Кінаказка стала мюзіклам

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

«Звычайны цуд» Генадзя Гладкова

/i/content/pi/mast/68/1146/10.jpg
Алег Прохараў (Мядзведзь).
«Вестсайдская гісторыя» Бернстайна (нядаўняя работа тэатра) у свой час з тэатральнай сцэны трапіла на экран і зрабілася культавым амерыканскім кінамюзіклам. «Звычайны цуд» пайшоў супрацьлеглым шляхам. Новы сцэнічны твор апрыёры «асуджаны» на параўнанні з не менш культавым савецкім фільмам Марка Захарава з музыкай Генадзя Гладкова. З’яўленне новай версіі справакавана часам. Гладкоў і Юлій Кім, аўтар лібрэта і вершаў, азірнуўшыся на створанае больш за 30 гадоў назад, зразумелі, што сказана далёка не ўсё, бо ўбачылі казку Яўгена Шварца ў новым часавым вымярэнні. У выніку ў 2008-м кампазітар напісаў мюзікл, у якім «старыя» хіты са знакамітай кінастужкі гарманічна яднаюцца з новымі.

Гладкоў не толькі па-сучаснаму прачытаў мудрую казку, але і ўвёў у яе музычныя цытаты (з «Варшавянкі» ды «Марсельезы») — алюзіі на рэвалюцыйнае мінулае. Падкрэсліўшы эксцэнтрычным прыёмам сэнсавы падтэкст камедыйных сцэн, кампазітар выкарыстоўвае і іншыя сродкі, што дазваляюць убачыць за казачна-фантазійным флёрам «Цуду» не толькі камічны і лірычны змест, але і драматычныя моманты. І ўсё гэта ў межах традыцый сучаснага мюзікла, забаўляльнага і сур’ёзнага адначасова.

Пастаноўка ўвасабляе стройную і прадуманую драматургічную будову мюзікла. Захоўвае яго апавядальна-разважлівы тон і агульны няспешны тэмпарытм, што кампенсуецца ўнутранай дынамікай асобных сцэн. Яна выяўляецца праз арыгінальныя танцавальна-пластычныя, сцэнаграфічныя сродкі, светлавыя рашэнні.

Мюзікл мае нумарную структуру, але галоўны прынцып арганізацыі сцэнічнага руху дапаўняецца скразнымі танцавальна-пластычнымі вобразамі, пазначанымі ў спектаклі як Хімеры. Шматзначны сімвалічны вобраз спадарожніц чараўніка (Гаспадара) — матэрыялізацыя яго дзівакаватых задумак — даручаны тром артысткам балета. Пластыка падкрэслівае адлучанасць вобраза-фантома ад рэальнага быцця. Затое буйства фантазіі, арыгінальнасць і феерычнасць пануюць у шэрагу вакальна-танцавальных сцэн з удзелам абодвух міністраў, прыдворных дам і світы Караля. Хор і выканаўцы выдатна сумяшчаюць спевы з танцамі, а Мядзведзь і Прынцэса, спяваючы, яшчэ і б’юцца на шпагах!

Рэжысёрскі выбар выканаўцаў на ролі амаль кожны раз аказваецца трапным. Ілона Казакевіч (Прынцэса) цудоўна выяўляе разнастайную палітру эмоцый і пачуццяў — ад наіўнасці і пяшчоты да драматычнай экспрэсіі і трагічнай пакорлівасці. Побач з ёй выканаўца ролі Мядзведзя Алег Прохараў выглядае больш стрымана і крыху аднатыпна, хоць і ў яго ёсць яркія драматычныя і лірычныя сола. Затое Аляксандр Асіпец — Кароль, якому кампазітар падараваў ажно восем вакальных нумароў, вобразна кажучы, царуе на сцэне. Бліскучы камедыйны талент артыста дазваляе ствараць адпаведны вобраз без перабольшанняў. Ягоны Кароль добры, мяккі (часам, як дзіця, адгароджваецца ад праблем — «нічога не бачу, нічога не чую»), хоць і пераконвае ўсіх, што ён сапраўдны тыран, самадур і узурпатар, абцяжараны дрэннай генетыкай. На жаль, пазбаўлены глыбіні характараў Гаспадар (Антон Заянчкоўскі) і Гаспадыня (Леся Лют), таму застаецца толькі слухаць добры вакал.

Відавочна кантрастуюць між сабой сцэнаграфія і касцюмы. Свае ідэі Андрэй Меранкоў часткова запазычвае ў Леанарда да Вінчы, капіруючы на суперзаслоне выяву знакамітага «вітрувіянскага чалавека», а на бакавых кулісах — графічныя малюнкі мастака. Сцэнічная канструкцыя — таксама не арыгінальная прыдумка. Яе ўтвараюць дзве бакавыя лесвіцы і гадзіннікавы механізм, якім яны злучаны. Мастачка Юлія Бабаева прызналася, што калі ўбачыла працу Меранкова, дык адмовілася ад сваіх першапачатковых задум у вырашэнні сцэнічных строяў. Таму ў «Звычайным цудзе» можна пазнаёміцца не толькі з анатоміяй чалавечага цела, але і з разнастайнымі стылямі ў адзенні розных гістарычных эпох — ад сярэднявечча да сучаснасці.

У спектаклі артыстам ёсць што прадэманстраваць апроч касцюмаў, бо ў мюзікле (у адрозненне ад кінастужкі) спяваюць усе, нават Кат. Кампазітару давялося ў тры разы павялічыць колькасць вакальных нумароў і дапісаць значную частку новай музыкі, у якой вядомыя мелодыі і тэмы фільма часам пераўтвараюцца да непазнавальнасці дзякуючы дзівосна тонкай інтанацыйнай, рытмічнай, жанравай перапрацоўцы. А ў арыгінальнай аркестроўцы Мікалая Макарэвіча і ў высокапрафесійным выкананні яна набывае яшчэ і непаўторную тэмбравую выразнасць.

Шматлікія пастаноўкі, здзейсненыя апошнім часам у Музычным тэатры, па сваіх мастацкіх вартасцях вельмі розныя. Што ж тычыцца «Звычайнага цуду», дык, упэўнена, нікому не прыйдзе ў галаву пытацца, мюзікл гэта ці музычны спектакль для дзіцячага ранішніка. У тэатры могуць здзіўляць і ствараць цуды без усялякіх чараўнікоў.

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН