Уладзімір Іваноў: "З любоўю, дбайнасцю і годнасцю"

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Харэаграфічную вучэльню я скончыў у 1972-м і тым жа годам быў прыняты ў тэатр балета. І ведаеце, што здзіўляла? Ніхто не дыхаў нам у патыліцу. А кожны ж год вучэльня рабіла выпускі! Танцоўшчыкі, якія маглі быць нам канкурэнцыяй, не з’яўляліся. І таму мы адчувалі сябе дастаткова вольна. Прыгадайце: у тыя гады В.Елізар’еву даводзілася запрашаць салістаў з іншых тэатраў: Т.Яршову і А.Мартынава -- з Рыгі, А.Куркова -- з Баку. І гэта рабілася не ад добрага жыцця!

 /i/content/pi/mast/5/112/Ivanov.jpg
Два дзесяцігоддзі я танцаваў у тэатры. Скончыў сцэнічную кар’еру і пайшоў у Акадэмію мастацтваў, тагачасны тэатральна-мастацкі інстытут, выкладаць танец. Менавіта падчас працы са студэнтамі пачаў ставіць як харэограф.
Паралельна працаваў у каледжы, прычым вельмі напружана. У дзень здаралася па чатыры пары (значыць, восем гадзін), а іншым разам -- і болей... Кожны рух трэба было шліфаваць, працаваць над формай. Тлумачыў сваім выхаванцам: прафесія артыста балета такая, што размовамі нічога дасягнуць нельга. Трэба выходзіць на сцэну -- і танцаваць. Трэба прыходзіць у залу -- і рэпеціраваць. (Дарэчы, салістам нашага тэатра цяпер з’яўляецца мой былы выхаванец Мікалай Радзюш. Ён танцуе шмат вядучых партый -- і Зігфрыда, і Дэзірэ, і Салора, і Хазэ, і Вацлава.)
Між іншым, калі я прыйшоў працаваць у каледж, там выкладалі тыя ж педагогі, пры якіх сам вучыўся. Сутыкнуўся з тым, што выкладчыкаў мужчынскага танца ў сярэдзіне 1990-х амаль не было.
Балетная школа мае спецыяльны будынак, уласную тэатральную залу, абсталяваную сцэну. Канцэртаў можна было б рабіць колькі заўгодна! Вядома, без адбору нумароў не абысціся -- трэба выбіраць лепшае і лепшых. А што застаецца вучням з менш яркімі данымі? Зрабіце нумар з крыху прасцейшай харэаграфіяй і дайце магчымасць гэтым дзецям таксама выйсці на сцэну! Задачы вучэбнага канцэрта якія? Вучэбныя. Калі ж вучань зусім не спраўляецца з праграмай, дык навошта «цягнуць» яго далей? Вялікіх здольнасцей няма, у тэатр яго не возьмуць. І куды такому выпускніку ўладкавацца? У нас вельмі мала педагогаў, якія бяруць выхаванца і вядуць яго на працягу ўсяго навучання. Па-мойму, толькі ў Ірыны Мікалаеўны Савельевай быў менавіта такі клас. Цяперашнія салісткі тэатра В.Гайко і М.Вежнавец -- яе вучаніцы. Калі ты вядзеш сваіх вучняў ад пачатку да канца, дык за 10 гадоў паспяваеш толькі адзін выпуск зрабіць. А калі займаешся імі тры апошнія выпускныя курсы, за гэтыя ж дзесяць гадоў можна тры выпускі зрабіць! Чарнавая работа педагога тады застаецца ў ценю. А менавіта яна -- аснова і грунт прафесіі. Браць амаль гатовых чужых вучняў -- гэта ж бяспройгрышны варыянт! Нельга падчас вучэбных і выпускных канцэртаў бясконца танцаваць тыя нумары, якія паказваліся не тое што дваццаць, а нават трыццаць ці сорак гадоў таму. Дзяцей і падлеткаў трэба набліжаць да пастановачнага працэсу! Такім чынам дзеці прывучаюцца да творчасці і пачынаюць адчуваць яе смак!
 /i/content/pi/mast/5/112/Ivanov1.jpg
 «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ -- Р.Шчадрына. М.Радзюш (Хазэ).

У Акадэміі музыкі існуе кафедра харэаграфіі. Але паўстае пытанне: навошта выпускаць харэографаў, калі яны не запатрабаваныя? Тыя нумары, якія я ставіў для канцэртаў вучылішча, рабіліся бясплатна. Вучэльня за гэта нічога не плаціла. Значыць, толькі бярыце і карыстайцеся! Каб жа! Колькі намаганняў трэба было прыкласці, каб гэтыя мініяцюры траплялі нават у канцэрты каледжа! Іх трэба было проста «прабіваць».
Яшчэ адна праблема. У той час, калі я вучыўся, народнае аддзяленне вучылішча мела своеасаблівы, паскораны курс: там займаліся ўсяго чатыры гады. Цяпер на народным танцы навучаюцца гэтак жа, як на класіцы: ранішні станок, практыкаванні на сярэдзіне залы, скачкі, трукі, тыя ж туры -- але выкананыя ўжо ў народнай манеры. А што ў рэшце рэшт атрымліваецца? Дзяцей набіраюць, выяўляюць больш здольных, адораных, з імі і працуюць. А больш слабых на апошнім курсе пераводзяць на народнае аддзяленне. Гэта заганная практыка -- вучня, які не спраўляецца з праграмай класічнага аддзялення, адпраўляць на народнае. Прычым, бліжэй да выпуску. На народным -- свая, адметная праграма. Ёю нельга авалодаць імгненна. Высвятляецца, што і «класіку» вучань не пацягнуў, і народны танец як след не ведае. Памятаю, у каледжы пэўны час выкладаў народны танец Ю.Шуркін -- цяпер ён рэпетытар у Дзяржаўным ансамблі танца. Дык на справаздачных канцэртах нумары народныя і характарныя нярэдка выглядалі ярчэй за класічныя!
А колькі даводзілася назіраць такіх непрыгожых сітуацый, калі вучняў проста пераманьвалі з класа аднаго педагога ў клас іншага. Абяцаючы пры гэтым -- у якасці «ўзнагароды»! -- замежныя гастролі. Хтосьці з-за павагі да свайго педагога адмаўляўся, а хтосьці -- і пагаджаўся.
Педагог павінен загадзя ведаць, з кім будзе працаваць, мусіць сам набіраць свой клас. Магчыма, выкладчыкам варта нават па школах паездзіць, пахадзіць на канцэрты дзіцячых ансамбляў танца. На маю думку, самая вялікая праблема каледжа ў тым, што не вядзецца належным чынам пошук адораных дзяцей. Калі яго наладзіць, тады і намаганні педагогаў будуць мець зусім іншы плён… 

Уладзімір ІВАНОЎ,народны артыст Рэспублікі Беларусь,

дацэнт кафедры харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў