Пра што плача Каніа

№ 3 (359) 01.03.2013 - 31.03.2013 г

«Паяцы» Руджэра Леанкавала Дырыжор Алег Лясун Рэжысёр Ганна Маторная Мастак Любоў Сідзельнікава Хормайстар Святлана Пятрова Беларускі акадэмічны музычны тэатр

/i/content/pi/mast/66/1121/12.jpg
Аляксандр Гелах (Бэпа-Арлекін).
Як вядома, «Паяцы» Леанкавала разам з «Сельскім гонарам» Масканьі з’яўляюцца «верысцкімі» (ад лац. «verus» — «праўдзівы») операмі. Творам гэтага накірунку ўласціва новая для ХІХ стагоддзя тэматыка (адлюстраванне жыццёвай драмы, вобразаў звычайных людзей, а не прынцэс і каралёў), якая прывяла за сабой нечаканыя формы і мастацкія сродкі. Для абодвух кампазітараў названыя оперы аказаліся самымі яркімі ў іх біяграфіях. У «Паяцах» выступалі Фёдар Шаляпін і Энрыка Каруза, Лучана Павароці і Пласіда Дамінга, Дзмітрый Хварастоўскі і Любоў Казарноўская.

Музычны тэатр звярнуўся да «Паяцаў» невыпадкова. Леанкавала ў Мінску даўно не гучаў. У мінулым стагоддзі спектакль ставіўся ў Беларусі толькі двойчы. І абодва разы — у Оперным: спачатку ў 1951-м, потым у 98-м (але ў сцэнічна-канцэртным варыянце). Драматургічны вузел завязаны туга. Опера кампактная, хоць і мае дзве дзеі. Асноўных герояў няшмат. У дадатак закуліссе і таго тэатра, які ўзнікае на сцэне, і тэатра ўвогуле заўжды цікавае гледачу, як і гісторыі з прыватнага жыцця сцэнічных куміраў. Які выканаўца на падмостках, а які ў рэальнасці? Якія пачуцці напаўняюць яго вобраз? Дзе заканчваецца жыццё і пачынаецца фантазія? Такія пытанні заўжды актуальныя, і кожнае пакаленне зноўку шукае на іх адказы.

Што самае каштоўнае ў новай пастаноўцы? Як на мой погляд, дык рэжысура, сцэнаграфія, хор. Творчаму імпэту Ганны Маторнай не перастаеш здзіўляцца. У мінулым сезоне оперная студыя Акадэміі музыкі паказала яе выдатную работу — «Любоўны напой» Гаэтана Даніцэці. Спектакль сабраў паўнюткую залу музычна дасведчаных асоб. Свежасць і арыгінальнасць рэжысёрскага прачытання вядомага сюжэта адлюстроўвала непасрэдная рэакцыя залы, якая складалася з прафесіяналаў. Уменне наблізіць вобразы да сучаснага слухача, актуалізаваць драматургічныя калізіі, убачыць у класіцы тое, што хвалюе сёння, — вельмі каштоўная якасць.

З нагоды «Паяцаў» рэжысёр шкадавала, што напярэдадні прэм’еры адбылося замала сцэнічных рэпетыцый — з аркестрам, хорам, салістамі, святлом, дзе ядналіся б усе часткі будучага відовішча. Але малая колькасць сцэнічных прагонаў не паўплывала на мастацкі вынік. Цікава суадносяцца (як у люстэрку прамым і зменена-трансфармаваным) вобразы артыстаў вандроўнага тэатра і іх персанажаў. Супадзенні і адрознасць, рэплікі, прыдатныя для рэальнасці і для сцэны. Тэатр масак на ўяўнай сцэне і тэатр псіхалагічнай драмы, які разгортваецца ў закуліссі.

«Паяцы» ідуць не на мове арыгінала, але руская мова тут дарэчы. Бо глядач менавіта Музычнага тэатра да італьянскай пакуль не прызвычаіўся, ды і падказкі ў выглядзе «бягучага радка» няма.

Вабіць кампактнасць і прадуманасць сцэнаграфіі. Брукаваная плошча мястэчка; удалечыні зацемнены сілуэт кавярні. Тэатральная пляцоўка вандроўных артыстаў упрыгожана рознакаляровымі сцяжкамі. Суперзаслона з выявай паяца — блазна з набеленым тварам і журботнымі вачыма… Пераканаўчы хор. Ён «жывы» і ў 1-й дзеі, і ў 2-й. Рэакцыі жыхароў горада, а потым гледачоў спектакля, падчас якога адбываецца трагедыя, разнастайныя і натуральныя.

Цяпер пра салістаў. Амаль кожная партыя сведчыць, што артысты развіваюцца, змяняюцца, шмат у чым пераўзыходзяць сябе ранейшых. Яўгена Ермакова, выканаўцу партыі Каніа, памятаю яшчэ па тых часах, калі ён з’яўляўся салістам капэлы «Санорус». Пераход у Музычны тэатр стаўся ключавой падзеяй яго творчай біяграфіі. Мяккі, пластычны тэнар Ермакова ўпрыгожвае многія спектаклі і канцэртныя праграмы. Але ў класічным «музкамедыйным» рэпертуары ў яго няшмат вядучых партый, бо ролі, адпаведныя амплуа «героя», звычайна аддадзены барытонам, а тэнары часцей выступаюць у амплуа «прасцякоў».

Ермакоў досыць пераканаўча ўвасабляе вобраз чалавека надзвычай самалюбівага, нервовага і раўнівага ажно да хваравітасці. Раўніўцаў на опернай сцэне хапае, самы вядомы — Атэла з оперы Вердзі. Ёсць яшчэ Хазэ ў «Кармэн», які ў фінале таксама забівае каханую. У рускай музыцы — Алека з оперы Рахманінава, які знішчае саперніка. Але ў «Паяцах» ахвяр ажно дзве: Нэда і яе каханы Сільвіа. Толькі адна заўвага: у фінале 1-й дзеі, каб перадаць адчай Каніа, артыст часам ужывае тэатральныя штампы з арсенала «вялікае гора».

Шматпланавым атрымаўся вобраз Тоніа ў Сяргея Суцько, артыста разнастайнага і надзвычай запатрабаванага ў трупе, — дастаткова сказаць, што ён спявае партыю графа Разанава (рок-опера «“Юнона” і “Авось”»). Закаханы ў Нэду, Тоніа імкнецца ўсяляк звярнуць на сябе яе ўвагу, а таму сочыць, пільнуе. Ён — рухавік сцэнічнай інтрыгі. Атрымаўшы адмову, жадае адпомсціць красуні. Шпіёніць за каханкамі. «Своечасова» прыводзіць на месца спаткання падманутага мужа. Укладае нож у руку Каніа-Паяца на сцэне і такім чынам зводзіць рахункі з Нэдай. Адна недакладнасць. На працягу ўсяго спектакля Тоніа-Тадэа моцна кульгае. Паганы характар і фізічныя недахопы — прычына таго, што Нэда ставіцца да яго з агідай. Але ў пралогу, які фактычна з’яўляецца эпілогам, перанесеным на пачатак спектакля, ён добра рухаецца, паўстае як бадзёры і жвавы артыст вандроўнага тэатра. На маю думку, «выздараўленне» не магло адбыцца так хутка.

Героі Антона Заянчкоўскага заўжды выглядаюць на сцэне арыстакратычнымі і, так бы мовіць, прэзентабельнымі. Але персанажы класічнай аперэты часам вымушана падобныя адзін да аднаго. Што зробіш, калі ўсё той жа Кальман або Штраус! Сільвіа — Заянчкоўскаму ўласціва ўнутранае высакародства. Менавіта таму яго кахае прыгажуня Нэда. Надта вялікі кантраст паміж Каніа з яго «напалеонаўскімі замашкамі» маленькага чалавека і надзейным Сільвіа!

Лідзія Кузьміцкая (Нэда) лагічна будуе сцэнічныя паводзіны гераіні, выразная яе пластыка, псіхалагічныя аспекты партыі. Разумееш, чаму на ёй сыходзяцца ўсе ніці канфліктаў. Чаму яе ўзаемнасці імкнецца дасягнуць Тоніа. Чаму так любіць Сільвіа, ацаніўшы пяшчоту і рамантычнасць натуры. Чаму раўнуе Каніа, для якога Нэда — самая вялікая жыццёвая заваёва, пацвярджэнне ягонай значнасці. Нават рыжы колер валасоў дадае штрыхі да партрэта гераіні.

Што датычыць уласна вакальнага боку партыі Нэды (а яна не маленькая, персанаж літаральна не пакідае сцэны), дык тут ёсць пытанні. Апошнія пяць, а мо і дзесяць сезонаў у тэатры відавочна не хапае артыстак на партыі «гераінь» (не блытайце з «субрэткамі»!), бо для пераканаўчасці тут патрабуецца вялікі комплекс якасцей — уменне спяваць, танцаваць і іграць. Па сутнасці, «гераінь» у трупе дзве — Маргарыта Александровіч і Лідзія Кузьміцкая. (Праўда, у апошнія некалькі сезонаў усё больш актыўна на авансцэну выходзіць Ілона Казакевіч, але яе персанажы блізкія да вобраза «жанчыны-падлетка».)

Калі Александровіч часта выступала ў савецкай музычнай камедыі і мюзіклах, дык на плечы Кузьміцкай «зваліўся» ці не ўвесь класічны аперэтачны рэпертуар. Тэатр (напэўна, тое была вымушаная сітуацыя) Лідзію занадта многа «эксплуатаваў». Такія рэчы не могуць не адбіцца на стане голасу і яго фарбах.

Кіраўніцтва Музычнага тэатра пераканана: калектыў павінен працаваць над творамі розных жанраў. Сярод іх могуць быць не толькі аперэта ці музкамедыя, адрасаваныя публіцы, што прыйшла прыемна бавіць час. Але таксама і мюзіклы, оперы, балеты, арыентаваныя на больш і дасведчаную катэгорыю гледачоў. Паслядоўнае пашырэнне жанравых межаў варта ўсяляк вітаць. Таму дачакаймася наступных прэм’ер, каб высветліць, што пераможа ў тэатры: традыцыя ці імкненне да жанравых пошукаў?

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі