Кадры ў бронзе

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

«Кропка агляду» Праект Канстанціна Селіханава Галерэя «NOVA»

/i/content/pi/mast/64/1095/12.jpg
Фрагмент экспазіцыі
Невытлумачальныя сувязі чалавека з мастацтвам: нікому не дадзена прадбачыць, якімі (і чаму менавіта такімі) будуць адчуванні гледача пры сустрэчы з тым або іншым творам.

У адрозненне ад ранейшых праектаў Канстанціна Селіханава, «Кропка агляду» атрымалася нечакана пачуццёвай. Мастак разглядае са шчырай увагай нават не сам фільм Таркоўскага «Сталкер», а толькі вобраз аднаго героя, калі больш дакладна — адзін паварот галавы ў асобным эпізодзе. Гэта недаступная розуму сувязь — мастака з мастаком, гульні з гульнёй, матэрыялу з матэрыялам.

Дваістае адчуванне — узважанасці самой экспазіцыі і несціханай трывогі — не пакідае гледача, і незразумела, як Селіханаву ўдалося прайсці па гэтай грані.

Праект пабудаваны на жанравых суадносінах і зрушэннях, пра якія крыху пазней, але яны не ствараюць уражання недарэчных і разарваных у часе. А эфект неспакою ўсё-ткі ўзнікае: атмасферу стварае аб’ект даследавання — аголенасць пачуццяў героя Анатолія Саланіцына, яго неабароненасць. Гэтая абсалютная няўтульнасць, хісткасць існавання — пытанні не да нашага аўтара, а да фільма і светаразумення Таркоўскага. Але перадае іх тая самая сувязь, метафізічная сувязь мастакоў.

Паўтаруся, у прасторы галерэі ўсё сышлося амаль гарманічна, наколькі гэта наогул магчыма ў полі, дзе дзейнічае гіпнатычны феномен Таркоўскага.

Селіханаў паралельна выбудоўвае некалькі ліній. У першую чаргу — сам кінакадр, паўтораны такім чынам, што паварот галавы героя мультыплікуецца. Гэта цэнтральная частка экспазіцыі, якая сапраўды прыцягвае ўвагу гледача адразу і надоўга — з Таркоўскім інакш не бывае. Затым наіўны «пазітыўны» глядач, які прыйшоў паглядзець на новыя працы вядомага беларускага скульптара (хутчэй за ўсё невялікія, таму што «Nova», як вядома, галерэя маленькая), пачынае вылучаць выцягнуты па перыметры залы асобны шэраг: 24 рэльефаў, усё той жа паварот галавы, толькі выкананы з бронзы і, нарэшце, завершаны.

Плоскасць і аб’ём, зноў рух і спынены час.

Як закаханыя чытаюць думкі і адчуваюць пачуцці адно аднаго па разгорнутым плячы, нахіле падбародка ці рытме дыхання, так і погляд мастака, дакранаючыся выявы і матэрыялу, імкнецца спасцігнуць свайго героя і безнадзейнасць яго шляху. Тут варта сказаць пра тое, што рэльефы выкананы Селіханавым цалкам па-майстэрску — і гэта вельмі значны і яркі складнік праекта. Як правіла, у сучасным мастацтве, калі ў падобных экспазіцыях аўтар сутыкае розныя мастацкія і сэнсавыя практыкі, ён менш за ўсё заклапочаны прафесійнымі тонкасцямі. Часцяком ад іх проста адмаўляюцца і робяць гэта знарок. Мова аб’ектаў — знакі, успаміны, асацыяцыі — быццам бы не мае патрэбы ў рамеснай падтрымцы. І як жа выйграе праект, калі аўтар памятае і падкрэслівае, што ён — мастак, які валодае пластычным мастацтвам. Такім чынам з’яўляецца калі не самадастатковы пласт, па-свойму разгорнутая лінія сюжэта, то яго годная і ва ўсіх адносінах высакародная якасць. Перад намі ўсё той жа персанаж, раскрыты перад будучыняй і асуджаны; але Селіханаў умешваецца ў яго гісторыю (на шчасце, не распавядаючы яе) іншымі сродкамі і яшчэ раз спрабуе зразумець недаступнае. Псіхафізіка — прыродны дарунак, і як растлумачыць, што менавіта ў чужой задуме, у староннім, экранным чалавеку так вас турбуе?

Трэцяя спроба паразумецца і разглядзець нябачнае — фатаграфічная. Кожны рэльеф суправаджае фатаграфія — гэта малавыразны пейзаж, прамзона, якую праязджае наш герой перад тым, як з ім адбываюцца далейшыя падзеі.

Адзін і той жа паўтаральны від, безназоўная прастора, куды змешчаны героі і іх лёсы, абшар, дзе ўсё вырашаецца. Некалькі адбіткаў надарваны, што лішні раз нагадвае пра ўразлівасць героя і фармальна рэзануе з рэльефамі, з фатаграфічным малюнкам. Даючы назву праекту, Селіханаў пазначыў пейзаж як размытую кропку, месца агляду, у якім чалавек — толькі прыватнасць. Не падобна, што гэта думаючая частка мае для прызначанай ёй прасторы нейкае значэнне, таму мне ўяўляецца, што мастак не зусім дакладна пераставіў акцэнт. Ці зрабіў гэта наўмысна, каб надаць большы маштаб падзеям: «Гэта Месца ўвогуле, гледзячы на гэты банальны краявід, чалавек пачынае мяняцца, з ім адбываецца нешта важнае, чаго ён ніяк не можа патлумачыць».

Горкія, шурпатыя сувязі, апроч «кропкі агляду», абранай Селіханавым, вядома, патрабуюць разумення. Што Таркоўскі — вялікі мастак; што жыццё недасканалае, але адзінае; што сучаснае мастацтва знаходзіць нябачныя ніці спагады ўсярэдзіне гэтага жыцця і пазбаўляе сваіх аўтараў і гледачоў зручнага супакою. 

Любоў ГАЎРЫЛЮК