Знайдзіце тры адрозненні

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Пра лепшыя расійскія спектаклі
Сёлета расійская Нацыянальная тэатральная прэмія «Залатая маска» суправаджалася гучнымі эмоцыямі. Страсці распаліліся пасля падвядзення вынікаў. Да нас даходзіла толькі водгулле, якое сведчыла пра маштаб падзеі і зусім іншую якасць прафесійнага існавання. Як кажуць, нам бы вашы праблемы!

/i/content/pi/mast/70/1183/artefakts_01_87-.jpg

«Добры чалавек з Сезуана» Бертальда Брэхта. Тэатр імя Аляксандра Пушкіна (Масква).

Тэатральныя дыскусіі ў Беларусі даўно рухаюцца па замкнёным коле, засяроджаныя ў асноўным на праблемах фінансавання. Многія з цікаўнасцю назіраюць, разбураць або не камедыі, што запаланілі рэпертуар большасці тэатраў, сам тэатр. Беларускую Нацыянальную прэмію перахапілі на ляту. І пакуль цягнецца вымушаная і, на мой погляд, не абгрунтаваная творчай логікай паўза, усё часцей можна пачуць пра карысны вопыт «Залатой маскі», які варта пераймаць. З гэтым цяжка не пагадзіцца. Пры тым, што як ні глянеш — на «Залатой масцы» ўсё інакш. Але...

Спроба сумяшчэння

У афішу фестывалю «Залатая маска», які распачаўся ў Маскве напрыканцы студзеня і скончыўся падчас уручэння нацыянальнай прэміі ў сярэдзіне красавіка, разам з пазаконкурснымі праграмамі — «Новая п’еса», «Маска плюс», «Легендарныя спектаклі і імёны» — уваходзіла каля сотні спектакляў. Пяцьдзясят шэсць з іх прэтэндавалі на званне лаўрэатаў. У экспертны савет, якім кіравала вельмі строгая Марына Давыдава, уваходзіла дзевятнаццаць чалавек. У складзе журы, на чале з мастацкім кіраўніком Александрынскага тэатра Валерыем Фокіным, працавала трыццаць. Сярод іх — прыемная нечаканасць! — галоўны дырыжор Сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў і галоўны рэжысёр Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра Сусанна Цырук, якія разам з іншымі «журылі» музычны тэатр.

У драматычнай праграме бралі ўдзел лепшыя расійскія рэжысёры: Кама Гінкас, Канстанцін Багамолаў, Віктар Рыжакоў, Рымас Тумінас, Міндаўгас Карбаўскіс, Томас Астэрмаер, Дзмітрый Крымаў, Міхаіл Угараў. Нават паводле гэтага пераліку лёгка можна ўявіць ступень канкурэнцыі, узровень тэатральных прапаноў і колькасць сцэнічных накірункаў. Абавязковая наяўнасць змястоўнасці на «Залатой масцы» нават не абмяркоўваецца. Уважліва вывучаю праграму — ніводнай камедыі ў звыклым для нас разуменні. Сярод аўтараў — Антон Чэхаў, Генрык Ібсен, Віктар Розаў, Аляксандр Пушкін, Бертальд Брэхт, Андрэй Платонаў, Аўгуст Стрындберг, ну і гэтак далей. А таксама беларус Павел Пражко, які, па словах расійскіх крытыкаў, з’яўляецца адным з самых рэпертуарных драматургаў Расіі: за яго п’есы змагаюцца тэатры.

Праграма «Russian case», якую «Залатая маска» прэзентуе замежным тэатральным дзеячам, — своеасаблівы канцэнтрат праграмы асноўнага фестывалю. Яна фарміруецца куратарам, які змяняецца штогод. Ад поглядаў куратара на тэатральны працэс залежыць, якія спектаклі будуць выстаўлены, так бы мовіць, на сусветны рэзананс. «Лепшыя расійскія спектаклі» абавязкова возьмуць пад увагу прадзюсары і дырэктары міжнародных фестываляў, многія з якіх менавіта з гэтай мэтай прыязджаюць у Маскву. А яшчэ — з’явяцца публікацыі ў шматлікіх замежных выданнях: рускі тэатр па-ранейшаму вельмі папулярны ва ўсім свеце, увага да яго пільная. А яшчэ — тэатральныя эксперты, якія супрацоўнічаюць з «Залатой маскай», змогуць патрапіць на самыя прэстыжныя міжнародныя фестывалі. Ім неабходна адсочваць апошнія тэатральныя тэндэнцыі і брэнды. Быць у тэме — абавязковая ўмова прафесійнага існавання, якая забяспечвае шырыню поглядаў і аналітычнага кантэксту, не абмежаваных звыклымі ўяўленнямі пра трывалыя шляхі развіцця.

Якраз тут з лёгкасцю можна правесці паралелі з айчыннай тэатральнай рэчаіснасцю, хоць амбіцыі і палёт у нас, зразумела, іншыя. Як ні дзіўна, для прафесійнай супольнасці пытанне аб прысутнасці ў беларускай сцэнічнай прасторы разбуральнага замежнага іншадумства ўсё яшчэ застаецца актуальным. У літаральным сэнсе! На рэдкіх сустрэчах тэатральнай грамадскасці з непрымірымасцю абмяркоўваецца: глядзець або не глядзець, прывозіць або не прывозіць, «пушчаць або не пушчаць» на вытаптанае тэатральнае поле ўсялякіх... шкодных насякомых. Даўно перарадзіўшыся, псіхалагічны рэалізм па-ранейшаму — наша ўсё. А Расія, адкуль да нас некалі прыбыў лёсавызначальны тэатральны дэсант, сямімільнымі крокамі рухаецца далей.

Сёлета праграму «Russian case» збірала тэатральны крытык, эксперт прэміі і фестывалю «Залатая маска», куратар праекта «Новая п’еса» Крысціна Мацвіенка. Менавіта яна праз пэўны падбор «лепшых расійскіх спектакляў» акрэслівала галоўныя тэндэнцыі, расстаўляла акцэнты, на якія запрошаным гасцям мімаволі даводзілася звяртаць увагу. Такім чынам на падставе «Залатой маскі» фарміруецца сучасная расійская тэатральная думка. Было б наіўным лічыць, што думка гэтая абсалютная, не мае аніякай альтэрнатывы. Нам нават уявіць складана, колькі розных поглядаў на тэатральны працэс скрыжоўваецца ў Расіі. Тым не менш, «Залатая маска» мае статус Нацыянальнай прэміі, гарантавана высокі ўзровень праграмы і працягвае займаецца тым, чым займаецца. На сённяшні дзень гэта адна з самых уплывовых расійскіх тэатральных інстытуцый.

Змена дыскурсу

Расійскі тэатр — у шырокім сэнсе — ніколі не абмінае гарачыя кропкі грамадскага быцця. Ягонае аблічча фарміруецца ў простай залежнасці ад сацыяльных павеваў і праблем, якія абавязкова трэба адрэфлексаваць на падмостках. Умоўна кажучы, на шматлікіх расійскіх сцэнах ніколі не займаліся выключна «пакутамі чэлеса». Каханне каханнем, але глыбінныя зрухі духоўных пластоў тут заўсёды адчувальныя. Менавіта на сацыяльнай скіраванасці расійскага тэатра ў праграме «Russian case» быў пастаўлены моцны акцэнт. «Яшчэ ўчора быць далучаным да палітыкі ў тэатральным асяродку лічылася кепскім тонам, — зазначае Крысціна Мацвіенка, — а сёння сацыяльная і палітычная ангажаванасць “людзей мастацтва” стала неабходнасцю і спосабам сцвердзіць сваё асабістае права на сумленнасць. Расійскі тэатральны мэйнстрым адчувальна “палявеў”: размаўляць аб праблемах жыцця — наўпрост і апасродкавана — цяпер прэрагатыва не толькі Тэатра. dос і прыхільнікаў “новай драмы”, але ўсіх тых, хто ўсведамляе тэатр як поле для актуальнага выказвання, а не месца для культурнага баўлення часу».

Сацыяльная завостранасць, відавочна «запаралеленая» з еўрапейскім, у прыватнасці, з польскім тэатрам, у Расіі набывае ўласныя рысы. Тэатр, па сутнасці, з’яўляецца гіганцкай фабрыкай культурнага намалоту. Ён бясконца пералапачвае актуальныя і гістарычныя тэмы; асэнсоўвае новыя правілы жыцця раптоўнага капіталізму; зноў і зноў вывярае маральныя законы. То выкрывае ўсіх і ўсё, то засяроджваецца на самым сутнасным, спрабуе выставіць рахункі мінуламу, але ўрэшце застаецца сам-насам з таленавітай і загадкавай рускай душой, ад якой і пад прымусам ніколі не адмовіцца.

Заўважная змена дыскурсу ў расійскім тэатры адбываецца разам са зменай рэжысёрскіх і аднаўленнем драматургічных форм. Усё мае відавочныя прыкметы актыўнага тэатральнага руху. З’яўляюцца іншыя пляцоўкі, абжываюцца прыдатныя для сцэнічных паказаў гарышчы і сутарэнні. Многія перакананы, што сёння гісторыя тэатра ствараецца менавіта там. «Закінутыя памяшканні нікому болей не патрэбныя, — кажа Крысціна Мацвіенка, — вытворчасць памірае, а мастацтва квітнее». Пры гэтым колькасць маладых людзей, якія жадаюць працаваць у рэпертуарным тэатры, з цягам часу змяншаецца. Для нас, дзе ўсё вырашае стабільны, хоць і маленькі заробак, а мастацтва — як атрымаецца, — сітуацыя зусім ужо незразумелая. Тым не менш, за пастаяннае месца працы тут ніхто асабліва не чапляецца. Затое ўсё болей важыць творчая ініцыятыва, перакананне: уласнымі намаганнямі можна дасягнуць многага. У выніку на невялічкіх сцэнах пануюць маладыя рэжысёры і паспяхова займаюцца пытаннямі, якія лічацца нястатуснымі для сталых, прызнаных майстроў. Больш выразна акрэсліваецца эксперыментальная плынь. Узмацняецца цікавасць да мультыкультурнага кластару. Многія на справе пераконваюцца: існуе шмат магчымасцей для заняткаў мастацтвам. Можна паехаць у правінцыю і ўзнімаць тэатральную цаліну (там цяпер працуе вялікая колькасць выпускнікоў расійскіх ВНУ). Можна далучыцца да сцэнічных практык разам з мастакамі-канцэптуалістамі, пашыраючы міждысцыплінарныя ўяўленні. Сёння ўсё больш распаўсюджваюцца і з лёгкасцю сцвярджаюць сябе сацыяльныя тэатральныя праекты з нязменна правільным, чалавечым выразам твару; тэатр танца ўсё часцей узнікае на памежжы драмы і сучаснай харэаграфіі... Дакументальны тэатр даўно выйшаў за межы Тэатра. dос, выразна акрэсліваецца ягонае публіцыстычнае аблічча.

Зрэшты, усё гэта было прадстаўлена на афішы «Russian case», падмацавана сцэнічнымі выявамі і сталася пераканальным аргументам у дыскусіях пра магчымыя шляхі развіцця. Перад намі нібыта прыадкрылася самаўзнаўляльная сістэма рускага тэатра: складаная, імпрэсіўная, рознаскіраваная, імклівая. І гэта, бадай, уразіла найбольш.

Па вялікім рахунку, у гэтай сістэме цалкам адсутнічаюць надуманыя прыярытэты. Мастацтва дыхае, дзе можа і хоча.

Вялікая тэатральная форма і тамтэйшыя «парушальнікі спакою»

Яшчэ адна акалічнасць выразна «паралеліцца» з беларускімі рэаліямі. Лічыцца, што мастацтва цяпер не надта прываблівае самых разумных і здольных. У тэатральныя ВНУ часта прыходзяць, спадзеючыся на славу і серыяльныя грошы. Розніца ў тым, што для нас гэта праблема заканчваецца разам з яе канстатацыяй. У Расіі кажуць: «Таленты ў дэфіцыце, таму не застаюцца па-за ўвагай. Магчымасцей зарыць талент у зямлю не існуе». Гэта дапамагае падтрымліваць пераемнасць рэжысуры, але не датычыцца наследавання замацаваных норм. Самае галоўнае — асоба, здатная на падмостках адлюстроўваць час або распавядаць пра яго з дапамогай мастацкіх вобразаў. У праграме «Russian case» спектаклі «вялікай формы» былі прадстаўлены рэжысёрамі, вакол якіх некалькі апошніх сезонаў віруюць моцныя страсці. Парадаксальна, але менавіта яны спрабуюць паставіць знак роўнасці паміж рознымі тэатральнымі эпохамі. Вялікай і роўнавялікай. Ці атрымліваецца?

З максімалісцкай апантанасцю, на мяжы эмацыйнага зрыву фармулюе сваю — нашу — новую праўду рэжысёр Юрый Бутусаў. У «Добрым чалавеку з Сезуана» Бертальда Брэхта маскоўскага Тэатра імя Аляксандра Пушкіна цягам спектакля здаецца, што рэчаіснасць трымціць на вачах у гледачоў, як аголены нерв. Гаворка пра чалавека, заціснутага між рознымі эпохамі, правіламі існавання, уласнымі звычкамі і нормамі маралі. Пытанне пра раскошу заставацца добрым трансфармуецца ў немажлівасць заставацца сабой. Не быць добрым — значыць не жыць. Не быць сабой — значыць не існаваць. Выплёўвае грашовыя патокі фабрыка па вырабе цыгарэт. Разрываецца на часткі, але не мізарнее чалавечая душа. Або мізарнее? Ніякавее? Старой «лявацкай» п’есе Бертальда Брэхта відавочна давялося перажыць уласную эпоху. Яна выплюхнута ў новы час з максімальна накручанымі рок-н-рольнымі рытмамі. З лозунгамі-зонгамі, якія чырвоным па чорным адбіваюцца ў цітрах і не даюць магчымасці адвесці вачэй. З максімальна аголенымі пачуццямі, жывымі слязьмі на вачах акцёраў, работа якіх сама па сабе становіцца мастацкім адкрыццём. Рэдкая здатнасць абагульняць набалелыя праблемы, надаваць ім агульначалавечы сэнс, упісваць у міжчасавы філасофскі кантэкст робіць рэжысёра піцерскага Тэатра імя Ленсавета адной з галоўных фігур сучаснага расійскага тэатра. Здольнасць хвацка маніпуляваць са сцэнічнай формай і актуальным стылем дазваляе змяняць уяўленні пра магчымасці сцэнічнага мастацтва.

Зорка Канстанціна Багамолава адна з самых яркіх на сучасным расійскім тэатральным небасхіле. І безумоўна, самая непрадказальная, эпатажная, неадназначная. «Я геній», — папросту кажа рэжысёр журналістам. Пасля ягонага «Ліра» ў піцерскім «Прыстанку камедыянта» перасварылася тэатральная грамадскасць у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Рэакцыя — ад абурэння да захаплення. Галоўны рэжысёрскі пасыл — апакаліпсіс ужо надышоў. («Мастацтва» летась пісала пра гэты спектакль. Сёлета ён будзе паказаны ў Мінску на «ТэАрце».) Пастаноўка «Ідэальнага мужа» Оскара Уайльда ў МХТ імя Чэхава стала хітом апошняга маскоўскага тэатральнага сезона. На яе немагчыма набыць білеты. Зроблена ў рэдкім па сённяшнім часе жанры палітычнай сатыры. Кажуць, пасля кожнага спектакля Алег Табакоў выходзіць на сцэну і паціскае рукі ўсім удзельнікам пастаноўкі.

На «Russian case» апрача «Ліра» паказалі «Год, калі я не нарадзіўся» паводле «Гнязда глушца» Віктара Розава, прэзентаваны Тэатрам п/к Алега Табакова. Канстанцін Багамолаў лічыць, што асабіста для яго спектакль стаўся гульнёй не па правілах. Прынамсі, гэтым разам у «вывіхнутай свядомасці» яго наўрад ці варта папракаць. Не ведаю, хто яшчэ з такой бязлітаснай упэўненасцю выставіў рахунак той, нядаўна прамінулай эпосе, якая «за отцов продувшихся расплата», і хто з такой няўмольнай жорсткасцю накрэсліў шлях у алігархава-нафтавую будучыню. Псіхалагічная дакладнасць Алега Табакова ў ролі савецкага наменклатурнага работніка Судакова, цёплыя чалавечыя фарбы, якімі Наталля Ценякова абмалявала вобраз жонкі Наталлі Гаўрылаўны, атмасфера іх дома, які праглядаецца наскрозь, праблемы, расчараванне, боль і... узрушэнне пасля спектакля. Нібы неспадзяваны дотык да краіны, якую многія з нас пакінулі, але ж засталіся там назаўсёды.

Лаўрэатам «Залатой маскі» ў намінацыі «Драма. Вялікая форма» стаў спектакль «Без назвы» паводле п’есы Антона Чэхава «Платонаў» яраслаўскага Тэатра драмы імя Фёдара Волкава. Рэжысёр Яўген Марчэлі. Такім чынам была пацверджана тэза пра пільную ўвагу прафесійнай супольнасці да таленту, які нідзе не заржавее. У эфектна разгорнутым маштабным відовішчы пульсавала і курчылася трапяткое, нягеглае і знямоглае пачуццё. Раўнацэннай страсці можа быць толькі страсць. Роўным адчаю — толькі адчай. Боль, які выканаўцам ролі Платонава Сямёнам Івановым трансліраваўся ў залу, асацыяваўся са станам звычайнага чалавека, які разгубіўся ад відавочнай бессэнсоўнасці сённяшняга быцця.

Феномен Пражко

Для нашых тэатральных дзеячаў прысутнасць у праграме «Залатой маскі», а потым у «Russian case» трох спектакляў па п’есах Паўла Пражко сталася поўнай нечаканасцю і своеасаблівай фонавай інфармацыяй. «Вы ведаеце, сёлета...» — ну, і гэтак далей... Крыху пазней чатыры пастаноўкі па тэкстах Пражко былі паказаны разам з «лепшымі расійскімі спектаклямі» ў Польшчы. Расійскія крытыкі называюць ягоную драматургію «феноменам». Яна правакуе рэжысёраў на стварэнне новай тэатральнай рэчаіснасці. Вам патрэбны «новыя формы»? Калі ласка! Тэатральная Расія любіць «свежую кроў». Думаю, у дадзеным выпадку адбываецца яшчэ і спажыванне беларускай ментальнасці.

Усе спектаклі па п’есах Паўла Пражко, паказаныя падчас «Russian case», пастаўлены маладым піцерскім рэжысёрам Дзмітрыем Валкастрэлавым. У аснове трывалага тандэма драматург — рэжысёр — асобасны і чалавечы грунт. Так супала. Але ж падобныя супадзенні, безумоўна, рэдкасць.

«Злая дзяўчына» Пражко і Валкастрэлава (санкт-пецярбургскія Тэатр юных гледачоў імя А.Бранцава, Тэатр «Роst») паслядоўна парушае ўсе замацаваныя тэатральныя ўяўленні. Яе правакацыйнасць накшталт надакучлівага свербу. У многіх выклікае дыскамфорт. Публіка шчыльна, плячо ў плячо, уладкавана ў зале без падмосткаў, проста перад удзельнікамі спектакля. Напачатку ўсім жадаючым прапануюць кубачак гарбаты, гатуюць яе тут жа, на кухні ў кватэры, дзе адбываецца дзеянне. Акцёры працуюць літаральна за два метры ад гледачоў. Варта зрабіць крок, каб апынуцца ў звычайным сучасным пакоі. Мэбля з «Ікеі», кнігі антыглабалісткі Наомі Кляйн, вінілавыя пласцінкі Саймана і Гарфанкеля. Бясконцыя неабавязковыя размовы, агучаныя рэмаркі, надзённыя праблемы і шараговыя сітуацыі раскрываюцца ў дыялогах дзвюх звычайных маладых пар. Але Злая дзяўчына ніяк не дастасоўваецца да кампаніі. Менавіта яе «актыўная жыццёвая пазіцыя» ўяўляецца няправільнай і, здаецца, разбурае асновы самой размеранай і ўсталяванай рэчаіснасці. Павольны расповед пра сённяшняе жыццё-быццё надзейна, нібы цэментам, змацаваны сцэнічнай атмасферай. Яна ўзнаўляе асаблівую, панадтэкставую змястоўнасць і з’яўляецца галоўным набыткам спектакля. «Мы ўсе хочам “вялікіх падзей”, — зазначае Дзмітрый Валкастрэлаў, — але трэба ўбачыць, што жыццё складаецца не з іх. І ўяўнае падзейнае смецце, мазаіка мікрападзей, сабраная ў тэксце Паўла Пражко, гісторыя ў тэксце — смеццем не з’яўляецца, гэта і ёсць жыццё».

Безумоўна, у эксперыментальнай нішы знаходзіцца спектакль «Салдат» пецярбургскага Тэатра «Роst» і маскоўскага Тэатра.dос, які паводле сваёй працягласці можа ўвайсці ў «Кнігу рэкордаў Гінэса». Цягам дзесяці хвілін сцэнічнага часу гледачы маўкліва — праз экран — назіраюць за чалавекам, які мыецца пад душам. У наяўнасці звычайная кватэра, доўгі калідор з дзвярыма ў кухню і ванны пакой. На спінцы крэсла — салдацкая форма. Напрыканцы мы пачуем толькі адну фразу: «Салдат прыйшоў у адпачынак. Салдат у армію больш не вярнуўся». Абмеркаванне пасля спектакля стварае ягонае галоўнае зместавае поле.

«Я свабодны» — своеасаблівае слайд-шоу. Мінімум неабходнага тэксту. Карцінкі звычайнага жыцця ў Мінску, пад Мінскам, знятыя на аматарскую лічбавую камеру. Сэнс не хаваецца надта глыбока. Усё гэта, паводле Пражко, «канцэнтрацыя на паўсядзённым індывідуальным вопыце».

Гістарычна так склалася, што самыя яркія беларускія драматургі трапляюць на айчынныя падмосткі праз Расію. У выпадку з драматургіяй Паўла Пражко ўсё адбываецца не зусім па ўсталяваных правілах. Своеасаблівасць ягоных тэкстаў нам адкрываюць расійскія тэатры. Айчынныя — марудзяць.

Зрэшты, цяжка ўявіць сабе больш поўную і разгорнутую карціну свету, чым тая, што паўстае перад гледачамі на расійскіх падмостках. Прызначэнне сцэнічнага мастацтва дакладна вызначана, але тэатр не адмаўляецца ад змястоўных альтэрнатыў. Вось толькі здаецца, што карысны вопыт «Залатой маскі» мы не спяшаемся пераймаць.