«Diva» — ад слова «дзівіцца»

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

Штрыхі да партрэта Аксаны Волкавай

/i/content/pi/mast/66/1122/14.jpg
Лаура. "Джаконда". Тэатр "Масіма". Палерма.
Гэтая спявачка — адна з самых яркіх асоб у беларускай музычнай прасторы. Яна заўжды навідавоку. Усе выкананыя Аксанай партыі і яе праекты (напрыклад, «Опера-мадэрн», якая была паказана спачатку ля сцен Мірскага замка, а потым у філармоніі), яе гастрольныя трыумфы на сцэнах розных тэатраў свету (у Расіі, Францыі, Італіі) выклікаюць рэзананс і заўсёдную ўвагу СМІ. Яе запрашаюць і распытваюць. Яна адказвае. Дыпламатычна, не закранаючы нічые «болевыя кропкі». Адразу відаць: разумная жанчына.

Але ў мяне заўжды застаецца ўражанне, што галоўнае пра Волкаву не сказана. Не пра канкрэтнага персанажа — пра тып яе гераіні. Не пра чарговы поспех, а пра яго прычыны наогул.

У чым крыніца яе поспеху і яе шырокага слухацкага прызнання? Голас, талент, знешнасць, характар... Не ведаю, якая паслядоўнасць складнікаў больш лагічная. Так, голас опернай спявачкі — інструмент, здатны ўвасобіць многія адценні пачуццяў і сэнсу. Зрэшты, мецца заўжды стварае на сцэне атмасферу тайны, незразумелага і, магчыма, забароненага. Таго, што нельга выказаць словамі. І нават спевамі. Тайна вабіць, хвалюе, чаруе.

Сапрана — дзень, а мецца — ноч. Высокія жаночыя галасы (каларатурныя і лірыка-каларатурныя) звычайна апяваюць радасць жыцця і кахання. Мецца ўслаўляе страсць. Сапрана могуць пакутаваць ад разлукі з каханым, ад інтрыг. Мецца не просяць, а патрабуюць. Яны (як Амнерыс, увасобленая Волкавай) гневаюцца, абураюцца і не разумеюць, чаму ім не належыць тое, чым яны павінны валодаць па праве нараджэння і высокага сацыяльнага статусу. Мецца рэдка бываюць ахвярамі, яны зробяць так, што ахвярай або вінаватым акажацца іншы. Звычайна гэта жанчыны моцных пачуццяў.

Хтосьці да оперных падмосткаў ідзе доўга. Маўляў, не ўбачылі, не пачулі, не ацанілі належным чынам. Голас Волкавай, яе аблічча былі яркімі і прыкметнымі яшчэ тады, калі яе, студэнтку 3-га курса нашай Акадэміі музыкі, выхаванку Лідзіі Галушкінай, запрасілі ў Нацыянальную оперу. У кожнай трупе сапрана шмат, такі голас сустракаецца ў прыродзе часцей. Таму часам мастацкае кіраўніцтва трупы пакутліва думае: які твор узяць у работу, каб заняць высокія галасы?! Мецца нараджаюцца радзей, і таму яны надзвычай запатрабаваныя (як, зрэшты, драматычныя тэнары і драматычныя сапрана).

Кар’ера Волкавай развівалася імкліва, яна была занятая амаль у кожнай прэм’еры. Здавалася: навошта ёй Школа маладых спевакоў, якая пачала існаваць пры Вялікім тэатры Расіі? Калі яна выйграла стажыроўку, мала хто з блізкіх верыў, што Аксана ўсё-такі паедзе — дзеля прафесіі і будучай кар’еры. Бо яе малодшаму сыну яшчэ не споўніўся год. Вядома, з’язджаць было рызыкоўна. Як згадвала сама спявачка, год прайшоў у напружаных рэпетыцыях і... цягніках.

Але разлік быў дакладны. Школа маладых спевакоў вывела Волкаву на прынцыпова іншы ўзровень — гэта датычыла і голасу, і інтарэсу да яе асобы буйных імпрэсарыа. Дзякуючы маскоўскім педагогам, якія параілі кардынальна змяніць рэпертуар (вядома, што вакальныя творы Моцарта, Расіні, Гендэля дабратворна ўплываюць на голас), мецца Аксаны набыло адценне каштоўнага каменя, зрабілася больш глыбокім і рэльефным, пластычным і гнуткім у пераходах з аднаго рэгістра ў другі. «Нізы» набылі ўражальную, сапраўды аксамітавую глыбіню.

Падчас вучобы ў Школе маладых спевакоў Аксана прыехала на адзін з нашых Калядных форумаў. У гала-канцэрце выконвала арыю Расіні з «Італьянкі ў Алжыры». Былі ў гэтым такая дзівосная прыгажосць і багацце самога гуку, нязмушанасць і свабода выяўлення сябе праз спевы, што Ніна Казлова, дырэктар трупы салістаў, а ў мінулым выдатная выканаўца вядучых сапранавых партый, не сказала, а выдыхнула, ціха і са шкадаваннем: «Усё! Забяруць...» Але Волкава, напэўна, добра разумела, што статус запрошанай салісткі, якую сустракаюць як госцю, лепшы, чым лёс салісткі прэстыжнага маскоўскага Вялікага тэатра, дзе партыі чакаюць гадамі. Пакуль што Аксана з намі, і мы маем магчымасць сачыць за яе творчасцю і поспехамі ў замежжы.

У маскоўскім Вялікім тэатры яе ўвялі ў некалькі спектакляў. Сярод іх «Сказанне пра нябачны град Кіцеж» (Отрак) і «Яўгеній Анегін» (Вольга). Абедзве оперы пастаўлены Дзмітрыем Чарняковым, адным з найбольш цікавых і спрэчных сучасных расійскіх рэжысёраў. Партыю Вольгі з Аксанай рэпеціраваў сам пастаноўшчык. Разам з Вялікім Волкава з’ездзіла на гастролі, дзе спявала на сцэне лонданскага «Ковент-Гардэна» і мадрыдскага тэатра «Рэал».

Але голас — не адзіная магутная мастацкая зброя Аксаны. Агульнавядома, што балет — мастацтва эратычнае. Але не менш эратычная і опера. Асабліва калі спявачка маладая, абаяльная і харызматычная. Бо гук спеўнага жаночага голасу ўспрымаецца як голас і кліч прыроды.

Для сучаснага гледача зрокавыя ўражанні такія ж важныя, як і слыхавыя. І таму галоўныя героі ў оперным спектаклі не могуць быць пазбаўлены эратызму. Пра што опера — хіба не пра каханне?! Думаю, на прыхільнікаў таленту Волкавай, дый на яе шматлікіх сцэнічных партнёраў у розных гарадах і краінах, моцнае ўражанне робіць спалучэнне магутнага голасу і крохкага аблічча, прыроднай сілы і танюткай таліі. (Як, маючы двух дзяцей, яна здолела захаваць такую фігуру!) Моцна дзейнічае на слухача процілегласць унутранай жарсці і знешняй адчужанасці, эмацыйнай палымянасці і раўнадушша. Мала якое мужчынскае сэрца здольнае застацца абыякавым пасля такога «кантраснага душу». Нельга не заўважыць яе ўменне быць эфектнай у розных сцэнічных касцюмах і эпохах.

У рэшце рэшт Волкава натуральна і ўдала заняла свабодную нішу, на якую мала хто і прэтэндаваў. З аднаго боку, экзатычнай усходняй красуні (згадаем Канчакоўну, Амнерыс, Кашчэеўну), з другога — фатальнай «ракавой жанчыны» (Кармэн, Любаша, Любка).

Такая яна і на афішах уласных творчых праектаў. Чорныя густыя валасы, прамыя, часам без адмысловай прычоскі. Цёмныя вочы, у якіх ёсць тайна, душэўны змрок, патрабавальнасць. Не магу сцвярджаць, што твар Волкавай — так і хочацца згадаць блокаўскі радок «с раскосыми и жадными очами» — адпавядае ўсім канонам прыгажосці. Але ён надзіва эфектна і выйгрышна глядзіцца ў якім заўгодна грыме. За ім неверагодна цікава сачыць. Уражанне, што на сцэне спявачка не клапоціцца, каб кожную хвіліну выглядаць эфектна і ўсім падабацца. Твар можа адлюстроўваць грымасу болю, страсці, нянавісці, пагарды.

Невыпадкова адной з лепшых партый Аксаны была і застаецца Кармэн. Волкава спявае гераіню оперы Бізэ ў нашых спектаклях. Выканала ў Маскве, на сцэне Вялікага тэатра (там кардынальна іншая версія, акрамя спеваў ёсць і размоўна-рэчытатыўныя дыялогі на французскай мове). Увасобіла ў Латвійскай оперы, дзе яна з нядаўняга часу запрошаная салістка. Кармэн і Волкава — гэта ідэальнае супадзенне па голасе, абліччы, унутраных параметрах. Па наяўнасці магнетызму, не надта зразумелых эратычна-«цёмных» сіл, якія так прыцягваюць да гераіні спачатку Хазэ, а потым і Тарэадора. Кармэн, праспяваная на сольнай вечарыне (у дуэце з тэнарам Ільёй Гоўзічам), прымусіла думаць, што опера Бізэ адлюстроўвае пазачасавую драматычную калізію. Яна акрэслівае пытанне, на якое чалавецтва імкнецца адказаць стагоддзямі: што рабіць, калі адзін не можа жыць без кахання, а другі не можа з ім, каханнем, жыць?

А цяпер пра характар Аксаны. Іншым разам цікава назіраць, як артысты паводзяць сябе па-за сцэнай, як ходзяць, глядзяць, размаўляюць. У гэтым таксама набліжэнне да тайны творчасці і сакрэтаў стварэння вобраза. Неаднойчы заўважала: у тэатры, за кулісамі Волкава ідзе так, што ўсе міжволі ўступаюць ёй дарогу. Чаму? Уплывае экзатычнасць і яркасць візуальнага вобраза? Выяўляецца павага да спявачкі і да яе дасягненняў? Адыгрывае сваю ролю ўсведамленне, што гэта зусім асаблівая жанчына і ставіцца да яе трэба іначай, чым да іншых? Волкава ведае сабе цану. Таму між артысткай і суразмоўцамі заўжды існуе дыстанцыя, адлегласць. Невыпадкова яе Амнерыс — царская дачка. Але калі ў характары артыста такіх рыс няма, у яго героя яны не ўзнікнуць.

Цікавыя штрыхі да партрэта спявачкі дадаў яе сольны вечар. Яго Аксана Волкава ладзіла разам з Акадэмічным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Першая дзея — італьянская і аўстрыйская музыка, другая — французская. Страсна-драматычнае гучанне голасу (як у арыі Раміра з «Уяўнай садоўніцы» Моцарта) нараджае пытанне: хто ж той герой, які прымусіў пакутаваць такую красуню? Слухаеш раманс Сантуцы з «Сельскага гонару» і задумваешся: да каго можна сысці ад такой жанчыны?! Якім неверагодна прывабным павінен быць Турыду і якой харызматычнай — саперніца Лола, каб у спектаклі захавалася пераканаўчасць? Праз падобныя праекты спявачка дае магчымасць ацаніць зробленае ёю на сцэнах іншых тэатраў свету (як у фрагментах з «Асуджэння Фаўста» Берліёза або «Вертэра» Маснэ). Рэалізуе прагу да новых партый, якія раней ці пазней будзе выконваць.

А як наконт перспектыў? Яшчэ перад Новым годам Волкава выправілася за акіян, у «Метраполітэн», каб на працягу двух месяцаў у оперы «Рыгалета» спяваць Мадалену, сястру рабаўніка Спарафучыле. У якасці пастаноўшчыка оперы выступіў рэжысёр Майкл Маер. Ён чалавек вядомы, лаўрэат прэміі «Тоні», але «Рыгалета» сталася яго дэбютам у «Мэт». Час дзеяння оперы Маер перанёс з Італіі XVI стагоддзя ў Лас-Вегас 1960-х гадоў. А ў адным з інтэрв’ю распавядаў, што «імкнуўся стварыць дэкадэнцкую атмасферу палаца Герцага, дзе ўсіх цікавяць толькі грошы, улада і жанчыны». Амаль увесь склад нью-ёрскага «Рыгалета» аказаўся славянскім (акрамя Джыльды, якую спявала знакамітая немка Даяна Дамраў).Дэбют Аксаны Волкавай у «Мэт» у такім незвычайным спектаклі прайшоў надзіва паспяхова.

У бягучым сезоне запланавана выступленне спявачкі ў оперы Бізэ ў тэатры «Калон» (Буэнас-Айрэс, Аргенціна). Не здзіўлюся, калі Волкава ўвасобіць Кармэн у Нью-Ёрку або ў Мілане. Упэўнена, што ў іх такіх спявачак папросту няма! Бо «diva», у тым ліку і оперная, — ад слова «дзівіцца». Або ад слова «здзіўляць»... 

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі