Босымі нагамі ў вогнішча

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«Не Тэатр» Відаса Барэйкіса

/i/content/pi/mast/66/1129/36.jpg
"Не канцэрт". Сцэна са спектакля.
Не звярнуць увагі на тое, што робіць малады літоўскі рэжысёр Відас Барэйкіс, немагчыма. Існуючы ў тэатры, ён адмаўляе тэатр і ўзначальвае рух «Не Тэатр» («No Theatre»). Ён хоча шчырай размовы з публікай, ладзіць яе — і прыпраўляе правакатыўнасцю. То ўвасобіць на сцэне вядомае выслоўе «Рэжысёр можа ставіць усё, што заўгодна, хоць тэлефонную кнігу» — 
і прыдумае спектакль «Тэлефонная кніга». То скептычна паставіцца да творчасці групы мастакоў «Флуксус» і прынцыпаў альтэрнатыўнага мастацтва ды вынесе гэта сумненне акурат у назву — «...ці Шарлатаны?». То паставіць «Байцоўскі клуб» Чака Паланіка, прычым не абы-дзе, а ў Вільнюскім ТЮГу
Барэйкісу ўсяго толькі 28, але ён можа пахваліцца тым, што ўжо тры гады стаіць на чале паспяховага тэатральнага руху «Не Тэатр», ядром якога сталі 8 выпускнікоў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, што разам вучыліся на курсе ў Гінтараса Варнаса. Да паступлення ў Акадэмію Барэйкіс скончыў Школу мастацтваў Мікалоюса Чурлёніса па класе фартэпіяна, а пасля — магістратуру Цэнтра імя Усевалада Меерхольда ў Маскве (курс Віктара Рыжакова). Рух «Не Тэатр» заснаваны ў 2010 годзе — надта не хацелася разбягацца пасля заканчэння Акадэміі. Перадусім маладых акцёраў і рэжысёраў цікавяць праблема сапраўднасці, ступені тэатралізаванасці дзеяння на сучаснай сцэне і мажлівасць тэатральнага пошуку адказаў на пытанні, якія хвалююць іх асабіста.

Першым спектаклем «Не Тэатра» стаў «Не канцэрт» («No concert»), паказаны ў 2010 годзе. Пастаноўка нечым нагадвае капуснік: курс збіраецца разам, спявае, танчыць — усім весела. Прыёмы акцёрскага трэнінгу, эцюды сабраны ў трывалую, стыльную форму. Гледачам, якія пытаюцца: «Пра што спектакль?» — стваральнікі раюць… зняць галовы, як гэта зрабіў адзін з персанажаў. Ні пра што. Пра што заўгодна. Забіты мужчына (у дзелавым касцюме і масцы лісы) нерухома ляжыць у промні святла і пад акампанемент фартэпіяна спявае арыю з рок-оперы «Ісус Хрыстос — суперзорка»: — Чаму я павінен памерці? Здымі галаву. Будзь як вада: прымі форму сасуда-спектакля, у які цябе наліваюць… «Не канцэрт» — гэта пастаноўка з элементамі перформансу, перасыпаная інтэртэкстамі са стужак з Брусам Лі ды з англамоўных хітоў. Цяпер ужо можна сказаць, што для «Не Тэатра», удзельнікі якога, дарэчы, пачыналі менавіта з перформансаў і акцый, гэтая пастаноўка абазначыла два кірункі пошукаў.

Па-першае, Барэйкіс і кампанія адмовіліся ад класічнай драматургіі як асновы спектакля. Шлях Някрошуса ды Каршуноваса, які стаў брэндам літоўскага тэатра, не прыйшоўся ім даспадобы. Трэба зазначыць, што пазней і Масква, ахопленая ідэямі новай драмы, і вучоба ў Віктара Рыжакова, які шмат працуе з сучаснымі тэкстамі, не змянілі перакананняў Відаса Барэйкіса. Пад уплыў тэатра драматурга, у які пераўтвараецца рух новай драмы, ён таксама не трапіў. Збольшага «Не Тэатр» адмаўляе літаратурацэнтрычнасць і стварае спектаклі з ідэі, канцэпцыі.

Па-другое, у «Не канцэрце» абазначана цікавасць да тэатра кампазітара. У тым, што спектакль трэба пачуць, Відас перакананы і зараз: даследаванням у галіне тэатра кампазітара ён прысвяціў сваю працу ў Цэнтры імя Усевалада Меерхольда. У «Не канцэрце» музыка (інтэртэкстуальны калаж) падпарадкавала сабе дзеянне, рух, тэмпарытм пастаноўкі і стала яе каркасам.

У 2011 годзе «Не Тэатр» выпусціў спектакль «Тэлефонная кніга». З афарызма Відас Барэйкіс і каманда стварылі спектакль. Напачатку перад гледачамі праносіцца ўся гісторыя чалавецтва. Распавядаюць яе малпы. Напрыклад, малпа з німбам сядзіць на ўнітазе і гартае тэлефонны даведнік. Адзін з гледачоў, абураны дзеяннем, выходзіць з залы і пераўтвараецца ў тэатральнага дыктатара Адольфа Клішэ. Тыя тэатры, якія не дагодзяць яго густу, будуць сасланыя ў Сібір. І далей гледачы назіраюць за творчымі пакутамі трупы, што паказала сусветную гісторыю праз жыццё малпаў.

Пастаноўка захавала элементы перфарматыўнасці, характэрныя для «Не Тэатра»: уступ з прыматамі; тэлефонныя званкі на выпадковыя нумары з мэтай даведацца, што чалавек, які здымае слухаўку, думае пра сучасны тэатр. Да таго ж «Тэлефонная кніга» пазначыла тэматычны кірунак развіцця руху: толькі тыя пытанні, якія насамрэч хвалююць рэжысёра і акцёраў. Калі напачатку трэба было вызначацца, што такое тэатр, што ёсць сапраўднае ў тэатры і які павінен быць рух пад правакатыўнай назвай «Не Тэатр», то на гэтую тэму і разважалі.

Дыялог з гледачом пра творчую пазіцыю мастака працягнуў спектакль «Mr. Fluxus, ці Шарлатаны?» (2012). Абмінуць увагай арт-рух «Флуксус», які быў папулярным паўстагоддзя таму, і не правесці з ім паралеляў «Не Тэатр», канечне ж, не мог. Агульнасць ідэй (сінтэз розных спосабаў самавыяўлення) ды форм (хэпенінг, вулічныя акцыі) зрабілі мажлівай міжчасавую дыскусію пра альтэрнатыўнае мастацтва, яго праблемы і стэрэатыпы. Асобнае значэнне ў «Mr. Fluxus, ці Шарлатаны?» мае антытэатр, адмаўленне прынцыпаў тэатральнай ілюзіі. Антытэатр — як фірмовы стыль акцёрскай ігры «Не Тэатра», як адна з мастацкіх форм, якімі карысталіся ўдзельнікі руху «Флуксус», і адначасова як прадмет размовы.

Апошняя прэм’ера крыху пахіснула прынцыпы «Не Тэатра». У 2012 годзе Відас Барэйкіс паставіў у Вільнюскім ТЮГу «Байцоўскі клуб» Чака Паланіка. Спектакль створаны паводле літаратурнага твора, хоць і моцна перапрацаванага ў інсцэніроўцы. Астатняе засталося без зменаў.

Але назваць Відаса Барэйкіса правакатарам хочацца з пэўнай агаворкай. Правакацыя патрэбна яму не як такая, не дзеля эпатажу, а толькі дзеля таго, каб звярнуць увагу гледачоў на тую тэму, якую б яны з задавальненнем увагай абмінулі. «Не Тэатр» рухаецца ў адваротным кірунку ад тэатральнай ілюзіі і знаходзіць усё новыя спосабы зрабіць камунікацыю паміж тэатрам і гледачом сучаснай і двухбаковай.

Гутаркі ў антракце

...І стрэл у самае сэрца

Відас, ну што ж вы ўсё адмаўляеце? Суцэльнае «не» ў вас — «Не Тэатр», «Не канцэрт»…

— Каб стварыць нешта новае, даводзіцца нечаму казаць «не». Мажліва, з цягам часу мы адыдзем ад гэтай ідэі. Але для таго, каб зрабіць першы крок, трэба падумаць, ад чаго адмовіцца.

Калі мы толькі пачыналі рух, усё думалі: як жа яго назваць? Спачатку рабілі розныя вулічныя акцыі — так назва «Не Тэатр» і прыліпла. Мы ўзяліся за гэта не з мэтай зарабіць грошы, мець працу. Нам хочацца з дапамогай тэатра зразумець нешта важнае, тое, што хвалюе асабіста нас. Ну і трэці год запар мы трымаем гэтую лінію. «Не Тэатр» — гэта такі тэатр ХХІ стагоддзя, які мае маленькі офіс (ён займае палову невялікага пакоя ў культурным цэнтры «Друкарня мастацтваў». — А.М.) ды мабільныя рэпетыцыі. Я гэтым задаволены і неяк сказаў сябрам: калі ў нас пачнецца тэатр без «не», я яго закончу.

А як бы вы самі акрэслілі творчыя прынцыпы руху?

— Яшчэ з часоў вучобы на курсе ў Гінтараса Варнаса мы шмат работ стваралі без літаратурнага матэрыялу. Выцягвалі нешта з сябе. Напрыклад, у нас былі працы па дэкалогу Кіслёўскага. Не паводле матэрыялу, а зыходзячы з рэфлексіі з нагоды «Кароткага фільма пра каханне», «Кароткага фільма пра забойства» і г.д. Нават калі мы бралі нейкі літаратурны матэрыял, ён заўсёды быў моцна звязаны з намі. Можа быць, гэта і стала пачаткам пэўнай школы. Усе нашы работы знітаваны паміж сабой. І усе яны маюць непарыўную сувязь з тым, што адбываецца ў жыцці тут і цяпер. Я разважаю над тым, якую паставіць класіку, але мне пакуль што цяжка пра гэта думаць. Вось рабілі мы «Байцоўскі клуб», нашу першую працу з літаратурнай асновай: я ўзяў кнігу і перакруціў яе так, як нам было патрэбна, там, напрыклад, нейкія англійскія маналогі з’явіліся. Мне падаецца, што тое самае будзе і з класікай. Гэта наш першы прынцып. Другі: асноўны спосаб ігры для акцёраў — імправізацыя, проста босымі нагамі ў вогнішча. Я прапаную ідэю, акцёры падключаюцца, і мы разам робім нейкую лабараторыю.

Як нарадзілася ідэя «Тэлефоннай кнігі»?

— Спярша я падумаў: чаму ніхто не зрабіў гэтага, калі пра гэта столькі гавораць? Суперідэя. Нават проста з пункту гледжання піяру: ты можаш яшчэ нічога не зрабіць, а ўжо прыцягнуць шмат увагі. Гэта пастаноўка з самага пачатку падзея. І калі я ўпэўніўся, што рэжысёры на гэтую тэму так і не выказаліся, пачаў думаць: пра што гэта магло б быць?

Мы тады толькі скончылі Акадэмію, толькі стварылі «Не Тэатр», у нашым асяродку віравалі пытанні пра адносіны з сучасным тэатрам. Якая наша роля ў сучасным тэатры? Які спосаб існавання? Не іграць? І я зрабіў першы эскіз пастаноўкі, а потым мы пачалі яго распрацоўваць. Да нас далучыўся акцёр старэйшага пакалення Дарыус Мінэтас, выканаўца ролі дыктатара Адольфа Клішэ. Дарэчы, тут цікавая гісторыя атрымалася. На пачатку дзевяностых гадоў Дарыус быў маладым і вельмі папулярным тэатральным акцёрам. Але потым ён не знайшоў агульнай мовы з атачэннем і сышоў. Займаўся рэкламай і дваццаць гадоў не выходзіў на сцэну. Я прапанаваў яму паўдзельнічаць у «Тэлефоннай кнізе», і гэтая гісторыя «пацэліла» ў яго — дваццаць гадоў таму Дарыус сышоў з тэатра, а цяпер вяртаецца, каб сказаць: «Я вас заб’ю, калі вы будзеце дрэнна іграць». Гэта стала знаходкай для спектакля.

У спектаклі шмат сцэн — пародый на сучасны літоўскі тэатральны працэс...

— Так, там ёсць алюзіі на Тумінаса, на Някрошуса. Мы смяемся з нашых адвечных халтурак, ёлак, ранішнікаў. Сітуацыі дастаткова пазнавальныя, шмат якія прапанаваў я сам, з асабістага вопыту, калі сядзіш на спектаклі і паміраеш. І гэта не з-за таго, што ты не любіш modern dance ці нейкіх там сімвалаў Някрошуса. Я абажаю Някрошуса, ён геній. Сучасную харэаграфію таксама вельмі люблю. Але ў «Тэлефоннай кнізе» дзеянне разгортваецца не вакол пытання «што ты робіш?», а — «як ты робіш?». Верыш ты ці не верыш — толькі ў гэтым пытанне.

Дарэчы, спектаклі мы імкнемся так ці іначай «сацыялізаваць». Напрыклад, у «Байцоўскім клубе» галоўныя ролі выконваюць акцёры «Не Тэатра». Ролі другога плана — акцёры з ТЮГа, старэйшае пакаленне. Праўда, тэатрам юнага гледача яго цяпер можна толькі ў двукоссі назваць. Моладзі там амаль няма. Не лепшыя часы перажывае тэатр. І мне падумалася: калі ўжо ставіць «Байцоўскі клуб», дык куды ісці, як не на самае дно, як не ў Вільнюскі ТЮГ, што ў мінулым сезоне быў выклят тэатральным асяроддзем? Чаму б не зрабіць эксперымент — вось мы прыходзім у тэатр і штосьці там зладжваем? Нам хацелася разварушыць тэатр. І «Байцоўскі клуб» мы іграем на розных пляцоўках. Пралог акцёры іграюць на даху тэатра, потым дзеянне перамяшчаецца ў вялікую залу, тюгаўскія акцёры сядзяць на малой сцэне (памятаеце, у рамане ёсць гурткі псіхалагічнай дапамогі?), а на вялікую ў рэжыме анлайн ідзе відэатрансляцыя адтуль. Потым фінал на адкрытым паветры.

Для гэтага спектакля я сабраў дваццаць непрафесійных юнакоў-валанцёраў. Дарэчы, цікавае было пытанне: ці знойдуцца ў Літве два дзясяткі маладзёнаў, якія пагодзяцца без ганарару рэпеціраваць, удзельнічаць у спектаклі і несці гэтую «мужчынскую» тэму? Бо «Байцоўскі клуб» — пра сапраўдных мужчын. Пра тое, як сістэма можа разбіваць цябе, і пра тое, як знайсці ўнутры сябе гэтага Тайлера, які дапаможа. Мне пашанцавала — прыйшлі дваццаць добраахвотнікаў, трое з якіх былі прафесійнымі акцёрамі, астатнія — са школ, студый. Я з імі з месяц займаўся трэнінгам, бо людзі былі «не ў сцэне». Потым рэпетыцыі. А цяпер яны самі сустракаюцца, нешта робяць апроч працы над спектаклем. Яны сталі гуртам — і гэта такі сацыяльны праект у спектаклі.

Куды далей будзе рухацца «Не Тэатр»: у бок літаратуры ці ў бок канцэпту і імправізацыі?

— Калі мы вырашылі зрабіць «Байцоўскі клуб», мяне вельмі займала: як я буду адчуваць сябе ў дзяржаўным тэатры? І я б не сказаў, што там было дрэнна. Мне напачатку казалі: «Не хадзі. Цябе там загубяць, нічога не дадуць зрабіць». Але мы ўсё зрабілі, я задаволены. Праўда, усё ж такі мне больш цікава працаваць у іншым фармаце. Мне хочацца рабіць справу без бюракратыі. У тым ліку і без добрых бакоў гэтай бюракратыі. Так што наступная наша работа дакладна будзе не ў стацыянарным тэатры. Там добра, калі гэта твой тэатр і ты можаш усталёўваць свае правілы, а пакуль гэта не толькі твае правілы, усё не так цікава, як можа быць.

У мяне ў планах працягнуць дыялог з Паланікам. Яшчэ да пачатку работы над «Байцоўскім клубам» я ведаў, што гэта будзе дыптых, і што працягам стане яго раман «Невідзімкі». І калі «Байцоўскі клуб» — гэта была тэма для мужчын, то «Невідзімкі» — тэма цалкам жаночая: высокая мода, пластычныя аперацыі. Тыя ж сацыяльныя аспекты. Я думаю, што з прэм’еры «Невідзімак» мы пачнем наступны сезон, але гэта дакладна будзе які-небудзь дзіўны праект не ў тэатры. Раман дае прастору для інтэрпрэтацыі: тэатр і перформанс, тэатр і высокая мода. Можна стварыць калекцыю, зладзіць яе прэзентацыю на вялікай сцэне, каб гледачы толькі потым зразумелі, што гэта быў спектакль.

Ці лёгка вашай трупе існаваць у матэрыяльным плане?

— Канечне, нялёгка. Але напачатку абавязкова трэба панабіваць гузакоў: зразумець, што можна рабіць, чаго нельга. У трэцім сезоне мы рухаемся «ў плюс», але для гэтага даводзіцца ісці на кампрамісы, напрыклад, іграць менш спектакляў. Стабільнай дзяржаўнай падтрымкі ў нас няма, мы шукаем гранты і спонсараў: «Байцоўскі клуб» зрабілі разам з тэатрам, «Флуксус...» выключна на грант Міністэрства культуры. З нічога атрымліваецца нічога. Ставіць спектаклі з двума крэсламі мне не дужа цікава. Канечне, можна стварыць спектакль з адным крэслам і з адным акцёрам — мой любімы «Ліпень» Івана Вырыпаева ў пастаноўцы Віктара Рыжакова. Малыя формы. Але кожнаму сваё. Мне падаецца, што сярод юных тэатраў Літвы мы трымаемся прыстойна. Акупляем сябе, можам плаціць акцёрам і тэхнікам. На новыя спектаклі пакуль не зарабляем, але, па шчырасці, цяпер і мэту такую не ставілі. Наша галоўная мэта зараз — выйсці за межы Літвы. «Тэлефонную кнігу» паказалі на Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме ў Малдове, у Эстоніі, у Германіі, але, на жаль, справа не закруцілася так, каб адзін фестываль цягнуў за сабой іншы. Канечне, год-два — і ўсё прыйдзе. Ці вось «Флуксус...» — добрая фестывальная работа, я лічу. Толькі яна надта аб’ёмная для маладога калектыву, яе ніхто не купіць для фестывальных паказаў за такія грошы. Але ж я нікуды і не спяшаюся. Я добра разумею, што патрэбны час, але тое, што мы зрабілі за тры гады, — крута.

А навошта вы з’ехалі ў Маскву?

— Таму што другі раз у жыцці атрымаў мажлівасць вучыцца. Другі раз — гэта нашмат сур’ёзней за першы, калі ты некаторых рэчаў яшчэ не ўсведамляеш. Тут браў усё, што давалі. А што не давалі, тое прасіў, каб далі. Другі раз мне спадабаўся яшчэ і за кардынальнае адрозненне ад літоўскіх адносінаў да тэатра і мастацтва. У нас, калі выкладчык прыходзіць на сцэнічнае маўленне ці рух, то ты адчуваеш, як ён думае: «Навошта я распавядаю ім, маладым, усё гэта? Каму тое патрэбна? Мо лепш ішлі б вы наогул з тэатра?» А вось у Маскве іншае стаўленне. Ты адчуваеш, што культура — гэта справа дзяржаўнай важнасці і табе распавядаюць надзвычай сур’ёзныя рэчы.

Дыктатура рэжысёра ў тэатры пакрыху змяншаецца. Колькі гадоў ужо кажуць пра тэатр мастака, пачынаюць казаць пра тэатр драматурга... А што такое тэатр кампазітара?

— Як рэжысёр-кампазітар, я ў першую чаргу слухаю спектакль і мушу яго пачуць: яго музыку, рытм. Так было з кожнай нашай работай. І другое: трэба ствараць спектакль па музычных правілах. Гэта не новая ідэя, я думаю, што шмат хто так працуе. Я ўсё правяраю операй. Павінна быць уверцюра, у кожнага персанажа мусіць быць свая тэма. Тады трупа пераўтвараецца ў аркестр з рэжысёрам-дырыжорам. Любую ролю можна распісаць як партытуру: вышэй — ніжэй. Многае залежыць ад тэхнікі выканання. І яшчэ: музыка ніколі не хлусіць. І адразу трапляе ў сэрца. У тэатры яшчэ трэба зразумець правілы гульні, а музыка — гэта адразу стрэл у сэрца.