Са Смілавіч – у свет

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

Хаім Суцін і яго сям’я
У 2012 годзе на аўкцыёне «Крыстыс» у Лондане была набыта першая карціна Хаіма Суціна ў Беларусі для карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка — «Вялікія лугі ў Шартры» (1934). Мінчане ўбачылі гэты арыгінал Суціна на выставе «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» ў Нацыянальным мастацкім музеі.

/i/content/pi/mast/71/1199/artefakts_01_117.jpeg

Хаім Суцін. Ева. Алей. 1928.

У маі 2013 года ў гэту ж калекцыю куплена на аўкцыёне «Сотбіс» у Нью-Ёрку за 1 мільён 700 тысяч долараў яшчэ адна карціна мастака — «Ева» 1928 года. З’яўленне двух арыгіналаў Суціна на яго Радзіме ўзмацніла інтарэс да беларускага перыяду жыцця знакамітага творцы, тым больш што сёлета адзначаецца яго 120-годдзе.

Юбілеі, як вядома, стымулююць даследаванні біяграфій мастакоў. Цікавасць да Суціна з’явілася досыць даўно — у 1993-м яго 100-годдзе было адзначана сціплым вечарам памяці ў Мастацкім музеі. Тады пра Суціна і яго жыццё ў Беларусі амаль нічога не ведалі. Цяпер многае змянілася.

Ужо пяць гадоў у Смілавічах працуе экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна», якую наведалі больш за дзесяць тысяч чалавек, у тым ліку дырэктар Парыжскай пінакатэкі Марк Растэліні, французскія і ізраільскія дыпламаты і беларускія мастакі. Уладзімір Шчасны ў 2011 годзе выдаў кнігу пра мастакоў Парыжа, якія нарадзіліся ў Беларусі.

Аднак першыя 17 гадоў жыцця Суціна яшчэ доўга заставаліся terra inсognita, а гэты кароткі, але ёмісты перыяд у яго жыцці, безумоўна, паўплываў на мастацкае светаадчуванне.

Да нядаўняга часу адзіным, што ведалі пра сям’ю Суціных, была колькасць дзяцей у ёй. Нават імя бацькі ў розных крыніцах падавалася па-рознаму. Дакументаў беларускага перыяду — сінагагальных запісаў пра абразанне, якія дапамаглі б вызначыць дакладную дату з’яўлення хлопчыка на свет, пра склад сям’і пакуль не знойдзена. І сам Суцін ні слова не напісаў ні пра сваіх родных, ні пра месца нараджэння —наадварот, канчаткова заблытаў даследчыкаў сваімі выдумкамі. Яго ранні жыццяпіс існуе толькі ў легендарызаваным пераказе сяброў. Усталявалася меркаванне, што Суцін, з’ехаўшы ў Парыж, абарваў усе сувязі з радзімай: ніколі не маляваў роднае мястэчка Смілавічы, не вёў перапіскі са сваякамі, не любіў успамінаць дзіцячыя гады, імкнуўся сцерці з памяці крыўды на бацькоў і братоў, якія не разумелі яго і асуджалі захапленне жывапісам. Знойдзеныя ў апошнія гады дакументы ў значнай меры аспрэчваюць гэты ўстойлівы міф.

Род Суціных цікавіў даследчыкаў даўно. Але пошукі мастацтвазнаўцаў і архівістаў хутка заходзілі ў тупік, бо ў ідэальна захаваных спісах насельніцтва Смілавіч таго часу род Суціных не значыўся. Як высветлілася, шукалі не там.

Далёкія продкі Суціна сталі вядомыя дзякуючы адкрыццям мінскага архівіста Рыгора Жаўняркевіча, які ў 2001 годзе апублікаваў іх у прафесійным часопісе «Архіварыус». Жаўняркевічу ўдалося высветліць, што мяшчанскі род Суціных паходзіў не са Смілавіч, дзе яго беспаспяхова шукалі, а з мястэчка Пухавічы таго ж Ігуменскага павета Менскай губерні. Мяшчане-габрэі маглі жыць у любым месцы рысы аселасці, але мусілі быць прыпісаны да вызначанай габрэйскай абшчыны. Суціны лічыліся пры Пухавіцкім кагале, але пасля пераехалі ў Смілавічы.

Першапачаткова прозвішча Суцін гучала як Сучын, потым трансфармавалася. Сучыны (Суціны) з XVIII стагоддзя жылі на Ігуменшчыне. Гэта пацвярджае і тапаніміка мясцовасці. Да нашага часу ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці захавалася назва вядомай з XVI стагоддзя вёскі — Суцін. Назва вёскі нібыта паходзіць ад прозвішча купца Шлемкі Суціна, які сек лес на продаж. Мяркуецца, што з гэтага месца і пайшлі ўсе Суціны.

Прапрадзедам Суціна, па здагадцы Жаўняркевіча, быў Есель Сучын, які нарадзіўся ў мястэчку Пухавічы прыблізна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Ён меў трох сыноў: Хаіма, Нохума і Зэліка. Род Хаіма Суціна ішоў ад старэйшага сына — Хаіма, магчымага прадзеда мастака. У яго быў сын Есель, які жыў ужо ў Ігуменскім павеце ў мястэчку Серабранка. У Смілавічы, верагодна, у 1880-я гады, пераехаў бацька Суціна Залман.

Суціны — разгалінаваны род, у якім былі і беднякі, і багатыя прадпрымальнікі: у 1896 годзе нехта Л.Суцін адкрыў гарбарню ў Менску на Ніжняй Ляхоўцы, якая ў 1927 годзе была рэарганізавана ў дзяржаўны гарбарны завод «Бальшавік», іншы купец, Берка Суцін, у 1890—1900-х гадах валодаў гатэлем «Мачыз» па Праабражэнскай вуліцы ў Менску. Але смілавіцкія Суціны былі багатыя толькі нашчадкамі.

У Залмана і Сары Суціных налічвалася 11 дзяцей, Хаім быў перадапошнім, дзясятым. Хаім-Ічэ Суцін нарадзіўся ў мястэчку Смілавічы прыблізна 13 студзеня 1894 года (у канцы снежня 1893-га па старым стылі) у сям’і краўца Залмана Майсеевіча і Сары Хламаўны Суціных. Сям’я жыла на вуліцы Менскай (цяпер — Рэспубліканская), недалёка ад галоўнай смілавіцкай сінагогі, якая згарэла ў гады Другой сусветнай вайны.

Бацька Суціна асноўны час праводзіў у сінагозе. Часта яго называюць сінагагальным служкам. Мастак Файбіш-Шрага (Сэм) Царфін, таксама смілаўчанін, у сваіх успамінах пісаў пра працяглыя філасофскія гутаркі пра Тургенева і рускую літаратуру свайго эмансіпаванага старога бацькі з Залманом Суціным, які ў адказ «частаваў свайго сябра гісторыямі з Талмуда». Хаіма выхоўвалі ў рэлігійным духу: ён успамінаў, якое моцнае містычнае ўражанне ў дзяцінстве на яго рабіла святкаванне суботы, як наведваў сінагогу ў Менску і Вільні. Але асноўныя надзеі сям’і ўскладаліся на старэйшага сына, які павінен быў стаць рабінам.

Для экспазіцыі беларускага перыяду жыцця Суціна ў Смілавічах важна было вызначыць дакладныя імёны бацькі і маці, даты іх смерці, а таксама імёны і лёсы братоў і сясцёр мастака. Гэта адбылося дзякуючы дакументам, ласкава прадстаўленым роднымі Суціна — перапісцы пляменніцы Суціна Ніны Ферапонтавай з Замюркалегіяй у 1960 годзе і аплатнай ведамасці ADAGP (Францыя) — арганізацыі па ахове аўтарскіх правоў, якая выплачвае спадчыннікам мастакоў працэнты ад прыбытку ад продажу карцін і публікацыі альбомаў. У ведамасці згадваюцца ўсе спадчыннікі Суціна за мяжой. Гэты дакумент прадстаўлены Кенэтам Грогерам (ЗША), траюрадным пляменнікам Суціна па лініі старэйшай сястры Меткі (Мэры).

Паводле замежных публікацый, па ўспамінах і гэтых дакументах устаноўлены дзевяць імёнаў сясцёр і братоў Хаіма — Янкель, Мерка (Метка, Мэры), Цыля, Мойша ( Морыс), Есель, Фрыда, Гірш, Эрыль, Этэль (Этка). У Суціна ў ЗША і БССР было больш за дваццаць пляменнікаў, якіх ён наўрад ці бачыў, а імёны ўсіх напэўна і не ведаў. Але менавіта сёстры і пляменнікі пасля яго раптоўнай смерці ў акупаваным Парыжы ў 1943 годзе, даказаўшы сваяцтва, сталі яго законнымі спадчыннікамі, бо Суцін афіцыйна не быў жанаты і дзяцей не меў (Эмі, дачку сваёй віленскай прыяцелькі Дэбары Мельнік, якая ў 1920-я гады вучылася ў Парыжы, ён так і не прызнаў). Паводле закона Францыі пра аўтарскае права ўсе сваякі Суціна да 2013 года атрымоўвалі працэнт ад продажаў карцін мастака і выдання альбомаў рэпрадукцый.

Як склаўся лёс родных Суціна?

Адзін са старэйшых жанатых братоў Суціна жыў асобна і працаваў краўцом у Смілавічах. Гэта ў яго сям’і тры гады пражыў Хаім, якога бацька такім чынам беспаспяхова спрабаваў далучыць да кравецкага рамяства, перш чым адправіць у Менск вучыцца на рэтушора ў фотаатэлье. Хаім жыў у сям’і старэйшай сястры.

Іншы яго брат, Гірш, пераехаў у Беразіно. Ягоны сын Янкель у 1950-я гады жыў у Ташкенце, дзе застаўся, верагодна, пасля эвакуацыі. Дзве малодшыя сястры Суціна — Фрыда і Этэль — у даваенны час жылі ў Смілавічах. К 1960-м гадам нікога з іх ужо не засталося, бо на спадчыну прэтэндавалі толькі тры пляменніцы: дочкі Этэлі Ніна Ферапонтава і Фаіна Цукерман і дачка Фрыды і Ісаака Грабенчыка Мар’ясі, у замужжы Шапіра, адзіная, якая пражывала ў Смілавічах.

Пра амерыканскіх сваякоў Суціна, акрамя самога факта іх існавання, доўга нічога не было вядома. Візіт у Мінск у верасні 2011 года траюраднага пляменніка Суціна Кенэта Грогера, грамадзяніна ЗША, дазволіў даведацца пра іміграваўшую лінію сям’і Хаіма Суціна. Трое старэйшых дзяцей Суціных — Метка, Цыля і Мойша — з-за беспрацоўя з’ехалі на заробкі ў ЗША.

/i/content/pi/mast/71/1199/artefakts 1111111.jpg

«Мая бабка Метка з мужам, смілавіцкім краўцам Хаімам Грогерам, у 1921 годзе павезла траіх дзяцей — майго бацьку Мойшу і яго сясцёр Гертруду і Дароту са Смілавіч у Амерыку, — распавядае Кенэт Грогер. —Метка, якая ў Амерыцы стала Мэры, памерла ў Нью-Ёрку ў 1930-я гады. Мой дзядзька Мойша (Морыс) быў кашэрным мясніком у яўрэйскім квартале ў Нью-Ёрку.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, мая цётка Гертруда займалася дакументамі, каб перавезці Хаіма ў Амерыку. Існуюць дзве версіі, чаму пераезду не адбылося. Магчыма, у Суціна былі праблемы з французскімі дакументамі. А другая версія заключаецца ў тым, што гэтаму дзіўнаму чалавеку было ўсё адно: ідзе вайна або не. Ён хацеў толькі маляваць. Таму і адкінуў запрашэнні амерыканскай радні. А цётка Дораці яшчэ жывая. Ёй 96 гадоў, і ў яе захаваліся некаторыя сямейныя фатаграфіі».

Кенэт Грогер, выхадзец з Нью-Ёрка, выкладае англійскую мову ў адным з японскіх універсітэтаў. Ён жыве і працуе ў Японіі ўжо 17 гадоў. Імя свайго знакамітага дзядзькі ведаў з дзяцінства. У 2005-м Грогер ужо наведваў Смілавічы, спадзеючыся сустрэць там кагосьці, хто памятаў Суціна, але беспаспяхова. Тады ён не ведаў, што ў Мінску жыве яго сваячка, дачка малодшай сястры Суціна Этэлі Ніна Ферапонтава. Іх хвалюючая сустрэча адбылася толькі ў 2011 годзе ў Мінску. Кенэт Грогер наведаў і высока ацаніў экспазіцыю ў Смілавічах як паспяховы мастацка-асветніцкі і краязнаўчы праект. Грогер спадзяецца зняць фільм пра свайго знакамітага сваяка: «Няма другога чалавека, вакол якога было б столькі ж легенд і міфаў, колькі іх вакол Хаіма Суціна. На гэтай глебе ў нас ёсць супярэчнасці з маім братам. Ён хоча, каб фільм, які я раблю, быў вельмі дакладным, каб у ім былі толькі правераныя факты. Але на такое кіно не пойдзе глядач. Мне ж хочацца, каб усе гэтыя міфы ўвайшлі ў карціну, каб атрымалася крутое, дынамічнае галівудскае кіно. Брат кажа: “Не зняслаў імя Хаіма” — ён ставіцца да яго надзвычай трапятліва. Але я ад сваіх планаў пакуль не адмаўляюся. Хачу, каб у фільме іграў Леанарда Дзі Капрыа. Ён са сваёй дзяўчынай-супермадэллю быў на апошняй выставе Суціна ў Нью-Ёрку ў чэрвені гэтага года. Можа быць, ён пагодзіцца зняцца ў нашай карціне. Але на яе патрэбны вялікія грошы», — сказаў Кенэт у інтэрв’ю «Комсомольской правде» ў 2011 годзе.

Дзеці, якія з’ехалі, дапамагалі сям’і — высылалі ў Смілавічы грошы нават у нялёгкія 1930-я гады. Ніна Ферапонтава памятае, што ў бабулі Сары заўсёды ў запаветнай скрыні буфета былі смачныя, хораша спакаваныя ў залатую фольгу прадукты, набытыя на грошы, дасланыя дзецьмі з Францыі і ЗША. Бабуля выдавала іх строга пад лік.

Карцін Суціна ні ў амерыканскіх, ні ў беларускіх нашчадкаў яго блізкіх сваякоў няма. Раннія партрэты маці і сястры Мэры, якія віселі ў доме малодшай сястры Этэлі ў Смілавічах, прапалі ў гады вайны. Але амерыканскія Суціны з газет добра ведалі пра яго славу ў Францыі і ЗША і пісалі пра гэта сваім бацькам у БССР. Залман Суцін у канцы 1920-х перадаў праз аднавяскоўца мастака Шрагу Царфіна ў Парыж ліст, у якім запрашаў прыехаць на радзіму і дапамагчы сям’і. Ён прызнаваў, што ў маленстве біў хлопца, але лічыў, што гэта пайшло на карысць і ён стаў «господином».

Наогул, Суцін і яго бацькі і сёстры вялі перапіску на ідыш пачынаючы з 1910-х гадоў, калі Хаім вучыўся ў Вільні ў школе акадэміка Івана Трутнёва. Вядома, што ў гэтых лістах ён наракаў на антысемітызм некаторых педагогаў. Перапіска доўжылася, і калі ў 1912 годзе Хаім пераехаў у Парыж, каб працягнуць вучобу.

Стасункі з бацькамі насамрэч не былі такімі напружанымі, як апісваюць у літаратуры. Маці Суціна ліставалася з сынам і іншымі дзецьмі да самай смерці. Апублікаваны канверт пісьма ў Парыж сыну, старанна падпісаны па-руску «Сара Суціна». Хаім пісаў і сёстрам.

Наогул беднасць сям’і Суціных некалькі перабольшана: Хаім меў магчымасць вучыцца і ў малявальнай школе Кругера ў Менску, і ў мастацкай — у Вільні, на заробак рэтушора мог дазволіць сабе правесці вакацыі на Балтыцы, запрасіць на лета ў бацькоўскую хату свайго прыяцеля Міхаіла Кікоіна, зняць памяшканне пад майстэрню ў Смілавічах.

З канца 1920-х гадоў ён ужо канчаткова прыжыўся ў Парыжы: пасля куплі 52-х карцін амерыканскім калекцыянерам Барнсам і ўзлёту кошту на яго творы набыў вілу, завёў машыну з асабістым шафёрам, стаў выглядаць як дэндзі.

Пасля смерці бацькі ў сярэдзіне 1930-х, мяркуючы па апублікаваным лісце яго малодшай сястры Этэлі, якая цяжка хварэла на дыябет, Суцін пасылаў грошы маці і сястры, паведамляў пра сваю хваробу — пакутлівую язву страўніка.

Этэль, якая ў 1927 годзе выйшла замуж за службоўца Смілавіцкага сельскага савета Шалома Цукермана, пісала яму на ідыш у 1935-м: «...Я, мой муж і наша маленькая дарагая дачушка Наума, мы ўсе разам знаходзімся побач з мамай. Наш бацька памёр, наш брат Янкель таксама памёр. Мы як сляпыя авечкі ў гэтым свеце. Зараз, дарагі брат, ты для нас прамень святла, ты робіш наша змрочнае жыццё святлей, ты асвятляеш усё.

Твае навіны нам дадаюць сілы жыць. Мы вечна будзем памятаць падарунак, які ты нам зрабіў. Мама нам таксама дала трохі грошай... і я змагла трохі паклапаціцца пра сябе... Зараз, дарагі брат, уся надзея толькі на цябе; я звяртаюся да цябе, бо ў мяне няма іншага выйсця... ты самы блізкі чалавек, якому я магу распавесці пра свае беды...

Дарагі брат, мне вельмі цяжка прасіць, але, калі б ты мог мне трохі дапамагчы грашыма, усё сваё жыццё я б памятала, што ты быў маім выратавальнікам...». Этэль (Этка) памерла ад наступстваў дыябету ў 36-гадовым узросце. Шасцігадовая Наума (Ніна) і падгадаваная Фаіна засталіся з бацькам пад апекай хатняй работніцы — рускай жанчыны, буфетчыцы Наталлі, якая іх фактычна і выхавала.

Доўгі час лічылася, што сям’я Суціна загінула ў гета ў 1941 годзе. Паводле звестак Ніны Ферапонтавай, гэта не так. Бацька памёр у 1932 годзе; маці пасля яго смерці жыла ў хаце малодшай дачкі Этэль, дзе і памерла ў 1938 годзе. Усе яны пахаваны на мясцовых могілках. Знайсці іх магілы не ўдалося.

Сваякі Суціна і іх дзеці здолелі своечасова эвакуявацца са Смілавіч дзякуючы Шалому Цукерману, што правільна ацаніў становішча і паспеў перавезці блізкіх са Смілавіч у першыя дні вайны. У гады Вялікай Айчыннай сям’я Суціных жыла ў Кіргізіі, дзеці Гірша — ва Узбекістане.

Наума — Ніна Аляксандраўна Ферапонтава — цяпер жыве ў Мінску. Яна ўсё жыццё прапрацавала на швейнай фабрыцы. Памяць 11-гадовай дзяўчынкі захавала інтэр’ер хаты бабулі Сары са старой швейнай машынкай і земляной падлогай.

Такім чынам, апошнія даныя пераканальна развейваюць распаўсюджаны міф, што Суцін, з’ехаўшы ў Парыж, забыўся пра Радзіму і пакінутых там сваякоў.

Лёс раскідаў сям’ю мастака па розных краінах і кантынентах. У Смілавічах пра Суціна нагадваюць толькі старыя яўрэйскія могілкі, на якіх ляжаць пяцёра членаў яго сям’і, вуліца Рэспубліканская (былая Мінская), на якой стаяла драўляная хата бацькоў, ды некалькі драўляных хат пачатку ХХ стагоддзя. Адну з такіх хат — у Татарскай слабадзе — нават хацеў набыць Марк Растэліні, дырэктар Парыжскай пінакатэкі: лепшага месца для музея Суціна не прыдумаеш...

А пакуль у Смілавічы на радзіму продкаў і ў адзіны ў свеце музей іх знакамітага сваяка прыязджаюць і іншыя нашчадкі Суціных: у ліпені 2013 года могілкі і экспазіцыю наведалі Альберт і Гілер Плаксы са ЗША. Прабабка Альберта Плакса была роднай сястрой маці Суціна, ці яго цёткай. Сын Альберта Гілер атрымоўвае мастацкую адукацыю і вучыцца дызайну.

Застаецца надзея ўбачыць фатаграфіі сям’і Суціна, якія належаць Дораці Коген, пляменніцы мастака ў ЗША, і дакументы з сямейнага архіва Плаксаў, атрымаць копіі лістоў Хаіма, адрасаваных сястры Мэры. Гэтыя матэрыялы дагэтуль не апублікаваны.

Надзея УСАВА