Пошук дасканаласці

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

Рыгор Сітніца пра небяспеку лёгкіх шляхоў, правінцыйныя комплексы ды варункі творчага сталення

/i/content/pi/mast/66/1128/35.jpg
Рыгор Сітніца ў майстэрні
Узнаўляючы рубрыку «У майстэрні», 
вырашыла змяніць фармат: толькі мастак і твор, яго «кухня» і ўсе інгрэдыенты добрай стравы. Першым няхай будзе той, да каго даўно хацела завітаць: Рыгор Сітніца. Заўважыла нешта новае ў ягоным творы на выставе, а сам мастак палічыў яго «сырым»... Вось супрацьлеглыя полюсы: звонку і знутры. Рыгор займае пасаду намесніка старшыні Саюза мастакоў, але перадусім ён мастак і паэт, карацей — крэатыўная асоба. Так бы мовіць, «чалавек, што стварыў сябе сам»... І ён працягвае ствараць — пераствараць асяроддзе вакол сябе, у навакольным свеце шукае знакі ўвасаблення сваёй Гасподы...

 

Захапілася кнігай «Мастацтва і страх». У прынцыпе, і Савіч пра гэта казаў: што мастакамі становіцца толькі невялікі працэнт тых, хто вучыўся. Далей нешта перашкаджае: адсутнасць стымулаў, адчуванне бессэнсоўнасці таго, чым займаешся. Што прымушае цябе з такой цяжкасцю (улічваючы твае няпростыя службовыя абавязкі) знаходзіць час для працы ў майстэрні?

— З тых, хто вучыцца на мастака, добра, калі пяць адсоткаў прысутнічаюць у гэтай прафесіі, а мастакамі з іх становіцца толькі адзін адсотак. Мастак па прафесіі — яшчэ не мастак па сутнасці. За 25 гадоў выкладання ў мяне былі дзясяткі і дзясяткі вучняў — і хопіць пальцаў на руцэ, каб пералічыць тых, хто прысутнічае ў прафесіі. Я перакананы, што ў тым занятку, дакладней — у тым пражыванні жыцця, якое мы называем мастацтвам, уласна прафесійнага не болей за пяцьдзясят адсоткаў. З астатняга я найперш бы вылучыў інтэлектуальнае развіццё: рамяство трэба пакласці на інтэлектуальную глебу, толькі тады яно дасць вынікі. Але і гэтага мала, важна, каб чалавека вяла ідэя, якая не дасць яму збіцца на халтуру, дзе лёгка зарабіць, разгультаіцца, запіць.

Ідэя можа быць мастацкай, хрысціянскай, нацыянальнай... Для мяне важныя дзве апошнія. Мы ведаем шмат людзей, якія сталіся мастакамі менавіта на глебе нацыянальнай ідэі: яна іх вынесла, зрабіла асобамі. Як выратавальнае кола, нацыянальная ідэя трымае на паверхні гэтага быцця, змушае інтэлектуальна развівацца: чытаць, заглыбляцца ў веды. Напрыклад, такі чалавек, як Яўген Кулік, быў энцыклапедычна адукаванай асобай, веды і нацыянальная ідэя ўзнялі яго, і ён стаў адным з найвыбітнейшых мастакоў нашага часу. Былі побач тыя, хто нашмат лепей маляваў, пісаў, але ў мастацтве следу не пакінуў...

І апошняе: характар, воля. Ты падпарадкоўваеш сябе ідэі, не даеш ленавацца, мастацтва становіцца тваёй сутнасцю. Сам сабе даказваеш кожны дзень, што не здэградаваў, што служыш гэтай ідэі і людзі, якія ў цябе паверылі, не памыліліся. Але каб усё гэта склалася, трэба, каб цябе Бог палюбіў. Гэта перадусім. Значыць, і жонку Бог дасць, якая не будзе цябе пілаваць, што ты мала зарабляеш, працуеш на маргінальную ідэю — усе па-руску размаўляюць, а ты адзін, дзівак, па-беларуску. Гэта велізарны стымул, калі ў тваёй сям’і цябе лічаць лепшым. Вось тыя чыннікі, якія складаюць пяцьдзясят адсоткаў па-за прафесіяй.

Вярнуся да майго навязлівага слова: страх. Ці прысутнічае ён, калі распачынаеш новую працу?

— Не скажу, што нечага моцна баюся. Хутчэй, адчуваю адказнасць за тое, каб усё атрымалася годна. Я да сябе строга стаўлюся ў прафесійным плане. Вось цяпер больш пішу тэксты, чым малюю. Чаму я доўга не хацеў друкавацца? Па сённяшні дзень баюся абняславіцца і вельмі стараюся, каб гэтага не адбылося. Мне важна выглядаць годна. Тым больш, калі даеш у друк сваё, можна сказаць, інтымнае... Прычым жа не ў васямнаццаць гадоў тое адбываецца, а ў сорак (столькі мне было, калі першы раз надрукаваўся). Таму я вельмі цешуся дзвюма літаратурнымі прэміямі: гэта «Полымя»-2001 і «Залаты апостраф»-2006, бо вылучылі прафесійныя літаратары.

Тое ж самае ў мяне адбываецца і ў выяўленчым мастацтве: мне лепей не выставіць твор, чым паказаць нешта недасканалае. Дарэчы, на апошняй выставе запозна ўбачыў, што работа не на ўзроўні маіх магчымасцей — слабейшая. Гэта, можа, упершыню так адбылося. Я сябе дакараю, кажу: «Не рабі так, ты ўжо дастаткова навыстаўляўся, табе не трэба балаў зарабляць, а толькі падмацоўваць і ў лепшым выпадку падвышаць свой статус». Таму кожнага разу, калі нешта пачынаю рабіць, стаўлю задачу, каб гэты твор прынамсі не саступаў майму «the best» — тым пятнаццаці-дваццаці працам, якія лічу лепшымі. Адносна гэтай планкі сёння вырашаю задачы.

Іншая справа, што цяпер у мяне (вось таму я крыху і «пралятаю» апошнім часам) з’явілася патрэба мяняцца... Баюся выйсці ў тыраж. Хоць гэта самы просты варыянт, бо калі ў мяне не атрымаецца перабудавацца, заўсёды маю шанец вярнуцца да сваіх пратаптаных шляхоў і цешыць тых, каму гэта падабаецца. Дзесьці, можа, і сябе. Але не, я ўжо не надта цешуся. Бо калі гадоў пятнаццаць-дваццаць таму кожная мая новая праца была для мяне асабістым адкрыццём і вялікай радасцю, то цяпер радасці паменшала. Значна. Працую і бачу, што так, атрымліваецца якасны твор, гэта Сітніца, гэта пазнавальна. Але гэтага ўжо мала. Спрабую разважаць: што замінала Савічу быць Савічам трыццацігадовай даўніны? А ён ужо чатыры разы памяняўся! Таму што мастак.

Аднак мяняцца — неабавязковая задача для кожнага. Усё павінна ісці натуральным шляхам, без гвалту над сабой. Калі мастак адчувае гэтую патрэбу, будзе шукаць і знойдзе — малайчына. Калі не, дык і не трэба. Мы ведаем цудоўных аўтараў, якія не мяняліся ад пачатку да канца. Цвірка ўсё жыццё працаваў на адным запале. Яму і не трэба было мяняцца, бо не выходзіў у тыраж... Я ж яшчэ адну задачу сабе паставіў: знайсці новае ў межах напрацаванага. Разважаю як ашчадны селянін: неразумна адмаўляцца ад свайго. Пытанне ў тым, як захаваць сваё аблічча, але знайсці новае дыханне. Гэта ж і ў сям’і часам узнікае патрэба абнавіць пачуцці? Мае стасункі з мастацтвам — каханне, якое трэба неяк ажыўляць.

Цяпер неверагодна ратуе літаратура. Я даволі рэгулярна друкуюся — як паэт і публіцыст. Але не толькі... Бачыш, стос папер на стале — гэта, можа, раман будзе. Пішу ў дзень па дзве-тры старонкі, а бывае і дзясятак. Стос расце і расце. Я баяўся сабе дазволіць пісаць прозу, бо яна, як і жывапіс, забірае шмат часу. Верш ты можаш і падчас шпацыру нарадзіць. Тут трэба садзіцца і пісаць, а час забіраецца ў выяўленчага мастацтва. Але тут так «паперла», што не змог нічога зрабіць...

Тут я абсалютна свабодны, нішто мяне не трымае. Атрымліваю асалоду ад стылёвых вынаходак, вырабляю, што хачу. І гэта мяне ратуе. Бог мяне любіць: у час, калі лёгкі застой у адным, дае натхненне ў іншай сферы.

Ты казаў, што адзін са складнікаў станаўлення мастака — гэта інтэлект. Мастацтва выкрывае?

— Моцна. Калі чытаю Караткевіча, бачу, што гэты чалавек — найвытанчанага густу і глыбокіх ведаў. Яму былі цікавыя і музыка, і тэатр, і кіно. Творчая асоба павінна, абавязана (бо іначай нельга!) цікавіцца і сімфанічнай музыкай, і джазам, і авангардам, і класікай, і тэатрам, і літаратурай. Вершы любіць. Для мяне вершы — штодзённы допінг, магу на памяць расказваць іх па некалькі гадзінаў.

У тваіх графічных аркушах адчуваецца амаль вершаваная рытміка...

— У параўнанні з графікай у вершах прынцыпова іншая эстэтыка. Агульнае — таталітарная строгасць да формы, да гуку, да вобраза. Нідзе не павінен стрэмкай ніякі гук вытыркацца. Рытміка мусіць быць дасканалай.

Табе ўтульней працаваць цыкламі, канцэптамі? На будучае закідваць...

— Раней я працаваў даволі адвольна, невялікімі серыямі, але так сталася, што ўсё звязалася ў сур’ёзны цыкл «Гаспода». Ён аб’яднаў у сабе серыі «Шпацыр уздоўж паркана», «Суб’ектыўная рэчаіснасць», «Безназоўнае».

Гаспода — гаспадарка, космас, у якім жывуць і гаспадар, і Гасподзь.

Гэты цыкл — спроба мастацкага пранікнення ў нацыянальны мікракосм, даследаванне сутнасці рэчаў, існавання іх у прасторы. А зараз у мяне нараджаецца новы цыкл. Не для друку, бо баюся сурочыць... Думаю, які матэрыял ужыць, бо тачыць алоўкам — доўга, а ці дасягнеш іншым матэрыялам таго эфекту? Часцей за ўсё не атрымліваецца...

Эфекту дэматэрыялізацыі? Што дае каляровы аловак?

— Глыбіню. Прастору, паветра. Выхад у іншы свет.

Майстэрня для цябе — гэта месца сустрэчы ці адасаблення? Ці проста рабочы кабінет?

— Месца, дзе мне найлепей, прастора суцяшэння, роздуму, супакаення, адасаблення, калі патрэбна — сустрэчы з сябрамі. Тут усё маё, тут я праводжу найлепшы свой час. Не толькі тут, але тут найбольш.

Ці можаш акрэсліць этапы свайго творчага жыцця? Пачнём з інстытута: як ты самавызначаўся?

— У мяне былі такія выдатныя настаўнікі, як Уладзімір Савіч, Міхась Раманюк. Па заканчэнні інстытута знаходзіўся пад велізарным уплывам Савіча. Зрэшты, як і многія — ён настолькі яркая асоба, што шмат хто ад яго сілкаваўся, а слабейшыя дык і гінулі як мастакі. Я доўгі час ішоў след у след, але ўсё рабіў для таго, каб гэта было не настолькі відавочна. Аднак адчуваў, што час адрывацца. Дзесяць гадоў патраціў на пошук уласнай мовы, але адначасова мяне захапіла ідэя нацыянальнага адраджэння. Ні аб чым не шкадую, але дапускаю, што ў нейкі момант гэта ідэя стала тормазам у маім пластычным развіцці: мы працавалі на патрэбу часу. Недзе ў 1991—1992 гадах адбыўся рэзкі пералом, і з’явіўся той Сітніца, якім ён ёсць. Зараз я спрабую...

...здзейсніць новы пералом?

— Не, для гэтага патрэбна энергія маладосці. Ці проста трэба быць іншым чалавекам. Я беларус, а беларусы шаблямі рэзка не махаюць. Павольна запрагаюць, але пасля надзейна едуць. Я павольна запрагаю. Але запрагаю, збіраюся ў дарогу, куды даеду — пакажа час.

Ці можа які-небудзь куратар на цябе паўплываць: прапанаваць тэму, якая прымусіла б цябе змяніць твой уласны фармат?

— Можа. Іншая справа, што гэта павінен быць такі куратар, які мяне зацікавіць. Ідэя мусіць мяне захапіць. Напрыклад, гэта мог бы быць Уладзімір Савіч. У яго столькі ідэй, новых і цікавых. Але не трэба абагаўляць куратара. Ён можа быць карысным, але ёсць мастакі абсалютна самадастатковыя, якім куратар не патрэбны.

Я з задавальненнем адклікнуся на новыя ідэі, бо гэта пашырае мастацкі дыяпазон. А я за тое, каб ён пашыраўся. Іншая справа, што я вельмі часта дыскутую з прадстаўнікамі так званага актуальнага мастацтва. «Так званага» кажу не таму, што яго не прымаю, — тэрмін не называе сутнасць з’явы. Актуальнае — цікавае ўсім, яно адказвае на самыя надзённыя пытанні. У нас хоць адзін актуальшчык зрэагаваў на абсалютна гіблы стан нацыянальнай мовы? Мы нядаўна рабілі выставу, прысвечаную 130-годдзю Купалы і Коласа, літаральна на апошнім энтузіязме, каб хоць пазначыць гэтую дату. Калі быў стогадовы юбілей класікаў і мастакі атрымалі дзяржаўныя замовы, паўсталі добрыя творы, што ўзнялі вобразы песняроў на годны ўзровень. Прайшло 30 гадоў: час патрабуе вырашыць вобраз Купалы прынцыпова іншай пластычнай мовай. Можна зрабіць процьму перформансаў, відэаінсталяцый на купалаўскую тэму...

Купала для мастака — недатыкальная асоба?

— Я гатовы прыняць любыя праявы мастацтва, але толькі з дзвюма ўмовамі — прафесіяналізм і маральнасць. Ёсць рэчы недатыкальныя. Нельга сцябацца з Хрыста. Для мяне Купала — можа, гэта і рызыкоўнае параўнанне — гэта нацыянальны Хрыстос, які выкупіў сваім жыццём нашыя грахі. А зараз, на жаль, назіраю гідкія спробы патаптацца па нацыянальных святынях.

Даводзіцца замоўчваць нейкія факты асабістай біяграфіі?

— Не афішаваць іх. Не рабіць з гэтага танную сенсацыю і самарэкламу. Мы можам дайсці да таго, што мокрага месца ад сябе не пакінем. Ледзь на нагах стаім і гэтыя ж ногі падсякаем, дапамагаючы тым, хто хацеў бы бачыць нас бязногімі. Нядаўна адна пачаткоўка-паэтка была вылучана на літаратурную прэмію толькі за тое, што прызналася ў вершах у лесбійскім каханні. І гэта было ледзь не адзіным прыкметным чыннікам у ейным зборнічку. Гэта комплекс правінцыяла, маўляў, пусціце нашу казу ў ваш статак. Іншы ў сваіх літаратурных з’едлівых карацельках усяляк аплёўвае класікаў рускай літаратуры. Гэта комплекс прыгнечанага.

У мастацтве гэтыя комплексы выпаўзаюць?

— Безумоўна. Вось ад чаго павінен пазбаўляцца наш мастак — ад комплексаў прыгнечанага, пакрыўджанага і правінцыйнага.

Ці здараюцца выпадкі, калі ты не можаш увасобіць ідэю звыклымі сродкамі і адчуваеш патрэбу ў іншых? Ну, напрыклад, спраектаваць на плоскасць ці свой твор рухомую выяву, аб’ект далучыць?

— Не назаву такога выпадку. Я бяруся маляваць толькі тое, што ўжо саспела.

Яно саспявае ў звязку з матэрыялам?

— Так-так. Ёсць, напрыклад, мастакі, якія пачынаюць пісаць, гледзячы на чыстае палатно. Я ж нават эскіз малюю з паспарту, таму што паспарту — гэта частка твора. І вымяраю яго прапорцыі. Працы папярэднічаюць дзясяткі разлікаў. Калі мне ўсё ясна, усё пралічыў, тады пачынаю. Вось, напрыклад, у гэтым творы, што вісіць на сцяне, я патрапіў: тут ёсць знак і сімвал. А побач вісіць работа: там толькі канстатацыя факта наяўнасці рэчы ў прасторы. Калі я казаў пра пошукі шляху ў межах самога сябе, меркаваў наступнае: уяві, што я намаляваў не хатку, а сон пра хатку, згадку. Такі ход патрабуе іншай пластычнай мовы. Але знайсці яе... Як намаляваць тое, што прыснілася? Я ж сон увесь не згадаю, значыць, застануцца белыя плямы ў выяве.

Як жа з’яўляецца новае ў тваёй творчасці, калі ты ўсё пралічваеш? І дзе яно з’яўляецца: спачатку ў галаве ці пад рукой?

— Пад рукой, не ў галаве. Менавіта пад рукой праяўляюцца тыя ўражанні, якія ты атрымаў ад убачанага. Вось я заўважыў асаблівую рытміку звычайнага плота: прыходжу ў майстэрню і пачынаю яе натаваць, шукаць. Атрыманая эмоцыя ўвасабляецца ў маіх пошуках і паціху-патроху развіваецца. Вось такі ракурс убачыў. Падобна на Родчанку. Я ім вельмі захапляюся, праўда, пазнаёміўся з яго творчасцю, калі ўжо знайшоў свой уласны метад.

Хто яшчэ паўплываў і ўплывае?

— Уайт, Тарасевіч. Алесь Разанаў. Ён піша вершы, а я малюю апісанае. Андрэй Таркоўскі, калі камера паўзе...

Што ў планах?

— Праект «Беларуская Атлантыда». Страта нацыянальнай ідэнтычнасці — актуальнае для нас пытанне. Стаўлю задачу паказаць сучаснымі сродкамі тое, што знікла. Вось у мяне ў майстэрні вісяць дзве рэчы беларускага народнага побыту, яны патанулі ў часе, а па формах надзвычай актуальныя. Умоўна я называю свой будучы цыкл «Спроба рэінкарнацыі». Думаю, як увасобіць такім чынам, каб не было літаральна. Сон, а не фіксацыя рэчы, успамін пра рэч. Можна маляваць у негатыве. Гэтым цыклам маю шанец заявіць пра сябе як пра актуальнага мастака. Тэмай пра тое, што не павінна знікаць. Што мусіць захоўвацца ў нашай памяці.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва