Лэдзі і яе Макбет

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

Шэкспірыяна Альгірдаса Латэнаса

«Гэтая п’еса даўно не давала мне спакою. Чаму Макбет адважны ў баі, але баіцца забойства? І чаму ён у такім разе ахвотна ідзе на забойства Банка? Можа быць, Макбет і ў баі знаходзіўся як бы ў цені 
гэтага “храбраца”? Можа, Макбет... зайздроснік? Але зайздрасць, як правіла, заўсёды ўсёпаглынальная. Як жа тады быць з палкім каханнем Макбета да жонкі? Што для яго гэтая лэдзі Макбет? Каталізатар, рухаючая сіла? А што кіруе ёю?» — разважае ўслых Альгірдас Латэнас, кіраўнік літоўскага Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і рэжысёр спектакля «Лэдзі Макбет».

Вядомы літоўскі рэжысёр Альгірдас Латэнас, якога з нашымі тэатрамі звязваюць трывалыя творчыя стасункі, у студзені адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе. У рэжысёра бездань планаў на будучыню, у якіх ён не абмінае і Беларусь. Дарэчы, свайго роду «культурную прышчэпку літоўскай рэжысуры» наш тэатр атрымаў менавіта ад Альгірдаса Латэнаса. Спектакль «Дзядзька Ваня», які ён увасобіў у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, прынёс калектыву незвычайны поспех. Гучнай мастацкай падзеяй зрабіўся шэкспіраўскі «Макбет» на купалаўскай сцэне. «Купалаўскі тэатр моцны, выдатна “адрэгуляваны”. У ім шмат таленавітай моладзі і вялікіх акцёраў, з якімі хочацца сустракацца надалей. Усё было вельмі вынікова. Мы знаходзілі паразуменне», — зазначаў Латэнас пасля прэм’еры. Зрэшты, трагедыі Шэкспіра застаюцца для яго ўсёабдымнымі і невычэрпнымі. Невыпадкова ён паставіў спектакль «Рычард ІІІ» і сам выканаў у ім галоўную ролю, а да «Макбета», пасля спектакля ў Купалаўскім, неўзабаве звярнуўся зноў — пастановачная група тая самая, толькі акцёры цяпер літоўскія. І называецца ён «Лэдзі Макбет». Пра асаблівасці гэтай трактоўкі — у нашай традыцыйнай рубрыцы.
Але згадаем сюжэт. У аснове трагедыі Шэкспіра «Макбет» — гісторыя шатландскага караля (Банка — легендарны продак Сцюартаў).

Шатландскаму тану Макбету тры ведзьмы прадказваюць, што ён стане Каўдорскім танам і каралём Шатландыі. Банка, спадарожніку Макбета, яны прарочаць, што ягоныя нашчадкі стануць каралямі. Макбет, якога падбухторвае жонка, забівае караля Дункана і становіцца шатландскім каралём. Змучаны думкамі пра тое, што народжаныя ад яго дзеці не ўнаследуюць трон, ён падсылае да Банка і ягонага сына забойцаў, аднак сыну ўдаецца збегчы. Макбет зноў адшуквае трох ведзьмаў, жадаючы даведацца, наколькі моцная ягоная ўлада, і атрымоўвае знакамітыя адказы:

«Рашучым, смелым, крыважэрным будзь, —

Народжаны жанчынаю нічуць

Табе не страшны. (...)

Бо будзе жыць Макбет да той пары,

Пакуль да Дунсінанскае гары

Не рушыць лес Бірнамскі».

(тут і далей — пераклад ул. шахаўца.)

Аднак шатландскія феадалы ўзнімаюць паўстанне супраць тыраніі Макбета і наступаюць на Дунсінанскі ўзгорак, прыкрыўшыся галінамі Бірнамскага лесу, так што здаецца, нібыта «лес пачаў рухацца». Макбета ж забівае Макдуф.

Як вядома, сюжэт «Макбета» запазычаны з «Хронік Англіі, Шатландыі і Ірландыі» Рафаэля Холіншэда, якія былі для Шэкспіра пастаяннай крыніцай гістарычных звестак. Але Шэкспір з гэтай крыніцай абыходзіўся даволі свабодна. Асабліва тое датычыцца вобраза лэдзі Макбет. У Холіншэда ёй прысвечана толькі адна фраза: «Больш за ўсё яго развярэджвала жонка, якая дабівалася, каб ён зрабіў гэта, бо яна была даволі славалюбівая і ў ёй палала нязгаснае жаданне здабыць сан каралевы». З адзінага сказа вырасла жудасная і асуджаная постаць лэдзі Макбет, што ўвасабляе галоўную ідэю трагедыі: зло як добраахвотна абраны чалавекам жыццёвы шлях непазбежна зробіцца непасільным, знішчальным цяжарам.

Тым не менш Шэкспір назваў сваю трагедыю «Макбет».

Спектакль Латэнаса названы «Лэдзі Макбет»...

Макбет кажа:

«Сваю рашучасць

Магу прышпорыць толькі славалюбствам,

Якое стане на дыбы й падзеннем

Сваім мяне прыдушыць».

И далей:

«Я ўсё раблю, што чалавеку можна,

Не чалавек — хто хоча больш».

Лэдзі Макбет — не чалавек?

Змяінае, злавеснае шамаценне шэрай тафты... Цудоўны гнуткі жаночы торс вырастае з фантастычных складак тканіны; яны набываюць форму істот, непарыўна злучаных з цэнтральнай фігурай, і пастаянна змяняюцца. Павучыныя ўзоры рухаў — хто кіруе імі? Жанчына або народжаныя ёю зласлівыя істоты-думкі? Зразумела адно — іх сувязь непарыўная.

Усе забойствы яна ўжо здзейсніла ў думках. І ніякія вядзьмаркі тут ні пры чым. Ліст Макбета, дзе ён паведамляе аб прадказаннях, напісаны не ім, — ён накрэслены на сукенцы лэдзі Макбет і з кожнай «старонкай» памяншаецца, як шчыгрынавая скура. Апошні маленькі лапік тлумачыць галоўнае: Макбет баіцца не самога зла, а толькі неабходнасці здзяйсняць яго ўласнаручна. Што ж, яна яму дапаможа, і варушэнне зласлівых істотаў у складках адзення ўмацоўвае яе рашучасць.

Часам яна паводзіць сябе ў адносінах да Макбета як маці, часам — як каханка і ніколі — як жонка. Яна — не побач з ім, нават калі датыкаецца. Па сутнасці, ёй яго не шкада...

Вікторыя Куадзітэ выдатна выконвае шматпланавую ролю; таямнічая душа яе гераіні ўтрымлівае ўсё: і мацярынства (у гэтым спектаклі лэдзі Макбет чакае дзіця і гіне, знішчаючы плод: усё скончана, працягу не будзе), і містычную сувязь з сіламі зла, і халаднаватую, як кіпенне ледзянога віна, сексуальнасць, і амаль мужчынскую ваяўнічую храбрасць.

Вось яна танчыць з каралём Дунканам: пад шыкоўнай сукенкай — грубыя салдацкія боты, яна гатовая да бойкі.

Трэба чуць, як яна кажа мужу, які страціў галаву пасля забойства караля:

«Нікчэмны!

Давай іх мне сюды. Мярцвяк і сонны --

Адны малюнкі. Толькі для дзяцей

Малёваныя чэрці страшны. Кроўю

Дунканавай так размалюю слуг,

Што кожны скажа — іх віна».

Труп Дункана знойдзены, рукі акрываўленыя ва ўсёй світы. У свеце, дзе такое забойства магчыма, няма вінаватых...

Рэшткі чалавечага вывяргаюць з сябе муж і жонка Макбет разам са змесцівам страўнікаў; нямая сцэна ванітавання пасля забойства мацней за ўсялякія словы нагадвае аб ненатуральнасці зла... Зрэшты, магчыма лэдзі Макбет проста цяжарная, і ніякія згрызоты сумлення яе не даймаюць...

А потым пачынаецца любоўны сеанс, лепшы, правераны спосаб дадаць Макбету мужнасці. У святле эратычнай гульні забойства Дункана выглядае хіба што як мілы жарт... Вось ужо Макбет і смяецца... Той самы Макбет, які зусім нядаўна адмахваўся ад уяўных ганіцеляў і пра якога мы думалі: ці не эрыніі знайшлі сваю ахвяру? Або гарпіі, падобныя на крумкачоў? Яны з’явяцца — хутка... А пакуль — Дункан мёртвы, і Макбет смяецца, ахоплены страсцю...

Першы выхад мужа і жонкі пасля забойства караля... Шэрая частка іх адзення ператварылася ў чырвоную. Толькі частка — яшчэ не ўся нявінная кроў пралітая. Над іх галовамі лунаюць прывідныя кароны; вакол — зграя шэрых варон. Можа, і каронаў ніякіх няма — адны вароны? Забойства назаўсёды адлучыла Макбетаў ад астатніх людзей. Яму не вызваліцца ад павуціння, ёй танчыць бясконцае танга са сваімі персаніфікаванымі думкамі-монстрамі.

І вось яны ўжо цалкам у чырвоным. «Адыдзі!» — загадвае жонцы Макбет, яму не да кахання. І дзіўным чынам, закруціўшыся ў кокан, выкручваецца лэдзі Макбет са сцэны, як жудасны ваўчок.

Цяпер усе памкненні Макбета засяроджаныя на знішчэнні Банка. З’яўляюцца і ўжо застаюцца побач з ім да самага канца забойцы ў цывільным.

Сяргей Івановас іграе Макбета палкага, Макбета, які сумняваецца, Макбета нервовага — заўсёды, Макбета славалюбівага — часта; Макбета, які ненавідзіць, — зрэдчас (калі справа датычыцца Банка); Макбета, які кахае, — толькі аднойчы: у сцэне з мёртвай жонкай, калі ён спавівае яе ў смяротнае пакрывала, нібы ненароджанае дзіця, і танцуе з ёю, нерухомай, апошняе танга (цудоўная музыка Астора П’яцолы і Фаўстаса Латэнаса), і ўзнімае яе цела вертыкальна, як сцяг прайгранай бітвы. Поліфанічнасць палітры акцёра ўражвае. Асабліва ў такім спектаклі з умоўнай, вытанчанай метафарычнай стылістыкай — складаным, філасофскім, нацыянальным, моцна спалучаным з бліскучай літоўскай рэжысёрскай традыцыяй.

Сцэнаграфія Гінтараса Макаравічуса надзвычайная; яна гранічна рацыянальная (чаго вартая толькі гэтая сістэма рухомых люстраных шырм-рамак, фарміруючых прастору!) і ў той жа час дыхае цудоўнай паэзіяй (дзіўныя гіганцкія постаці, што варушацца ў глыбіні сцэны, — такі зыбкі міраж часам бачыш у воблаках і ўздрыгваеш ад таямнічага прадчування). А Сандра Страўкайтэ з яе неверагодна вынаходлівай, фантастычнай касцюмаграфіяй — сапраўдны суаўтар спектакля.

Прайграе сваю апошняю бойку Макбет, падыдзе да апусцелага трона малады Малькольм (Сіманас Сторпішціс), падобны на сучасных юнакоў, павесіць на трон заплямленую крывёю бацькі-караля насоўку, накіне на галаву капюшон курткі і сыдзе ў жыццё, не апаганенае барацьбой за ўладу.

Пакідаючы залу вільнюскага Маладзёжнага тэатра, я злавіла сябе на думцы, што куфэрак шэкспіраўскіх п’ес адчыняецца вельмі проста — Талентам.

Ніна МАЗУР