Гукавы код нацыі

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

Што і як кампазітары пішуць для самага беларускага інструмента?

Сёння цымбалы ўспрымаюцца як сімвал нацыянальнага выканальніцтва, як самы адметны і самы беларускі інструмент. Такое ўсведамленне паступова становіцца звыклым не толькі для ўласна музыкантаў, але і для шырокага кола слухачоў.

Бягучы філарманічны сезон надзіва багаты на канцэрты, якія прэзентуюць новыя творы айчынных кампазітараў, напісаныя менавіта для цымбалаў. І кожны раз яны паўстаюць як інструмент, прыдатны для выканання сачыненняў самых віртуозных, якой заўгодна складанасці. Беларускія аўтары актыўна пішуць для цымбалаў сола і цымбальнага аркестра, для разнастайных ансамбляў інструментаў. Шукаюць адметныя тэмбральныя адценні, іх гульню і спалучэнні, а праз гэта — свежасць думкі і непаўторнасць сэнсу.

Тлумачэнняў кампазітарскай актыўнасці некалькі. Найперш — наяўнасць уласнай, моцна развітой цымбальнай школы. Гэта пацвярджаецца разнастайнасцю асоб салістаў-віртуозаў, актыўнай канцэртнай дзейнасцю ансамбля «Лілея» Беларускай акадэміі музыкі і Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча. (Заўважу, самыя арыгінальныя і беларускія па духу праекты філармоніі, у тым ліку прапанаваныя кампазітарам і рэжысёрам Ларысай Сімаковіч, часцей ажыццяўляюцца менавіта апошнім калектывам.)

А цяпер больш канкрэтна пра самыя адметныя творы Віктара Войціка, Віктара Капыцько, Уладзіміра Кур’яна. Усе яны даюць падставу для роздуму пра плённасць творчых стасункаў кампазітара і выканаўцы. Бо калі творы пішуцца для канкрэтных салістаў, віртуознасць і музыканцкі імпэт апошніх натхняюць кампазітара. А прысвячэнні выканаўцам, у сваю чаргу, надаюць інтэрпрэтацыі больш моцную энергетыку.

Сачыненні Віктара Войціка, якія прагучалі на яго аўтарскай вечарыне «Сугучча музыкі стагоддзяў», прысвечанай 40-годдзю творчай дзейнасці, прадставілі нечаканы партрэт кампазітара. Чалавек знешне суровы і стрыманы ў эмоцыях, ва ўласных творах ён раскрываецца як натура чуллівая, рамантычная і ўсхваляваная. А самі сачыненні непарыўна звязаны з айчыннай гісторыяй. У тым пераконвала «Музыка маёнткаў і палацаў», дзе нядаўна напісаныя творы аўтара чаргаваліся з яго аранжыроўкамі (або інструментальнымі пералажэннямі) опусаў вядомых кампазітараў XVII і XVIII стагоддзяў — Войцеха Длугарая, Міхала Клеафаса Агінскага, Мацея Радзівіла, Жана Рамо, чые творы гучалі ці маглі гучаць у беларускім арыстакратычным асяроддзі. У гэтую музычную прастору сачыненні кампазітара ўвайшлі натуральна. У іх ліку трыпціх «Акварэлькі пані Барбары», вытанчаны опус, на мову якога паўплывалі танцавальныя рытмы эпохі (у ім шмат сола, увасобленых цымбалісткай Веранікай Прадзед, і нечаканых спалучэнняў флейты з цымбаламі), і Сюіта-рычэркар у 4-х частках, прысвечаная калегу, кампазітару Галіне Гарэлавай.

Творы, якія складалі «Музыку маёнткаў і палацаў» і былі агучаны інструментальным ансамблем «Juvenile bel Trio», нараджалі нечаканае пачуццё. Сугучча, але адначасова і перакліканні розных гукавых эпох. Псіхалагічная «ўстойлівасць», гармонія класіцызму і барока — і музычныя вобразы сённяшняга неспакойнага часу. Тая, даўняя музыка як крыніца гармоніі — і сум сучаснага чалавека аб страчанай зладжанасці з наваколлем.

Моцнае эмацыйнае ўражанне зрабіла і паэма Віктара Войціка «Беларусь — мая Атлантыда», выкананая ансамблем «Лілея». Назва твора красамоўная, яна выклікае шмат асацыяцый. Атлантыда, некалі квітнеючы рай, у выніку магутных тэктанічных узрушэнняў апусцілася на марское дно. Беларусі як краіне, што знаходзіцца на сушы, у літаральным — фізічным — сэнсе знікненне ў хвалях акіяна не пагражае. Але ўласна беларускага з кожным годам у нашай культурнай прасторы становіцца ўсё меней. Пра тое трывога і боль аўтара. Думаю, што праз нейкі час аналіз гэтага адметнага твора зойме не адну старонку ў музыказнаўчых даследаваннях. Бо праз віртуозна-вытанчаную матэрыю кампазітар здолеў скласці своеасаблівае гукавое пасланне сучаснікам. Тут узнікаюць і гул Космасу, з якога нараджаецца Зямля; і першабытны хаос — праз пранізлівыя крыкі чаек, ілюзію няспыннага прыбою, трывожныя марскія вобразы. Карціны паганства паўстаюць праз рытуальныя танцы, гукі ўдарных і бубна.

Нечаканы фінал: музыка паступова сціхае, і прастора запаўняецца гукамі лесу, дзе чуеш сухі пошчак дзятла, дзіцячыя галасы, што даносяцца здалёк. Гэта моманты гарманічнага існавання чалавека і прыроды. Аўтар нібыта сцвярджае: гукі прыроды — лепшы музычны твор, бо ён народжаны самой рэальнасцю...

Віктар Капыцько — іншы па стылі і светаадчуванні кампазітар. Ён любіць не адлюстроўваць рамантычную ўсхваляванасць, а напаўняць уласныя сачыненні інтэлектуальнай гульнёй, дасціпнасцю, халаднаватым англійскім гумарам, здараецца, іроніяй і нават сарказмам. Большасць твораў Капыцько — эксперыменты не толькі з гукам і тэмбрам, але і з жанрам, наогул прызначэннем інструмента. Імкненне кожную тэму і музычны вобраз убачыць нечаканымі. У прафесійным асяроддзі ёсць тыя, хто сачыненні кампазітара не ўспрымае і лічыць прэтэнцыёзнымі, але большасці публікі цікава! Бо такога нідзе больш не пачуеш і не ўбачыш.

Кожны твор, што прагучаў у праекце, меў уласную гісторыю. Яе ўзнаўляў сам кампазітар. «Старадаўні танец», прысвечаны знакамітай цымбалістцы Ангеліне Ткачовай (у ім густата віяланчэльнага тэмбру толькі адцяняла серабрыстую звонкасць цымбалаў), прадставіў сучаснае ўспрыманне старадаўняй музыкі. У «Дывертысменце» для цымбал і прыгатаванага раяля (выкананым Веранікай Прадзед і Кацярынай Марэцкай) прываблівалі элементы тэатралізацыі. У «Элегіі памяці Арыга Бойта», французскага кампазітара і лібрэтыста (віртуозна ўвасобленай перкусіяністам Міхаілам Канстанцінавым), уражвала гукавая варажба. Іншым разам яна здавалася знарочыстай, часам нечаканай, але ў любым выпадку атрымалася небанальна.

Кампазітар любіць пераасэнсоўваць зробленае папярэднікамі ў розных краінах і эпохах. Таму сярод твораў, якія прагучалі, былі прысвячэнні не толькі музыкантам-сучаснікам. Камерная кантата «Працягвае ліст» напісана на вершы знакамітага кітайскага паэта Лі Бо, «Запрашэнне...» для камернага ансамбля паўстала ў гонар 100-гадовага юбілею Джона Кейджа, адной з буйнейшых асоб у авангарднай плыні музыкі ХХ стагоддзя.

Інтэлектуальная, шмат у чым эксперыментальная музыка Віктара Капыцько знайшла годнае ўвасабленне ў майстэрстве ўсіх удзельнікаў канцэрта. Але найперш — цымбалісткі Веранікі Прадзед (сам кампазітар заўважыў, што з’яўленне гэтай артысткі адрадзіла яго «цымбальныя апетыты»). Вераніка — неверагодна абаяльная салістка. Мініяцюрная, вытанчаная, грацыёзная. Кампазітары невыпадкова яе любяць і ёю захапляюцца: мала ў каго яркая эмацыйнасць і расхінутасць жыццю спалучаецца з падобнай глыбінёй пранікнёнасці ў задуму і тонкасцю інтэрпрэтацыі. Віртуознасць такая, што падаецца — рукі (а мо, і цымбалы, як у казцы?) граюць самі па сабе, без валявога імпульсу салісткі. Вераніка — нядаўняя выпускніца Акадэміі музыкі, але ўжо і сама выкладчык гэтай установы. Лаўрэат міжнародных конкурсаў. Штогод яе запрашаюць з канцэртамі ў прэстыжныя залы Маскоўскай кансерваторыі і Варшаўскай філармоніі.

І нарэшце яшчэ адзін творца — Уладзімір Кур’ян. Гэты кампазітар цымбалы любіць даўно. Піша для іх часта, з задавальненнем эксперыментуе. У тым пераконвалі і два ягоныя творы, «Дзівосы Купалля» і Канцэрціна, выкананыя ў межах праекта «Віртуозы цымбал», што быў прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння Іосіфа Жыновіча. У першым саліравала наша вядомая цымбалістка Ларыса Рыдлеўская, у другім — Аляксандра Дзенісеня, студэнтка 1-га курса Акадэміі музыкі, паўфіналістка апошняга класічнага «Еўрабачання» (у Вене Аляксандра выконвала менавіта гэты твор).

У «Дзівосах Купалля» аўтар разгортваў перад сапраўды зачараванай і загіпнатызаванай залай містэрыю купальскай ночы. Гукі цёмнага, таемнага начнога лесу, дзе-нідзе асветленага зыркімі языкамі агню. Удалечыні «вухкае» сава, а мо, гэта пугач? Чуваць мелодыю «Купалінкі», якую хутчэй за ўсё заводзіць гурт дзяўчат. Уражанне, што перад намі купальскае вогнішча. Дзяўчаты кідаюць у ваду вянкі, а тыя марудна, няспешна плывуць... Заклікальныя выгукі — гэта голас прыроды і птушак? А мо, падсвядомасці і жадання знайсці купальскую кветку шчасця? Калі кампазітар сілай таленту здольны перанесці кожнага, хто прысутнічае ў зале філармоніі, у іншы час і іншую прастору, — гэта дарагога каштуе. Такіх твораў мала, яны — рэдкасць! І таму да такіх сачыненняў хочацца вярнуцца яшчэ неаднойчы.

Канцэрціна, увасобленае аркестрам і Аляксандрай Дзенісеняй, прываблівала тым, што і ў 1-й частцы, імкліва-дынамічнай, і ў 2-й, дзе больш лірыкі і элегічнасці, цымбалы паўставалі надзвычай сучасным інструментам. Здатным увасобіць і пачуццёва-эратычныя настроі (у тым ліку і праз імітацыю тэмбраў гавайскай гітары), і сухі рытм, што адлюстроўвае урбаністычную прастору вялікага горада з патокам машын, рэкламнымі агнямі, няспынным рухам людской плыні. Незвычайныя санорныя эфекты ўспрымаюцца як нечаканыя сутыкненні гукавых фарбаў, што, здавалася б, не павінны ніяк спалучацца. Творы Уладзіміра Кур’яна сведчаць і пра яго надзвычай плённы пошук выразных магчымасцей цымбалаў, і пра дасканалае веданне інструмента.

Увогуле філарманічныя канцэрты, у цэнтры якіх апынуліся цымбалы, прадставілі айчыннаму слухачу панараму надзвычай яркіх твораў і цэлую галерэю найталенавітых выканаўцаў. Акрамя згаданых, гэта Вольга Мішула, раней прадстаўніца Беларусі, а цяпер Германіі. Яе бліскучая апрацоўка беларускай народнай песні «Каля майго церама» сведчыла пра тонкі музыканцкі густ і бясспрэчныя кампазітарскія здольнасці. Горача любіць наша публіка і Міхаіла Лявончыка, які таксама жыве і працуе ў Германіі. Калі ён сольна іграў «Чакону» Баха, а потым з Акадэмічным народным аркестрам «Чардаш» Аляксандра Цыганкова, гэта ўспрымалася не толькі як праява неверагоднай віртуознасці, тонка ўвасобленай адметнасці кожнага нацыянальнага каларыту, але і як свяшчэннадзейства. Як узнёслая ода цымбалам. Артыст здольны шчодра дарыць зале хвіліны высокага натхнення, і таму хацелася доўжыць і доўжыць гэтае паглыбленне ў акіян музыкі... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі