Рабі сваё

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«Практыка рынкавага рэалізму» Уладзіміра Цэслера

/i/content/pi/mast/66/1125/23.jpg
 
«Дазволь, я буду паліць», — гэты чалавек 
і гадзіны не можа пражыць без цыгарэты. Адзін з самых арыгінальных персанажаў нашай мастацкай прасторы, крэатыўны «правакатар», аўтар рэкламных плакатаў, якія знаходзяцца ў фондах музеяў па ўсім свеце, стваральнік «кічавых» прадметаў і іранічных арт-аб’ектаў Уладзімір Цэслер у сценах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва паказаў нам практыку рынкавага рэалізму. Менавіта так называлася яго выстава. А мне важна было задаць яму некалькі пытанняў.

Мы жывем у сістэме рынкавай эканомікі, значыць усё мастацтва воляй-няволяй падпарадкавана яе законам. На думку аўтара выставы, кожны мастак, які даводзіць, што ён не камерцыйны, хлусіць, жадаючы такім чынам даражэй сябе прадаць: «Адпаведна, усе мы ў жыцці таргуемся. Хто ў меншай, хто ў большай ступені. Давайце не будзем паглыбляцца ў мастацтва, бо мы робім тое, што хочам, калі нам гэта ўдаецца.

Прынцып рэалізму — свайго кшталту нязбытная мара кожнага, зусім дурная, але яна сустрэне разуменне як наступнага пакалення, 
так і самога мастака. Жарты жартамі, але ў мяне ўсё сур’ёзна, нават самыя апошнія глупствы».

Для выставы былі задзейнічаны амаль усе залы музея, прадстаўлены амаль усе працы мастака — экспазіцыя-агляд не ядналася адзінай канцэпцыяй, хіба толькі майстэрствам, мудрым і іранічным стаўленнем 
да жыцця самога аўтара.

Лагічным цэнтрам экспазіцыі сталі аб’екты праекта «Дванаццаць з дваццатага». І мне захацелася дазнацца: калі б Міністэрства культуры замовіла Уладзіміру Цэслеру патрыятычны праект «Дванаццаць асоб Беларусі», каго б ён уключыў у ганаровы спіс?

— А тых, хто з’ехаў, можна ўключаць? З вялікіх большасць з’ехала... Напрыклад, Хаім Суцін — больш геніяльнага мастака ў нас не было. Нарадзіўся ў Смілавічах, памёр у Італіі. Яго працы ні ў чым не саступаюць шагалаўскім. А ўвогуле, на жаль, мы мала што ведаем пра нашых знакамітых землякоў.

У лістападзе віхрам пранеслася І трыенале сучаснага мастацтва, на якім дэманстраваліся і вашы працы. Раскажыце пра ўражанні.

— Я надта там не прыглядаўся, бо ў асноўным сядзеў і ахоўваў свае «Яйкі», сярод якіх хадзілі «чэрці» на хадулях. А пачалося ўсё з таго, што хтосьці паклаў сумку на маё яйка, а яшчэ нейкая жанчына ўзяла адно яйка з экспазіцыі, каб паказаць свайму дзіцяці. Мае «Вусны» павесілі ў кут, і яны стваралі ўражанне нейкага абраза. Пазней вярнулі мне іх з вялікімі пашкоджаннямі. Я чалавек не амбіцыйны, але вельмі патрабавальны да культурнага экспанавання сваіх твораў. І ўвогуле, мне спакайней, калі працы ў майстэрні, таму што любая выстава — гэта магчымыя страты.

Ваша пакаленне актыўна пераасэнсоўвала фармат і задачы беларускага мастацтва. Якое яно сёння, на вашу думку, і якое яго месца ў кантэксце міжнароднага?

— Я мастацтва ўвогуле не падзяляю, таму што творцы сёння паўсюль аднолькавыя. Проста некаторыя тусуюцца ў Нью-Ёрку, а некаторыя сядзяць у Смаргоні. Вось і ўся розніца. Выраз «актуальнае мастацтва» ўжо гадоў пяць не ўжываецца. Мастакі наогул не разумеюць, што адбываецца, але ж яны самі гэтую кашу заварылі. Справа ў тым, што сучаснае мастацтва сёння — гэта такі жанр: знішчэнне традыцыйнага мастацтва рознымі спосабамі. Чалавек нешта дэкларуе, вырабляе антымастацтва, а потым высвятляецца, што спосабы, якімі крытыкуюць, нават цікавейшыя за сам прадмет крытыкі. І раптам сталі звяртаць увагу на майстроў, якія, аказваецца, умеюць трымаць у руках пэндзаль. Усё вяртаецца па коле. Верагодна, адбудзецца нейкі новы ўздым, я не ведаю...

Хто вам цікавы з беларускіх сучасных мастакоў?

— Па-першае, усе вельмі розныя, і я іх ніколі не яднаю пад адзін напрамак. Але магу вылучыць Сяргея Кірушчанку, Руслана Вашкевіча, Алеся Ксяндзова, Дзмітрыя Сурыновіча. Дарэчы, вядомыя ва ўсім свеце і нашыя жанчыны-мастачкі: Зоя Літвінава, Галіна Гаравая, Вольга Сазыкіна. Асабліва хачу адзначыць сваё захапленне людзьмі, якія працуюць у акварэлі, бо лічу, што гэтая тэхніка патрабуе высокай духоўнай культуры, майстэрства і хуткага выканання.

Ці можна ў наш век высокіх тэхналогій недахоп таленту кампенсаваць «крутымі» камп’ютарнымі праграмамі?

— Ніколі! Яны, вядома, дапамагаюць, але нічога не замяняюць. Напрыклад, выданні сёння робяць так, што ў іх не відаць рукі мастака. Бярэцца за аснову раскручаны часопіс, і паводле яго ўзору здзяйсняецца вёрстка. Але і для таго, каб асэнсавана скапіраваць, патрэбен мастак, што разумее, чаму старонкі складзены менавіта так, якія задачы яны вырашаюць. Інакш у выніку атрымліваецца нешта шэранькае. Таксама я заўважыў, што вялікая колькасць лагатыпаў, якія існуюць у свеце, зроблены з выкарыстаннем камп’ютара. Камп’ютарныя шрыфты прыдатныя для таго, каб напісаць нейкі тэкст, выбраўшы сабе гарнітуру. Але пры павелічэнні яны жудасныя — крывыя і недаробленыя. Я ніколі не карыстаўся камп’ютарнымі шрыфтамі, усе літары сам вымалёўваў. Гэта вельмі важна. Кажуць, што хутка з’явяцца больш дасканалыя праграмы, але ўсё роўна гэтага недастаткова. Кожны лагатып вымагае адмысловага шрыфту, а гэта ўжо праца мастака.

Як у вашай творчасці суадносяцца дызайн і мастацтва?

— У дызайне я не так і шмат працую, таму што ён накіраваны на рэпрадуцыраванне. Проста ў нас прынята лічыць, што калі ты пачынаеш ужываць сучасныя метады, то гэта «дызайн». Скажам, узяць маё крэсла: які гэта дызайн, калі гэта скульптура? Таму я лічу, што ўсё ж такі я мастак.

І, канешне ж, камерцыйны?

— А як жа! Замаўляй!

Які ў вас быў самы нестандартны, «вар’яцкі» заказ?

— Вар’яцкі — гэта калі ты саромеешся сказаць, што гэта тваё. Усё роўна па выніку працы заказчыкі заўсёды задаюць мне пытанні накшталт: «Гэй, а дзе ружы?» Яшчэ адзін пацікавіўся пра карціну, якую я рабіў пад яго камін з малахіту: «А дзе залацістыя восеньскія бярозы?» Выйдзі ў поле — і будуць табе бярозы, дружа. А тут мастацтва.

Многія вашы творы былі зроблены ў тандэме з Сяргеем Войчанкам. Чаго трэба асцерагацца, калі двое супольна выконваюць адну справу?

— Нічога не трэба баяцца. І наогул, ведаеце, у жыцці нічога не варта баяцца. Калі ты працуеш з чалавекам, значыць ты яго ведаеш. Канешне, мы з Сяргеем спрачаліся падчас працы, але ў выніку кожны саступаў таму, хто меў рацыю. Мне ў тандэме прасцей працаваць. Як кажа прымаўка: «Адзін розум добра, а два лепш». Мы з ім былі «два боты пара»...

Ці існуе мяжа ўзаемаадносін у тандэме?

— Не, бо заўсёды можна калектыўна працаваць. Проста кожная творчая асоба — гэта згустак пэўных амбіцый. І часта яны бываюць неабгрунтаванымі. А ў нас з Сяргеем было паніжанае пачуццё амбіцый, і гэта дазваляла нам працаваць разам. Некаторым мастакам балюча, іх зневажае, калі ты даеш свае парады або наогул шчыра выказваешся пра іх творчасць.

Ці згадваеце пра той перыяд, калі ездзілі на бульбу падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў, і ці засталіся сябры з таго часу?

— Аднойчы глядзеў перадачу пра тое, як Германія выплачвае кампенсацыю вывезеным падчас вайны на прымусовую працу. І тут я падумаў: дык і мяне ж вывозілі на сельскагаспадарчыя работы...

А сябры... Вось Віця Міругін, ён яшчэ да інстытута быў маім сябрам і дагэтуль ім застаўся. Проста людзі мяняюцца. Ты, магчыма, і застаўся такім жа, як раней, але яны ўжо не тыя.

Вы самі ніколі не жадалі выкладаць?

— Мастак, які адбыўся, часцей за ўсё можа толькі адно: навучыць працаваць кожнага вучня так, як працуе ён. Але сапраўдны педагог павінен умець раскрываць у студэнта індывідуальны стыль. Што сказаць, людзей, якія хочуць прысвяціць сябе мастацтву, а не зарабляць на гэтым грошы, вельмі мала. У Японіі той, хто хоча займацца творчасцю, наогул не здае іспыты. Бо хто сказаў, што чалавек, які атрымаў на экзамене «двойку», не зможа стаць геніяльным мастаком? Хто можа наогул вызначыць, кім ты будзеш? Калі я паступаў у інстытут, у мяне спыталіся, на каго я хачу ісці. Сказаў — на мастака, але накірунак яшчэ дакладны не быў выбраны. Мне рэкамендавалі пайсці і падумаць. А чаму я павінен думаць? Я, можа, толькі пры канцы жыцця вызначуся — і тое не факт, а вы тут мне ўжо ў сямнаццаць гадоў ставіце рамкі. З цягам часу я зразумеў, што мастацтва — яно адно, проста ты займаеш тую нішу, якая табе бліжэй. Напрыклад, праз свой характар я не люблю чакаць. І калі назіраю за працэсам стварэння мульцікаў, ясна разумею, што мне гэтая справа не падыходзіць, хоць яна і з’яўляецца вельмі цікавай і неардынарнай.

Дазвольце паразважаць з вамі пра гарадскую прастору. Чаго не хапае Мінску?

— Гораду нестае нейкага глыбіннага разумення таго, што яму ўжо тысяча гадоў. У нашым грамадстве мне бачацца пэўныя праблемы з захаваннем традыцый мінуўшчыны. У Заходняй Беларусі, напрыклад, усё па-іншаму. Аднойчы я напаткаў касцёл, дзе людзі дагэтуль аднаўляюць крывавыя сляды на фасадзе будынка. Некалі пры пабудове храма архітэктар выпадкова зваліўся з рыштаванняў і разбіўся. А людзі дагэтуль пазначаюць яго кроў на сцяне. Уяўляеце? Вось наколькі несмяротная традыцыя, якая да гэтага часу жыве ў сэрцах людзей.

Хацелі б вы змяніць месца жыхарства, ці ўсё ж такі Мінск — ваш горад?

— Я гультаяваты і наогул нікуды не хачу перамяшчацца. Магу сарвацца ў любімы клуб толькі таму, што разумею: калі я з сябрамі нікуды не пайду, то тады яны ўсе прыйдуць да мяне. Гараскоп таксама можа сказаць многае. Вядома, не той, які можна прачытаць на апошніх старонках практычна любога выдання. Мне складалі асабісты гараскоп па дакладнай даце нараджэння: дзень, месяц, год. У ім шмат чаго супала з рэчаіснасцю. На першым месцы як патэнцыйная сфера дзейнасці было выяўленчае мастацтва, на другім — кулінарная справа і на трэцім — садаводства. Самае цікавае, што ў дзяцінстве я часта ўяўляў сябе садоўнікам — адзін на адзін з прыродай, можа быць, у манастыры, там, дзе мала людзей...

А ці ёсць у вас любімыя гарады і мясціны?

— Гэта краіны, у якіх я ніколі не быў, але хацеў бы наведаць — Нарвегія і Манголія.

Вашы працы такія розныя па тэхніцы выканання і стылявым вырашэнні, што цяжка зразумець, які ваш любімы колер, каларыт...

— Калі я вывучаў прадмет «колеразнаўства», дык увесь час рабіў сюрпрызы сваёй выкладчыцы. Яна проста не цярпела ружовага, а я ў сваіх працах заўсёды яго ўжываў. Як кажуць — дагуляўся. Мне падабаецца колер фуксіі, прывабліваюць тоны, што вызначаюцца словам «вырвівока». Нават неяк пачаў цікавіцца, як выглядае «пунсовая кветачка». Дзе можна ўбачыць сапраўдны пунсовы колер? Знайшоў такую кветку — дэкаратыўны гарошак. Пах мае жудасны, але затое колер насамрэч пунсовы.

Ці бывае так, каб падчас працы вы раптам даведваліся, што нехта ўжо рэалізаваў вашу ідэю? І што ж тады рабіць?

— Здараецца і такое. Бывае нават, што і зломлівае. Але разам з гэтым прыходзіць разуменне, што ты быў на правільным шляху. І пакуль не выканаў твор да канца, застаецца магчымасць зрабіць яго па-свойму, па-іншаму.

Як заробак грошай суадносіцца з самім мастацтвам, з выставамі? Якія ў вас узаемадачыненні з куратарамі?

— Мастак — гэта адна прафесія, а арганізатар выстаў — цалкам іншая. Часам, напрыклад, кажуць: «мастак прадаецца». Як ён можа прадавацца? Я думаю так — творца павінен альбо працаваць, альбо прадавацца. Для таго, каб прадавацца, неабавязкова добра маляваць. Існуе рынак, а на ім існуюць людзі, якія гэтым зарабляюць. Сам мастак не можа адначасова займацца і адным, і другім, і трэцім. Як і не можа арганізоўваць выставы, бо гэта надзвычай мітуслівая справа, якая патрабуе вельмі шмат энергіі.

Як вы ставіцеся да мастацкай крытыкі?

— Ёсць шмат тэкстаў, якія я да канца не магу дачытаць, — гэта як амерыканскае кіно. Фільм пачынаецца — і ўжо на першых хвілінах, па шрыфтах і працы аператара, можна зразумець, наколькі ён удалы. Вось тое ж адбываецца і з тэкстам. Ты пачынаеш чытаць і раптам разумееш, што няма ніякага сэнсу працягваць гэты занятак. Бывае, што і дачытваеш, але адчуваеш моцнае расчараванне, бо так і не прачытаў таго, на што спадзяваўся.

Мастацтва — дзеля мастацтва альбо для продажу?

— Мастак павінен тварыць і атрымліваць ад гэтага вялікае задавальненне. Я наогул магу сядзець і прыдумляць усялякія кірункі. Вось сядзіш так гадоў дзесяць, а потым бачыш, як тваю ідэю ўвасабляюць іншыя. Вядома, можна было самому рабіць гэта хутчэй, але немагчыма ўсё ахапіць. А ўвогуле па мае працы чарга не стаіць.

Чым ёсць для вас паняцце «канкурэнцыя»?

— А ці трэба канкурыраваць наогул? Гэта можа завесці ў тупік. Трэба проста рабіць сваё. Хваляць за дрэнную работу і лаюць за яе ж. Таму трэба абстрагавацца і рабіць сваё. А таксама ў мастака не павінна быць масак. Інакш яму трэба было ісці на акцёрскае. Калі мяне нехта бэсціць, я разумею, што ў гэтай лаянцы мяне няма, а ёсць толькі ён. І накідваецца толькі з-за таго, што пра гэта кажуць. Ён змагаецца з рэхам. Самая нескладаная схема, каб выйсці з усяго гэтага бруду, ведаеце, якая? Працуй, проста працуй.

Ці можа мастак сумяшчаць у сабе розныя іпастасі?

— Кожны творца, які прафесійна выконвае свой абавязак, кім бы ён ні быў — мастаком, музыкам, спартоўцам ці яшчэ кімсьці, — валодае павышанай энергетыкай. Уся справа ў асобе. Як становяцца прафесіяналамі? Проста гэтымі людзьмі кіруе нейкая апантанасць, магчыма, з дзяцінства. Шмат працаваць, шмат думаць пра сваю працу — і будзе плён. Калі ў чалавека ёсць жаданне, ён можа стаць кім заўгодна. Адзіны мінус апантанасці, асабліва характэрны для жыхароў правінцыі, — можна ўсё жыццё прысвяціць вынаходству ровара. Таму заўсёды важна быць у курсе таго, што адбываецца. Хоць бы часам зазіраць у інтэрнэт. Маляваць можна навучыць і малпу. Што такое маляванне? Гэткія ж практыкаванні, як і для гімнаста. Проста аднаму гэта адразу даецца, а другому трэба вельмі пастарацца. Але я кажу пра рамяство. Жывапісу навучыць нельга. У сваім жыцці ведаў аднаго мастака-графіка, які ў той жа час быў кіраўніком рок-гурта «Іпаліт Мацвеевіч». Сам жа я ўжо прадаў свой Yamaha Virago.

Патухлая цыгарэта ляжала каля астылай кавы. На многія пытанні мне яшчэ хацелася пачуць адказы, але разумела, што ёсць рэчы, якія павінны заставацца за заслонай рэалізму, нават калі ён і рынкавы.

Каміла ЯНУШКЕВІЧ