Шлях уздоўж ракі

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

Выстава мастацкага шкла


 /i/content/pi/mast/69/1157/6.jpg
 Усевалад Зарубін. Ракавіна. Хрусталь, медзь. 2009.
Вясна і крыгаход за вокнамі старажытнага езуіцкага калегіума — а цяпер выставачнай залы — аказаліся вельмі дарэчнымі для кантэкстуалізацыі выставы крохкіх шкляных твораў.

Адметна, што выстава адчынілася ў Полацку, — дагэтуль айчынныя «шкляныя» імпрэзы ладзіліся пераважна ў сталіцы. Экспазіцыя працягвае цыкл праектаў, прысвечаных нашаму сучаснаму шклу і яго ролі ў сусветным шкларобстве. У апошняе дзесяцігоддзе адбылося шмат падзей з беларускім удзелам — лакальныя і замежныя выставы, сімпозіумы, адукацыйныя праграмы. Нарэшце, Першы Партызанскі і Першы Міжнародны шкловыдзімальныя сімпозіумы «Нёманская хваля», якія сабралі творцаў пяці краін на легендарным айчынным шклозаводзе «Нёман» для сумеснай працы і плённых стасункаў.

Навігацыя паміж уплывамі, трэндамі, аўтарытэтамі робіць нашых мастакоў адметнымі на міжнароднай сцэне. Майстроў вылучаюць валоданне традыцыйнымі тэхнікамі гуты, метафарычнасць і вобразнасць твораў, дакладнасць візуальнага ўвасаблення ідэй. Нашаму шклу ўласцівы лаканічныя, чыстыя формы і далікатнае разуменне пластыкі. Але так вабяць далёкія берагі! Па сутнасці, полацкая «Навігацыя» стала свядомай спробай куратараў адшукаць на скрыжаванні плыняў той самы фарватар, у якім рухаецца сучаснае беларускае мастацтва шкла.

Да ўдзелу ў выставе былі запрошаны дзесяць творцаў. Усе яны трактуюць шкляную рэч не ў якасці ўтылітарнага аб’екта — найперш іх творы напоўнены сэнсам.

Бліскучыя экспанаты сумяшчаюць уласцівасці ўмяшчальняў філасафічнага роздуму і вольнага аўтарскага ўтварэння, яны выступаюць пасланнямі ў бутэльках — «пасланнямі без дакладнага адрасата» ў трактоўцы Жака Дэрыда. Формамі празрыстай камунікацыі з гледачом.

Сапраўдныя «кантэйнеры з пасланнямі» расцягнуліся ўздоўж Дзвіны, аддзеленыя ад яе таўшчэзнымі гістарычнымі мурамі, — па калідорнай выставачнай зале трэцяга паверха галерэі. Як падаецца, удалося стварыць цякучыя абрысы «экспазіцыйных выспаў» ці асобных твораў, што рухаюцца па асабістых траекторыях, але ў межах аднаго струмяня. Рух і прастору выставы трымалі надзвычай манументальныя для шкла творы Алены Атрашкевіч. «Вагон часу» (2012), «Бітва вентылятараў» (2012) і «Адлегласць» (2011) — паслядоўныя навігацыйныя кантрапункты. Смарагдавыя і празрыстыя «буі», якія адзначаюць межы прафесіяналізму, — працы таленавітых мастакоў шклозавода «Нёман» Алены Ткачовай і Сяргея Шэціка. Паміж імі — вір маленькіх, але выкшталцоных выспачак, створаных студэнтамі і нядаўнімі выпускнікамі аддзялення шкларобства Акадэміі мастацтваў Дар’яй Ціхай, Ганнай Аляксейчык, Ганнай і Усеваладам Зарубінымі. Парадаксальныя аб’екты Вольгі Сазыкінай з серый «Партызанская архітэктура» і «Галюцынагены» складаюцца ў свайго кшталту мацярык. І амаль як маяк ззяе электрычным святлом рознакаляровая кампазіцыя «Акцябраты» Паўла Вайніцкага: у адзін з дзіцячых партрэтаў — жоўты — устаўлена сапраўдная лямпачка.

Звычайна завешаныя карцінамі, галерэйныя сцены падчас выставы адпачывалі. Адзіным аб’ектам, які іх абцяжарваў, быў невялічкі шкляны «Аклад» (2006) Анатоля Калугіна. Увогуле экспазіцыя атрымалася — у добрым сэнсе — лёгкай, бо яе празрыстыя экспанаты балансавалі на мяжы паміж матэрыяльнасцю і бязважкасцю.

На атмасферу выставы паўплывалі асаблівасці інтэр’ера галерэі. Некаторыя фрагменты прасторы дзіўным чынам супалі са зместам твораў. Напрыклад, выдатным подыумам для «Рэлікта» Алены Атрашкевіч стаўся знойдзены тут жа антыкварны раяль, адасоблены ад асноўнай плошчы прыступкамі. Напаўпразрыстая марская істота ці (у аўтарскай трактоўцы) нізка пазванкоў — чым бы ні з’яўлялася гэтая медузападобная структура ў свядомасці назіральніка, яна досыць арганічна глядзелася на паліравана-чорнай раяльнай паверхні, упрыгожанай складанай ляпнінай.

Прэзентаваныя на выставе творы — вынік працы са шклом новага пакалення беларускіх мастакоў, якое імкліва рухаецца ў плынях актуальных сусветных напрамкаў і тэндэнцый, засвойваючы новыя тэхнікі і канцэпцыі, выкарыстоўваючы камунікацыйныя перавагі сучаснасці. У іх творчасці няма ні межаў, ні адлегласцей: для беларускага шкла лёд крануўся — la glace est rompue — на зломе стагоддзяў, калі высілкі айчынных творцаў зліліся з сусветнымі мастацкімі працэсамі.

Тым не менш відавочна, што экспанаты «Навігацыі» працягваюць традыцыі асацыятыўна-метафарычнага напрамку, распрацаваныя і закладзеныя ў беларускім мастацтве шкла на мяжы 1970—1980-х гадоў. Айчыннае шкларобства таго перыяду характарызавалася выключнай самастойнасцю шляхоў развіцця. Ва ўмовах замкнёнай геаграфічнай прасторы творцы здзяйснялі фенаменальныя адкрыцці ў пластычнай і вобразнай мове шкла. Такім чынам, выставу можна ўспрымаць як працяг і адраджэнне авангардных эксперыментаў папярэдніх пакаленняў.

Памнажаючы суднаходныя асацыяцыі, варта распавесці пра «караблі і гавані», без якіх «Навігацыя» была б немагчымай. Да першых адносяцца нашы нешматлікія прадпрыемствы, ад якіх мастацтва шкла безумоўна і катастрафічна залежыць. Флагман — шклозавод «Нёман». Менавіта там пачаліся змены, калі ў 1996-м, пасля доўгай паўзы ў дванаццаць гадоў, прыйшло наступнае (па заводскім летазлічэнні — чацвёртае) пакаленне мастакоў — Алена Ткачова і Сяргей Шэцік. Яны працягнулі творчыя пошукі папярэднікаў на пачатку новага тысячагоддзя.

Адпраўная кропка шкляных падарожжаў у жыццё — Беларуская акадэмія мастацтваў, кафедра ДПМ, спецыяльнасць «Мастацкае шкло». У апошнія дзесяцігоддзі тут было падрыхтавана некалькі выпускаў унікальных спецыялістаў. Нібы скрозь сіта прасейваюцца мары і творчыя амбіцыі неспрактыкаваных маладых мастакоў. Але ў віры магчымасцей, расчараванняў, спакусаў і надзей нейкая вышэйшая нябесная сіла прышвартоўвае іх да Шкла. Рэаліі і творчыя памкненні асобы сутыкаюцца на скрыжаванні рамяства, бізнесу і арт-рынку. Той, хто аднойчы апынуўся на сучасных шкляных мануфактурах, стаў сведкам нараджэння «першаматэрыі», даткнуўся да жывога шкла, — быццам далучаецца да сакральных ведаў.

Пяцігоддзе, якое папярэднічала міленіуму, стала часам кансервацыі ўсяго арсенала напрацаваных тэхнік, фармальна-стылістычных прыёмаў і традыцый гуты. А з 2000-х гадоў мастацтва шкла, як арганізм, якому наканавана эвалюцыянаваць, увайшло ў стадыю актыўнага пераасэнсавання.

Беларуская гутная справа дрэйфуе праз той нялёгкі перыяд, калі вектар руху сучаснага мастацтва шкла засвойваецца і фарміруецца інтуітыўна, без дакладнай тэарэтычнай базы. Са спазненнем, партызанскімі сцежкамі, тонкімі гаманкімі ручаямі пранікаюць у нацыянальныя традыцыі элементы замежных тэхналогій і эстэтычных сістэм. Гэты працэс суправаджаецца, з аднаго боку, умацаваннем кантактаў з суседнімі (і не толькі) шкларобнымі школамі, з іншага — разуменнем уласнай выключнасці, багацця айчыннай спадчыны.

Адушаўленне інтэнцый мастакоў шкла адбываецца праз адзін з самых супярэчлівых матэрыялаў. Народжанае ў барацьбе, у агні і дыме, шкло — як мора — дазваляе сябе скарыць. Але напрыканцы ўсё роўна адчуваеш моц яго вольнай натуры. Напластаванне візуальна-сэнсавых умоўнасцей пад бліскучай паверхняй шкляных аб’ектаў нараджае асаблівы эмацыянальна-вобразны строй. Што кіруе ім? Ці магчыма ўвогуле навігацыя гэтага працэсу?

Наш адказ — так. І тут кожны мастак шкла — сам сабе капітан і лоцман. Фізічныя якасці твора дакладна канстатуюць факт ягонага існавання, але сапраўднае гучанне формы абумоўлена іншымі, больш складанымі механізмамі. Увабраўшы ў сябе інтуітыўныя аўтарскія разуменні руху пластычнай формы ў напрамку аб’ектнага мастацтва, у кожнай працы адбываецца праламленне індывідуальнасці творцы. 

Паліна ВАЙКЕВІЧ