ПЫТАННЯЎ БОЛЕЙ, ЧЫМ АДКАЗАЎ...

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Пра балет наш часопіс піша часта. Мы паведамляем аб прэм’ерах, знаёмім чытачоў з найбольш адметнымі і цікавымі артыстамі, распавядаем пра іх перамогі на конкурсах. Наспела, па ўсім, патрэба, а мо і неабходнасць хоць бы тэзісна пагаварыць пра іншы бок нашага харэаграфічнага жыцця: пра многія і вострыя праблемы, якія ў ім таксама, на вялікі жаль, існуюць. Фантастычнасць балетнага відовішча, ягоная неверагодная яркасць і моц уздзеяння вельмі часта засланяюць гэтыя праблемы, адсоўваюць іх на задні план, але ж ад гэтага яны не знікаюць і не вырашаюцца. А праблемы гэтыя -- вострыя, часта драматычныя -- тычацца як лёсу асобных артыстаў, так і развіцця жанру ўвогуле…

 /i/content/pi/mast/5/111/Balet-Tema.jpg
Колькасць і якасць.

У 1995 годзе ў адным з беларускіх часопісаў я надрукавала артыкул, прысвечаны стварэнню ў межах тэатра музкамедыі трупы «Мінск-балет». На той час у Маскве было 40 (!) прафесійных харэаграфічных калектываў і тэатраў балета. У нас жа толькі-толькі нарадзіўся другі -- пасля Нацыянальнага акадэмічнага.
Прайшло 12 гадоў. Не думаю, што ў Маскве тых калектываў засталося 40 ці паменшала -- іх сёння непараўнальна больш! У нас жа -- па-ранейшаму два! Прычым, другі перажывае шматлікія перманентныя цяжкасці. І існуе ён не сам па сабе, а ў межах музычнага тэатра, асноўная прадукцыя якога -- класічная аперэта і мюзіклы.
Чаму, напрыклад, таленавіты беларускі харэограф Р.Паклітару стаўся запатрабаваным у Кіеве, дзе стварыў уласную трупу, а ў нас аказаўся непатрэбным? Так, трупа Паклітару, ягоны «Кіеў мадэрн-балет» існуе на грошы спонсараў: украінскае заканадаўства гэта дазваляе. Наша ж -- не! Ды мо даўно час змяніць такое заканадаўства, якое стрымлівае творчую ініцыятыву?
Фестывалі і конкурсы.
У Расіі і Украіне нават абласныя гарады маюць магчымасць ладзіць уласныя міжнародныя фестывалі і конкурсы артыстаў балета. Дастаткова тут згадаць Перм, Уфу, Казань або Харкаў. А Беларусь, суверэнная краіна, арганізаваць уласны балетны фестываль, правесці конкурс не можа. Чаму? Сёй-той скажа: у Пярмі -- традыцыі, школа! А ў нас, значыць, традыцый няма?.. А ў Харкаве, дзе праходзіць міжнародны «Крыштальны туфлік», што -- супермоцныя харэаграфічныя традыцыі налічваюць стагоддзі?
Ёсць і іншыя контраргументы: на фестываль альбо конкурс няма грошай. Але фестываль, ці той жа конкурс пачынаюцца не з грошай, а з моцнага жадання эліты грамадства яго мець. Цягам пяці гадоў у Мінску ладзіўся міжнародны фестываль «Я люблю балет». З’язджаліся харэаграфічныя вучэльні з усіх куткоў былога Саюза. У фінале свята ішлі пяцігадзінныя (!) гала-канцэрты, якія ўспрымаліся з велізарнай цікавасцю. Дзе ўсё гэта сёння?.. А ці ж трэба каму даводзіць, што кожная буйная культурная акцыя, кшталту фестывалю, дае зрэз сучаснага мастацтва, што фестываль, да ўсяго, гэта кантакты, абмен вопытам…
Кадры, або харэаграфічны каледж.
Педагогі гэтай установы ў прыватных размовах не з гонарам, а з сумам зазначаюць: хутка асобныя выпускі ў Акадэміі рускага балета імя А.Ваганавай у Піцеры будуць складацца цалкам з беларусаў. Туды, а таксама ў Маскву нашы едуць, едуць і едуць! І не толькі туды. У Акадэміі танца ў Лондане авалодвае прафесіяй былая выхаванка каледжа К.Аўсянік. Не ў Мінску, а ў Піцеры і Маскве заканчваюць навучанне надзіва перспектыўныя С.Сіплатава, Т.Цілігузава і Ю.Кабзар, неаднойчы адзначаныя лаўрэацтвам на міжнародных конкурсах. Не адзначаныя лаўрэацтвам І.Лівай, В.Лянкевіч, Д.Лунёў, Д.Напружкін, А.Турко таксама вучацца ў Піцеры.Педагогам робяць закід, што яны ледзь не спрыяюць «адтоку». Але ці варта валіць з хворай галавы на здаровую? Ці бачылі вы педагога, які добраахвотна аддасць свайго вучня, якога ён выгадаваў, у каго ўклаў столькі здароўя, нерваў, фантазіі, вопыту?!
Чаму з’язджаюць нашы дзеці, прытым не горшыя, а лепшыя? Да ўсяго, з’язджаюць не ад горшых, а ад лепшых педагогаў? Прычын -- шмат. Пасля заканчэння вучылішча ў Піцеры артыст давучваецца два гады і набывае вышэйшую адукацыю. Дык, можа, і нам варта тэрмінова пераняць такую сістэму?
Навучэнцы -- не прыгонныя артысты без пашпарта, а вольныя людзі. І маюць права вучыцца там, дзе лічаць патрэбным яны і іх бацькі. Яны з’язджаюць не ад канкрэтнага педагога і каледжа -- з’язджаюць у іншую сістэму, больш моцную і разгалінаваную харэаграфічную інфраструктуру.
Навучэнцы едуць па вышэйшую адукацыю, каб «зэканоміць» потым тры гады жыцця. Едуць пабачыць людзей і свет. І, не сакрэт, -- атрымліваць іншыя грошы.А хто адкажа, чаму ў нашым каледжы ўжо каторы год не выкладаецца сучасны танец, а калі і выкладаецца, дык фармальна? Без авалодання ім працаваць з сучаснымі харэографамі немагчыма. Чаму некалькі гадоў таму з каледжа сышоў У.Іваноў, народны артыст Беларусі, у мінулым знакаміты танцоўшчык, які працаваў тут 10 гадоў і спалучаў у адной асобе і педагога, і харэографа? Ягоныя класы заўжды былі моцныя, ён паставіў за 10 гадоў каля 20 новых харэаграфічных мініяцюр. Дзе яны, кім запісаны, дзе іх убачыць?
Апошні выпускны канцэрт, паказаны летам 2007 года, быў надзвычай яркім. Сярод танцоўшчыкаў-выпускнікоў пераважалі выхаванцы У.Азімава, таксама добра падрыхтаваныя. Чаму і Азімаў нядаўна сышоў з каледжа?
Танец і яго адлюстраванне.
А вось пытанне іншага кшталту. Калі ў нас сапраўды зорны балет, калі існуюць унікальныя харэаграфічныя калектывы («Харошкі» і Дзяржаўны ансамбль танца), калі амаль прафесійныя калектывы танца народнага, фальклорнага, сучаснага, бальнага існуюць у кожнай ВНУ, калі такія ж ансамблі ёсць у кожным маленькім і вялікім раённым Доме і Палацы культуры, -- чаму тады на 4-х каналах тэлебачання не існуе ніводнай (!) пастаяннай перадачы, якая б асвятляла праблемы харэаграфіі і здабыткі яе дзеячаў?
 /i/content/pi/mast/5/111/Balet-Tema2.jpg

 «Карміна Бурана» К.Орфа. Сцэна са спектакля.


У краіне велізарная колькасць калектываў, харэаграфічных школ, школ мастацтваў з харэаграфічным ухілам. І -- няма ніводнага (!) спецыялізаванага выдання па танцы. Для артыстаў, харэографаў, педагогаў, проста аматараў. Прафесійныя і аматарскія калектывы ствараюць новыя праграмы, ездзяць на гастролі, заваёўваюць прызы і лаўрэацкія дыпломы. Але няма адлюстравання -- і ўражанне, што нічога няма і нічога не адбываецца! Няма спецыялізаванага выдання па харэаграфіі, дык, па сутнасці, няма ні трыбуны, ні крытыкі, хіба толькі асобныя, няхай сабе і высокакваліфікаваныя энтузіясты. Факт: ніхто з нашых, няхай і нешматлікіх, балетных крытыкаў за апошнія 10 -- 15 гадоў не меў ніводнай творчай стажыроўкі за межамі Беларусі…
Гастролі і гастралёры.
За апошнія 10 -- 15 гадоў да нас не прыязджаў на гастролі ніводны з шасці тэатраў оперы і балета Украіны. Ні разу не быў ніводны з буйных расійскіх тэатраў оперы і балета -- Пермскі, Новасібірскі, Краснаярскі, не кажучы ўжо пра Вялікі і Марыінку. Мы ніколі не бачылі ў Мінску «ўжывую» трупу «Крамлёўскага балета». Толькі аднойчы да Віцебска даехаў Б.Эйфман разам з «Аннай Карэнінай», сваёй апошняй прэм’ерай.
А колькі гадоў мы не бачылі праграм славутага ансамбля танца І.Маісеева? Калі апошні раз былі ў Мінск ансамбль танца «Гжэль» або знакамітая «Бярозка»? Гастролі якой буйной амерыканскай, французскай, іспанскай, нямецкай балетнай трупы сабралі ў зале ўсіх нашых вядомых артыстаў, харэографаў, крытыкаў? Што ўжо казаць пра недасяжныя для нас трупы Д.Наймаера, І.Кіліяна, М.Бежара і г.д.І яшчэ пра гастролі і гастралёраў.
Звярніце ўвагу, колькі каштуюць білеты ў Палац спорту або Палац Рэспублікі, калі прыязджае «Лядовае шоу Ільі Авербуха», праграма аргенцінскага танга. 100 тысяч -- і болей… І ўсе білеты прададзены, і месцаў вольных няма! Значыць, у патэнцыяльнага гледача ёсць грошы на тое, што свет і ён лічаць прэстыжным і вартым увагі. Публіка згодна і можа плаціць! Дык у чым справа?!
Прычыны.
Наш «ізаляцыянізм», які доўжыцца ўжо нямала часу, вядома, мае і свае «плюсы». Ён моцна супакойвае. І пераконвае, што мы -- лепшыя за ўсіх, што ў нас усё цудоўна і лепш быць не можа. Але культура не можа існаваць па прынцыпе: «Хоць бульбачка і дробная, але -- свая!» На самай справе ізаляцыянізм мае куды больш «мінусаў». Свет імкліва змяняецца на вачах. І свет танца, харэаграфіі, балета -- таксама. У ім мяняецца ўсё -- жанры і жанравыя структуры, стылі, напрамкі, прыёмы, методыка працы, тэхналогіі. І калі гэтага не заўважыць, дык праз 5 -- 10 гадоў нельга ўжо будзе нічога не пераняць і нікога не дагнаць.
Перспектывы. Як бачым, пытанняў больш, чым адказаў. Калі мы культурная правінцыя, дык наўрад ці ёсць сэнс задаваць сабе і іншым гэтыя непрыемныя пытанні. А калі мы дзяржава ў цэнтры Еўропы і ладзім менавіта еўрапейскую культурную палітыку, дык пытанні патрабуюць не толькі адказаў, але і перагляду некаторых нашых ранейшых, састарэлых уяўленняў, стварэння новых структур і адпаведных кадравых змен. Хто не згодны або лічыць высновы аўтара суб’ектыўнымі -- далучайцеся да дыскусіі!

Таццяна МУШЫНСКАЯ