Вольга Лапо: "Абмялелая плынь кантактаў"

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Харэаграфічны каледж -- сапраўдны фундамент тэатра. Юныя артысты, якіх мы рыхтуем, чыё фізічнае, эмацыйнае, творчае аблічча фарміруем, заўтра ці праз колькі гадоў будуць танцаваць на сцэне нашага Акадэмічнага.

 /i/content/pi/mast/5/113/Lapo.jpg
На маю думку, педагог -- ці не галоўная фігура ў працэсе навучання будучых артыстаў. Адказнасць за лёс вучня велізарная! Педагог можа навучыць так, што ўдзячны выхаванец кожны дзень будзе ўспамінаць яго добрым словам. А можа і зрабіць вучня прафесійна непрыдатным. І ўся тая цяжкая, часам знясільваючая праца ў рэпетыцыйнай зале, што доўжылася не адзін год, акажацца непатрэбнай.
Прывяду прыклад. У балеце існуе выраз -- «паставіць спіну». Але не менш важна, як юны артыст стаіць ля балетнага станка на ўроку. Няправільная пастаноўка ступней правакуе потым няправільнае і неэстэтычнае развіццё мышцаў ног. Але ж тэатр прад’яўляе надзвычай строгія патрабаванні да прапорцый і ліній фігуры! Страчана класічная прыгажосць -- і ты балету ўжо не патрэбны. У лёсе будучага артыста вельмі многае, калі не ўсё, залежыць ад прафесійнасці, вопыту, адказнасці педагога.
Мне самой вельмі пашанцавала з настаўнікамі. Урокі легендарнай Н.Младзінскай забыць немагчыма. Вучаніца А.Ваганавай, прадстаўніца знакамітай ленінградскай школы балета, Ніна Фёдараўна выхоўвала ў сваіх вучаніцах высакароднасць артыстычнай манеры, тэхнічную і стылёвую дакладнасць выканання. Тыя якасці, якімі бліскуча валодала сама.
У той час творчыя кантакты паміж тэатрамі былога Саюза былі больш трывалымі, чым цяпер. Артысты балета мелі выдатную магчымасць ездзіць на стажыроўкі ў Маскву і Пецярбург. Там мне пашчасціла займацца ў класах балетных педагогаў з сусветным імем -- такіх як А.Месэрэр, М.Сямёнава, С.Галоўкіна. Кожны з іх -- Майстар, Асоба ў балетнай педагогіцы. Мне было ў каго вучыцца!
 /i/content/pi/mast/5/113/Lapo1.jpg
 «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага. К.Алейнік (Адылія), Я.Азаркевіч (Зігфрыд).
Аўтарытэт педагога ў вачах вучняў непараўнальна больш высокі, калі ён сам шмат танцаваў. У 1967 -- 1988 гадах я была салісткай нашага тэатра балета. Дваццаць гадоў выступала на сцэне. Сольвейг, Марыя, Кітры, Папялушка, Джулія, Ева, Фрыгія... Кожная з іх -- цэлы сусвет, які падчас спектакля рабіўся маім.
Мне пашчасціла танцаваць у атачэнні сапраўды зорнага суквецця артыстаў -- Ю.Траяна, У.Іванова, Л.Бржазоўскай, Т.Яршовай, У.Камкова, В.Саркісьяна. В.Елізар’еў зрабіў з нас сапраўдную трупу -- калектыў аднадумцаў, апантаных адной справай. Ён ніколі не працаваў сам па сабе, а заўжды разам з артыстамі. Ягоная прага творчасці перадаваліся і нам. Ева і Фрыгія сталіся маімі любімымі ролямі.
Што ж да маёй педагагічнай дзейнасці, дык пачалася яна не ў Беларусі, а... у Дамаску, дзе мы разам з В.Саркісьянам стварылі першую ў Сірыі дзіцячую балетную школу. Колькі было высілкаў, цяжкай працы! Не думала, што ў нас штосьці атрымаецца, але першыя вынікі абнадзейвалі. Ужо праз некалькі месяцаў нашы выхаванцы выйшлі на сцэну. Спачатку паказвалі канцэртныя мініяцюры, а пазней паўнавартасныя спектаклі -- «Кармэн-сюіту», «Балеро». У наступныя гады мы як педагогі працавалі ў Турцыі і Кітаі.
Тое, што я засвоіла ў выканаўчай практыцы, імкнуся зрабіць досведам вучняў. Менавіта ў гэтым бачыцца жыццяздольнасць нацыянальнай балетнай школы. На маю думку, такая школа існуе. Але яе сённяшні стан, нягледзячы на асобныя поспехі таленавітых артыстаў, даволі праблематычны. Рэчышча былых кантактаў абмялела. А значыць, прастора прафесійных стасункаў, магчымасцей вучыцца ў іншых звузілася. Спыніў сваю дзейнасць міжнародны фестываль «Я люблю балет», сышлі ў нябыт усесаюзныя фестывалі музычных тэатраў, якія былі цудоўнай школай майстэрства. Без такіх кантактаў, абмену вопытам развівацца і прафесійна ўдасканальвацца немагчыма!
 /i/content/pi/mast/5/113/Lapo2.jpg

 «Курган» Я.Глебава. Сцэна са спектакля.


Галоўнае, што імкнуся выхаваць у сваіх вучнях, -- гэта любоў да прафесіі, бясконцая адданасць ёй, воля і ўпартасць, што не дазваляюць адступаць перад перашкодамі. Сёлета сем маіх выпускніц былі прыняты ў тэатр. Чым не педагагічнае дасягненне? Сярод маіх вучаніц -- лаўрэат і дыпламант міжнародных конкурсаў К.Алейнік, а таксама М.Ралько, В.Твардоўская, Г.Верамеева, І.Квашына, Д.Няборская, В.Ціханава. На выпускны паказ мы падрыхтавалі шэсць найскладаных па-дэ-дэ! Здаецца, такога не было за ўсю гісторыю каледжа! Хачу, каб мае вучні былі лепшыя за мяне.
Надзвычай люблю сваю прафесію. Люблю сваіх вучняў. Але, на жаль, чамусьці ў нашу элітарную, па сутнасці, навучальную ўстанову трапляе дастаткова дзяцей, у якіх не хапае адпаведных прыродных даных. А ў балеце крытэрыі больш строгія, чым, напрыклад, у фігурным катанні. Потым высвятляецца, што педагог і сам вучань прыкладаюць шмат намаганняў, а вынікі -- ніякія! Або няякасныя...
Часам ацэнка працы педагога і яго вучня аказваецца дужа суб’ектыўнай. І гэтая акалічнасць зусім не натхняе. Аналіз экзаменаў іншым разам ператвараецца ў сапраўдныя «разборкі», пасля якіх проста апускаюцца рукі. З другога боку, нашы самыя таленавітыя дзеці, якія вяртаюцца пераможцамі з міжнародных спаборніцтваў, здавалася б, павінны ўспрымацца як героі. Калі імі ганарыцца краіна, дык чаму не можа ганарыцца каледж? Але колькі разоў з сумам і роспаччу даводзілася назіраць: нечае лаўрэацтва і міжнароднае прызнанне выклікаюць і рэўнасць, і зайздрасць... Дзеці датклівыя, несправядлівасць і нездаровыя страсці адчуваюць адразу. Такая завядзёнка нібыта пераконвае будучых артыстаў: творчы неспакой -- рэч шкодная. Невыпадкова па-ранейшаму надзённай застаецца праблема адтоку кадраў. Апошнім часам каледж пакінулі больш як пятнаццаць лепшых вучняў!
 /i/content/pi/mast/5/113/Lapo3.jpg
 "Спартак" А.Хачатурана. А.Краўчанка (Спартак), М.Ралько (Фрыгія).
Варта закрануць і такое надзвычай важнае пытанне, як падрыхтоўка да міжнародных конкурсаў. Вядома, перамогі нашых дзяцей на прэстыжных спаборніцтвах -- гэта перамогі не толькі іх саміх, але і выкладчыкаў, і каледжа. Нават дзяржавы! Тады і клопат пра гэта павінен быць дзяржаўным.
Калі б ведалі журналісты, што пішуць пра пераможцаў, праз якія пакуты і абсалютна штучныя, непатрэбныя перашкоды павінны прайсці педагог і яго вучань! Стрэс, слёзы, валяр’янка… Час, адведзены вучню і педагогу на падрыхтоўку да конкурсу, можна і трэба выкарыстоўваць больш разумна і творча. Каб толькі гэтай сумеснай працы ніхто не перашкаджаў! Тады і школа будзе часцей адзначацца на прэстыжным міжнародным узроўні. Бо таленавітых і перспектыўных дзяцей шмат.
А ці правільна мы робім, калі 19-гадовы юны артыст (па сутнасці -- падлетак) выпраўляецца адзін на міжнародны конкурс? Ляціць у самалёце 8-10 гадзін, без суправаджэння педагога трапляе ў краіну, мовы якой не ведае. Гэтак, напрыклад, Кацярына Алейнік ляцела ў Шанхай. Там ёй далі перакладчыка, але... з англійскай на кітайскую. І як паразумецца, што рабіць? А на самім конкурсе высвятляецца, што ўсе іншыя дзеці і падлеткі прыехалі з педагогамі! Няўжо нашы выхаванцы горшыя?
Я пераканана: калі б працэс падрыхтоўкі да конкурсаў быў больш разумным, мы б маглі мець і болей лаўрэатаў. Так што давайце спачатку думаць пра таленавітых юных выканаўцаў, пра іх здароўе, творчы настрой. І толькі потым -- пра грошы і іх эканомію!

Вольга ЛАПО,
балерына,
педагог Беларускага харэаграф
ічнага каледжа