Аляксандр Ленкін

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Прасветлены рэжысёр
Беларускую анімацыю немагчыма ўявіць без фільмаў Аляксандра Ленкіна. Акцёр тэатра і кіно па першай спецыяльнасці, ён з 1988 года працуе рэжысёрам. Паступова асвоіў розныя віды тэхнікі і разнастайныя жанры, неўпрыкмет зрабіўся адным з лідараў свайго пакалення.

/i/content/pi/mast/70/1178/artefakts_01_66.jpeg

«Рыбка з імем Нельга-3». Кадр з фільма. 2012.

Пасля першых стужак-прыпавесцей «Прасветленая ноч» і «Не забi! Шостая запаведзь Маiсея» рэжысёр звярнуўся да фальклорных вытокаў мультыплікацыі. Потым была праца над серыялам-коміксам «Прыгоды рэактыўнага парасяці». Яшчэ ў Ленкіна добра атрымліваюцца кінаказкі для дзяцей. Яго анімацыйную карціну «Каму чорт дзяцей калыша» можна назваць адной з лепшых экранізацый Уладзіміра Караткевіча. Наогул стужкі рэжысёра вылучаюцца атмасферай гульні і свавольства, спалучэннем гумару і кранальнай лірыкі. Карціны Аляксандра Ленкіна былі адзначаны шматлікімі прызамі і ўзнагародамі кінафестываляў у Маскве, Суздалі, Самары, Каўнасе. На апошнім, ХХ фестывалі анімацыйных фільмаў у Штутгарце, які адбыўся сёлета ў маі, стужка «Дзед» атрымала дыплом «Асобая згадка журы» ў катэгорыі «Анімацыйны фільм для дзяцей».

З канца мінулага года вы з’яўляецеся мастацкім кіраўніком студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Нядаўна стужка «І.С.Бах» Алены Пяткевіч атрымала галоўную расійскую прэмію «Залаты арол». У праграму кароткаметражных карцін апошняга Канскага кінафестывалю трапілі ваш мультфільм «Рыбка з імем Нельга-3» і твор Міхаіла Тумелі «Як служыў жа я ў пана». Але анімацыя, як і ўвесь кінематограф, перажывае складаны перыяд. Куды рухаецца жанр — у бок фестывальнага, камерцыйнага ці нейкага іншага кіно?

— Лічу, павінна існаваць і фестывальнае, і камерцыйнае кіно. Сапраўды, трэба думаць і пра хлеб надзённы, і пра вялікае, нятленнае. У нас класныя рэжысёры і мастакі. Мы можам рабіць аўтарскае кіно, якое толькі ўздымае прэстыж краіны і студыі. Чаму не? Што тычыцца камерцыйнага кіно, то рэнтабельнасць беларускіх мультфільмаў малая. Я не ведаю, хто ўмее імі гандляваць.

Напрыклад, расійскія маркетолагі звязваюць будучыню анімацыі з поўнаметражнымі фільмамі. Дастаткова згадаць стужкі «Алёша Паповіч і Тугарын Змей», «Дабрыня Нікіціч
і Змей Гарыныч», «Тры волаты і Шамаханская царыца»...

— Размовы пра поўнаметражныя анімацыйныя карціны пачаліся не сёння, мы разважаем на гэтую тэму апошнія 15-20 гадоў. Такі фільм прадугледжвае адпаведную вытворчасць, інвестыцыі, супрацоўніцтва з іншымі студыямі, набыццё новай тэхнікі. Але таксама і творчасць, у першую чаргу. Нядаўна паглядзеў французскі поўнаметражны фільм «Кот рабіна». У 2011-м ён узяў Гран-пры ў Анэсі, анімацыйных Канах. Сам сцэнар цікавы, а па малюнку — класная стужка!

Поўнаметражная мультыплікацыя — рэч вельмі працаёмкая. Дарэчы, за які час можна зрабіць «поўны метр»?

— Напэўна, гады за тры.

Хіба гэта рэнтабельна для нашай студыі? Хто згодзіцца на такі эксперымент?

— А чаму для амерыканскай студыі «Піксар», якая працуе ў жанры камп’ютарнай анімацыі, гэта рэнтабельна? Там занята ажно 4000 чалавек! І поўнаметражны фільм яны таксама робяць 3-4 гады. На ўсіх студыях свету ніхто не выпускае такую прадукцыю за месяц ці год.

На апошнім «Лістападзе» была прэзентавана вельмі арыгінальная эстонска-латвійская анімацыйная стужка «Лота і месяцовы камень». Праўда, яе бюджэт амаль тры мільёны еўра. Але ў Эстоніі не такая вялікая студыя, як «Піксар», а фільм стаў надзвычай папулярным сярод эстонскіх гледачоў.

— Калі эстонскі фільм акупляецца, гэта прыклад для нас. Дарэчы, расійская анімацыйная стужка «Іван Царэвіч і Шэры Воўк» летась зрабілася самай касавай у нашых усходніх суседзяў. Амерыканскія фільмы таксама касавыя.

Вельмі прывабная ў мастацкім і камерцыйным сэнсе форма серыяла ці альманаха. У нас ёсць удалы прыклад — цыкл «Аповесць мінулых гадоў» пра гербы гарадоў Беларусі. Лічу, яго трэба паказваць усюды, дзе магчыма, напрыклад, у метро. Гэта «доўгаіграючы» культуралагічны праект.

— Але ён сябе вычэрпвае. Я рабіў для «Аповесці...» навелы пра Брэст, Віцебск, Чэрвень, Браслаў, Тураў. Калі глядзіш іх запар, пачынаеш разумець, што ў кожнай частцы ёсць адна і тая ж драматургія: калісьці быў заснаваны горад, потым прыйшлі татары і яго спалілі, потым горад аднавілі, але прыйшлі немцы і ўсё спалілі. Спалілі — аднавілі, спалілі — аднавілі і гэтак далей... Я зараз фармулюю груба і прымітыўна, але яно так і ёсць. Адшукаць штосьці нечаканае з кожным разам усё цяжэй. А кіно без знаходак не бывае. Мабыць, зробім яшчэ пару альманахаў, таму што і дэбюты патрэбны, і карысць яшчэ можа быць. Але цяпер мы думаем над цыклам «Легенды і паданні Беларусі», для якога ёсць матэрыял. І там, хутчэй за ўсё, зменіцца фармат — фільмы будуць мець працягласць 3-4 хвіліны (у «Аповесці...» — хвіліна і 45 секунд).

Ці можна за тры хвіліны выразна ўзнавіць легенду?

— Мы толькі пачалі абдумваць ідэю. Магчыма, будзе 13-хвілінны фільм з чатырма сюжэтамі, а іншы 13-хвілінны — з двума. Чаму б і не?..

Сапраўды, наша анімацыя багатая на тэмы і жанры, ад гістарычных да забаўляльных. І яе творчы патэнцыял таксама застаецца значным. Поспех Алены Пяткевіч з фільмам «І.С.Бах» — яшчэ адно сведчанне сталасці айчыннай анімацыі.

— Алена Пяткевіч даўно атрымала Гран-пры на фестывалі ў Анэсі. У яе столькі прызоў — адзін Аберхаўзэн, старэйшы кінафестываль кароткаметражнага кіно, чаго варты! Лічу, што Алена Марчанка-Пяткевіч у нас цяпер лепшы рэжысёр. Што тычыцца жанраў, дык, як той казаў, усе жанры добрыя, апроч сумнага. Возьмем фільмы для самых маленькіх — хочацца і для іх нешта рабіць! Прыходзіць на кінастудыю малады рэжысёр з амбіцыямі — у яго і адукацыя, і вопыт, і талент ёсць. І калі яму ўнушаць: «Ты будзеш здымаць стужку пра казявак!» — ён і здыме такое кіно. А калі яму прапануеш: «Пакажы, на што ты здольны!» — будзе іншы вынік. У мяне так здарылася з дэбютнай карцінай «Прасветленая ноч»...

На мой погляд, гэта ваш лепшы фільм. У гэтай прыпавесці запамінаецца вобраз сучаснага горада, бясконцых эскалатараў метро і людскога натоўпу. Яны ўспрымаюцца як метафара марна пражытага жыцця. Вобразы фільма пэўным чынам адгукнуліся ў нядаўніх стужках «Птаха» і «Дзед».

— Дэбют мне даў мастацкі кіраўнік студыі мульфільмаў Алег Белавусаў. Упершыню стужку паказалі ў 1989 годзе ў Кіеве на Міжнародным фестывалі анімацыйнага кіно «Крок». Не паспелі ўключыць у праграму дэбютаў, фільм трапіў у пазаконкурсны прагляд.

У той час з Амерыкі прыехала Ніна Аляксеева, вядомы кіназнавец, дачка знакамітага аніматара Аляксандра Аляксеева, стваральніка тэхнікі анімацыі, якая называецца «ігольчаты экран». На прагляд прыйшло чалавек 50. Не тое што я хваляваўся, але натуральна псіхаваў, бо наогул псіх па натуры. Скончыўся фільм, скончыліся апладысменты, а хтосьці пляскае ў далоні тры хвіліны. Падумаў, што здзекуюцца, і пайшоў паліць на ганак гасцініцы.

З’яўляецца Ігар Волчак: «Саша, куды ты ўцёк? Ідзі хутчэй, Ніна Аляксеева прагне цябе бачыць». Яна сапраўды была ўзрушана гэтай стужкай. Увечары ў нумары гасцініцы я спяваў ёй песню «Ходзяць коні над ракою», а яна плакала, бо шмат гадоў не была на радзіме. Сава Куліш, вядомы кінарэжысёр, калі ўбачыў мой фільм, стаў для мяне як старэйшы таварыш.

Вось так і трэба з маладымі: «Паспрабуйце!» Дзякуючы таму, што мы павялічылі аб’ёмы вытворчасці, у нас з’явіліся новыя людзі і зацеплілася надзея, што кіно не скончыцца, напрыклад, на Ленкіне або Тумелі. Ідзе наступнае пакаленне.

Цікава, якім тэхналогіям аддаюць перавагу сучасныя аніматары? Напэўна, сярод самых запатрабаваных — камп’ютарная?

— Удакладняю. Камп’ютар — проста прылада, такая, як пэндзлік, аловак, гумка. Што мы робім пры дапамозе камп’ютара? Толькі размалёўваем. Усе фоны і персанажы малююцца на паперы рукой, контуры — таксама рукой. Так, у фонах можна нешта «парэзаць», дадаць спецэфекты. Але ўсё роўна ў лялечным і маляваным кіно 80-90% — ручная праца.

Наогул пошукі тэхналогіі і вобраза ідуць у адпаведнасці са зместам стужкі. Напрыклад, фільм «Не забі!» па сцэнарыі Аляксандра Зайцава распавядаў пра рэпрэсаваных, якіх саслалі на Салавецкія астравы. Мы прыдумалі тэхналогію піксіляцыі — гэта пакадравая апрацоўка ігравога ці дакументальнага кіно. Стаяла кінакамера, скіраваная на шкло з напыленнем, малюнак праектаваўся на матавае шкло. На шкло мы насыпалі спецыяльны парашок, потым пэндзлікамі рабілі карцінку, потым накладвалі яшчэ шкло. Потым клалі яшчэ адно шкло з вазелінам, і так узнікала адпаведная фактура. А ў фільме «Каму чорт дзяцей калыша» па казцы Караткевіча мы з мастаком Стасам Сперанскім хацелі зрабіць нешта незвычайнае, арыгінальнае. І ў аснову малюнка паклалі графіку Марка Шагала.

На жаль, знікла лялечная анімацыя, якая сапраўдны была гонарам студыі. У ёй працавалі Яўген Ларчанка, Міхаіл Тумеля, Віктар Доўнар, Наталля Лось, Таццяна Жыткоўская...

— Лялькі здымаць — сапраўдны кайф! Ведаеце, як яны ходзяць, як мацуюцца? Калі гэта ўбачыў, то ледзь не заплакаў. У назе лялькі ёсць тры дзірачкі, спераду і ззаду. Яны спалучаюцца адмысловымі жалезнымі клямарамі і замазваюцца пластылінам, каб не было відаць. А часам і не падмазваюць. Калі ляльку трымаеш у руцэ, гэта ўнікальнае адчуванне!

Але лялькі — спецыфічны матэрыял, у іх няма рухомай мімікі, пластыкі...

— Не, зусім не абавязкова. У Мышкі з фільма «Церам-Церамок» былі, напрыклад, чатыры галавы з рознымі выразамі твару, і ва ўсіх рухаліся бровы. Мядзведзь быў зроблены ледзь не ў натуральную велічыню. Каб аднавіць гэту справу, патрэбныя лялькаводы, дэкаратары, месца для здымак. Пакуль што ўсе неабходныя звёны ёсць. Але трэба, напэўна, каб зоркі спрыялі. Я з задавальненнем займаўся б лялькамі, але некалькі гадоў таму пачаў рабіць серыял «Рыбка з імем Нельга» — цяпер здымаем чацвёрты фільм. Усяго будзе восем серый.

Неўзабаве атрымаецца сапраўдны акварыум!
У гэтым серыяле мне падабаецца гумар, які стаў прыкметай вашага стылю.

— Шчыра кажучы, самы складаны жанр — камедыя. А мой улюбёны жанр — трагікамедыя. Дарэчы, «Птаху» я здымаў як трагікамедыю...

Фільм ужо атрымаў шмат узнагарод. Сярод іх дыпломы «За пяшчоту і сум», «За лепшую прыпавесць», «За лепшую драматургію». Гэта незвычайная гісторыя пра сяброўства старога і ластаўкі, якую ён знайшоў на беразе ракі і ўратаваў. У фінале гучыць запамінальны тэкст: калі існуе чалавек, які вас любіць, гэта і ёсць галоўны сэнс вашага жыцця. Запамінаюцца і нечаканыя апошнія кадры, калі на правадах разам з птушкамі сядзіць бабка, якая ўвесь фільм выглядала бурклівай і незадаволенай. На маю думку, «Птаха» — гэта прыпавесць. Бабуля жывая ці памерла? А мо, птушакі ўвасабляюць душы нябожчыкаў?

— Я доўга думаў і вырашыў, што трэба пакінуць адкрыты фінал, каб не ўсё было проста і зразумела. Парадокс і жах нашага жыцця ў тым, што мы падаем міласціну незнаёмым, а самых блізкіх часам крыўдзім, несправядліва ставімся да родных. На самай справе птушка — толькі нагода для героя звярнуцца да тых, хто вакол яго.

Напэўна, музыка Моцарта ў стужцы сімвалізуе адвечнае?

— Такое рашэнне прапанаваў кампазітар Віктар Капыцько. Перад здымкамі я імкнуся знайсці нейкія музычныя тэмы. Калі пачалі «Рыбку з імем Нельга», падклаў пад малюнак музыку з фільма «Джэнтльмены ўдачы». Усе казалі, што тэмы быццам напісаны менавіта да «Рыбкі». На самай справе я, як і мой дзядзька, вядомы рэжысёр Ігар Волчак, і мая мама, маю музычную адукацыю. Маці скончыла музычную школу, яна педагог. Ігар Віктаравіч закончыў кансерваторыю. Я калісьці вучыўся іграць на фартэпіяна.

Наогул у вашых стужках гучыць шмат опусаў, якія ствараюць і выконваюць Андрэй Ледзянёў, Ігар Сацэвіч, Уладзімір Ткачэнка. У «Птасе» выканаўцамі выступаюць ансамблі «Ліцьвіны» і «Гуда». Анімацыя і музыка наогул вельмі блізкія па адчуванні часу, прасторы і метрарытму.

— Мне здаецца, што з музыкай нічога нельга параўнаць. Памятаеце, у Анджэя Вайды быў фільм «Дырыжор», дзе гучыць 40-я сімфонія Моцарта? Там складаныя адносіны паміж мужам і жонкай, а дырыжора іграе, дарэчы, славуты Джон Гілгуд. Як па-рознаму гучыць класіка на фоне гэтых адносін!

Анімацыя, пэўна, самае вытанчанае экраннае мастацтва.
Дае прастору для фантазіі і магчымасць стварэння неверагодна выразных вобразаў. Нават у перакладзе «анімацыя» — значыць «адушаўлёнасць». Наогул што для вас анімацыя?

— Пытанне складанае. Але, у прынцыпе, для мяне — усё. Быў у маім жыцці нейкі катаклізм, я вельмі перажываў. Але ў пэўны момант адчуў, што па сутнасці я шчаслівы чалавек. Калі спрабаваў зразумець прычыну свайго адчування, то ўсвядоміў: мая прафесія ўнікальная. Дакладней, нават не прафесія, а чароўная справа. Гэта і ёсць маё шчасце. Я да гэтага часу перакананы, што мы — чараўнікі...

Антаніна КАРПІЛАВА