Касмічнае гучанне аргана

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

Музычны фестываль «Мінская вясна»

/i/content/pi/mast/69/1159/10.jpg
Дырыжор Дзмітрый Зубаў.
Міжнародны фэст, які Беларуская дзяржаўная філармонія звычайна ладзіць у красавіку і маі, сёлета быў прысвечаны 50-годдзю аргана вялікай залы. Гэта сур’ёзная дата аб’яднала шэраг арыгінальных праектаў з удзелам выканаўцаў Беларусі, Расіі, Германіі, а таксама прымусіла згадаць паўвекавую гісторыю музіцыравання на гэтым інструменце ў Мінску і шматвекавую — у іншых краінах. Пра канцэпцыю арганнага складніка «Мінскай вясны» распавядае музыказнаўца Вольга Савіцкая, якая шмат гадоў выступае ў якасці вядучай арганных канцэртаў.

— У маі 1963 года ў канцэртнай зале БДФ упершыню загучаў арган чэшскай фірмы «Rieger-Kloss» (тая ж фірма ўстанаўлівала арган і ў Сафійскім саборы Полацка). Іржы Рэйнбергер, выканаўца, прызнаны спецыяліст у галіне арганабудавання, прафесар Пражскай музычнай акадэміі, спраектаваў інструмент менавіта для нашай залы. Гэта была сапраўды грандыёзная падзея! Сам Іржы і прадэманстраваў неверагодныя магчымасці новага інструмента, які меў больш за 6 тысяч труб, пульт кіравання з чатырма мануаламі, 107 рэгістраў.

На канцэртах глядач бачыць эфектны фасад з труб, драўляных і металічных, вертыкальных і гарызантальных, серабрыстых і залацістых. Трубы памерам з іголку і ў 10 метраў вышынёй. За фасадам — складаны, высокі, як чатырохпавярховы дом, механізм. Наш арган — адзін з самых вялікіх у Еўропе, і асноўнае вызначэнне, якое даюць яму арганісты, што прыязджаюць да нас з канцэртамі, — «магутны».

Фестывалі арганнай музыкі час ад часу ладзяцца ў краінах Еўропы, у нас такі фэст праходзіў упершыню, і яго арганізатарам хацелася годна прадставіць славутых гасцей і айчынных музыкантаў, чыё творчае жыццё трывала звязана з арганам.

У першым музычным праекце з’ядналіся імёны беларускіх арганістаў Ігара Алоўнікава, Канстанціна Шарава, Ксеніі Пагарэлай, гаспадыні аргана Сафійскага сабора, а таксама Марыны Воінавай, расійскага музыканта. Практык і тэарэтык, канцэртуючы музыкант і галоўны рэдактар часопіса «Музыкальная академия», Воінава прадставіла ў Мінску ўласнае сачыненне, прысвечанае Алегу Янчанку, свайму педагогу, выдатнаму беларуска-расійскаму выканаўцу. Ён быў першым салістам-арганістам нашай філармоніі, надзвычай плённа працаваў тут дзесяць гадоў і нават калі вярнуўся ў Маскву, захоўваў кантакты з Беларуссю, адкрываў арганы ў Сафійскім саборы і касцёле Святога Роха.

«Con molti strumenti» — другі праект фэсту — прэзентаваў арган у спалучэнні з іншымі інструментамі. Каштоўнасць гэтага праекта — у яго эксклюзіўнасці: напрыклад, інструментальныя канцэрты Вівальдзі з саліруючым арганам (такіх сачыненняў у кампазітара некалькі) раней ніколі не гучалі ў Мінску. У праграму былі таксама ўключаны Кантата Баха для альта, яго сімфоніі з арганам. Адметнасць «Con molti strumenti» надаў і склад выканаўцаў. Марцін Ціман, сталы майстар і вопытны музыкант, быў арганістам некалькіх цэркваў у Штутгарце, кіраваў хорам і наогул канцэртным жыццём буйнога музычнага цэнтра Германіі. Масквічу Дзмітрыю Сінькоўскаму ўсяго 30, але ён зрабіў сенсацыйную кар’еру — ужо сёння яго параўноўваюць з Вадзімам Рэпіным і Максімам Венгеравым. Дзмітрый іграе на барочнай скрыпцы, музіцыруе разам з барочнымі аркестрамі Еўропы. У нашым канцэрце ён выступаў у дзвюх якасцях — як скрыпач, разам з аркестрам «Камерныя салісты Мінска» (на чале з Дзмітрыем Зубавым), і як контртэнар, уладальнік рэдкага голасу, надзвычай прыдатнага для выканання барочнай музыкі.

Ужо не першы год у філармоніі праходзіць цыкл канцэртаў «Выдатныя арганісты свету». Сольны праект Іаганэса Геферта з Германіі, які таксама з’яўляецца часткай гэтага цыкла, прагучаў падчас сёлетняй «Вясны». Геферт, адзін з буйнейшых арганістаў свету, належыць да выканальніцкай эліты. Выхадзец з сям’і патомных музыкантаў, на працягу трох дзесяцігоддзяў ён быў дырэктарам Бонскай кірхі і дасканала ведае стылі арганнага выканальніцтва, у тым ліку нямецкія царкоўныя традыцыі інтэрпрэтацыі арганных сачыненняў дабахаўскага часу, твораў Баха і опусаў рамантычнай эпохі. Яму ўласціва незвычайная віртуознасць — і разам з тым уменне без знешніх эфектаў і танных прыёмаў выявіць самыя глыбокія пласты твора.

У ХІХ стагоддзі ў Мінску працавала вучылішча арганістаў. На жаль, традыцыя была надоўга перарвана, але наша Акадэмія музыкі вярнулася да навучання арганістаў. Канцэрт маладых беларускіх музыкантаў і іх педагога Уладзіміра Неўдаха адбыўся ў філармоніі ўпершыню. Большасць выступілі менавіта як выканаўцы і інтэрпрэтатары, а кампазітар Вольга Падгайская прадставіла досыць арыгінальныя ўласныя творы для аргана.

Апошні праект фестывалю адбываўся якраз тады, калі музычная грамадскасць многіх краін адзначала Сусветны дзень аргана. Нагода — святкаванне 850-годдзя сабора Нотр-Дам (Notre Dame de Paris). У той дзень у канцэртных залах, культавых збудаваннях Вялікабрытаніі і Францыі, Германіі і ЗША прайшлі канцэрты, прысвечаныя грандыёзнай падзеі.

Наш канцэрт быў арыгінальны шмат па якіх прычынах. І таму, што за клавіятурай аргана сядзеў Аляксандр Фісейскі, які з’яўляўся салістам-арганістам нашай філармоніі на працягу ажно дзесяці гадоў. І таму, што праграма пад назвай «Французскі сімфанічны арган» сапраўды складалася з сачыненняў кампазітараў гэтай краіны — Сезара Франка, Леона Бёльмана, Аліўе Месіяна і, нарэшце, Луі В’ерна, які больш за дзесяцігоддзе быў арганістам легендарнага сабора Парыжскай Божай Маці. У такіх праектах асабліва адчуваеш магутныя перазовы музычных эпох, трывалыя сувязі, якія яднаюць лепшых выканаўцаў розных школ і краін. І, вядома, кожны раз цябе ўражвае і прымушае думаць пра вечнае сапраўды касмічнае гучанне аргана. Караля інструментаў... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі