Вяртанне праз трыццаць гадоў

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

«Вясёлыя жабракі» -- вакальны цыкл Ігара Паліводы
Вялікае бачыцца на адлегласці. У дачыненні да Ігара Паліводы, кампазітара, піяніста і аранжыроўшчыка, які пражыў вельмі кароткае жыццё, сэнс гэтых слоў з кожным годам становіцца ўсё больш відавочным.

/i/content/pi/mast/71/1191/artefakts_01_23.jpeg

З Уладзіславам Місевічам перад выхадам на сцэну

Ён быў «нетутэйшы» па маштабе адоранасці. Асоб, якія ўласнай творчасцю апярэджваюць час, на свеце няшмат. Пры жыцці Ігар не атрымаў належнага прызнання, хоць і быў вядомым музыкантам, асабліва падчас працы ў «Песнярах». У музычным асяроддзі Палівода меў аўтарытэт безумоўны, заваяваны дзякуючы таленту, прафесіяналізму і няспыннай працы.

У 1981 годзе Ігар Палівода стварыў вакальны цыкл «Вясёлыя жабракі» на вершы Роберта Бёрнса з 12 песень і інструментальнага ўступу. Ідэю падказаў яму Уладзімір Мулявін. «Песняры» былі першымі выканаўцамі гэтага твора, які пазначыў сабой нараджэнне Паліводы-кампазітара. Дагэтуль ён спрабаваў сябе толькі ў камерных жанрах, пісаў песні і аранжыроўкі для «Песняроў». «Вясёлыя жабракі» сталіся яго першым буйным сачыненнем. І хоць на той час Палівода не меў прафесійнай, менавіта кампазітарскай адукацыі (на адпаведнае аддзяленне кансерваторыі паступіў пазней), яго маштабны дэбют аказаўся выдатнай з’явай. «Вясёлыя жабракі» не толькі ўзнялі творчасць «Песняроў» на высокі ўзровень, але і суаднеслі беларускую эстраду з сусветным кантэкстам. Атрымаўся, без перабольшання, шэдэўр, прасякнуты каларытам шатландскага фальклору і напоўнены шматслойнымі вакальна-інструментальнымі эпізодамі. Прэм’ера адбылася ў горадзе Фрунзэ ў лютым 1981-га. У тым жа годзе «Песняры» зрабілі чарнавы дэма-запіс «Жабракоў» і прадставілі яго мастацкай радзе ўсесаюзнай фірмы «Мелодыя», каб у рэшце рэшт запісаць цыкл на пласцінку. Але рада нечакана адхіліла прапанову, і праз нейкі час праграма перастала выконвацца.

І вось больш як праз тры дзесяцігоддзі «Вясёлыя жабракі» набылі новае жыццё. Ідэя аднавіць твор належала сябру Ігара, «песняру» Барысу Бернштэйну, які цяпер жыве ў ЗША. У такой фантастычнай на першы погляд думцы прысутнічала жаданне аддаць даніну памяці музыканту — прыцягнуць увагу да адметнага сачынення і зрабіць яго даступным для праслухоўвання. Мэта праекта — размясціць адноўленых «Вясёлых жабракоў» у інтэрнэце для бясплатнага праслухоўвання і пампавання. Каб ажыццявіць задуму, спатрэбілася два гады працы.

У выніку праграма паспяхова запісана і размешчана на персанальным сайце Ігара Паліводы, спецыяльна адкрытым з гэтай нагоды ў сакавіку бягучага года. Дух займае не толькі ад маштабу працы (у запісе прымалі ўдзел 30 музыкантаў з 8 краін свету!), але і ад таго, што ў наш прагматычны час удзельнікі ўнікальнага інтэрнацыянальнага праекта, які задумваўся як дабрачынная акцыя, працавалі выключна на энтузіязме.

Спачатку Барыс Бернштэйн заручыўся падтрымкай выдатнага выканаўцы і аранжыроўшчыка Уладзіміра Ткачэнкі, які быў адным з артыстаў ансамбля «Песняры», і праграма «Вясёлыя жабракі» стваралася пры яго непасрэдным удзеле.

— З Ткачэнкам мы дамовіліся дэталёва абмяркоўваць будучы праект па скайпе, — расказвае Барыс. — І кожны дзень пасля працы я бег на сустрэчу з Валодзем...

Працуючы па слыху, Ткачэнка наноў стварыў інструментальныя акампанементы «шатландскіх песень» Паліводы. Гэтая сапраўды тытанічная праца ўскладнялася тым, што агучаная «Песнярамі» музыка «Жабракоў» была напісана па-майстэрску, з мноствам поліфанічных інструментальных і вакальных напластаванняў, якія вымагалі рэканструявання. Але новыя аранжыроўкі, беражліва зробленыя Уладзімірам Ткачэнкам, увабралі ў сябе кампазітарскія знаходкі Паліводы. Нішто не згубілася — наадварот, загучала яшчэ больш рэльефна і выразна! Паралельна са стварэннем аранжыровак — і, адпаведна, нотнага матэрыялу — ішла праца па падборы ўдзельнікаў запісу. Пры гэтым ні Бернштэйн, ні Ткачэнка не ўяўлялі, хто непасрэдна ажыццявіць запіс, а галоўнае — дзе. На дапамогу прыйшоў яшчэ адзін былы «пясняр», Аляксандр Віслаўскі. Ён прапанаваў уласную студыю. У працэсе падрыхтоўкі праекта Аляксандр прапісаў мужчынскі бэк-вакал усіх кампазіцый цыкла, клавішныя партыі і праспяваў адзін з сольных нумароў як саліст.

— З самага пачатку мы з Валодзем Ткачэнкам вызначылі, што кожны нумар выканае асобны артыст — гэта надасць цыклу разнастайнасць і дазволіць многім вакалістам праявіць сябе, — працягвае Барыс Бернштэйн. — Калі слухачы здзіўляюцца, чаму ў запісе ўдзельнічалі ажно 30 чалавек, спрабую патлумачыць, што аддаць даніну памяці Ігара — натуральна для кожнага музыканта, які разумее каштоўнасць яго творчасці. Ніхто з 30-ці не з’явіўся выпадкова.

У ліку вакалістаў, якія прынялі ўдзел у запісе, — беларусы Пётр Ялфімаў («Я — толькі паэт»), Ян Жанчак («Лудзільшчык»), Людміла Ісупава («Песня старой маркітанткі»), Людміла Куц («Мой Джон»), Аляксандр Віслаўскі («Песня салдата»), а таксама нашы былыя суайчыннікі, якія цяпер жывуць у розных краінах свету: Алег Мінакоў з Бельгіі («Базарны блазан»), Уладзімір Стамаці з Украіны («Песня вандроўнага скрыпача»), Ігар Сярых са ЗША («Дачушка»). Сярод удзельнікаў праекта — айчынныя музыканты Павел Аракелян (саксафон-тэнар), Вольга Каўганко (віяланчэль), Валянціна Філімонава (альт), Яўген Купрыянчык (эўфоніум), Ігар Ляўчук (флейта, дудка), Андрэй Маўрын (перкусія), Марына Эскіна (віяланчэль). У ліку ўдзельнікаў-інструменталістаў — тыя, хто разам з Паліводам працаваў у Нацыянальным канцэртным аркестры і «Песнярах» ці ведаў яго асабіста: Валерый Шчарыца (труба), Вадзім Чайкоў (ударныя), Віктар Малчанаў (педал-сціл гітара), Андрэй Матлін (саксафон-тэнар, ЗША), Уладзімір Гародкін (цымбалы, ЗША), Павел Кандрусевіч (альт, Харватыя).

Для некаторых замежных музыкантаў удзел у праекце стаў адкрыццём асобы Паліводы і яго музыкі. Гэта Яўген Бергер (сола-гітара, Ізраіль), Эдуард Грыгаран (флейта, Расія), Ігар Бабіч (саксафон-тэнар, Канада). Што і казаць, не проста інтэрнацыянальны праект, але калектыў высокапрафесійных музыкантаў, кожны з якіх зрабіў значны ўнёсак у запіс.

Пры гэтым удзельнікі не мелі магчымасці збірацца ў студыі разам. «Беларусы» прыходзілі паасобку, а «замежнікі» дасылалі прапісаныя партыі ў выглядзе мультытрэкаў, якія даводзіў да ладу Мікалай Няронскі, яшчэ адзін з галоўных стваральнікаў праекта. Гэты выдатны музыкант выступіў у якасці гукарэжысёра, зрабіў «звядзенне» ўсяго музычнага матэрыялу, мастэрынг, а таксама прапісаў усе, за выключэннем адной, партыі бас-гітары! Няронскі прыдумаў дызайн сайта Ігара Паліводы і (сумесна з Бернштэйнам) дызайн падарункавага дыска «Вясёлых жабракоў». Вось яно, музыканцкае братэрства, якое не заменіш нават самымі вялікімі грашыма!

— Калі бачу, як працуе Коля Няронскі: іграе, ці «зводзіць», ці майструе сайт, — уражанне, што трапляю ў іншае вымярэнне, — гаворыць Бернштэйн. — Бо хуткасць, з якой ён вырашае самыя складаныя пытанні ў музыцы, гукарэжысуры, мастэрынгу, выклікае суцэльнае захапленне. Гэта самародак, які, не скончыўшы нават музычнага вучылішча, займаўся самаадукацыяй і дасягнуў вынікаў, да якіх многім прафесіяналам яшчэ ісці.

Мяне асабліва кранула, што Барыс Бернштэйн вырашыў не перапісваць адну з самых яркіх кампазіцый цыкла пад назвай «Бывай, прыгажуня», а пакінуў яе без змяненняў у выкананні Валерыя Дайнекі і самога Ігара Паліводы ў якасці піяніста. Толькі напрыканцы пяшчотнай песні Барыс дапісаў выразную коду бас-гітары і сам сыграў яе, быццам узіраючыся ў твар свайго дарагога сябра. Гэты своеасаблівы музычны дыялог, без перабольшання, праймае да слёз!

— Доўга не мог вызначыцца, як вырашыць знакавую песню «Бывай, прыгажуня», — распавядае Бернштэйн. — І вось, калі прыйшла ідэя захаваць Ігара ў нашай кампаніі, усё ўстала на свае месцы. Перада мной была задача толькі годна напісаць фінал, выказаўшы ў выкананні глыбокую павагу і любоў да аўтара. Азіраючыся назад, разумею, што мы адчувалі дапамогу. Я б назваў гэта дапамогай з неба, магчыма, ад самога Ігара. Магчыма, ад Госпада Бога, калі ён існуе. І дапамогу бачу ў тым, што Бог паслаў нам не проста годных прафесіяналаў, але людзей з высокімі маральнымі якасцямі. Яны зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, за што я ім удзячны...

«При всём при том, при всём при том

Могу вам предсказать я,

Что будет день, когда кругом

Все люди станут братья!»

— пісаў Роберт Бёрнс у адным са сваіх вершаў. У праекце «Вясёлыя жабракі» Паліводы — Бёрнса ўзору 2013 года гэтыя словы не падаюцца наівам. Яны спраўдзіліся! Праслухаць і спампаваць песні з цыкла «Вясёлыя жабракі» можна на персанальным сайце кампазітара www.palivoda.net.

Вольга БРЫЛОН