Найбольшае прызнанне, нават папулярнасць, да заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь актрысы Купалаўскага тэатра Зінаіды Зубковай, гэтаксама, як некалі да незабыўнай Стэфаніі Станюты, прыйшло ў сталым узросце. Яна з нечаканай сілай пачала раскрывацца ў кожнай новай ролі. Шчодра выпраменьваць, аддаваць назапашанае гадамі захапляльнай працы са знакамітымі партнёрамі. З купалаўцамі.
"Вечар" Аляксея Дударава. Ганна.
І пакуль яшчэ лёгка злятае з маіх вуснаў гэтае слова...
Мы ўладкаваліся ў невялічкім пакойчыку на Малой сцэне, дзе падчас рэканструкцыі ўсё засталося некранутым. Праз дарогу — адноўлены і па-святочнаму чысты будынак Купалаўскага тэатра, які адкрыецца неўзабаве. Дый уся наша размова — нібы рух з мінулага ў будучыню. Разглядаем фотаздымкі, Зінаіда Пятроўна каментуе.
— Гэта спектакль «Выклік багам», дзе мы ўпершыню распрануліся: так бы мовіць, «ню» на купалаўскай сцэне. Вось Ліля Давідовіч, спінай — Галіна Талкачова, Віктар Тарасаў і Валодзя Рагаўцоў. Маладыя парасткі! Тут я дома — як Стэфачка — спакойная-спакойная... Маю на ўвазе Стэфанію Міхайлаўну Станюту. Гэта з Ляляй Рынковіч... І далей, колькі было роляў... «Яшчэ раз пра каханне», «Амністыя», «Івона, прынцэса Бургундская», «Ідылія», «Памінальная малітва»... А гэта «Вяселле» ў Маскве на Чэхаўскім фестывалі… У Піцеры. З гэтым спектаклем праехалі па ўсім былым Саюзе — Кіеў, Ульянаўск, Баку, Тбілісі, дзе мелі шалёны поспех... Францыя, Іспанія...
І якія ўражанні вынеслі адтуль?
— Мы сыгралі васямнаццаць спектакляў. Думаю, публіка давала нам сілы. Бо перад кожным новым горадам рэпеціравалі на поўную моц. Штораз — незнаёмая пляцоўка, новыя мікрафоны, святло.. Залы велізарныя, на 800 месцаў, на тысячу. Можаце сабе ўявіць?! Упершыню ігралі ў Мадрыдзе. Спектакль скончыўся — у зале цішыня. Думаю: ну, усё! І раптам шквал апладысментаў. На адзін з паказаў прыйшла беларуская суполка. Ехалі здалёк, за 200 кіламетраў. Падышлі да нас у нацыянальных строях, плакалі. Прасілі: «Прывязіце “Паўлінку”». У Парыжы ігралі шэсць спектакляў запар. Поспех быў надзвычайны. «Брава! Брава! Брава!» І я ўсё думала: «Чаму ў Мінску нас так холадна прымаюць, а тут з такім захапленнем?» Потым зразумела, што яны выхаваны інакш. Так, ёсць класічны твор, але ж ім цікава, як гэта можна яшчэ, па-іншаму ўвасобіць. Гэта як у Японіі, там дзетак не вучаць рашаць задачу пэўным спосабам. Ім цікава, колькі дзіця можа само варыянтаў прапанаваць. Спадзяюся, цяпер публіка і ў Мінску на «Вяселле» пойдзе. Ведаеце, з якіх меркаванняў? Многія падумаюць: «Хіба ж мы насамрэч ідыёты такія? Усе прымаюць спектакль, чаму ж мы не можам гэта зрабіць?»
Я б не сказала, што ў Мінску ўсе спектакль адмаўляюць...
— Ён не падабаецца тым, для каго Чэхаў дагэтуль — кацялок, палка і тагачасны ўклад. А ў нас гледачы не паспяваюць за дзеяй сачыць. Зараз на сцэне ўсё іншае — касцюмы, сцэнаграфія, рэжысура, нават асацыяцыі. Хоць галоўным застаецца тое, пра што яшчэ Станіслаўскі казаў: «веру — не веру». Іншымі словамі, ты хоць на галаву стань, але тое, што робіш на сцэне — апраўдай! І яшчэ ў залу мусіць трансліравацца духоўнасць, а не чарната. Цёплая, празрыстая атмасфера, якую ў «Вяселлі» Уладзімір Панкоў выцягнуў у фінале. Людзі, будзьце спагадлівымі, будзьце людзьмі — вось ягоны галоўны пасыл. І якраз гэта Чэхаў.
Вядома, тэатру не заўсёды так шанцуе з драматургіяй, як гэта было ў нас з творамі Макаёнка або Крапівы. Ці з «Вечарам» Дударава. Здараецца, што п’еса не таго маштабу. Вось сядзім мы ў спектаклі «Лістапад. Андэрсен»: сем чалавек на сцэне, усе пенсіянеры — і нам страшэнна не стае матэрыялу, і мы з усіх сіл яго выцягваем... Маўляў, я — чалавек, пражыў жыццё і пра тое, што набалела, хачу распавесці перад смерцю. А потым — сняжок, і грудок застанецца замест мяне.
Надзвычай рэдка, калі ўсё супадае: драматургія, рэжысура, акцёрскія работы і чалавечы пасыл...
— (З асаблівым выразам, моцна націскаючы на словы.) Вельмі хочацца гэтага, вельмі хочацца! Дарэчы, падчас святкавання 150-годдзя Станіслаўскага ў Маскве, куды нас з Генадзем Аўсяннікавым запрасілі, Алег Табакоў зазначыў: «Мы столькі класікі перайгралі, іграць няма чаго... Усё асучаснена».
Шчыра кажучы, не ведаю, што значыць гэтае слова. Проста класіка цяпер гучыць па-іншаму, у сённяшнім часе, і вы гэта ў «Вяселлі» выдатна сцвердзілі. Іншая справа, што тэатр, як і чалавек, замаўкае, калі яму больш няма чаго сказаць.
— (Пазіраючы на Купалаўскі тэатр.) Вось вернемся дадому, магчыма, штосьці зменіцца. Ужо два гады амаль не бачым адно аднаго. Так, цяпер нам патрэбны поўныя залы і камедыі. Ды толькі... і бессэнсоўна пражытых гадоў шкада.
Зычу вам поспеху. Бо глянеш навокал і думаеш: лепшы тэатр дзе? А лепшыя артысты? Усё тут.
— Так, гэта праўда. Сюды заўсёды запрашалі лепшых з лепшых. І ўсе імкнуліся ў Купалаўскі тэатр патрапіць. Калі азірнуцца на тое, што некалі рабілі Барыс Эрын, Валерый Раеўскі, становіцца відавочна, што гэты тэатр ніколі не быў прыземленым. Бытавым быў Коласаўскі тэатр, толькі не Купалаўскі. Тут заўжды сягалі некуды вышэй. Напрыклад, у Рускім тэатры акцёры заўсёды крышачку на катурнах. Прыходзіш на спектакль, і дзесяць хвілін даводзіцца прыслухоўвацца, пакуль звыкнешся з манерай маўлення. У Купалаўскім размаўляюць аднолькава на сцэне і ў жыцці. Але ж паводле сваёй паэтыкі — заўсёды ў нябёсы. Успомнім спектаклі Валерыя Раеўскага — «Трыбунал», «Святая святых», «Страсці па Аўдзею»… Рэжысёр ніколі не ўваходзіў у натуральнасць, заўсёды браў нотай вышэй і абавязкова распавядаў пра тое, што яго па-чалавечы закранала. Памятаю, дарэчы, не вельмі ўдалы спектакль «Цынкавыя хлопчыкі». Я выходзіла да рампы з маналогам маці... Раеўскі забараняў мне плакаць, казаў: «Ты толькі раскажы гэта гледачам з сухімі вачыма. У цябе ўсё выбалела ўнутры». І гледачы плакалі, а я магла трымаць паўзу колькі заўгодна. Гэта было шчасце для актрысы.
Безумоўна, для Купалаўскага тэатра творчасць Раеўскага — цэлая эпоха. І паводле часу, які ён тут працаваў, і паводле эстэтычных крытэрыяў, якія сцвердзіў. Ды толькі кожная эпоха калі-небудзь заканчваецца. А яшчэ Раеўскага напрыканцы жыцця з тэатра зжывалі. Я зараз не кажу пра той перыяд, калі ён захварэў. Не сакрэт, што ў тэатральных колах доўга чакалі, пакуль Раеўскі і Луцэнка вызваляць месцы. «Дайце дарогу маладым!» — гэта агучвалася наўпрост. Далі. І што атрымалася?
— Яны не пакінулі вучняў. Напрыклад, Эрыну наследавалі абодва — і Раеўскі, і Луцэнка. Дый сюды Раеўскі трапіў пасля працы ў Любімава — гэта значыць, на маскоўскіх дражджах! А цяпер маладым вельмі складана, бо нішто не з’яўляецца раптам.
Адчуванне разрэджанасці тэатральнай прасторы ўсё роўна існуе. І, здаецца, ніхто не ведае, дзе правільны шлях.
— Калі б ведаць... Калі б ведаць...
Мы разважаем пра «Вяселле», пра імкненне акрэсліць праз спектакль духоўныя, сутнасныя рэчы, але ж гэта — суцэльны авангард. Блізкія вам «Дзеці Ванюшына» — традыцыйны спектакль, у якім выяўлены тыя ж мэты. Магчыма, не трэба зацыклівацца на самім спосабе выказвання, важна — пра што мы гаворым са сцэны.
— Таму самае галоўнае — п’еса, потым — рэжысёр, далей важна не памыліцца з акцёрамі, дакладна размеркаваць ролі.
Калі вам прапанавалі сыграць Нявесту ў «Вяселлі», вы адразу згадзіліся?
— Не. Гэта быў шок. Панкоў папрасіў мяне застацца пасля сустрэчы з акцёрамі і сказаў, што хоча прапанаваць галоўную ролю. Я падумала — Маці, але не зразумела, якім месцам буду яе іграць. У нас столькі цудоўных камедыйных актрыс на гэтую ролю, якія бліскуча яе зробяць. Ды ён кажа: «Нявесту». Спачатку крышачку разгубілася, потым ледзь не заплакала. Падумала: гэта ж здзек на старасці гадоў! — але пагадзілася і нікому ў тэатры пра тое не сказала. Наступная сустрэча была пасля адпачынку, калі Панкоў прыехаў рэпеціраваць. Ішла першая чытка. І вось дайшлі да слоў Нявесты. Я маўчу. Гляджу на рэжысёра: раптам ён перадумаў? Ягонага замыслу — пра ўсю гэтую фантасмагорыю — я не ведала. Паўза. Усе пазіраюць на маладых. Хто? І раптам Панкоў кажа: «Зінаіда Пятроўна, чытайце». Чытаю, а ва ўсіх выразы твараў такія ж, як у мяне, калі ўпершыню пра гэта пачула. Падчас рэпетыцый давер паміж намі быў надзвычайны. Панкоў часам казаў мне: «У вас вялікі вопыт, вы пражылі вялікае жыццё і лепш ведаеце, як трэба». Вось так і працавалі.
Мабыць, гэта самае галоўнае ў тэатры. Ведаю, у якім захапленні ад рэпетыцый былі купалаўскія акцёры.
— Так. Але абавязкова патрэбны матэрыял, які ты палюбіў, які палюбіў цябе. Калі начамі не спіш, а фантазія працуе, хочацца аддаваць, аддаваць... Майстэрства акцёра не ў тым, каб страсцю зіхацець, а ў дэталях. Памятаю, калі ўпершыню за шмат гадоў атрымала вялікую ролю ў «Вечары», сказала Раеўскаму, што буду прыходзіць на рэпетыцыі ў доўгай спадніцы, хустачцы і пантофлях, нават калі на пляцоўцы іншая выканаўца. Ён дазволіў. Я шукала фізічнае самаадчуванне, таму што кожная роля мае свой характар — і знешні, і ўнутраны. Паступова пачынаеш ёю абрастаць...
Якія ролі цягам жыцця вас захаплялі з гэткай жа сілай, як Ганна ў «Вечары», Нявеста ў «Вяселлі»?
— Іх было шмат. Але прафесійны вопыт прыходзіў спакваля. Адна з першых — Наташа ў спектаклі «На дне». Напрыканцы першай дзеі маю гераіню апарвалі кіпенем, яна крычала ад болю — і адразу захіналася заслона. А за кулісамі стаяла жанчына з бутэлечкай валяр’янкі для мяне. Тады я яшчэ не ўмела гэта крышачку тэхнічна зрабіць і выходзіла ў істэрыку «а-ля натурэль». Толькі паступова прыйшло разуменне, што на сцэне сваё сэрца штораз разрываць не варта, інакш цябе не хопіць. Натуральнасць на сцэне — калі замест слёз, выбачайце, соплі цякуць — трэба ўмець стрымліваць. Вельмі любіла Наташу ў спектаклі «Яшчэ раз пра каханне». Увогуле, заўсёды падабаліся ролі па-чалавечы багатыя, тыя, дзе ёсць вялікае пачуццё. Толькі напачатку было каханне, якое хацелася аддаваць, а пазней — тое, што засталося ў памяці, але працягвае свяціцца.
Ці змяніўся з часам Купалаўскі тэатр?
— Здаецца, што раней тут было менш народу, але існавала адчуванне сям’і. І нашы старыя — такія кранальныя. Напачатку мне не было дзе жыць, і дырэктар прапанаваў свой кабінет. Там была канапа, ён прынёс мне падушку, коўдру. Раніцай з’яўлялася прыбіральшчыца, а я сыходзіла. Потым з Ліляй Давідовіч яшчэ цэлы год жылі ў грымёрках. Ніколі не забуду свой першы Новы год у тэатры. Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла запрасіў мяне да сябе. І вось ён, ягоная жонка Зінаіда Якаўлеўна, Вольга Уладзіміраўна Галіна, Стэфанія Міхайлаўна Станюта, Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава і я сустракалі Новы год. Я хвалявалася страшэнна. Бо кожная актрыса мусіла паказаць канцэрт. Станюта была ў масцы і круціла кола валасамі, Раіса Мікалаеўна спявала, Вольга Уладзіміраўна чытала байкі на французскай мове. Кожны нешта мог...
А вы?
— Саромелася жудасна, выконвала рамансік танюткім галаском. Тры месяцы ў тэатры — і раптам трапіла ў такую кампанію. Потым заўсёды былі разам — Зінаіда Іванаўна Браварская, Ляля Рынковіч, Таццяна Назараўна Аляксеева і я. Потым у тэатр прыйшлі Ніна Піскарова, Ала Долгая... Потым мы страцілі сваіх хлопцаў. Пайшлі з жыцця Юра Авяр’янаў, Саша Уладамірскі, Валодзя Кін-Камінскі... І вось мы без сярэдняга пакалення...
Раней у тэатр бралі аднаго, двух чалавек, а цяпер — цэлы курс. Мы кажам: о, рабяты, раней паштучна бралі, а зараз оптам. Але з’явіліся вельмі моцныя маладыя акцёры. Паша Харланчук нагадвае мне Тарасава. У Віці была выдатная інтуіцыя, тэмперамент, яго ўсе любілі. У кожным ягоным вобразе прысутнічала нейкая загадка. Так што ўслед за ім заўсёды хацелася ісці. Гэтаксама і Харланчук — на сцэне застаецца не разгаданым да канца. Я заўсёды кажу маладым акцёрам: ніколі не стаўце кропак. Калі вы ставіце кропку ў вашых маналогах, далей іграць няма чаго. Усё сказана. Гэтаму нас яшчэ Эрын навучыў. Шматкроп’е, толькі не кропку.
Працягваеце нешта яшчэ ў прафесіі адкрываць або здаецца, што ведаеце ўсё?
— У час рэпетыцый з Панковым адкрыла для сябе шмат. Вось у вас паўза ідзе — і як трэба з гэтай паўзы працягнуць тое, што было раней... Або як увайсці ў «тут і зараз»...
Зрушэнне ў часе або рух у сэнсавых пластах?
— Рэжысёр мне канкрэтна пра гэта не казаў, але я адчувала, што яму трэба. Ён толькі паўтараў: «Зінаіда Пятроўна, будзьце здаровы». Таму што ў спектаклі многае пабудавана на Нявесце. І мы заўсёды стамляемся пасля паказу, бо на сцэне трэба быць сабраным, як ніколі. Тэксту мала, а прысутнасць у дзеянні неабходная кожную хвіліну. Неяк Генадзь Аўсяннікаў заўважыў: «Калі я памру, Зіна плакаць не будзе». Я абурылася: «Чаму гэта?!» А ён кажа: «Ты ўсе слёзы на “Вяселлі” выплакала». А яны ўжо, калі надыходзіць пэўны эпізод, самі, як у сабакі Паўлава, ільюцца.
Верыце, што тэатр у сваіх лепшых праявах застанецца і тое, што вы ў ім любіце, таксама адродзіцца? Або прыйшла новая эпоха і ўсё цяпер будзе па-іншаму?
— Памятаеце, раней таксама казалі — прыйшла, маўляў, эпоха кіно і тэлебачання, тэатр памрэ. А цяпер: што такое электронная кніга і побач з ёй кніга сапраўдная? Так і тэатр. Ён будзе заўсёды і заўсёды будзе зачароўваць. Ёсць гледачы, ёсць акцёры, і вось гэтая дуга штораз замыкаецца, хоць змяняецца час, змяняюцца тэатральныя формы. Так, цяпер сапраўды складана паставіць трагедыю Шэкспіра. З якімі акцёрамі? Трагікаў такога маштабу, як некалі Кістаў, амаль няма. У Міхоэлса паўкнігі прысвечана таму, як ён іграў Ліра. Звар’яцець, як гэта зрабіць можна! Толькі дзеля гэтага трэба не два месяцы рэпеціраваць, а год, як раней. А калі маладыя кажуць: мы спачатку грошы заробім, а потым у тэатр прыйдзем, — нічога не атрымаецца. У такім разе ўсё пустое.
Купалаўскі тэатр пачынаўся вельмі высока, і трэба пастаянна пра гэта памятаць. З ягонага ўзроўню некалі проста немагчыма было сысці. Мы з Ліляй Давідовіч год сядзелі за кулісамі і глядзелі першую дзею «Паўлінкі», бо ў другой самім даводзілася выходзіць на сцэну! Колькі там было нюансаў! Які гжэчны быў Платонаў. Дзядзюшка з люлькай рабіў толькі адзін жэст, але які! Шчыра кажучы, мы так і не зразумелі, як Глебаў вырабляў свой знакаміты трук з лыжкамі. Ён і сам ад захаплення шалеў, а гледачы тым больш! Разумееце, акцёры не маглі сабе дазволіць кепска спрацаваць. І першапачаткова ўсё было заквашана так, што спектаклі не развальваліся.
Не баіцеся, што неўзабаве вернецеся ў адноўлены будынак — а ён ужо зусім іншы, нешта галоўнае страчана, многае трэба назапашваць нанава?
— Грымёркі, фае — гэта мы хуценька абжывем. А вось ці захавалася тая самая аўра, намоленая акцёрамі сцэна... Не ведаю. Трэба перапрашаць нашых старых. Мы ўсё роўна застаемся з вамі... вы ў нашай памяці... Памяць не павінна сыходзіць. Калі памяць захаваецца — Купалаўскі тэатр будзе. Дарэчы, раней пра гэта столькі не думалі, усё пераходзіла ад чалавека да чалавека.