Святлана Уланоўская: "Авангард у ар’ергард?.."

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

...«Застой», «крызіс» -- гэтыя словы ўжо не рэжуць балюча слых, бо сталі амаль неаспрэчнай канстатацыяй адносна многіх з’яў сучаснага мастацкага жыцця. Тэатразнаўцы скардзяцца на збедненасць рэпертуарнай палітыкі, яе звужэнне да папсова-забаўляльнага фармату, замаруджанасць тэатральнага жыцця, адсутнасць падзей... І гэта пры тым, што прэм’еры ў драматычных тэатрах сталіцы адбываюцца дастаткова часта. А што ж казаць тады пра харэаграфію, калі на ўсю краіну ў нас толькі адна прафесійная балетная трупа -- Нацыянальны акадэмічны тэатр балета?

 /i/content/pi/mast/5/118/Ulanovskaja.jpg
Да нядаўняга часу лічылася, што прафесійных балетных калектываў у нас два. Яшчэ адзін -- у Музычным тэатры. Але з пасады галоўнага балетмайстра сышла Н.Дзьячэнка, «развалілася» і створаная ёй трупа. Тыя адзінкавыя харэаграфічныя пастаноўкі, што раз-пораз з’яўляюцца цяпер на афішы тэатра («Іспанскія мініяцюры», «Шахеразада», «Дон-Кіхот»), -- гэта яшчэ не рэпертуар. Хочацца спадзявацца, што Н.Фурман, якая два месяцы таму прыйшла на вакантнае месца галоўнага балетмайстра тэатра, здолее вярнуць ягонаму балету былы статус і вывесці з сітуацыі «паветранай ямы».
На мяжы стагоддзяў абвастраецца жаданне падвесці вынік назапашанаму і прадвызначыць тыя перспектывы, што адкрываюцца на парозе новага веку. Беларускі балет, як і харэаграфічнае мастацтва наогул, дае ў гэтым сэнсе багаты матэрыял для роздуму.Своеасаблівай рысай развіцця нацыянальнай культуры з’яўляецца запознены характар станаўлення прафесійных мастацкіх традыцый. Гэтая акалічнасць не абмінула і наш балет, які ў першай трэці XX ст. фарміруецца амаль «з нуля». Аднак траекторыя ягонай імклівай эвалюцыі за некалькі дзесяцігоддзяў ахапіла ўсё тое, што ў рускім і замежным балетным мастацтве стваралася стагоддзямі -- ад засваення вопыту савецкай харэаграфіі і пошукаў нацыянальнай самабытнасці да наватарскай трансфармацыі ўсіх складнікаў спектакля, выхаду лакальных адкрыццяў на ўзровень адкрыццяў сусветных (у творчасці В.Елізар’ева). Гэта -- аксіёма. Але адначасова непазбежна ўзнікае і шэраг пытанняў: як акрэсліць сённяшні стан развіцця айчыннага балета, якія перспектывы адкрываюцца перад ім у новым стагоддзі, ці прывёў назапашаны досвед да стварэння нацыянальнай балетнай школы?
 /i/content/pi/mast/5/118/Ulanovskaja1.jpg
 «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.
Сцэна са спектакля.
На апошняе пытанне мой адказ будзе станоўчым у адносінах да выканаўчай школы, традыцыі якой пераймаюцца і ўзбагачаюцца ўжо чацвёртай генерацыяй артыстаў. Што ж да нацыянальнай балетмайстарскай школы, то, нягледзячы на стварэнне ў 1994 годзе адпаведнага аддзялення ў Акадэміі музыкі, гэтая праблема ўсё яшчэ застаецца нявырашанай. Ёсць шэраг адораных выпускнікоў. Сярод іх -- Р.Паклітару, Н.Фурман, В.Рэпіна, А.Сямёнава, У.Іваноў. Няшмат. Але прафесія балетмайстра заўсёды была дэфіцытнай. Часцей за іншых ставіць сёння Н.Фурман. З зайздроснай інтэнсіўнасцю працуе Р.Паклітару... ды не ў нас! Адзін з самых таленавітых выхаванцаў В.Елізар’ева, лаўрэат міжнародных харэаграфічных форумаў, аўтар шэрагу пастановак у краінах СНД і Балтыі, ён год таму ўзначаліў уласную трупу «Кіеў мадэрн-балет», за невялікі тэрмін ажыццявіўшы 5 (!) прэм’ер. На Украіне Паклітару аказаўся запатрабаваным, зрабіўся амаль «нацыянальным набыткам». Пра гэта сведчаць каласальная спонсарская падтрымка, перапоўненасць залы на кожным спектаклі, а таксама ўручэнне Паклітару прэстыжнай тэатральнай прэміі «Кіеўская пектараль» як лепшаму балетмайстру года. Вось вам і годнасць «школы Елізар’ева», зноў жа -- ацэненая не ў нас!
Для падтрымкі маладых балетмайстраў у краіне павінна адкрыцца яшчэ адна сцэна, дзе б дэманстраваліся работы «неакадэмічнага фармату». Да гэтага прыйшлі амаль усе балетныя ўстановы былога Саюза. Да прыкладу, пры Вялікім тэатры ў Маскве існуе эксперыментальная Новая сцэна, што не шкодзіць ягонай рэпутацыі Меккі класічнага балета.
На маю думку, незапатрабаванасць нашых маладых балетмайстраў -- праблема не толькі
 /i/content/pi/mast/5/118/Ulanovskaja2.jpg

 «Ціль Уленшпігель» Я.Глебава.
Ю.Траян (Ціль), Л.Бржазоўская (Нэле).

тэатра: гэта -- заканамерны вынік цяперашняй соцыякультурнай сітуацыі. Сёння на фоне татальнай «шоуізацыі» і камерцыялізацыі, калі месца творцаў нярэдка займаюць імітатары, прафесія балетмайстра абясцэньваецца, зводзіцца да стварэння «фонавых падтанцовак» у выступленнях эстрадных зорак.
У параўнанні з цяперашнім «мёртвым сезонам» танцавальнае жыццё мінулых дзесяцігоддзяў віравала, абрыньвалася, можна сказаць, вадаспадам! Усесаюзны форум музычных тэатраў, міжнародны фестываль «Я люблю балет», вечары сучаснай харэаграфіі, што ладзіліся ў Музычным тэатры, гастролі лепшых расійскіх балетных калектываў, супераншлагі на пастаноўках уласнага тэатра... А што цяпер? Ніводнага балетнага фестывалю, узрушальнай прэм’еры, а з гастроляў -- выступленні камерцыйных труп, нятанныя па коштах, але «капеечныя» па мастацкіх якасцях. І для гледача другасны ўзровень пераўтвараецца ў норму! Высокае, прафесійнае мастацтва з авангарда адсоўваецца ў ар’ергард...
За сваю адносна непрацяглую гісторыю наш балет назапасіў вялікі досвед і зрабіў адкрыцці, якія ўвайшлі у залаты фонд сусветнай харэаграфіі. Прыспеў час для новага вітка...

Святлана УЛАНОЎСКАЯ,
выкладчык БДУ культуры і мастацтваў