Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
Віктар Манаеў
Вакол «Паўлінкі»
Экалогія энтрапіі
«Дзевяць з паловай» у Цэнтры сучасных мастацтваў
Лабараторыя для медытацый
«Дзевяць з паловай» у Цэнтры сучасных мастацтваў
«ПлаSтформа»: між сэнсам і формай
Фестываль пластычнага тэатра і тэатра танца
Выявы для мас
«Фатаграфізм» як сродак прапаганды
Ілюзія акрыляе
Георгій Скрыпнічэнка пра інтуіцыю і насланнё
Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by
Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі так і хочацца назваць па-ранейшаму — Мінскім камерным. І ўбачыць за яго пультам калі не кампазітара і арганіста Алега Янчанку, які яго ствараў, дык Юрыя Цырука, які зрабіў калектыў эксперыментальнай лабараторыяй беларускай музыкі, сучаснай і старадаўняй, і давёў інструментальнае майстэрства да вышэйшага пілатажу. Гэтых майстроў з намі ўжо няма. А што ж новыя пакаленні? Няўжо лічаць, што да іх быў чысты ліст?

Менавіта пра гэта пачаў размову на прэс-канферэнцыі знакаміты дырыжор Саўлюс Сандэцкіс, стваральнік такога ж камернага аркестра ў Вільнюсе. Міжнародны гала-канцэрт, які сабраў на адной сцэне чатырох дырыжораў — самога Сандэцкіса (Літва), Інга Эрнста Райля (Германія), Валянціна Жука (Нідэрланды), Яўгена Бушкова (Расія), пацвердзіў надзённасць агучаных пытанняў. Там было ўсё: вялізны экран (на ім не толькі адбіваліся найдрабнейшыя эмацыйныя рухі кожнага з дырыжораў, але і дэманстраваліся старыя відэазапісы і фота), віншаванні ад расійскіх знакамітасцей (не паспеўшы з раздрукоўкай, мастацкі кіраўнік калектыву Яўген Бушкоў зачытваў іх наўпрост са свайго мабільнага тэлефона), а да гэтых прывітальных адрасоў — музычныя ілюстрацыі, часам жартоўныя, з боку аркестра-юбіляра. Не забыліся і на альбом (падрыхтаваны Лючыяй Ластаўкай, адной з першых альтыстак калектыву, яшчэ да мінулага юбілею, ён быў выдадзены толькі зараз). І на дзятву (дзве сотні навучэнцаў сталічнай ДМШ № 10 стойка чакалі ледзь не да 23.00, каб дружна праспяваць з аркестрам пару песенек). Дый саму святочную праграму, дзе дырыжоры змянялі адно аднаго, нельга было назваць аднастайнай: класіцызм ХVIII стагоддзя — Гайдн, рамантычная класіка ХІХ-га — Мендэльсон, ХХ стагоддзе — Стравінскі, ХХІ-е — сусветная прэм’ера «Беларускага канцэрта» расійскага кампазітара Міхала Бронэра.

Не было толькі... менавіта таго, дзеля чаго ў свой час і ствараўся аркестр: ні старадаўняга барока (пажадана, яшчэ і «тутэйшага»), ні музыкі беларускіх кампазітараў — ніводнай ноты ніводнага аўтара. Няўжо той жа Бушкоў, які раней раз-пораз выконваў нацыянальныя партытуры, рабіў выключэнне з правілаў? Ці яны іграліся, так бы мовіць, у рабочым парадку, а тут, як-ніяк, юбілей? Зноў своеасаблівым прарокам (ці, можа, анёлам-ахоўнікам) выступіў Сандэцкіс, падараваўшы аркестру копію рукапісу даўняга Арганнага канцэрта Алега Янчанкі, напісанага ў Беларусі. Чым не тактоўны напамін? Раптам згадалася колішняя «Раймонда» Ігара Паліводы і Леаніда Гуціна — вынаходлівая, феерычная фантазія на тэмы Райманда Паўлса, стылізаваныя ў класіцысцкай манеры. Дый ці мала стваралася падобных «цукерачак»! Не было ў нас, мабыць, такога кампазітара, да якога Юрый Цырук не звярнуўся б з просьбай папоўніць рэпертуар. І папаўнялі, ды яшчэ як! Прычым — у сумеснай творчасці, бо мастацкі кіраўнік тыя опусы і рэдагаваў, і перааркестроўваў, і, здаралася, ледзь не дапісваў-перапісваў. А часам кампазітар прапаноўваў нешта абсалютна нешараговае, выбітнае, і музыканты імкнуліся твор не толькі «не сапсаваць» — палепшыць такім жа выбітным выкананнем.

Усё гэта, у рэшце рэшт, адчувалася і на цяперашняй вечарыне — толькі ў адносінах да расійскай партытуры, згаданага «Беларускага канцэрта». Буйны твор для цымбалаў і камернага аркестра быў замоўлены Яўгенам Бушковым менавіта для гэтага святкавання. Фурор мела салістка — маладая, але ўжо вядомая ў нас і ў замежжы цымбалістка Вераніка Прадзед. Яна зрабіла і рэдакцыю сваёй партыі, надаўшы цымбалам больш віртуознасці. Заслуга ж Міхала Бронэра найперш у тым, што ён зірнуў на наш народны інструмент як на прызнаны еўрапейскі, без скідак на яго «фальклорныя» спасылкі ці нязвыкласць, у параўнанні з інструментамі сімфанічнага аркестра. Таму твор можна ў поўнай меры лічыць здабыткам як расійскай, так і беларускай нацыянальнай культуры. Тым больш цікава было б пачуць побач штосьці наша, звернутае да... той жа расійскай ці еўрапейскай спадчыны. Ідэальныя творчыя стасункі, як і каханне, мусяць быць з узаемнасцю, а не ў выглядзе гульні ў адны вароты.

У працяг юбілею аркестр пачаў вандроўкі па рэспубліцы. У канцы лета ён стане ўдзельнікам Міжнароднага форуму камерных аркестраў «Жнівень Нясвіжа». Зноў госці да нас. А мы да іх? Не толькі выканаўцы, але і лепшая беларуская музыка павінна быць брэндам краіны. 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
 
Падзяліцца

Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:

Сайт переехал на новый адрес – kultura-info.by

Новы нумар

АРХІЎ
часопіса "Мастацтва"

АЎТАРЫ
часопіса "Мастацтва"

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2013-2024 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»