Апафігей у Дацкім каралеўстве

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

«Бегчы з Эльсінора, альбо Гамлет навыварат» Віктара Понізава
Прэм’ера Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі парушае тэатральныя табу, якім шмат гадоў падпарадкоўваюцца айчынныя тэатры. Правіла гульні, усталяваныя ўкраінскім рэжысёрам Сяргеем Паўлюком, для нас новыя.

/i/content/pi/mast/71/1189/artefakts_01_17.jpeg

Ілья Ясінскі (Разенкранц), Марат Вайцяховіч (Лаэрт), Дзмітрый Давідовіч (Гільдэнстэрн)

У спектаклі насамрэч усё навыварат. Тэатральны крытык Таццяна Арлова невыпадкова назвала яго «вывернутым Гамлетам». Ва ўсім гэтым, безумоўна, варта разабрацца. Спектакль неадназначны, увасоблены небездакорна. Думаю, многія гледачы ўспрымуць яго з захапленнем, але знойдуцца і такія, што будуць абурацца да канца дзён сваіх. Ды толькі ўсё гэта — яўны перабор. Падставы для захаплення даволі сумніўныя. Для абурэння — таксама. Што ў такім разе галоўнае?

У спектаклях «Раскіданае гняздо» Аляксандра Гарцуева і «Бегчы з Эльсінора, альбо Гамлет навыварат» Сяргея Паўлюка, наўмысна альбо выпадкова, робіцца спроба перагледзець асноўны фармат РТБД, які дагэтуль існаваў паводле ўсялякіх «нібыта». Нібыта метафарычны, нібыта псіхалагічны, нібыта беларускай драматургіі, зарыентаваны на нібыта сярэднестатыстычнага гледача. Дзве апошнія прэм’еры — не што іншае, як рэзкі рух у бок маладзёжнай аўдыторыі. Спроба рассунуць вузкія рамкі традыцыйных уяўленняў, паводле якіх становіцца складана існаваць. Калі дзве апошнія прэм’еры — звычайны збег абставін, перапрашаю. Значыць, новыя абрысы РТБД проста аказаліся прывіднымі.

З класікай рэжысёры даўно робяць усё што заўгодна. Ключавое слова тут — дыялог. Ён можа ўзнікнуць як фантом, у межах кананічнага тэксту, які застаецца амаль некранутым. А можа адбыцца рэальны захоп чужой тэрыторыі сённяшнімі тэатральнымі старацелямі. У абодвух выпадках каштоўнасць уяўляе не форма, а змест. Што ў выніку атрымалася ў РТБД? Што прапануецца замест? Зразумела, замест «Гамлета» ўвогуле складана штосьці прапанаваць. Таму РТБД спрабуе з Уільямам весці дыялог, пры гэтым трымаецца на заўважнай адлегласці ад арыгінала.

Віктар Понізаў піша ўласны тэкст, але ў якасці першаасновы скарыстоўвае зусім не новую ідэю. Ён распавядае пра Гамлета, які вырваўся за межы трагедыі Шэкспіра, распачынае сваю гульню з лёсам, з наканаваннем, з усім, «што напісаў Уіл пракляты». Пры гэтым зыход гульні выразна акрэслены ў першых эпізодах. Не трэба быць празарліўцам, каб зразумець, што ў выніку працяглага руху па коле з класічнымі персанажамі мы вернемся да сотні разоў прагаворанай думкі: нічога змяніць немагчыма, лёс ёсць лёс, наканаванне ёсць наканаванне, прадвызначанасць — рэч непахісная. Канешне, вакол Шэкспіравага сюжэта драматург старанна вырабляе ўласныя кульбіты. На жаль, літаратурны і зместавы ўзровень пераасэнсавання застаецца самым слабым момантам гэтага спектакля. Нават татальны выкід рэжысуры не здатны нейтралізаваць нязграбныя драматургічныя пасажы.

Узноўлены на сцэне свет — накшталт разяўленай зяпы выродлівай свядомасці. Жыццё на сметніку, дубль №108. Маральна і фізічна састарэлыя рэчы — чорна-белыя тэлевізары, заплеснявелыя халадзільнікі, унітазы, ад выгляду якіх цягне на ваніты — і ёсць галоўнае сцэнаграфічнае аздабленне. Перадусім — гара процівагазаў як відавочная адсылка да карціны Васіля Верашчагіна «Апафеоз вайны». З процівагазамі цягам дзеі будуць гуляць усе персанажы. Чырвоныя акцэнты на чорным — як сцэнічная ілюстрацыя да рэплікі «грашым і каемся». Сам Гамлет (Кірыл Навіцкі) — харызматычны, з татуіроўкай на біцэпсах — нагадвае ўдзельніка байцоўскага клуба. Ён спускае тэкст п’есы Шэкспіра ва ўнітаз: маўляў, «чатыры сотні гадоў я Гамлет» — і распачынае ўласную гульню, каб «самому стварыць свой лёс і шчасце Эльсінора… дзе б не было забойстваў і заганаў». Накрэслены па-над класічным сюжэт наўрад ці можна палічыць арыгінальным; ён — дасціпны, бадай што дзякуючы рэжысёрскім намаганням. Але і тут з пэўнай агаворкай: гледзячы для каго. Што запамінаецца ў маляўніча-эпатажным пастановачным шэрагу?

Прывід у спектаклі вылазіць з-пад шклянога вечкі скрыні, трымаючы ў руках бярозавы венік. Яшчэ? Распачаўшы сваю гульню, Гамлет заб’е Клаўдыя і ажэніцца з Афеліяй. Але Кароль усё роўна памрэ падчас вячэры. Разенкранц (Ілья Ясінскі) і Гільдэнстэрн (Дзмітрый Давідовіч) — нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі. Іх забівае Лаэрт (Марат Вайцяховіч). Вульгарная і сексуальна заклапочаная Гертруда (Анастасія Баброва) ледзь не саграшыла з Палоніем (Сяргей Шымко), і Гамлет трымае яе на ланцугу, а потым забівае. Афелія, эфектна пададзеная Вольгай Скварцовай, урэшце патанула ў ванне. Гарацыа (Мікалай Стонька) прамаўляе маналог, звяртаючыся да чэрапа Ёрыка. Увесь гэты жудасны шэраг непрадказальных падзей даводзіць Гамлета да шаленства. Забойствы правакуюць новыя забойствы. Спыніцца немагчыма. Урэшце Гарацыа забівае Гамлета-тырана, а потым сябе. Аднак на пытанне «навошта ўсё гэта трэба?» адназначнага адказу не існуе. Рэжысёру не ўдалося знайсці поўнага паразумення з акцёрамі. Ім відавочна падабаюцца такія гульні, але ствараецца ўражанне, нібы выканаўцы не ведаюць, што тут жартам, а што ўсур’ёз. Трагіфарс — так вызначаны жанр спектакля. Дзе «трагі», а дзе «фарс», здаецца, дакладна не разабраліся. Хоць любая спроба парушыць усталяваныя правілы гульні карысная для тэатра. Пытанне ў адэкватнасці ўвасобленага і ўспрынятага. Зрэшты, спробы выйсці за межы вельмі часта застаюцца адзінкавымі, значыць — сканчаюцца нічым.