а з кампаніяй, што мае правы. Аўтары і стваральнікі карцін — не тыя асобы, кім я цікаўлюся ў першую чаргу, калі прыязджаю на фестываль. Кожны аўтар з’яўляюцца часткай вялікай бізнес-структуры. У дадзеным выпадку тое звяно, з якім пачынаем працаваць, — sales-агенты. Спачатку даведваемся пра магчымасць паказаць канкрэтную карціну на фестывалі. Далей узнікае пытанне, колькі гэта каштуе і ці можна запрасіць аўтараў.

Чым Канскі фестываль па скіраванасці адрозніваецца ад Берлінскага, на які вы звычайна выпраўляецеся?

— Апошні больш дэмакратычны, у большай ступені арыентаваны на гледача. У дадатак у Берліне заўжды высока каціраваліся стужкі, якія маюць сацыяльную скіраванасць. Заўважу, гэта часта робіць іх прывязанымі да падзей і пэўнага часу. Сёлета нешта падобнае адчувалася і ў Канах. Бо дэбаты, якія ідуць у Францыі наконт рэгістрацыі аднаполых шлюбаў, адлюстраваліся і на экране. Было дастаткова фільмаў, прысвечаных гэтаму. Нават ацэньваючы іх высокі ўзровень, нельга не заўважыць пэўную тэндэнцыйнасць. Такое мог сабе дазволіць Берлін, але Каны, якія заўжды захоўвалі пэўную дыстанцыю, усталяваную адлегласць самі і парушылі.

Заўважу, часам актуальнасць набывае павучальны і маралізатарскі характар. Калі б гэтыя карціны аказаліся шэдэўрамі, адлюстроўвалі пошукі кінематаграфічнай мовы, тады можна было б з гэтым змірыцца. На маю думку, дырэктар фестывалю Цьеры Фрэмо надта асцярожнічае, калі не імкнецца даваць карт-бланш іншым персонам у кінематографе. Таму праграма, якую прадставіў сёлета Канскі фэст, дастаткова прадказальная. Па маім асабістым меркаванні, апошні фестываль не лепшы.

Самыя скандальныя карціны ў Канах звычайна суправаджаюцца новымі моўнымі і стылёвымі формамі, нечаканасцю падыходу да тэм і праблем. Фестываль нязменна культываваў аўтараў, якія прапаноўвалі свежасць, яркасць, самабытнасць. Напрыклад, першыя карціны мексіканца Карласа Рэйгадаса, што траплялі ў праграмы фэсту, выклікалі бурную рэакцыю, часцей негатыўную, на мяжы правалу. Крытыкі ставілі насупраць назваў тлустыя крыжы. Воляю Жыля Жакоба Рэйгадас з’яўляецца сёння адным з самых культавых рэжысёраў.

Але мова, на якой ён размаўляў, пераймаецца іншымі і паступова становіцца нават у нейкай ступені шаблоннай. З’яўляюцца эпігоны, яны працуюць у такім жа ключы і прапаноўваюць сімулякры. На апошнім фестывалі атрымалася так, што ў большасці героі, сюжэты, мова існуюць на ўжо засвоенай тэрыторыі. Сёлета прыз за рэжысуру прысуджаны вельмі яркаму і самабытнаму мексіканцу Амату Эскалантэ за фільм «Элі». Да таго ён здымаў сапраўды радыкальныя, «калючыя» карціны. Зараз жа зрабіў абсалютна фестывальнае кіно, з серыяй сцэн і кадраў, якія шакуюць, але сама карціна працуе па шаблоне. У выніку фільм атрымлівае прыз, хоць на самай справе гэта не дасягненне, а крок назад. Такім чынам заахвочваецца не мастацтва кіно, а хады, якія ўдала спрацоўваюць і прымаюцца большасцю публікі. І гэта вельмі характэрна.

У праграме кожнага Канскага фестывалю было некалькі карцін, якія «зрывалі башню», прымушалі горача спрачацца. Сёлета такіх дыскусій практычна не было. Нават аўтар, якога культывуюць, датчанін Нікалас Рэфн (у Канах паказваўся яго фільм «Толькі Бог даруе»), дэманструе, на мой погляд, татальную пустату. Фармальна яго карціны вытанчаныя, у той жа час неверагодна жорсткія, у іх прысутнічае нават эстэтызацыя гвалту. І гэта таксама пужае. Бо ў шакуючых гісторыях таго ж Ларса фон Трыера — бездань сэнсу. Цяпер тое, што мы глядзім, выклікае прыхільнасць ці непрыязнасць, але гэта пасіўныя адчуванні. Яны не ўплываюць на гісторыю кінематографа.

Можаце сказаць, якія карціны апошняга Берлінскага ці Канскага фестывалю трапяць у праграму будучага «Лістапада»?

— Пакуль што не маю права распавядаць пра гэта. Цяпер існуе толькі абрыс будучай праграмы. Наступны этап — перамовы, далей — фінансаванне... У дадатак усе фільмы, якія будуць удзельнічаць у асноўным конкурсе, павінны мець аднолькавыя магчымасці і правы. Калі карціна з Канскага альбо іншага фестывалю класа «А» прыедзе на «Лістапад», вядома, будзем вельмі рады бачыць пастаноўшчыка. Часам не можам запрасіць аўтара, бо ён надзвычай заняты. Калі рэжысёр прыязджае сам, без стужкі, магчымае яго з’яўленне ў якасці сябра журы. Але ў першую чаргу нас цікавяць карціны.

Застаецца толькі дачакацца наступнага «Лістапада», каб даведацца, што з паказанага ў Берліне і Канах упадабаюць наша публіка і журы. Дзякуй вам за вычарпальную гутарку.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі