Дзе вісяць залатыя вішні?

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

«Зоркі сусветнага балета»

/i/content/pi/mast/68/1147/12.jpg
«Intimate Distance». Беатрыс Кноп і Дзмітрый Семіёнаў. Дзяржаўны балет Берліна.
Міма такіх назваў і афіш нельга прайсці спакойна. Асабліва калі ў якасці ўдакладнення пазначана: у эксклюзіўным праекце ўдзельнічаюць салісты Парыжскай оперы, Дзяржаўнага балета Берліна, Нацыянальнага балета Партугаліі, Англійскага нацыянальнага балета. Праект быў ажыццёўлены ў межах міжнароднага фестывалю «Магія музыкі і танца», а турнэ ахоплівала Пецярбург, Маскву, Віцебск, Мінск, Хельсінкі, Талін. Заўважу, што балетныя гала, якія паказваюцца ў канцэртным туры, рэдкасць.

Спачатку некалькі агульных думак. Першая. На тое, што прывозіць да нас Максім Берын і ягоная кампанія «Берын Арт менеджмент», заўжды варта ісці. У снежні 2010 года ў трох гарадах Беларусі прайшоў міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае». У 2011-м дзякуючы кампаніі на сцэне філармоніі адбыўся міжнародны форум «Магія раяля». Летась «Берын Арт…» ажыццявіла грандыёзны праект «Першы палацавы баль у Нясвіжы». Другая акалічнасць. Поспех немагчымы без кідкай і эфектнай назвы, гучнай рэкламы, сур’ёзных спонсараў. Думка трэцяя. Зала на адзіным паказе аказалася паўнюткая. Значыць, наша публіка згодная плаціць вялікія грошы за квіткі (іх кошт дасягаў 2 мільёнаў беларускіх рублёў, больш за $ 200), каб убачыць эксклюзіў — зорак, якія да нас ніколі не прыязджалі і якіх у бліжэйшыя гады наўрад ці ўбачым.

Такім чынам, прыехала пяць пар і двое салістаў — Уладзімір Малахаў (Дзяржаўны балет Берліна) і Эмануэль Цібо (Парыжская опера). Прадстаўнікі шасці краін, сямі калектываў (два з Германіі), артысты з буйнейшых харэаграфічных труп свету.

Праграма ўключала ўсяго трынаццаць нумароў. (Беларусы больш шчодрыя, у нас адно аддзяленне звычайна мае столькі фрагментаў. Але не будзем прыдзірацца.) Сабраць такую колькасць зорных выканаўцаў, чый час распісаны на сезоны наперад, не проста. Цікава, што Тобіяс Эхінгер, кіраўнік праекта, па адукацыі балетны артыст. Працаваў у славутым штутгарцкім балеце, трупе Монтэ-Карла, у 25 гадоў яму прапанавалі зрабіцца дырэктарам-менеджарам у балетным тэатры Дортмунда (у тым жа горадзе знаходзіцца і галаўны офіс кампаніі Берына).

Удзел Уладзіміра Малахава, аднаго з самых выдатных танцоўшчыкаў свету, анансаваўся як найбольш яркая падзея праекта. Пераможца прэстыжных конкурсаў, колішні саліст маскоўскага Тэатра балета пад кіраўніцтвам Наталлі Касаткінай і Уладзіміра Васілёва, Малахаў эміграваў на пачатку 1990-х, паспяхова зрабіў міжнародную кар’еру, танцаваў у Штутгарцкай трупе, Венскай оперы, Амерыканскім балетным тэатры, з’яўляўся кіраўніком харэаграфічных труп у самых славутых тэатрах Еўропы. Цяпер яму 45 гадоў. У гэтым узросце кар’ера балетнага артыста звычайна ідзе на спад. Калі пасля доўгага перапынку (і вымушанай эміграцыі) у Пецярбург прыехаў Рудольф Нурыеў і танцаваў Джэймса ў «Сільфідзе», расійская крытыка пісала: «Шкада, што мы не ўбачылі яго ў перыяд росквіту». У пэўнай ступені тое ж можна сказаць і ў дачыненні да Малахава.

Магчыма, падобнае ўражанне склалася таму, што нумар, пастаўлены італьянскім харэографам Маўра дзі Кандзіа, пазбаўлены імклівай дынамікі, віртуозных скачкоў, а выразнасць дасягаецца праз пластыку цела, якое не можа пераадолець мяжу магічнага кола, акрэсленага промнем святла. Варта падзяляць уражанні ад харэаграфіі і ўласна выканання. «Паміраючы лебедзь» на музыку Сен-Санса быў прадстаўлены не ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна, знаёмай да кожнага руху, а ў экспрэсіўным і нечаканым прачытанні. Гэтая музычная мініяцюра, відаць, заўжды будзе крыніцай натхнення для балетмайстраў. І таму, што птушка — сімвал балета. І таму, што танец асацыюецца з лёгкасцю і палётнасцю. Прываблівала выразнасць кожнага руху. На маю думку, гэты «Лебедзь» увасабляў трагедыю птушкі, якая не можа болей узляцець, але адначасова і драму танцоўшчыка, які паступова страчвае былую лёгкасць. У любым выпадку, знаёмства з Малахавым было цікавым, бо раней ён у Мінск не прыязджаў і ці завітае яшчэ калі-небудзь  — невядома.

Нечаканая выснова датычыць візуальных уражанняў ад салістаў, якіх мы пабачылі. Беларускі балет на працягу многіх сезонаў прывучыў нас да таго, што «зорнасць» (у тым ліку ідэальныя даныя) пачынаецца ад росту 170—175 см у дзяўчат і 180—190 см у хлопцаў. Праект, падрыхтаваны Эхінгерам, сведчыў: або мы занадта строгія, або ў Еўропе крыху іншыя ўяўленні пра ідэальных балерыну і танцоўшчыка. Шэраг салістаў мелі не надта вялікі рост, але выглядалі надзвычай тэхнічна (як Ноа Гелбер з трупы Фарсайта). Не надта высокай успрымалася і Венус Віла, англійская балерына. Не хачу крыўдзіць нашых артыстаў, але замежныя зоркі, безумоўна, віртуозныя. Яны «круцяць» туры амаль удвая хутчэй, наогул болей імкліва рухаюцца па сцэне. Звяртаеш увагу на цудоўную каардынацыю, вельмі прыгожую дробную пластыку ног, выразныя ступні, як у Эмануэля Цібо з Парыжскай оперы. Гэты танцоўшчык запомніўся лёгкай палётнай варыяцыяй Джэймса з «Сільфіды».

У праграму трапілі ўсяго два нумары Уільяма Фарсайта, амерыканскага і нямецкага харэографа. У першым уражвала паэтычнасць назвы — «Там, дзе вісяць залатыя вішні». Дынамічная, «тэхнізаваная» кампазіцыя, якая ўвасабляла стыль Фарсайта, яго танцавальную манеру, успрымалася як адлюстраванне адчужанасці людзей у вялікім горадзе і пластычны вобраз тэхнагеннай цывілізацыі. Другая мініяцюра, па-дэ-дэ на музыку Гендэля, — досыць нечаканая для харэографа. Здавалася, што надзіва гарманічныя гукі з эпохі барока змякчалі дысанансы адносін і пластычнай мовы.

Стыль Фарсайта нарадзіўся ў 1980–1990-я гады, але па-ранейшаму надзвычай запатрабаваны публікай. Ім немагчыма авалодаць без сур’ёзнай фізічнай падрыхтоўкі, яго можа засвоіць танцоўшчык, які мае класічную адукацыю (той жа, хто не мае, лёгка атрымае траўмы). За апошнія дзесяць, а мо і дваццаць гадоў нумары з харэаграфіяй Фарсайта ў Мінску, сталіцы еўрапейскай дзяржавы, «ужывую» не паказваліся ні разу. Гэта дзіўная і недарэчная сітуацыя. Асабіста я не з’яўляюся заўзятай прыхільніцай творчасці харэографа, але ён адзін з самых арыгінальных балетмайстраў новага часу. Вядома, калі б нашы артысты дакрануліся да такога стылю і танцавальнай сістэмы, гэта аказалася б надзвычай карысным. Тым больш што Ноа Гелбер (правая рука Фарсайта), які разам з Наталляй Домрачавай і прэзентаваў нумары, дастаткова часта ўвасабляе харэаграфію майстра на розных сцэнах.

У праграме «Зоркі сусветнага балета» была прадстаўлена класіка — назвы, добра ўсім вядомыя. Іх няшмат — «Лебядзінае возера», «Сільфіда», «Дон Кіхот». Цікава было пабачыць знакамітае белае адажыа з «Лебядзінага» ў выкананні Венус Віла з Англійскага нацыянальнага балета і Раланда Сарабіа, прадстаўніка Амерыканскага тэатра балета. Пустая сцэна, шэры «заднік», белы туман... Астатняе дадае ўяўленне. Станцавана дакладна і прачула. Аказваецца, музыка Чайкоўскага, інтэрпрэтаваная Львом Іванавым, цікавая англічанам і амерыканцам.

Харэаграфічная творчасць Міхаіла Барышнікава, балетнай зоркі і знакамітага «ўцекача», раней ніякім чынам не была прадстаўлена ў Мінску. Па-дэ-дэ Сванільды і Франца з «Капэліі» Дэліба прэзентавалі Юргіта Дроніна і Ісак Эрнандэс, салісты Нідэрландскага балета. Міла, прыемна, у стылі вядомых пастановак. Фрагмент пераконваў: Барышнікаў усё-такі больш значны і цікавы як танцоўшчык, а не як харэограф. Лірыка-камедыйны каларыт твора прымусіў думаць, што спектакль цалкам або ўрыўкі з яго маглі б упрыгожыць рэпертуар нашага харэаграфічнага каледжа.

Нумар «Intimate Distance» («Блізкая дыстанцыя») з харэаграфіяй Іржы Бубенічка зрабіў моцнае ўражанне вынаходлівасцю пластыкі і відавочным пачуццём гумару. (Музыка мініяцюры належыць брату-блізняці, Ота Бубенічку). Барацьба дзвюх моцных індывідуальнасцей завяршылася лёгка — пацалункам.

Сапраўднымі пярлінамі падаліся дзве мініяцюры, пастаўленыя Маўра Біганцэці, адным з вядучых сучасных балетмайстраў Італіі. Летась ён быў ганараваны расійскай «Залатой маскай» за лепшую працу харэографа (спектакль «Cinque», дзе балерыны танцуюць у скураных пачках ад Ігара Чапурына). Мініяцюры Біганцэці трэба было бачыць! «Караваджа» на музыку Монтэвердзі — фрагмент з балета ў дзвюх дзеях, пастаўленага ў Берлінскай оперы ў 2009 годзе. Харэографа натхнілі асоба вялікага мастака і яго карціны, якія ажываюць у спектаклі. Дуэт Беатрыс Кноп і Дзмітрыя Семіёнава, які ўвасабляў мастака і яго зямную каханую — а мо незямную музу, разгортваўся ў паўзмроку. Здавалася, лініі пластыкі льюцца, бруяцца, перацякаюць з адной дасканалай формы ў іншую. Моцным падаўся фінал, калі дзве постаці спынялі рух і застывалі ў промні залацістага святла — яно прымушала згадаць твары на партрэтах мастакоў эпохі Адраджэння.

«Кантату», таксама пастаўленую Біганцэці, прадставілі Філіпа дэ Кастра і Карлас Пінільёс з Нацыянальнага балета Партугаліі. Фантастыка! Іншага слова і не падбярэш... Кампазіцыя ўзнікла на аснове італьянскага фальклору. Такая акалічнасць сёе-тое тлумачыць, але цуд — рэч цяжкавытлумачальная. У пластычным малюнку спалучаюцца элементы народнага, характарнага, сучаснага танца. Недарэмна харэограф, які пачынаў як артыст, танцаваў у балетах Фарсайта, Баланчына, Мясіна, — такі вопыт і разняволенасць фантазіі праяўляюцца ў кожным жэсце і руху.

Танцуюць басанож. Здаецца, на сцэне — падлеткі. Або вясковыя хлопец і дзяўчына, якія раптоўна адкрываюць агромністы свет душэўнага хвалявання і трымцення, пачуццёвых супадзенняў, высокай эротыкі. Міжволі згадваеш знакаміты радок Гарсія Лоркі «Я в белый песок впечатал ее смоляныя косы...», але ў гэтым дуэце менш брутальнасці, а больш дзівоснай чуласці, неверагоднай душэўнай тонкасці. Ён — пра самабытных асоб і нечакана знойдзенае шчасце. У пластыцы ўвесь час прысутнічае крыху знарочыстая грубаватасць, але яна запамінаецца лепш, чым вытанчаныя дуэты і па-дэ-дэ, пабудаваныя па ўсіх законах жанру.

Гала атрымалася. Крыху не хапіла буклета з творчымі біяграфіямі харэографаў і салістаў. Але гэта ўжо дробязі. Шкада, калі падобны праект застанецца адзінкавым. Думаю, у Еўропе хапае і харэографаў, і салістаў, якіх мы яшчэ не бачылі. Таму хацелася б, каб «Зоркі…» прыехалі зноў. Сёлета ўслед за імі «Берын Арт менеджмент» прывёз у Мінск «Братоў Карамазавых», адну з апошніх пастановак Барыса Эйфмана, але гэта, як кажуць, ужо зусім іншая гісторыя... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі