Дызайнер кінавобраза

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«Тэатр аднаго Мастака» Персанальная выстава Элеаноры Сямёнавай Музей гісторыі беларускага кіно

/i/content/pi/mast/66/1123/16.jpg 
 Элеанора Сямёнава. Эскіз касцюмаў да фільмаў "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Адступнік". Рэжысёр Валерый Рубінчык.
У гэтай мастачкі надзвычай цікавы і шмат у чым парадаксальны лёс. Яе добра ведаюць і паважаюць усе, хто звязаны з айчынным кінематографам. І яе амаль не ведае шырокая публіка. Магчыма, і таму, што апошнія паўтара дзесяцігоддзя яна жыве і творча працуе ў Канадзе.

Але пра ўсё па парадку. Элеанора Сямёнава — адзін з лепшых мастакоў па касцюмах за ўсю гісторыю айчыннага кінематографа. Зрабіцца непараўнальным спецыялістам у сваёй справе ёй дапамагла вучоба спачатку ў Растоўскай мастацкай вучэльні, а потым на аддзяленні сцэнаграфіі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута; тут яе педагогамі былі Гурый Барышаў, Аскар Марыкс, Яўген Чамадураў.

Мастачка прымала ўдзел у стварэнні 27 поўнаметражных ігравых стужак на розных кінастудыях былога СССР. Але пераважная большасць праектаў была рэалізавана на «Беларусьфільме» у перыяд з 1965-га па 1993 год. І якія гэта карціны! Амаль усе яны ўвайшлі ў залаты фонд айчыннага кіно — «Іван Макаравіч», «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», «Час яе сыноў», «Гамлет Шчыгроўскага павета», «Вянок санетаў», «Расклад на паслязаўтра», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Раскіданае гняздо», «Культпаход у тэатр», «Ідзі і глядзі». Многія з іх адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў (у тым ліку і за выяўленчае вырашэнне).

Касцюмы Сямёнавай бездакорна адпавядаюць часу і атмасферы экранных падзей. У іх аснове — скрупулёзнае вывучэнне асаблівасцей тканін, крою, фурнітуры (нават формы гузікаў!), побыту наогул. Кінарэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, былы калега Элеаноры Рыгораўны, зусім не выпадкова назваў яе «дызайнерам кінавобраза». Мастачка па-майстэрску прыстасоўвала «контуры эпохі» да характару кінагероя, стварала такую фактуру адзення, што яно фактычна «злівалася» з персанажам.

Стаўленне артыстаў да кінавопраткі, створанай Сямёнавай, красамоўна адлюстроўвае меркаванне Людмілы Гурчанка, якая здымалася ў карціне «Прабач нас, мачаха Расія», дзе мастачкай па касцюмах была Элеанора Сямёнава. Актрыса, якая заўсёды патрабавальна ставілася да знешняга аблічча гераінь, у мемуарах згадвала пра сумесную працу з Сямёнавай: «Касцюмы гэтага дзівоснага мастака не патрабуюць ніякіх дапаўненняў. Яны прадуманыя і абжытыя, у іх адразу можна выходзіць на здымачную пляцоўку». Тады, у час работы над фільмам, актрыса ці не ўпершыню не скарыстала змесціва скуранога чамадана, з якім звычайна прыязджала на здымкі: у ім знаходзілася самастойна прыдуманае адзенне для чарговай ролі.

Аснову выставы «Тэатр аднаго Мастака» склалі эскізы касцюмаў да фільмаў «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Адступнік» (рэжысёр карцін Валерый Рубінчык), фатаграфіі рабочых момантаў, якія адлюстроўваюць атмасферу здымачнай пляцоўкі, нарэшце, плакаты да стужак. Што датычыць эскізаў касцюмаў, дык тут асноўны акцэнт быў зроблены на ўзорах, мала вядомых шырокай публіцы. Асаблівая каштоўнасць выставы ў тым, што эскізы касцюмаў да «Дзікага палявання…» і «Адступніка» ў літаральным сэнсе двойчы перасеклі Атлантычны акіян, зведалі руплівую рэстаўрацыю і толькі пасля гэтага апынуліся ў фондах Музея гісторыі беларускага кіно.

Чаму перасеклі? З 1999 года Элеанора Рыгораўна жыве і працуе ў Канадзе, спалучае творчасць з выкладаннем жывапісу і малюнка. У Таронта яна забрала і амаль усю сваю кінематаграфічную спадчыну (Музей кіно тады толькі нараджаўся). Гэтая акалічнасць паўплывала і на галоўную адметнасць яе выставы «Тэатр аднаго Мастака».

Апошнія дваццаць гадоў Сямёнава актыўна займаецца станковым жывапісам, графікай, прыкладным мастацтвам і дызайнам сучаснага касцюма. Вытанчаныя, напоўненыя буяннем фарбаў работы Элеаноры Рыгораўны экспанаваліся на выставах у ЗША, Іспаніі, Італіі, Канадзе, Латвіі, Расіі, Швецыі і прадстаўлены ў прыватных калекцыях Англіі, Венгрыі, ЗША, Ізраіля, Канады, Латвіі, Польшчы, Швецыі. «Праца ў кіно не пакідала часу для жывапісу, якім захаплялася з дзяцінства. А цяпер пішу тое, што падабаецца», — тлумачыць мастачка.

«Тэатр аднаго Мастака» даў магчымасць з дапамогай віртуальнага слайд-шоу наведаць аўтарскую мастацкую галерэю Сямёнавай у Таронта і атрымаць уяўленне пра канадскі перыяд яе творчасці. Работы Элеаноры Рыгораўны — гэта чарада рамантычных жаночых вобразаў, якія воляй аўтара апынуліся не столькі ў гістарычным, колькі ў фантазійным кантэксце. Тэмамі карцін часта становяцца міфалогія і легенды, аўтар актыўна выкарыстоўвае мову сімвалаў і алегорый. Незвычайныя сюжэты, экзатычныя ўборы — усё гэта нараджае сапраўдную эстэтычную асалоду і паказвае з нязвыклага боку талент ветэрана беларускага кіно. Пазнаёміцца з сучаснай творчасцю Элеаноры Сямёнавай можна, самастойна наведаўшы яе аўтарскую галерэю ў інтэрнэце.

Ігар АЎДЗЕЕЎ