СяргейЧэкерэс

№ 2 (359) 01.02.2013 - 28.02.2013 г

Персанаж свайго тэатра

/i/content/pi/mast/65/1112/25.jpg
«Трагічная аповесць пра Гамлета, прынца Дацкага» Уільяма Шэкспіра. Гамлет.
Акцёр нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага заслужаны артыст Рэспублікі беларусь сяргей Чэкерэс -- сапраўдны ўлюбёнец публікі. Гэткага кшталту акалічнасць не так і часта даводзіцца падкрэсліваць. Хутчэй наадварот: самыя прызнаныя айчынныя зоркі часам скардзяцца, што на вуліцах іх не пазнаюць. Зрэшты, справа не ў тым, што ў сяргея Чэркеса зайздросная колькасць прыхільнікаў. У яго яшчэ велізарная колькасць зорных роляў, адметных вобразаў, сярод якіх Гамлет у «Трагічнай аповесці пра Гамлета, прынца Дацкага», Жак Уры з «Дабравесця Марыі», Джанатан у «Тата, тата, бедны тата, ты не вылезеш з шафы», Мэкі-Нож у «Трохграшовай оперы», Эгмант у «Перад захадам сонца», качкароў з «Жаніхоў», Пятручыа з «Утаймавання свавольніцы»...

Падчас Міжнароднага фестывалю«» «Тэарт» бачыла вас у глядзельнай зале на кожным спектаклі. Прызнаюся, мяне гэта ўразіла.

— Фестываль быў магутным. Паглядзеў практычна ўсё і прыйшоў да высновы, што тэатр кіруецца ў бок дакументалістыкі. Канешне, ёсць публіка, якой цікавы тэатр-музей, тэатр традыцый, або такія, як наш, рэалістычныя. Але ж побач існуе зусім іншае, напрыклад, «Персона. Мэрылін» Крысціяна Люпы. Пасля прагляду гэтага спектакля мяне літаральна накрыла, выйшаў на вуліцу і слова вымавіць не мог. Бо ўбачыў штосьці нерэальнае. Прынамсі, такога тэатра, такой эстэтыкі ніколі не будзе на гэтай зямлі. Тутэйшыя людзі іншыя, нам важна асабістая прастора. Неўласціва збірацца разам, каб абмяркоўваць штосьці прыватнае. Кожны схільны сам дадумваць, фантазіраваць, разважаць.

Мера паглыблення чалавека ў самога сябе, або акцёра ў іншага чалавека, гэта — Крысціян Люпа. «Персона. Мэрылін», іншыя ягоныя спектаклі. Ды толькі чаму наш тэатр няздатны зазірнуць чалавеку ў душу, напрыклад, у «Дэманах» паводле Фёдара Дастаеўскага, над якімі вы цяпер працуеце?

— Так, можна зазірнуць у душу, а можна зрабіць коміксы. У гэтым уся складанасць. Я працую над вобразам Стаўрогіна, шмат думаю пра яго. Стаўрогін апусціўся ў брыдоту, а потым гэтая брыдота яго і накрыла. Перадусім быў ён сам, адчуванне «я ўсё магу». Магу зрабіць добрае, магу — злое. А вось Ціхан яго раскусіў, сказаў, што Стаўрогін не такі бяздушны, як яму здаецца, і не вытрымае іспыту. Так і сталася. Бо сумленне на гэтым свеце яшчэ ніхто не адмяняў. Верыш ты ў Бога або не, але Бог ёсць. Атрымліваецца, ягоны стаўрогінскі дэман яму пятлю на шыі завязаў. Мікалай Бярдзяеў некалі напісаў, што яму шкада Стаўрогіна, бо ягоная сіла ў мярзоту сышла. Ён хацеў бязмежнага, гэта яго і згубіла. Існуе светабудова, у якой трэба жыць па законах Тварца. А Стаўрогін не вызначыўся, каму служыць — Богу ці д’яблу. Вось і загінуў. Праблема ў тым, што з такімі ведамі нельга ісці да людзей. Гэта асабістая прастора кожнага, кожны сам мусіць адказваць на такія пытанні.

Ці можна ў такім разе вызначыць меру шчырасці акцёра, які павінен у душу не ўпусціць і пра сябе распавесці?

— Тут усё вельмі проста. Артыст — найперш чалавек з пэўнай сістэмай каштоўнасцяў, якія спрабуе трансліраваць са сцэны. Я не аўтар, не стваральнік, чужыя думкі прамаўляю чужым голасам. Чым больш яны мяне хвалююць, тым з большай энергіяй, апантанасцю перадаю іх у глядзельную залу. З іншага боку, у зносінах з гледачамі абавязкова павінен прысутнічаць момант далікатнасці. Напрыклад, калі з Барысам Луцэнкам ставілі «Дабравесце Марыі» Поля Кладэля, мне здавалася, што гэта мусяць іграць увацаркоўленыя асобы. Калі мой герой Жак Уры амаль што з пропаведдзю звяртаўся ў глядзельную залу, адчуваў сябе няёмка. Бо не люблю падладжвацца пад людзей і вельмі насцярожана да такіх сітуацый стаўлюся. Я чалавек адказны — таму адказнасці пазбягаю і абавязкова раблю тое, што паабяцаў. Я доўга шукаў кропкі судакранання персанажа з сабой. У фінальнай малітве, якая павінна была гучаць узвышана, словы прамаўляў ціха, нібыта самому сабе, і вельмі баяўся схлусіць.

Вы скончылі Кіеўскі тэатральны інстытут імя Карпенкі-Карага, працуеце ў Мінску. Ці існуе розніца паміж беларускай і ўкраінскай акцёрскімі школамі?

— Мабыць, існуе, хоць усё даволі ўмоўна. Памятаю, у Кіеў на фестываль «Пачатак» прыехаў курс Андрэя Андросіка са спектаклем «Іграем Шэкспіра». Гэта было надзвычай ярка, выбітна, адметна. Мне было 17 гадоў, і галава ішла кругам ад таго, што ўбачыў.

У тэатральным інстытуце мяне навучылі галоўнаму: любіць справу, якой займаюся. Але цяпер часта чую, як пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў акцёры наракаюць на альма-матэр: маўляў, нам там нічога не далі. А мне здаецца, што акцёрская прафесія — гэта найперш прафесійны вопыт. Праблемы ў маладых узнікаюць, калі яны адразу пасля ВНУ не трапляюць у творчы асяродак. Мінае тры гады, і той, каму характару не стае, скісае. Той, каму на раду напісана «быць артыстам» — выжывае. З іншага боку, калі ідэй у акцёра няма — іх няма. Калі ёсць што сказаць, ён абавязкова скажа.

Хіба бывае так: чалавек працуе ў тэатры, а яму няма чаго сказаць?

— Вельмі часта.

Пусты — або нявыхаваны, нераскрыты?

— Пусты.

На ваш погляд, што такое тэатр: моцнае эмацыйнае выказванне, мова пачуццяў — або расповед пра жыццё, трансляцыя цікавых думак?

— Адно не выключае другога. Хоць, канешне, тэатр не створаны для прапаганды нейкіх думак. Ён мусіць абуджаць пачуцці. Усе кажуць: «Мы жывем страсцямі». Насамрэч многім у жыцці страсцей не хапае — тады яны ідуць у тэатр.

Шчыра кажучы, апошнім часам пачала думаць, што працаваць акцёрам усё жыццё вельмі складана. З гэтым звязана вялікае эмацыйнае напружанне, перажыванне — штовечар, зноў і зноў… Напачатку, мабыць, салодка, а пасля — цяжка.

— На самай справе мастацтва — гэта мера. Існуюць два тыпы артыстаў: заўсёдныя дзеці і тыя, хто сваё акцёрства ўсведамляе. Вось я — усведамляю. Разумею, што маю свайго роду паўлінавы хвост. І пакуль мне хочацца яго паказваць, праца ў радасць. Як толькі надараецца «перадазіроўка» — маёй занятасці, заэксплуатаванасці, выхадаў на сцэну — бывае блага. Такі перыяд перажыў у трыццаць гадоў. Здавалася: усё ведаю, мне сумна. Адчуваў, што пусты і ў мяне нічога не атрымліваецца. Спрабаваў утойваць свой стан. Але рэжысёр Валянціна Еранькова, з якой мы працавалі, сказала: «Сярожанька, ты стаміўся». І я спалохаўся, падумаў: «Няўжо так заўважна?» Ну, а потым з гэтага стану выйшаў. Тут проста час лечыць. Знаходзішся на запасным шляху, штосьці накопліваеш... Пазней заўважыў: здараецца, што ў артысту памірае артыст. Як толькі радасць пераўвасаблення знікае, усё скончана. Дарэчы, мне цікава: колькі разоў у месяц іграюць «Персону. Мэрылін»? Колькі гэта можна вытрымаць? У спектаклі ўсё адбываецца канцэптуальна. Чалавек выкрышталізоўвае сваё разуменне свету, а потым спрабуе ўвасобіць на сцэне.

Што вас найбольш хвалюе цяпер?

— Дастаеўскі. Калі ў другі раз — крок за крокам — пачаў перачытваць «Дэманаў», зразумеў, якая ў рамане праўдападобная вязь і як гэты твор зацягвае. Калі працуеш над п’есай, там ёсць рэплікі. І ты, ад рэплікі да рэплікі, існуючую структуру запаўняеш. Добра, калі пераканаўча. А тут усё напісана, усё ўнутры. Сістэма каардынат, якую прапануе Дастаеўскі, вельмі складаная для нас, сённяшніх. Умоўна кажучы, сам па сабе я чалавек больш просты, чым персанаж, якога іграю. Глыбіні, што існуюць у рамане, — гэта зусім іншы ўзровень ведаў.

Што самае цікавае ў акцёрстве?

— Сфармуляваў, калі скончыў інстытут: у тэатры магу быць такім, якім ніколі не буду ў жыцці. Люблю гэтую справу і розумам не магу раскусіць, чаму займаюся акцёрствам. Проста некалі адчуў, што — маё, зрабіў свой выбар і пайшоў у тэатральны інстытут. Гэтая страсць мяне і сёння не адпускае. Біялагічна адчуваю, нібыта сам станаўлюся персанажам свайго тэатра. Быццам збоку назіраю, як я, Сярожа Чэкерэс, змяняюся. Калі было дваццаць гадоў, пра мяне казалі: добрыя даныя. Гэта быў адзін стан. Потым прыйшла стома, якая была пераадолена. Па жыцці я іду даволі гладка, але раптам зразумеў, што вельмі перажываю, пакутую менавіта тады, калі штосьці раблю на сцэне. Хварэю тым, над чым працую. Вось, нібыта і жыццёвыя ўніверсітэты, ды яны — сцэнічныя. Амаль прыдуманыя, але вельмі сур’ёзныя. Калі штосьці не атрымліваецца, даходжу да адчаю, таму што няздатны адчуць, раскусіць плод, які не паддаецца. Мабыць, самае цікавае — знайсці ключ да таго, што робіш.

Вас Барыс Луцэнка ў тэатр запрасіў? Выглядзеў?

— Сам прыйшоў. Усё было даволі празаічна. Разам з жонкай працавалі ў херсонскім тэатры. Марына адсюль родам. Таму яна мяне сюды перацягнула, і я шукаў работу. Спачатку ўвёўся ў «Свабодны шлюб», а потым была «Трагічная аповесць пра Гамлета, прынца Дацкага». Вось вам — выпадак, бог вынаходнік. Мяне прызначылі на ролю Лаэрта, а Гамлетам мусіў быць Аляксей Шадзько, потым Ігар Забара. Якраз у гэты момант Някрошус выпусціў свайго «Гамлета». Яго ўбачыў Забара і сказаў, што «ў клетку не пойдзе». Такім чынам роля Гамлета засталася вакантнай. Барыс Іванавіч прапанаваў яе мне. Далей — дзень добры, кастынг! Нязносны для мяне, бо я ніяк не мог зразумець, што павінен паказваць. Але вось, лёс...

З вамі хочуць працаваць усе рэжысёры Рускага тэатра. Каго вы лічыце «сваім»?

— У «Дэманах» з Сяргеем Кавальчыкам працую ўпершыню. Ад Барыса Іванавіча цягам дзесяці год узяў усё лепшае, што ёсць у Барыса Іванавіча. Мы так многа служылі: ён — мне, а я — яму (або, скажам, яму — я), што разышліся на «Бедным д’ябле». Пасля гэтага спектакля з ім больш не перасякаюся, раблю свой выбар. Мая маці па сцэне — Валянціна Рыгораўна Еранькова.

Якія ўзаемаадносіны павінны існаваць між акцёрам і рэжысёрам?

— Максімальна сямейныя. Усё трымаецца на даверы. Калі ўзаемаразумення няма, суладнасці няма і я не паважаю чалавека, з якім працую, нічога не атрымаецца. Калі цуды не плануюцца, іх і не будзе.

Сем’і, дарэчы, бываюць рознымі. Ёсць варыянты такой залежнасці, што пачынае партнёраў прыгнятаць. Хіба ў тэатры інакш? І дзе рыса, якую ніколі нельга пераступаць?

— Тактоўнасць яшчэ ніхто не адмяняў. Калі мы адно аднаго любім — значыць беражом, калі сышліся катаваць адно аднаго — будзем катаваць. Для мяне ў гэтым саюзе ўсё зразумела.

Ці можа рэжысёр быць богам для артыста?

— Жыццё складанае ў гэтым сэнсе. Калі я чагосьці не разумею, магу ўстаўляць палкі ў колы, прымушаю рэжысёра шукаць матывацыі. Ды толькі калі мэта агульная, нішто не ўплывае на чалавечыя ўзаемаадносіны. Валянціна Еранькова верыць у тое, што робіць. За што перад ёй здымаю капялюш. Гэты рэжысёр ніколі не вырашае свае задачы паралельна: маўляў, я самавыяўляюся, а вы як хочаце. У яе на тэатр адметны погляд, які я падзяляю, яна мае ўласны твар, што вельмі каштоўна для мяне. Ніколі не кідае артыста ў складанай сітуацыі, усіх робіць саюзнікамі. Таму іду за ёй, веру ёй.

У якой меры тэатр залежны ад гледачоў?

— На гэтую тэму можна разважаць колькі заўгодна, але мы ўсё роўна прыйдзем да бухгалтарскіх разлікаў. Калі скажу, што публіка мяне не цікавіць, — будзе няпраўда. Тым не менш: ідэалістычныя рэчы, наша разуменне сітуацыі, імкненне скіроўваць людзей у належнае рэчышча — гэта адно; тое, што прапануе рэчаіснасць, — крышачку іншае. Пры гэтым усе мы разумеем: калі ў зале няма гледачоў, тое, што робіцца, не мае сэнсу. Паспрабуй зразумець, хто тут вядучы, а хто вядзёны. Усё ўмоўна.

Пасля заканчэння фестывалю «Тэарт» давялося пачуць ад тэатральных дзеячаў, што гэтыя сцежкі — не для беларускага тэатра...

— Глупства. Што значыць «сцежкі не для беларускага тэатра»? У такім разе антытэзай можна ўзяць Нацыянальную прэмію. І мы ўсе з глузду з’едзем, вырашаючы, куды ісці беларускаму тэатру. Дзякаваць Богу, што журы працавала сумленна. Але ж абраныя для фінальнага паказу спектаклі наводзяць на сумныя думкі. Мабыць, тут штосьці адбылося не зусім правільна. Прызнацца, зірнуў на ўсё гэта і падумаў: «У гэтым космасе мне рабіць няма чаго». Перадусім, мы бачылі зусім іншы тэатр — розныя формы, адметныя падыходы, адмысловая эстэтыка, штораз іншая сцэнічная мова, нечаканая мастацкая ідэя. Глядзіш і разумееш: дух лунае, дзе хоча! А ты, нягледзячы ні на што, служыш тэатру, жывеш надзеяй і ілюзіямі: магчыма, калі-небудзь... Зрэшты, выдатна, што Нацыянальная тэатральная прэмія ёсць. Толькі неабходна, каб прэстыж яе вырас. Але ж мы, артысты, усё роўна жывем самі па сабе. Існуюць яшчэ іншыя прыярытэты.

Але ж вось галоўнае пытанне: той, хто займаецца тэатрам — адначасна служыць мастацтву або не?

— Сцэнічная споведзь — не рамяство. Чалавек можа адкрыцца свету, ды зробіць гэта адзін раз. Потым спытаецца ў самога сябе: навошта? Ёсць праблемы, але іх кожны павінен вырашаць сам. Уласная ноша. З іншага боку: што такое мастацтва? Штучнае жыццё, нейкі рукатворны злепак, штукарства, пэўны падман. Неабходна знайсці тую самую адзіную форму, якая раскрые змест. Уласна кажучы, рэжысёры толькі гэтым і займаюцца. Ніхто не адкрывае новых ісцін, яны даўно ўсім вядомыя. Проста не кожны імі кіруецца. Урэшце, тэатр — гэта эмоцыі, адлюстраванне жыцця. Людзі хочуць пераканацца, што не ўсё безнадзейна. Ім трэба ведаць, што не марна існуюць. Менавіта ў гэтым сэнс таго, што адбываецца на сцэне. Людзі прыходзяць і бачаць — тут ёсць жыццё, тут веруюць, крычаць, што ўсё не дарэмна. У выніку — настрой палепшыўся. Атрымаўся Грышкавец. Усё не дарэмна...